Каладзе́й, колодзей ’стальмах’ (стол., Маслен.). Адсутнасць іншых фіксацый гэтага слова ў бел. мове і наяўнасць яго на тэрыторыі, пагранічнай да зах.-палес. арэалу, не выключаюць магчымасці таго, што гэта ўкраінскае слова. Укр.колодій ’стальмах’, рус.колодей ’майстар, які робіць колы; стальмах’ (у Даля; паметы «паўдн.» і «зах.» указваюць, відаць, на ўкр. і бел. тэрыторыю), польск.kołodziej ’майстар, які вырабляе колы і вазы; стальмах’ (з XV ст.), славін.kolódei ’стальмах’, в.-луж.kołodźej, kołodźij, н.-луж.kołoźej ’тс’, ст.-чэш.koloděj ’тс’. Слаўскі (2, 370) далучае да традыцыйных паралелей рус.колодей ’вялікі кухонны нож’ (так у Фасмера, 2, 293, які прыводзіць у адным артыкуле колодей ’той, хто працуе для сябе, у вольны час’ і ’кухонны нож’) і ўкр.колодій ’вялікі нож’. Нельга пагадзіцца з гэтым: рус. і ўкр., як ні тлумачыць частку ‑ій у слове, суадносяцца з укр.колодач, бел. жур. колодан ’вялікі кухонны нож’ (’нож з калодкамі’). Адносна разглядаемага слова неабходна заўважыць, што, магчыма, гэта архаізм. На карысць такой думкі сведчыць структура злучэння kolo‑dějь, дзе другая частка — Nomen agentis ад děti, dějati. Слаўскі (2, 370) мяркуе пра царк.-слав.*kolo‑dějь з першасным значэннем ’які вырабляе колы, вазы’, аналагічна ў Махэка₂, 270: ’які вырабляе вазы’. Структурныя адпаведнікі: бел.ліхадзей, укр.добродій. Не выключана, аднак, што kolodějь — культурны тэрмін, які (і аб гэтым сведчыць лінгвагеаграфія) з’яўляецца вынікам калькі з іншамоўнага слова, для якога такая структура з’яўляецца натуральнай. Відавочна, што калька магла быць і даўняй, хоць нельга выключыць магчымасці пазнейшай экспансіі лексемы. З літаратуры параўн. яшчэ Шустэр–Шэўц, 8, 596.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Накольнік ’неслух, свавольнік, гарэза’ (Касп., Яўс., ТСБМ), накольніца ’круцёлка, гарэзніца’ (слуц., Жыв. сл.). Казлова (БЛ, 21, 62) лічыць, што яно ўтворана на базе прыметніка на́кальны ’ўпарты, разбэшчаны, дураслівы, непаслухмяны’ (гл.), і параўноўвае яго з балг.нако́лник ’вулічны хлапчук, вісус, гарэза’, што дае падставы для рэканструкцыі лакальнага прасл.*nakolьnikъ — суфіксальнага дэрывата ад прыметніка *nakolьnъjь. Балг.нако́лник выводзяць ад ко́ло ’кола’ (Младэнаў, 328) з першапачатковым значэннем ’вёрткі, рухавы чалавек’. Казлова (там жа) адносіць сюды ж бел.падкольнік ’чорт’, ’той, хто надакучае сваім свавольствам і пранырствам’, суадноснае з падкольны ’чартоўскі’, параўн. яшчэ подко́льная ’злы дух, які, паводле павер’яў простых людзей, жыве пад колам у млыне’ (Нас.). Іншы падыход дыктуе параўнанне з раскол ’разбойнік’, аскола ’вісус, чалавек, што ўсюды паспее’ (Бяльк.). Хутчэй больш прыдатнай з’яўляецца іншая этымалогія, згодна з якой на́кальны, параўн. таксама накольны ’даходлівы’ (Сцяшк. Сл.), відаць, ’праныра’, са спалучэння на кол (пасаджаны), пра што сведчыць і архаічны тып націску на прыстаўцы (прыназоўніку); семантычная паралель добра прадстаўлена ў аторва ’шыбенік, вісус’, рус.сорване́ц ’тс’, польск.urwaniec ’тс’, г. зн. ’той, хто вырваўся з-пад шыбеніцы (калі адарвалася вяроўка)’. Тады накольнік ’той, хто варты быць пасаджаны на кол’. Такая этымалогія не перашкаджае пагадзіцца з рэканструкцыяй праславянскага дыялектызма, прапанаванай Казловай, паколькі і балгарскія факты сведчаць аб такім жа паходжанні слова, параўн. тлумачэнне, якое даецца слову нако́лник ў слоўніку Герава — ’обесник, въжник’ (= ’шыбенік’), народную прымаўку: Събрали се ут кол, уд въже і тлумачэнне да яе ’набітыя на кол’ і ’павешання на вяроўцы’ (Сборник на Българско книж. дружество в София, 1, София, 1901, 27).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЮГАСЛА́ВІЯ,
дзяржава ў паўд.-ўсх. Еўропе ў 1918—2003; да 1991 на тэр. сучасных Сербіі, Чарнагорыі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі і Славеніі, з 1992 — толькі Сербіі і. Чарнагорыі. Тэр. 255,8 тыс.км² (1990), нас. 23,1 млн.чал. (1986). Сталіца — г.Бялград.
Напярэдадні 1-й сусв. вайны Сербія (у яе складзе Македонія) і Чарнагорыя былі незалежнымі каралеўствамі. Харватыя, Боснія (з Герцагавінай), Славенія і Ваяводзіна знаходзіліся ў складзе Аўстра-Венгрыі, якая ў ходзе вайны ў 1915—16 акупіравала і Сербію з Чарнагорыяй. Сербскі кароль Пётр I Карагеоргіевіч [1903—21] з урадам і арміяй эвакуіраваўся на грэч.в-аў Керкіра (Корфу), дзе са згоды ўрадаў краін Антанты сербскі прэм’ер-міністр Н.Пашыч і старшыня Паўднёваславянскага камітэта (засн. ў 1915 эмігрантамі з Харватыі, Славеніі і Босніі) А.Трумбіч падпісалі 20.7.1917 Корфскую дэкларацыю 1917 пра стварэнне пасля вайны адзінага каралеўства паўд. славян на чале з сербскай каралеўскай дынастыяй Карагеоргіевічаў.
Пасля вызвалення Сербіі і Чарнагорыі і канчатковага ваен. паражэння Аўстра-Венгрыі 1.12.1918 абвешчана аб стварэнні Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (Каралеўства СХС), да якога далучылася і Чарнагорыя. Паводле Рапальскага дагавора 1920 частка тэр. сучасных Харватыі і Славеніі (порт Задар, п-аў Істрыя, шэраг астравоў у Адрыятычным м.) адышла да Італіі, а харвацкі порт Рыека з акругай вылучаны ў «незалежную дзяржаву». Каралеўства СХС было шматнац. (39% насельніцтва — сербы, 23,9% — харваты, 8,5% — славенцы, 6,3% — баснійцы-мусульмане, 5,3% — македонцы, 2,8% — чарнагорцы, 12,2% — албанцы, венгры, туркі, румыны і інш.) і шматканфесіянальнай (46% насельніцтва праваслаўныя, пераважна сербы, чарнагорцы і македонцы; 39% — католікі, пераважна харваты, славенцы і венгры; 11% — мусульмане, пераважна баснійцы і албанцы) дзяржавай. Вельмі неаднародным было Каралеўства СХС і ў эканам. адносінах. Найб.прамысл. развітымі яго часткамі былі Славенія, Харватыя і Ваяводзіна; імкліва развівалася прам-сць Сербіі. Эканам. адсталымі землямі заставаліся Чарнагорыя, Македонія, Боснія і Герцагавіна. У цэлым эканоміка краіны насіла агр. характар (76% насельніцтва заняты ў сельскай гаспадарцы), прычым 67% сял. гаспадарак лічыліся бесперспектыўнымі, бо мелі менш чым па 5 га зямлі. У выніку прынятай устаноўчым сходам т.зв. Відаўданскай канстытуцыі Каралеўства СХС (28.6.1921; Дзень св. Віда) яно стала парламенцкай манархіяй на чале з каралём Аляксандрам I Карагеоргіевічам [1921—34] і скупшчынай (парламентам). Паводле канстытуцыі і «палажэння» ад 26.4.1922 уведзены адм.-тэр. падзел на 33 жупаніі.
6.1.1929 Аляксандр I усталяваў у краіне манарх. дыктатуру: ён атрымаў выключнае права выдаваць законы і ні перад кім не нёс адказнасці за свае дзеянні. Каралеўства СХС было перайменавана ў Каралеўства Ю. Новая назва дзяржавы павінна была сімвалізаваць не толькі дзярж., але і этн. адзінства яе народаў. Уведзены новы адм.-тэр. падзел на 9 буйных абласцей — банавін на чале з каралеўскімі намеснікамі — банамі. Іх межы не супадалі з традыц. межамі зямель, з якіх складалася Ю. Паводле ініцыіраванай каралём «дараванай зверху» канстытуцыі 3.9.1931 абвешчана існаванне адзінага народа — югаславаў як надрэліг. супольнасці. У кастр. 1934 Аляксандр I забіты харвацкімі усташамі ў час візіту ў Францыю. Пры яго малалетнім сыне Пятру II [1934—45] краінай кіраваў рэгенцкі савет на чале з прынцам Паўлам.
У гэты час Ю. адышла ад ранейшага цеснага знешнепаліт. супрацоўніцтва з Францыяй і пачала збліжацца з Італіяй. У 1935 заключаны канкардат з Ватыканам, які даваў вял. правы каталіцкай царкве ў Ю. У 1937 заключаны дагаворы з Італіяй аб нейтралітэце і з Балгарыяй «аб вечным сяброўстве». 26.8.1939 прэм’ер-міністр Д.Цветкавіч падпісаў з лідэрам Харвацкай сял. партыі В.Мачакам пагадненне аб вылучэнні Харватыі ў асобную банавіну з аўт. правамі; яе бан (І.Шубашыч) нёс адказнасць не толькі перад каралём, але і перад харвацкім парламентам — сабарам. У чэрв. 1940 устаноўлены дыпламат. адносіны з СССР. 25.3.1941 урад Цветкавіча—Мачака падпісаў у Вене дакументы аб далучэнні Ю. да Берлінскага пакта 1940.
27.3.1941 група апазіцыйна настроеных і звязаных з брыт. разведкай ваенных скінула рэгента Паўла і ўрад Цветкавіча. Кіраўніком дзяржавы абвешчаны як «паўналетні» 17-гадовы Пётр П. Новы, кааліцыйны, урад на чале з ген. Д.Сімавічам адмовіўся ад удзелу Ю. ў Берлінскім пакце і 5.4.1941 падпісаў у Маскве дагавор аб сяброўстве і ненападзенні з СССР.
У ходзе Балканскай кампаніі 1941герм., італьян., балг. і венг. войскі 6.4.1941 з тэр. Аўстрыі, Італіі, Албаніі, Венгрыі, Румыніі, Балгарыі (практычна з усіх бакоў) без абвяшчэння вайны напалі на Ю. і неўзабаве прымусілі яе армію да капітуляцыі (17.4.1941). Кароль і ўрад эвакуіраваліся на Б. Усход, потым у Лондан. Тэр. Ю. была раздзелена. Славенію падзялілі Германія і Італія. Да Італіі таксама адышлі Чарнагорыя і ч. Далмацыі, да Венгрыі — ч. Ваяводзіны, да Балгарыі — паўд.-ўсх. Сербія і б.ч. Македоніі. Косава і зах. Македонія ўвайшлі ў склад створанай Італіяй «Вял. Албаніі». 10.4.1941 усташы абвясцілі аб стварэнні на тэр. Харватыі, Босніі і Герцагавіны «Незалежнай Дзяржавы Харватыя» (НДХ), якая была ў цесным саюзе з Германіяй і Італіяй. Усташы праводзілі ў адносінах да правасл. славян (асабліва сербаў), яўрэяў, цыганоў палітыку адкрытага генацыду, імкнучыся стварыць нац. і рэліг. «аднародную» харвацкую дзяржаву. Сярод шматлікіх канцлагераў асабліва вял. колькасцю знішчаных людзей і найб. жорсткім рэжымам вызначаліся Ясенавац, Госпіч, Стара-Градзішка. Сербія і ч. Ваяводзіны знаходзіліся пад прамым герм. кантролем, тут быў створаны калабарацыянісцкі ўрад М.Недзіча.
Югасл. рух Супраціўлення, які разгарнуўся з першых дзён акупацыі, неўзабаве перарос у народна-вызваленчую вайну ў Югаславіі 1941—45, якую вялі розныя паліт. сілы пры дамінуючай ролі Камуніст. партыі Югаславіі (КПЮ, засн. ў 1919) на чале з харватам І.Ціта. Падпарадкаваны каралеўскаму эмігранцкаму ўраду рух чэтнікаў на чале з палк. (пазней ген. і ваен. міністр) Д.Міхайлавічам напачатку выступаў за стварэнне Вял. Сербіі, пазней — за аднаўленне старой каралеўскай Ю. Узаемна варожыя адносіны паміж КПЮ і чэтнікамі неўзабаве набылі характар грамадз. вайны ўнутры вызв. руху. У 1944 чэтнікі пачалі супрацоўнічаць у сумеснай барацьбе супраць КПЮ з «урадам» Недзіча, што прывяло іх да разрыву адносін з эмігранцкім урадам, які пачаў збліжацца з камуністамі. У ходзе нар.-вызв. вайны на аснове партыз. атрадаў сфарміравалася рэгулярная Нар.-вызв. армія Ю. (НВАЮ) пад камандаваннем Ціта, якая вызваліла многія раёны краіны. У ліст. 1942 у г. Біхач створаны агульнаюгасл. паліт. орган — Антыфаш. веча нар. вызвалення Ю. (АВНВЮ), якое ў ліст. 1943 на сваёй II сесіі ў г. Яйца прыняло дэкларацыю аб асновах новай дэмакр. Ю. АВНВЮ абвясціла сябе часовым заканад. органам улады, функцыі ўрада выконваў Нац.к-т вызвалення Ю. (НКВЮ) на чале з Ціта. Сесія абвясціла, што новая Ю. будзе раўнапраўнай федэрацыяй усіх яе народаў. 16.6.1944 на в-ве Віс у Адрыятычным м. Ціта і прэм’ер-міністр эмігранцкага ўрада Шубашыч падпісалі пагадненне пра сумесныя дзеянні. Урад Шубашыча абавязваўся арганізаваць ваен. дапамогу НВАЮ з боку зах. дзяржаў, прадстаўляць Ю. на міжнар. арэне, а ўнутры краіны — прызнаць рашэнні АВНВЮ. 20.10.1944 сав. войскі 3-га Укр. фронту сумесна з часцямі НВАЮ вызвалілі Бялград (гл.Бялградская аперацыя 1944). 11.4.1945 падпісаны дагавор аб сяброўстве, узаемнай дапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве паміж СССР і Ю. Да 15.5.1945 НВАЮ цалкам вызваліла Ю. ад акупантаў і іх памагатых. За час вызв. вайны ў Ю. загінула 1 млн. 700 тыс.чал., у т. л. 305 тыс. воінаў НВАЮ і партызан.
Устаноўчая скупшчына 29.11.1945 скасавала манархію і абвясціла краіну Федэратыўнай Нар. Рэспублікай Ю. (ФНРЮ), зацвердзіла ранейшыя пастановы АВНВЮ, а 31.1.1946 прыняла канстытуцыю ФНРЮ. У склад федэрацыі ўвайшлі 6 рэспублік: Сербія з аўт. краем Ваяводзіна і аўт. вобласцю Косава і Метохія (з 1963 аднайм.аўт. край, з 1969 аўт. край Косава, з 1974 сацыяліст.аўт. край Косава), Харватыя, Славенія, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Чарнагорыя. Этн. прынцып пры вызначэнні міжрэсп. межаў не быў захаваны. Асабліва шмат засталося па-за межамі сваёй нац. рэспублікі сербаў. Паводле канстытуцыі вышэйшым органам улады Ю. была Нар. скупшчына, якая складалася з 2 палат: Саюзнага веча і Веча народаў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляў адказны перад скупшчынай урад ФНРЮ (да 1963 старшыня Ціта). Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1947 да Ю. адышлі г. Рыека і слав. землі, набытыя Італіяй у адпаведнасці з Рапальскім дагаворам 1920 (п-аў Істрыя і інш.). У 1945—47 у Ю. праведзены пераўтварэнні на сав. ўзор: ліквідавана шматпартыйнасць і ўстаноўлена аднапартыйная сістэма, нацыяналізаваны прам-сць, фінансы, сувязь, транспарт, гандаль, ствараліся с.-г. задругі (таварыствы) на ўзор сав. калгасаў. У крас. 1947 зацверджаны 1-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі. Імкненне Ціта праводзіць незалежную ад СССР знешнюю палітыку (спробы дамовіцца з Балгарыяй пра больш цесныя ўзаемаадносіны, умяшацца ў грамадз. вайну ў Грэцыі, увесці войскі ў Албанію), яго праект стварэння на Балканах федэрацыі дзяржаў пад эгідай Ю. і інш. дзеянні прывялі ў 1948 да рэзкага абвастрэння і поўнага разрыву сав.-югасл. адносін. Значная ч.югасл. камуністаў выступала супраць лініі Ціта, за цеснае ўзаемадзеянне з СССР. Ціта і яго прыхільнікі шырока ўжывалі супраць апазіцыянераў рэпрэсіі, у т. л. зняволенне ў канцлагеры, з якіх найб. вядомы «Голы Востраў» («Голи Оток») у Адрыятычным м. Сярод ахвяр гэтых рэпрэсій нач.вярх. штаба НВАЮ ген.-палкоўнік А.Ёванавіч, чл. Палітбюро ЦК КПЮ старшыня Дзяржплана А.Хебранг (загінулі), старшыня Нар. фронту Югаславіі С.Жуёвіч (зняволены да 1956). У 1948—52 І.Ціта, Б.Кідрыч, Э.Кардэль, М.Джылас і інш.югасл. кіраўнікі і тэарэтыкі распрацавалі канцэпцыю самакіравання, паводле якой югасл. грамадства дэмакратызавалася і пераходзіла да т.зв. таварнай эканомікі, адмаўлялася ад планавання ў форме дзярж. загадаў і пераходзіла ў эканоміцы да сродкаў чыста эканам. прымусу. У 1950 прыняты закон аб перадачы фабрык і з-даў у кіраванне працоўным, паводле якога на прадпрыемствах ствараліся рабочыя саветы. Гэты закон паклаў пачатак укараненню ў Ю. самакіруемага сацыялізму. На VI з’ездзе КПЮ у 1952 партыя атрымала новую назву — Саюз камуністаў Ю. (СКЮ). У 1955—56 нармалізаваны сав.-югасл. адносіны на ўмовах прызнання кіраўніцтвам СССР і КПСС права Ю. на самаст. развіццё. У крас. 1963 Саюзная скупшчына ФНРЮ прыняла новую канстытуцыю, краіна атрымала новую назву — Сацыяліст. Федэратыўная Рэспубліка Ю. (СФРЮ). Паводле канстытуцыі 1974 вярх. органам дзярж. улады і грамадскага самакіравання была Скупшчына СФРЮ, якая складалася з Саюзнага веча і Веча рэспублік і краёў. Нягледзячы на значныя эканам. поспехі, ужо пры жыцці Ціта (з 1953 прэзідэнт Ю.) нарасталі крызісныя з’явы ва ўсіх галінах жыцця грамадства, у т. л. міжнац. канфлікты. Пасля яго смерці (май 1980) Ю. кіравалі Прэзідыум СФРЮ і Прэзідыум ЦК СКЮ, кіраўнікі якіх прадстаўлялі адну з рэспублік (па чарзе) і змяняліся штогод.
З пач. 1980-х г. Ю. ахапіў глыбокі крызіс. Узнікла канцэпцыя «нац. эканомікі», калі кожная рэспубліка імкнулася абараняць ад канкурэнцыі свае прадпрыемствы за кошт інш. рэспублік. Цэнтр. ўрад паступова траціў кантроль над сітуацыяй у краіне, рэспублікі ўсё больш траплялі ў залежнасць ад замежных пазык. Да канца 1985 беспрацоўе складала 15%, інфляцыя — 100%, знешнія даўгі набліжаліся да 20 млрд.дол. Крызіс узмацняўся падзеямі ў Косаве, дзе з 1981 адбываліся дэманстрацыі албанскай этн. большасці з патрабаваннямі надаць краю статус рэспублікі. У Бялградзе гэта было ўспрынята як першы крок да аб’яднання Косава з Албаніяй. Славенія адкрыта стала на абарону алб. сепаратысцкага руху. На XIV надзвычайным з’ездзе СКЮ (1990) дэлегацыі Славеніі і Харватыі абвясцілі аб незалежнасці сваіх рэсп. Саюзаў камуністаў. Распад СКЮ паскорыў распад СФРЮ, які адбыўся ў 1991.
27.4.1992 Сербія і Чарнагорыя стварылі новую федэратыўную дзяржаву — Саюзную Рэспубліку Югаславію (СРЮ) на чале з 2-палатнай Саюзнай скупшчынай (Веча грамадзян і Веча рэспублік) і прэзідэнтам. Менавіта на яе міжнар. супольнасць усклала адказнасць за этн. канфлікты ў Босніі і Герцагавіне (гл.Баснійскі крызіс 1990-х г.) і Харватыі, у час якіх кіраўніцтва Ю. і югасл. армія актыўна падтрымлівалі мясц. сербаў. Нягледзячы на відавочную аднабаковасць такіх падыходаў (паводле афід. звестак Ю., у 1991—96 у Босніі і Герцагавіне існавала 536 канцлагераў для сербаў, у Харватыі — 221), 30.5.1992 Савет Бяспекі ААН увёў эканам. санкцыі супраць «трэцяй» Ю. Былі заблакіраваны трансп. і транзітныя перавозкі, закрыты марскія гавані Чарнагорыі і сербскія парты на Дунаі, перакрыты газаправоды, замарожаны за мяжой рахункі югасл. фірм, арг-цый і банкаў. Пасля 3 гадоў жорсткіх баёў у Босніі і Герцагавіне ў г. Дэйтан (ЗША) 21.11.1995 падпісаны план мірнага ўрэгулявання ў гэтай б.югасл. рэспубліцы. У кастр. 1996 санкцыі з Ю. часткова зняты. Аднак Ю. і надалей не атрымлівала сучаснай зброі, у т. л. сродкаў ППА, што абумовіла яе ваен. слабасць. У канцы 1990-х г. ЗША і інш. краіны НАТО узмацнілі націск на Ю. ў сувязі з канфліктам у Косаве, дзе югасл. армія спрабавала падавіць узбр. рух алб. сепаратыстаў. Пад выглядам абароны албанцаў Косава ад «генацыду» з боку сербаў ЗША і іх саюзнікі патрабавалі ад югасл. кіраўніцтва вывесці свае войскі з Косава і пагадзіцца на мірнае ўрэгуляванне з удзелам войск НАТО. Мірныя перагаворы ў Рамбуе (каля Парыжа) у лют.—сак. 1999 былі сарваны па віне ЗША. Пачаліся бамбардзіроўкі Ю., якія працягваліся 78 дзён. На СРЮ напалі 19 дзяржаў — членаў НАТО на чале з ЗША. З 24 сак. да 10 чэрв. 1999 у выніку бамбардзіровак у Ю. загінула 1700 цывільных асоб, 10 тыс. былі паранены; разбураны каля 100 фабрык і з-даў, 115 мед. устаноў, пашкоджаны каля 2000 школ і 35 ВНУ. У выніку прэзідэнт Ю. С.Мілошавіч (лідэр кіруючай Сацыяліст. партыі Сербіі) быў вымушаны пагадзіцца на ўвядзенне войск НАТО у Косава. На прэзідэнцкіх выбарах 24.9.2000 Мілошавіч, паводле даных выбарчай камісіі, атрымаў 40,2% галасоў выбаршчыкаў, а яго асн. сапернік, кандыдат ад апазіцыі В.Каштуніца — 48%; планаваўся 2-і тур выбараў. Апазіцыя адмовілася прызнаць вынікі выбараў як «сфальсіфікаваныя». 29 вер. апазіцыянеры выйшлі на вуліцы Бялграда з патрабаваннем адстаўкі Мілошавіча. У сталіцы адбыліся масавыя беспарадкі. 6.10.2000 Каштуніца абвясціў аб сваім уступленні на пасаду прэзідэнта Ю. Паводле вынікаў парламенцкіх выбараў (снеж. 2000) Сацыяліст. партыя цалкам страціла ўладу, прэм’ер-міністрам стаў арыентаваны на зах. краіны З.Джынджыч. Яшчэ ў маі 1999 Міжнар. гаагскі трыбунал па былой Ю. абвінаваціў С.Мілошавіча ў шэрагу ваен. злачынстваў. У ноч з 31 сак. на 1 крас. 2001 Мілошавіч арыштаваны сербскімі ўладамі, потым, паводле ўказання З.Джынджыча выкрадзены з турмы і 29 чэрв. перададзены (у парушэнне арт. 17 Канстытуцыі Сербіі і арт. 37 Канстытуцыі СРЮ) Гаагскаму трыбуналу. Суд. працэс над ім пачаўся ў Гаазе 12.2.2002. За выдачу Мілошавіча ЗША паабяцалі Сербіі крэдыт у 500 млн.дол. Адносіны паміж Сербіяй і Чарнагорыяй заставаліся складанымі. 14.3.2002 падпісаны Дагавор аб пераўладкаванні адносін паміж Сербіяй і Чарнагорыяй. 4.2.2003 парламент СРЮ прыняў Канстытуцыйную хартыю аб стварэнні новага паліт. ўтварэння — супольнасці Сербіі і Чарнагорыі (гл. Дадатак).
Літ.:
История Югославии. Т 1—2. М., 1963;
На путях к Югославии: За и против. М., 1997;
Гуськова Е.Ю. Вооруженные конфликты на территории бывшей Югославии (Хроника событий). М., 1998;
Яе ж. История югославского кризиса (1990—2000). М., 2001;
Мартынова М.Ю. Балканский кризис: Народы и политика. М., 1998;
Васильева Н., Гаврилов В. Балканский тупик. Историческая судьба Югославии в XX веке. М., 2000;
Романенко С.А. Югославия: История возникновения, кризис, распад. образование независимых государств. М., 2000;
Чарота И.А. Косовская битва продолжается. Мн., 2000;
Преступления НАТО против Югославии: Белая кн.Т. 1—2. Белград, 2000;
Джилас М. Беседы со Сталиным: Пер. с англ.М., 2002;
Хомский А.Н. Новый военный гуманизм: Уроки Косова: Пер. с англ.М., 2002;
Качук Н. Воздушная наступательная операция НАТО в Югославии // Армия. 1999. № 2;
Александров И. НАТО против Югославии: Хроника необъявленной войны // Зарубежное военное обозрение. 1999. № 6—9;
Ильин В. Воздушная война на Балканах // Авиамастер. 2001. № 4;
Россия и Сербия: Вехи истории // Родина. 2003. № 10;
Days of Terror (in the presence of the International forces). Belgrade, 2000.
М.С.Даўгяла.
Да арт.Югаславія. Герб Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія (1963—91).Да арт.Югаславія. Герб і сцяг Саюзнай Рэспублікі Югаславія (1992—2003).Да арт.Югаславія. Кароль Аляксандр I Карагеоргіевіч. Мастак П.Ёванавіч.Да арт.Югаславія. Байцы Народна-вызваленчай арміі Югаславіі. 1944.Да арт.Югаславія. Дом у г. Алексінац пасля бамбардзіроўкі горада сіламі НАТО. 5.4.1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Арэ́лі ’гушкалка’ (РБС, Гарэц., Касп., Рам., Кос.), ’гушкалка на вісячых вяроўках’ (Нас.), гушкалка з вяровак’ (Яруш., Мядзв.), рэ́лі (Рам., Бяльк., Палявы). Я. Камароўскі (Бел. лекс., 62) лічыць арэлі правінцыялізмам. Згодна з Рапановічам («Полымя», 1968, 10, 237; Лекс. і грам., 28–29), арэлі ўжываецца шэрагам пісьменнікаў з розных раёнаў. Чэрнякевіч адзначыў прыметнік арэльскія (гвазды) ’вялікія гвазды, якія выкарыстоўваюцца для забіўкі плытоў’ (рукап. рэферат БДУ, 1969) у Брэсц. вобл. Аднак у цэлым слова арэлі/рэлі пашырана на ўсходзе Беларусі. Магчыма, сюды ж трэба аднесці рэ́лкі ’жэрдкі, якія замацоўваюцца на бэльках у асеці ў якасці каласнікоў’ (Малчанава, Мат. культ., 38). Рус.арели ’гушкалка шыбеніца’, рели ’поручні, казлы, агароджа на слупах, жэрдка, тонкае доўгае бервяно, сошкі на невадзе’ (Даль; СРНГ; Пск. сл.; Кардашэўскі, УЗ МОПИ, 88, 36–37; 48, 89–90). У рус. акад. слоўніку 1794–1822 гг.: рель ’два слупы з перакладзінай для павешання злачынцаў’. Укр.паўн.-усх.орель, ореля, орелі, релі ’гушкалка’; паўднёварускае, усходнебеларускае, паўночна-ўсходнеўкраінскае арэлі ’гушкалка’, паўночнарускае ’шыбеніца’, спарадычна сустракаюцца іншыя значэнні, звязаныя з паняццем жэрдкі, шаста, бэлькі, большай часткай папярэчнай. Старажытнейшая фіксацыя слова (а)рэль у «Уставе (Ярослава князя) о мостѣхъ» (Філін, Происх., 546). Існуючыя этымалогіі слова рель у рускай мове непераканаўчыя. Думка Юрэвіча («Полымя», 1969, 2, 242) пра літ.óras ’паветра’ ці orel̃vis ’паветраплавальнік’ як крыніцу бел.арэлі, калі ўлічыць яго геаграфічнае пашырэнне, значэнне і форму, не можа быць прынята. Нельга лічыць слова і ўласнабеларускім (яно значна пашырана ў рускай мове, параўн. Курс суч., 147). Рэканструкцыя славянскай праформы выклікае, як адзначыў Фасмер, цяжкасці (няясна таксама, ці трэба звязваць перакладзіну з рель ’заліўны луг’, што, на наш погляд, наўрад ці пажадана на сучасным этапе вывучэння). Так, адсутнасць ва ўкраінскай і на месцы ене дае магчымасці пагадзіцца з Зубатым I, 2, 113, і рэканструяваць *rělja, роднаснае з літ.rékles ’прыстасаванне для сушкі’ і пад. Цікавая спроба Торбьёрнсона, 1, 11, рэканструяваць *rьdlь, роднаснае з літ.ar̃das ’жэрдка’, мн. ar̃dai ’каласнікі’, якая сустрэла крытыку Міккалы Balt., 46: незразумелай будзе тады геаграфія славянскага слова. Гл. яшчэ іншыя малаверагодныя этымалогіі, якія крытыкуе Фасмер, 3, 466. Зважаючы на геаграфію, нельга выключыць запазычаны характар, хаця наўрад ці можна прыняць гіпотэзу пра англійскую крыніцу reel ’матавіла’, калі ўлічыць час з’яўлення слова і значэнне. Больш верагоднай можна лічыць версію Груненталя, KZ, 63, 122, пра ням.Riegel ’перакладзіна, засаўка’ як крыніцу слова (параўн. першасную рэгістрацыю слова з и, а нее; для неадлюстравання g параўн. вядомы подпіс ана ръина; сярэдненямецкія значэнні ў асноўным адпавядаюць рускаму развіццю). Супрун, Бел.-рус. ізал. Гл. рэлкі, рэя.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кагадзе́ ’калісьці’ (БРС), ’толькі што, нядаўна’ (БРС, ТСБМ), капыл., Жыв. сл.; чырв., З нар. сл.; ц.-бел. (Узвышша, 1927, 6), кагдзе, кадзе ’толькі што, нядаўна’ (ганц., Сл. паўн.-зах.), кадзе ’тс’ (Жд. 2; капыл., Жыв. сл.; чырв., З нар. сл.; чырв., навагр., КЭС; ганц., карэл., лях., Сл. паўн.-зах.; слонім., кар., Сцяшк.), кадзе ’нядаўна’ (стол., Жыв. сл.), кадзё ’толькі што’ (Жд. 3). Казлова (БЛ, 21, 1982, 60) прыводзіць палес. (усх.-палес.?) кагадзе і адзначае, што прыслоўе ўласціва большасці беларускіх гаворак; з гэтым нельга пагадзіцца. Неабходна адзначыць, што паметы «брэсц.», «гродз.», «палес.» заблытваюць чытача і быццам сапраўды сведчаць аб шырокай геаграфіі. На самой справе «брэсц.» (паводле Казловай) кадзе зафіксавана ў Столінскім раёне і, як сведчыць фанетыка (дзеканне), адносіцца да пераходных або да ўсх.-палес. гаворак і брэсцкім (зах.-палес.) не з’яўляецца. «Гродз.» кагадзе, кадзе вядома больш вузка: навагр., карэліц., слонім. разам з ганц., лях., нясв. і чырв. утварае даволі кампактны арэал, які (далучыўшы патэнцыяльныя ўсх.-палес. фіксацыі) можна некалькі пашырыць на паўд.-усх. частку. Неабходна адзначыць, што Тураўскі слоўнік, вельмі ўважлівы да рарытэтаў, гэтага слова не фіксуе. Па сутнасці вузкарэгіянальнае ўтварэнне; па геаграфіі адпавядае гродзенска-баранавіцка-лунінецкаму пучку ізаглос (Лінгвістычная геаграфія, к. № 13). Лінгвагеаграфія сведчыць аб іншамоўным уплыве (што цяжка дапусціць, паколькі ў такім выпадку, мяркуючы аб уздзеянні балтыйскіх прыслоўяў, давялося б лічыць форму кадзе першапачатковай і невядома як тлумачыць паходжанне г у кагадзе) або аб архаізме. Не выключэнне, аднак, як і ў выпадку іншамоўнага ўплыву ўяўляецца варыянт утварэння «гібрыду» на паграніччы розных гаворак. Рус.росл., смал., трубч., карач., бран., арл.каде ’дзе’ магчыма, сведчыла б на карысць варыянта «архаізм», калі б не верагоднасць таго, што рус.дыял. слова ўтварылася фанетычным спосабам. Цыхун (Бюлетин, 5, 1976, 94) адносіць яго па фармальнаму падабенству да балг.дыял.кагоде ’што-небудзь’, ’колькі-небудзь’, ’калі-небудзь’. Ён лічыць, што, нягдедзячы на розніцу ў семантыцы, агульнае значэнне «нявызначанасці» бел. і балг. утварэнняў патрабуе далейшага вывучэння гэтай паралелі з мэтай высвятлення магчымай іх роднасці. Шуба (Прыслоўе, 60) выводзіць бел.кагадзе са ст.-рус. формы къгдѣ праз ступень кагдзе, кадзе; Цыхун (там жа) мяркуе, што хутчэй чакаўся б адваротны працэс і спасылаецца на заўвагу Якабсона (Word 8, 4, 391), аб тым, што gъda паходзіць з goda аналагічна vьcera < večera і да т. п., падрабязней у Копечнага, ESSJ, 1, 311–313. БЕР (2, 128) лічыць, што балг.дыял.кагоде < ка, дыял. прысл. ’калі, калісьці; з таго часу як’ і часціцы годзе ’‑небудзь’. Звяртае на сябе ўвагу значэнне бел. слова ’калісьці’, засведчанае ў БРС. Калі гэта не памылковае значэнне, можна меркаваць аб магчымай дыялектнай яго аснове і першасным значэнні кагадзе наогул, што дазваляе з большай упэўненасцю параўноўваць бел. і балг. словы. Адносна семантыкі ў такім выпадку параўн. тур.когдышні ’колішні’ і рус.дыял.когда‑ко ’калі-небудзь’. Заўвагу Цыхуна (Бюлетин, 5, 1976, 94) аб агульным значэнні «нявызначанасці» гэтых слоў як магчымым сведчанні іх роднаснасці нельга прыняць па той прычыне, што такое значэнне абумоўлена прыслоўямі (этымалагічна — склонавыя формы пытальнага, адноснага займеннікаў), якія ўваходзяць у склад як гэтых, так і іншых падобных лексем. Аб спробе ўзнавіць прасл.*kagodě‑ прыслоўе часу, гл. Казлова, БЛ, 21, 1982, 60; надзейнасць такой рэканструкцыі невысокая з прычыны прыведзеных вышэй меркаванняў. Аб ка‑ гл. Слаўскі, 2, 8; аб ‑gode‑ Копечны, ESSJ, 1, 312.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Калыха́ць ’рухаць з боку ў бок, гайдаць, хістаць’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; Нік. Напаў.; Сержп. Прымхі, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш.), ’гушкаць дзіця’ (БРС, ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., ТС; колухаць), калыхацца ’гушкацца (на арэлях)’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Яруш.), да апошняга яшчэ і калыханка ’гушкалка, арэлі’ (Жд. 3, КЭС, лаг.) без геаграфіі (ТС; колуханка). Укр.колихати ’хістаць, гайдаць, гушкаць дзіця; гайдаць (па арэлях)’, рус.колыхать ’гайдаць, хістаць, гушкаць дзіця’, пск., асташк., цвяр. ’біць’; колыхаться ’гушкацца (на арэлях)’ адзначана на пагранічнай з беларускай тэрыторыі; польск.дыял.kolychać ’гушкаць дзіця’, якое прыводзіцца Трубачовым, Эт. сл., 10, 165, відавочны беларусізм у польскім перыферыйным дыялекце і пагранічных гаворках, гл. Карловіч, 2, 409–410; Слаўскі, 2, 376 (адносна kolychać, засведчанага ў Сыракомлі і ў любельскіх гаворках) ставіць пад сумненне архаічнасць слова. Славен.koléhatiПлятэршнік (1, 424) параўноўвае з рус.колыхать, нягледзячы на фанетычную недакладнасць і значэнні славенкай лексемы (’трэсці, качацца на зямлі’). Статус гэтага слова не вельмі ясны, як і славен.дыял.koléhati se ’вылятаць (з вулея)’, тое ж датычыць і серб.-харв.kolihati, якое ў RHSJ, V, 191, тлумачыцца як ’калыхаць’ да таго ж з паметай «ненадзейнае». У любым выпадку, калі нават пагадзіцца з дакладнасцю паўдн.-слав. фактаў, нельга выключыць магчымасці, што гэта незалежныя параўнальна познія ўтварэнні; на карысць гэтага меркавання — экспрэсіўны характар лексемы. Такім чынам, тут хутчэй усх.-слав. інавацыя (+ магчымыя на поўдні). Лічыцца другаснай, больш экспрэсіўнай формай ад *kolysati, а гэта, у сваю чаргу, інтэнсіў ад *kolybati (гл. калываць), так Трубачоў, Эт. сл., 10, 166. Паводле Слаўскага, 2, 376, тут паўн.-слав. інтэнсівы (з ‑ys‑, ‑ych‑), якія ўзнаўляюцца на базе ст.-польск.kolić ’кружыць, круціцца і да т. п.’ і серб.-харв.око̀лити ’акружыць’, < прасл.kolo (Слаўскі прыцягвае яшчэ макед.дыял.коле ’(ён) гушкае’). На думку Слаўскага, там жа, лексемы *kolysai, *kolychati адносяцца да *koliti, як рус.дыял.ломыхать ’ламаць з трэскам’ да ломить ’ламаць’. Калі з фармальнага боку ў прапанове Слаўскага як быццам усё добра, семантычна аспект выклікае сумненне, на што слушна звяртае ўвагу Трубачоў, Эт. сл., 10, 166, маецца на ўвазе сур’ёзнае адрозненне маятнікавага руху ад кругавога вярчэння, а таксама тое, што форма *kolysati неправамерна аддзяляецца ад *kolybati.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́жды ’кожны’ (Бяльк.; ваўк., Федар.; Шат.). Рус.каждый, польск.każdy (магчыма, гэта не спрадвечная польск. форма), славін.kö̀u̯ždï, кашуб.každi і koeždi, палаб.kozdüm(ě̯) (склон. форма), н.-луж.každy, чэш.každý, славац.každý, серб.-харв.кніжн.každi (з XVI ст.). Па сутнасці, паўдн.-слав. адпаведнікі не зафіксаваны (ст.-слав.къжьдо — кантынуант іншай формы). Можна пагадзіцца з думкай Слаўскага, 2, 115, што паўн.-слав. утварэнне: kažьdъjь. Этымалогія слова няпэўная. Нягледзячы на шматлікія спробы ў літаратуры вытлумачыць варыянты ka‑ і ko‑ (гл. кожды): kažьdъjь : kožьdъjь. Яшчэ больш дыскусійныя меркаванні адносна этымалогіі другой часткі слова. Ёсць думка, што ka‑ (ko‑) у злучэнні з’яўляюцца другаснымі і найбольш архаічнай неабходна лічыць форму kъžьdo (з якой ст.-слав.), па той прычыне, што kъ‑ займеннік у асноўнай форме (наз. скл.). Гэта быццам бы пацвярджаецца тым, што ён скланяецца, параўн. ст.-слав.когожьдо і комоужьдо (Трубачоў, Эт. сл., 9, 175). У такім выпадку больш новыя kažьdъjь і kožьdъjь дэманструюць наяўнасць форм займеннікаў ва ўскосных склонах, гэта, на думку аўтара слоўніка, натуральна для складаных слоў і пацвярджае архаічны характар словазлучэння kъžьdo (< kъžьdo). Іншыя думкі адносна паходжання першага кампанента: ко‑ і ‑ка‑ адпаведна формы муж. і жан. роду пытальнага займенніка (Развадоўскі RS, 7, 14–16 (kożdy); Слаўскі, 2, 115). Махэк₂ (247): ka‑ падоўжанае і.-е.*ku̯o‑, а не форма жан. р.; Ваян (Gramm. comparée 11, 2, 409) ka‑ тлумачыць другасным уплывам форм kakъ, kako. Гл. яшчэ ESSJ, 2, 397–399. Адносна этымалогіі другога кампанента Трубачоў (Эт. сл., 9, 175) выказваецца на карысць думкі Міклашыча, 62, аб сувязі часткі і слав.žьdati ’чакаць’, аднак звяртае ўвагу, што яна без адпаведнікаў за межамі слав. моў. Апошняя этымалогія была принята Бернекерам, 1, 496–497; Махэкам₁, 197, і інш., параўн., аднак, Махэк₂, 247, аб адсутнасці падобных утварэнняў і неабходнасці пошукаў іншага рашэння. У першым выданні слоўніка Махэк прыводзіў лац.quī‑vīs, quī‑libet ’які-небудзь, кожны’, даслоўна ’які хочаш’, што адпавядае слав.lʼubo ў выразе kakъ lʼubo ’хто-небудзь, любы і да т. п.’ У другім выданні Махэк прапанаваў суаднесці слав. словы з лац.quisque, quidque (і quaeque, quodque), кельц. *ku̯a‑ko‑s, *ku̯o‑ko‑s і тлумачыць далей слав.‑ž‑ < *g, ‑ь‑ < e (там жа меркаванні адносна семантыкі і прыклады); ‑do ў канцы тлумачыцца энклітыкай ‑de, якая перайшла ў ‑do пад уплывам першага кампанента (ko‑). Паводле Махэка (там жа), слав.kažьdъjь і пад. з словазлучэння edinъ kъžь[kъ]de, такая семантыка пацвярджаецца фактамі розных моў, у прыватнасці літоўскай, ‑kiekvíenas ’кожны’, літаральна ’колькі’ і ’адзін’. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 9, 176, дзе літоўскі прыклад лічыцца новаўтварэннем разам з тыпалагічна блізкімі раманскімі. Думка аб сувязі часціц ‑žьdo, ‑žьde і слав.‑žьdati Слаўскаму, 2, 116, здаецца малаверагоднай. Ён прымае папулярную версію аб паходжанні другога кампанента злучэння kažьdъjь з абагульняючай групы энклітык ‑žь‑de, ‑žь‑do, як прыклад прыводзіцца ц.-слав.кыижьдо, которыи жьде. У гэтай групе ‑žь‑ суадносіцца з že (бел.жа, рус.же і да т. п.), а ‑de : ‑do з энклітыкай ‑de (параўн. ст.-слав.къде, гл. ESSJ, 1, 307). Значэнне слав.kazьdъjь пры такім варыянце было б ’хто-небудзь’, як у лац.quī‑ cumque (quī ’які’, cumque‑ абагульняючая часціца), quis‑que ’хто-небудзь, кожны’ (quis ’хто’, que абагульняючая часціца). З літаратуры гл. яшчэ Petr. J., Zaimek każdy w historii i dialektach języka polskiego, Wrocław, 1957, які выказвае думку аб тым, што польск.każdy з’яўляецца чэхізмам. супраць Слаўскі, 2, 114–115.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
стары́, ‑ая, ‑ое.
1. Які пражыў шмат год, дасягнуў старасці; проціл. малады. Стары мужчына. □ То ж стары чалавек, яму [дзеду Нупрэю] год дзевяноста, ён дапаможа, параіць.Лынькоў.Праўда, Вера Мікалаеўна ніяк не магла пагадзіцца, што ў свае сорак сем гадоў яна ўжо старая.Арабей.Старога вераб’я на мякіне не падманеш.З нар./узнач.наз.стары́, ‑ога, м.; стара́я, ‑ой, ж.— Цяпер маладыя не сядзяць дома. — Стары памаўчаў. — А мне от і не да[с]падобы горад.Парахневіч.//Разм. Які дасягнуў такога ўзросту, у якім позна што‑н. рабіць; які не падыходзіць па ўзросту да чаго‑н. Актрыса старая для гэтай ролі.// Які налічвае шмат гадоў (пра дрэвы). Шумяць над гасцінцам Старыя бярозы.Зарыцкі.Ад усяго двара засталася старая абгарэлая груша.Лынькоў.// Уласцівы пажылому, у гадах чалавеку. Жанчына старым, няроўным голасам зашушукала.Чорны.Стары твар маці зморшчаны.Бядуля.
2. Які даўно ўзнік, з’явіўся, існуе доўгі час. Стары горад. Кварталы старога Мінска. Старая прывычка. □ Як калісьці, на змярканні, зноў прыйду я на спатканне У парк стары, зачараваны, Дзе назваў мяне каханай.Валасевіч.— А-а, стары знаёмы, — сказала Часлава Карлаўна, мусіць, з радасцю, што ўбачыла мяне.Адамчык.Стары друг лепей за новых двух.Прыказка.// Які даўно займаецца якой‑н. дзейнасцю; вопытны, бывалы. Стары камуніст. □ Як ні сачыў я за ім, як ні перасякаў яго хітрыя петлі, праз нейкія паўгадзіны і след гэтага старога грыбніка прастыў.Шамякін.// Які адбыўся даўно. Звычайна чалавек, баючыся паўтарыць старую памылку, робіць новую, яшчэ глыбейшую.Чарнышэвіч.// Даўно вядомы. Старая прыказка. □ Тады Сяргей рашыў выкарыстаць свой стары спосаб, як хутчэй заснуць: думаць пра што-небудзь прыемнае.Шыцік.
3. Якім доўга карысталіся; паношаны. Старая мэбля. Старыя туфлі. □ Гаспадар прынёс мне старую світку і бялізну з грубага сялянскага палатна.Анісаў.// Які стаў нясвежым ад доўгага захоўвання, страціў свае якасці (пра прадукты харчавання). Старое сала. □ Хутка на ўсю хату запахла варанай капустай, запраўленай старым здорам.Ваданосаў.// Непрыгодны, які стаў несапраўдным пасля пэўнага тэрміну або пасля выкарыстання. Стары трамвайны білет. Стары пропуск.
4. Які даўно прайшоў, які даўно мінуў; мінулы (пра час). Сегенецкі ў старыя часы не смеў дамагацца дружбы з «панам Зямковічам».Чорны.За старым, даўнейшым часам елі людзі рэдзьку з квасам.Дубоўка.Толькі б навек адышоў у нябыт Веку старога гнілы рэквізіт.Кірэенка.// Характэрны для гэтага часу, уласцівы яму. Казік — тыповы беларускі інтэлігент старой закваскі.Машара.// Несучасны, устарэлы. Старая мода.
5. Такі, які быў раней, папярэднічаў каму‑, чаму‑н.; былы. Старое рэчышча ракі. Стары адрас. □ Аднак праз некалькі дзён [Чарнавус] адчуў, што яго стары аўтарытэт яшчэ можа мець сякі-такі поспех.Кулакоўскі./ Пра перыядычныя выданні, пісьмы і пад. ранейшых гадоў. Старая газета./ Пра мінулы, прайшоўшы год. Стары год.// Які мае адносіны да ўраджаю або прыпасаў мінулага года. Старая бульба.
6. Які мае адносіны да ранейшага ладу, рэжыму, уласцівы яму. Старая армія. Старыя вытворчыя адносіны. □ Маці .. сказала сыну: — Добра, што я за брыгадзіра згадзілася быць. Гэта ж застацца адной, як .. у старыя часы, — загінуць можна. А так я з людзьмі заўсёды.Дуброўскі.Таму, што бабка чалавек старога веку і верыць у забабоны, дык і хрысціцца.Якімовіч.//узнач.наз.старо́е, ‑ста, н. Тое, што было раней, у мінулыя часы. Яны [сяляне] прыраслі к старому, усё мераюць старым аршынам!Мележ.Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае.Арабей.[Гарошка:] — Ну, што вы скажаце, якія людзі! Колькі яшчэ перажыткаў старога ў іх на гарбу вісіць.Краўчанка.
7. Зроблены, створаны даўней і які захаваўся да гэтага, нашага часу; даўнейшы. Старая бронза.// Які знаходзіўся ва ўжытку раней. [Падбярэцкі:] — Я ў месяц на старыя па пяць тысяч, а то яшчэ з гакам, выганяў. Прагрэсіўка, прэмія — надбаўка...Пташнікаў.
•••
Стары заветгл. завет.
Стары светгл. свет.
Стары стыльгл. стыль 2.
Стары халасцякгл. халасцяк.
Голы як стары венікгл. голы.
І стары і малы — усе без выключэння, усе да аднаго, усе без разбору.
Мераць на стары аршынгл. мераць.
Па старой памяцігл. памяць.
Старая песнягл. песня.
Старое карытагл. карыта.
Стары верабейгл. верабей.
Стары як свет — вельмі даўні, спрадвечны.
Як старой бабе сесцігл. сесці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ка́ліва ’асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і інш.’ (БРС, ТСБМ, Кліх; КЭС, лаг., Сержп., Прымхі: … вырываюць яго адно каліво ці цыэлы куст…; Федар. Рук.; Шат., Яруш.), сюды ж, відаць, каліва ў Каспяровіча, нягледзячы на яго дэфініцыю ’маладая расліна’, параўн. ілюстрацыю: «Дай мне каліва расады», с. 150, каліва ’адно гняздо бульбы, адзін корч’ (Сцяшк. МГ), адно зернетка (збожжа, маку, якога-н. насення і інш.)’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас.). Сержп. Прымхі: семь каліў гароху, тры каліва перцу…; Федар. Рук., Шат.; барыс., Шн., 2, 68: «Разъ пошла баба воды браць у колодзись, зачарпнула вядромъ ды и паглядзела: ци поўно зачарпнула?.. видзиць — каливо гороху y‑вы днѣ ляжиць…» ’невялікая колькасць чаго-н.; трошкі, крыху’ (БРС, ТСБМ, Жд. 3, Касп., Мядзв., Нас., Яўс.). Апошняе значэнне звычайна характэрна для памяншальнай формы слова: каліўка ’вельмі мала, трошкі і да т. п.’ (Бяльк., Мат. Гом., Нас.), апрача гэтага, фіксуюць каліўку ’тс’ (Мат. Маг.), каліўка ’зерня’ (Бяльк.; навагр., КЭС; Нас.). Насовіч (228) таксама адзначае: «Самая мелочь в сходстве. И каливки бацькины подобравъ». Далей адзначаюць вытворныя каліўца (у БРС як памянш.-ласк. да каліва ў асноўных значэннях), Насовіч дае каливцо ’дробнае зерне’, Каспяровіч і Палявой фіксуюць значэнне ’трошкі’. Пашыраны такі дэрыват, як каліўе ’сцёблы траў або збожжавых злакаў’ (ТСБМ, Шат.), ’бульбоўнік (націна)’ (ДАБМ, Жд. 3; КЭС, лаг., Ян., Мат. Гом.), каліўе ’тс’ (Сцяшк.). Апрача гэтых, ДАБМ падае каліўнік, каліўянік ’тс’, а Мат. Гом. — каліўнік, калівашнік, каліўяшнік ’тс’. У новых слоўніках каліва, кальва, кальво, каліва ’асобная сцяблінка, галінка гародніны і інш.’ (даўг., віл.), ’асобная расліна’ (в.-дзвін., шальч., віл., іўеў., шчуч., крын., зэльв., гродз.), ’націна аднаго клубня’ (паст., круп., барыс., смарг., маст., шчуч.), ’малая колькасць, трошкі чаго-н.’ (рас., лаг., пруж., Сл. паўн.-зах.), паст., віл.каліўца, каляўца ’асобная сцяблінка, галінка гародніны і інш.’ (Сл. паўн.-зах.), каліўя ’націна бульбы’, калівіна ’каліва, адна сцябліна’, каліво ’сцябло расліны’ (ТС), ’корч, куст (гародніны)’ (Ян.), каліўе ’націна бульбы, буракоў’ (Ян.). Апрача бел. мовы, адзначана ва ўкр. усх.-палес. гаворках: каліва, каліванне, калівʼе, калівʼя ’націна бульбы’, калівешнік ’тс’ і ’націна морквы, гароху’, чарніг.каліво ’корч бульбы’ і ’пра каноплі, лён — палову «повесма»’. У рус.калуж. адзначана каливина ’трошкі; кропелька’, каливо ’націна агародных раслін’, бран. ’корч бульбы’, вялікал.каливье ’націна бручкі’, сіб.каливья ’націна бульбы’, зах.-бран.калева ’корч бульбы’, бран.калева і каліва ’нейкая расліна’, смал.калива ’сцябліна’, калевка, калёвка і каливка ’найменшая колькасць чаго-н.; кропелька’: калуж., смал., зах.-бран.калевка; смал.калевка, калуж., смал.калёвка, пуціўльск., курск.каливка, таксама арл., бран.каливка ’пацерачка (адна)’, росл., смал. ’дружочак, міленькі і да т. п.’, зах.-бран.калево і каливо ’найменшая колькасць чаго-н.; кропелька’: калево, росл., смал., калуж.каливо ’дробнае зерне (адно)’, смал.калево, смал., іркуцк.каливо, калуж., смал.калёвочка ’найменшая колькасць чаго-н., кропелечка’, пск., смал.каливочка ’тс’; колево, коливо ’парастак, расток, сцябліна’ (зах. паводле Даля), колево ’аўсяны колас, «бронь».’ Ёсць таксама пск.коливистый, колевистый ’зярністы, каласісты (збожжа, авёс і да т. п.)’. Гэтыя прыклады дазваляюць з вялікай дакладнасцю меркаваць аб лінгвагеаграфіі слова. Праўда, СРНГ у якасці паралелі прыводзіць яшчэ польск.kaliwo, аднак з гэтым нельга пагадзіцца. Найбольшая колькасць прыкладаў«польскага» слова у значэннях, адэкватных беларускім, падаецца Карловічам: kaliwa, kaliwo, kaliwko, адносна якога можна з упэўненасцю гаварыць, што гэта беларускае слова. Слаўскі наогул не разглядае гэтай лексемы, хоць форма kaliwek фіксуецца ў Ліндэ. Дарашэўскі ў слоўніку літаратурнай мовы ўказвае бел. крыніцу. Аналіз геаграфіі слова сведчыць, што, па-першае, гэта ўсх.-слав. лексема; па-другое, распаўсюджана яна або ў бел. гаворках, або ў тых рус. і ўкр., якія гістарычна ці геаграфічна суадносяцца з бел. Далейшы статус яго (запазычанне, інавацыя, архаізм) паводле гэтага крытэрыю вызначыць цяжэй. Не выключана (параўн. прыклады з рус. гаворак) рэканструкцыя формы калево; бел. лексіка дэманструе галосны ў пазіцыі пасля націску. Спроба дастаткова надзейнай этымалагізацыі на слав. глебе належыць Безлаю, 2, 10, які параўноўвае бел.каліва з шэрагам слав. лексем. Сюды славен.kȃl ’расток, парастак’ (адзначаны формы муж. і жан. роду), kȃla, далей kȃlec, kȃlcek, kȃlíca ’расліна чарнушка, Nigella sativa (матывацыя назвы няясная)’, таксама kaliv, kálast і kalíti, kalí, vzkalíti, якія суадносяцца з (vz‑)klíti, (vz‑)klije, напрыклад seme kali, seme vzklije iz zemblje. Для гэтых форм прапануецца прасл. рэканструкцыя *kōlъ, паралельная да *kъlъ. Паводле Безлая, сюды можна аднесці в.-луж.kał, якое традыцыйна, услед за Мукай, 1, 565, лічылі запазычаннем з ням.kohl або н.-ням.kal (так Більфельд, Lehnwörter, 153). Значэнне луж. слова ’капуста, Brassica oleracea’ супадае з ням. (аб іншых значэннях і формах гл. падрабязна Шустэр–Шэўц, 7, 483), што сапраўды як быццам падтрымлівае версію аб запазычанні слова. Але Шустэр–Шэўц (7, 483–484) звяртае ўвагу на тое, што ні па фармальнаму, ні па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю такая версія не можа быць прынята. Фанетыка луж. лексікі не адпавядае мяркуемай ням. крыніцы.
Ка́ліва2 ’памінальная куцця’ (Мядзв.). Дакладных адпаведнікаў у бел. крыніцах не адзначана. З магчымых рус. паралелей звяртае на сябе ўвагу калуж.калево задать ’памерці’, прыклад, аднак, вельмі двухсэнсоўны (магчыма, пад уплывам калець ’здыхаць’). Па гэтай прычыне можна думаць, што тут змяненне фанетыкі аналагічна каліва1, паколькі ў запазычаным коливо (рус., укр., ц.-слав.), якое з грэч.κόλλυβον першы галосны пад націскам. Зыходзячы з формы — з н.-грэч., праз царкоўную лексіку.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
се́сці, сяду, сядзеш, сядзе; пр. сеў, села; заг. сядзь; зак.
1. Прыняць сядзячае становішча; заняць месца, прызначанае для сядзення. Сесці на лаўку. Сесці за стол. □ Віктар моўчкі сеў і пачаў слухаць.Зарэцкі.Можна сесці, скурчыцца, заснуць; сны, кажуць, сніцца будуць толькі.Мележ.Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад.Мурашка./ З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць на характар, асаблівасці такога становішча. Сесці бокам.// Заняць месца, размясціцца дзе‑н. для паездкі. Сесці ў аўтобус. □ Праўда, маршрут гэты просты: пайсці на раз’езд, як-небудзь сесці на таварны цягнік і паехаць.Колас.Дзед купіў білеты, селі на параход.Лынькоў.
2.зашто, нашто і зінф. Пачаць якую‑н. справу, заняткі, якія звязаны са знаходжаннем у сядзячым становішчы. Сесці за кнігу. Сесці за руль. □ Трэба будзе сесці на трактар, на камбайн — і, калі ласка, сядзем.Кулакоўскі.Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі.Шыцік.Пятрусь сеў за ўрокі.Кавалёў.// Размясціцца на месцы выканання чаго‑н. Сесці ў засаду.//звычайнанашто. Разм. Заняць якое‑н. месца, пасаду, пачаць выконваць якія‑н. абавязкі. А пасля.. [Мінін] сеў на зямельны аддзел.Дуброўскі.[Русаковіч:] Выходзіць, што я сапхнуў Сухадольскага, каб самому сесці на яго месца.Крапіва.
3.Разм. Пасяліцца на пастаянным месцы, заснаваўшы гаспадарку. Сесці на гаспадарцы. □ Тоўхарт.. абвясціў, што хто выкарчуе і ачысціць гэтую зямлю, возьме сабе навечна паўтары дзесяціны, а на трох з паловай сядзе ляснік.Чорны.[Верамейчык:] — Няўжо-такі сядзе Грамабойчык на Жагулаўшчыне?Крапіва.// Застацца дзе‑н., не выязджаючы; засесці. Яму ўважыў пан ляснічы, І сеў Міхал у страшнай дзічы.Колас.
4. Трапіць у турму, быць пазбаўленым волі. Калі людзі аднаўлялі на руінах і папялішчах разбураныя ворагам сядзібы, .. хутаранец Хамёнак сеў за спекуляцыю народным дабром у астрог.Майхровіч.[Соня] хвалілася, што пасадзіла мужыка, хоць, казалі, сеў сам за растрату.Мыслівец.
5. Абмежаваць сябе ў чым‑н. (звычайна ў ядзе). Сесці на дыету.
6. Наткнуўшыся на перашкоду, спыніцца, засесці. Баржа села на мель.
7. Спыніўшы рух, палёт, спусціцца на што‑н. (пра птушак, насякомых). Прыляцела сінічка і села на адчыненую фортку.Шахавец.Чуваць было толькі, як гудзіць вакол лямпы муха, выбірае месца, дзе сесці.Лынькоў.// Прызямліцца (пра самалёты, парашутыстаў і пад.). Тым часам самалёт, зрабіўшы яшчэ два кругі, спусціўся зусім нізка і дакладна сеў у раёне трох кастроў.Зуб.І вось перад усімі людзьмі на дарозе паказаліся немцы. Гэта і быў той самы дэсант, што перад вечарам сеў поблізу.Чорны.
8.Разм. З’явіцца на скуры, выскачыць (аб фурункуле і пад.). Прызнаў.. [Яська] валоў у двор, а там яму кажуць, што захварэў аканом, села яму скула на баку.С. Александровіч.
9. Апусціцца, асесці, паглыбіцца ў зямлю. Дом сеў. Грунт сеў.
10. Апусціцца за гарызонт, зайсці (пра свяцілы). У канцы лагоў сівеў туман, якраз там, дзе села сонца.Пташнікаў.
11. Паменшыцца ад вільгаці; збегчыся (пра тканіны, скуры і пад.). Сукно села. Касцюм сеў.
12.Спец. Замацавацца ў патрэбным становішчы. Платон.., сагнуўшыся, уважліва аглядаў, ці добра ў пазу села жардзіна.Ракітны.
13.Разм. Страціць сілу, напружанне, стаць слабейшым (пра электрычны ток, пару і пад.). У кутку.. стаяў радыёпрыёмнік, адзіны ў лагеры. Ён не працаваў ужо два тыдні — селі акумулятары.Шамякін.// Затупіцца (пра рэзальныя інструменты). Разец сеў.// Стаць больш нізкім, хрыплым (пра голас). — Ведаеце што, — голас [Гелены] сеў. — Не ідзіце нікуды.Караткевіч.
•••
Верхам сесцінакаго; сесці на галавукаму — падпарадкаваць каго‑н. сабе, прымусіць выконваць свае капрызы; камандаваць кім‑н.
На тым самым месцы сесці; на тым жа суку сесці — нічога не дамагчыся, не змяніць чагосьці па-свойму, пагадзіцца з пэўным становішчам і станам рэчаў.
Ні села ні пала — без падставы, без выяўнай прычыны, нечакана.
Ні стаць ні сесцігл. стаць.
Сесці макам — а) спыніць або перапыніць надоўга свой рост, развіццё. [Мужчына:] — Пасеялі мы летась кукурузу. У адным месцы яна ўзышла і расла нішто сабе, а ў другім як выткнулася, так і села макам — жоўтая, чэзлая.Палтаран; б) пацярпець крах, няўдачу. [Атрошчанка:] — Як раён скасавалі, то і сеў [Рогаль] макам.Навуменка; в) загінуць, прапасці. [Сырамалот:] — На яблынях завязь ужо макам села. Як не дасць бог дажджу, дык і ўсё макам сядзе.Сабаленка.
Сесці (уссесці) на карак (шыю)каму — а) стаць утрыманцам каго‑н., абцяжарваючы яго гэтым. [Лабановіч:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам [сялянам] на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе, чыніць несправядлівасці.Колас; б) падпарадкаваць сабе, паставіць у поўную залежнасць ад сябе. [Вера:] — Дай яму, другому, волю, дык ён табе на шыю сядзе...Пальчэўскі.
Сесці (напасці, трапіць) на лаву падсудных — пайсці пад суд.
Сесці на мель — а) страціць здольнасць рухацца (пра судны); б) папасці ў вельмі цяжкае становішча.
Сесці на пятыкаму — дагнаць, насцігнуць каго‑н., праследуючы або проста рухаючыся за кім‑н.
Сесці на свайго канька — пачаць гаварыць, разважаць доўга, падрабязна, шматслоўна.
Сесці на хлебчый — перайсці на ўтрыманне каго‑н.
Сесці не ў свае сані — узяцца не за сваю справу.
Сесці ў лужыну (у галош) — пацярпець няўдачу, апынуцца ў няёмкім, смешным становішчы.
Чорт сеўнакагогл. чорт.
Як старой бабе сесці — вельмі мала (звычайна да рэвалюцыі гаварылася пра наяўнасць зямлі ў селяніна). Зямля нават была і не кепская, але калі яе гэтулькі, як старой бабе сесці.Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)