Труп ‘ мёртвае цела чалавека або жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Ласт., Федар. 4; уздз., Мат.; віл., Сл. ПЗБ), ‘тулава’ (уздз., уласн. інфарм.): …паненкам — крылушкі… А я мужык глуп — мне ўвесь труп (Бел. казкі), ‘прах, астанкі’: адзежа трупам узялася (Нас.), ‘гніль’ (Багушэвіч, Байк. і Некр.): труп яго бяры — праклён (Вушац. сл.), ст.-бел. трупъ ‘мёртвае цела’, зборн. трупие ‘целы мёртвых’ (ГСБМ), трупъ ‘тс’: страшно было трупу московского гледѣти (17 ст., Карскі 2-3, 316); stojaczy na trupi (Хроніка Быхаўца). Укр. труп ‘мёртвае цела, мярцвяк’, рус. труп ‘тс’, ‘тулава’, ‘струп’, стараж.-рус. трупъ ‘мёртвае цела’, ‘ствол дрэва, пень’, польск. trup, н.-луж. tšupмярцвяк’, в.-луж. trup ‘струп’, ст.-чэш. trup ‘пень’, ‘ствол’, чэш. trup, славац. trup ‘тулава, корпус’, славен. trúp ‘тулава’, ‘корпус карабля’, харв. trûp, серб. труп ‘тс’, ‘пень, калода’, макед. труп ‘тулава’, ‘мёртвае цела’, ‘пень, пацурбалак’, ‘даўбешка’, балг. труп ‘тулава’, ‘ствол дрэва’, ‘мёртвае цела’, ст.-слав. троупъ ‘мёртвае цела’, зборн. троупиѥ. Прасл. *trupъ роднаснае літ. traupùs ‘крохкі’, trupė́ti ‘крышыцца, гніць, драбніцца’, trùpas ‘старац’, ст.-прус. trupis ‘калода’ — на думку Мілеўскага (SOc, 18, 29), запазычана з польскай; лат. satrupēt ‘гніць, згніваць’, ‘спарахнець’, ст.-грэч. τρΰπη ‘дзірка’, τρυπάω ‘свідрую’, якія ўзыходзяць да і.-е. *trou‑po‑/‑s ‘пень, калода’ < і.-е. *ter‑/*treu̯/*trou̯‑ ‘церці, расціраць’, ‘свідраваць’ (Фасмер, 4, 109; Голуб-Копечны, 392; Брукнер, 578; Младэнаў, 640; Буга, РФВ, 75, 151; Скок, 3, 516; Каруліс, 2, 433; ЕСУМ, 5, 657; Сной₂, 789; Борысь, 645). Паводле Махэка₂ (655), прасл. *trupъ мела першаснае значэнне ‘спарахнелы ствол дрэва’, параўн. каш. trëpa ‘спарахнелае бервяно, асабліва ў тарфянішчы’ (SEK, 5, 166), польск. trupieć ‘трухлявець, дзеравянець’. Гл. таксама меркаванні пра зыходнае значэнне ‘частка, кавалак’ на падставе балг. разтру́пя ‘парубаць дрэва на часткі’ (Новое в рус. этим., 239), параўн. таксама харв. rastrupati ‘разбіць на кавалкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

dead2 [ded] adj.

1. мёртвы; загі́нуўшы;

a dead body мярцвя́к, труп;

a dead language мёртвая мо́ва

2. неадушаўлёны; нежывы́;

dead matter нежыва́я матэ́рыя

3. зняме́лы, здранцве́лы; зацёклы;

My foot has gone dead. У мяне знямела нага.

4. по́ўны, абсалю́тны;

be a dead loss быць стра́тным; быць няўда́лым;

come to a dead stop спыні́цца як скамяне́лы;

dead certainty по́ўная ўпэ́ўненасць;

in a dead faint у глыбо́кай непрыто́мнасці;

in dead earnest зусі́м сур’ёзна;

He is the dead spit of his father. infml Ён выліты бацька.

5. вы́карыстаны;

a dead match вы́карыстаная запа́лка

6. : go dead;

Тhe radio went dead. Радыё змоўкла.

dead men tell no tales мёртвыя маўча́ць;

more dead than alive ні жывы́ ні мёртвы/ледзь жывы́;

over my dead body infml то́лькі праз мой труп

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

мёртвы, ‑ая, ‑ае.

1. Той, які памёр; нежывы. Па дарогах валяліся разбітыя машыны, мёртвыя і параненыя фашысты. Якімовіч. Пасярод сцежкі ляжаў мёртвы алень, а над ім стаяла вялікая рысь. В. Вольскі. // у знач. наз. мёртвы, ‑ага, м.; мёртвая, ‑ай, ж. Мярцвяк, нябожчык. Засмужац нахіліўся да мёртвага, скрыжаваў яго рукі на грудзях. Мележ. // Засохлы, завялы (пра расліны). Мёртвыя лісты.

2. Такі, як у памёршага; нерухомы, бледны. Мёртвы твар. □ Каменныя львы з гладкай плошчы тэрасы паглядалі .. мёртвымі задуменнымі вачыма. Бядуля. Зачэпа слухаў усіх, усміхаўся сваёй мёртвай усмешкай. Асіпенка. // перан. Бледны, бляклы; не яркі. Пас мёртвага святла ляжыць на канапе, на стале, ручніком спадае на падлогу. Мележ.

3. На якім няма нічога жывога; бясплодны, пустынны. Мёртвая пустыня. □ Калі ж варожыя палкі Прыйшлі таптаць маю радзіму, Іх ахінуў ты ў саван дыму І кінуў мёртвыя пяскі На іх бясслаўныя магілы. Танк. // На якім спыніўся, замёр рух; апусцелы. Шаша была мёртвай. Асіпенка. Мёртвай стала .. [Сымонава] хата, і ён хадзіў па ёй адзін, як прывід. Чарнышэвіч. // перан. Які не выкарыстоўваецца, якога нельга выкарыстаць. Мёртвыя груды металу. □ Абкураныя, мёртвыя калоды вулляў стаялі, як магільныя помнікі, у спаленым садзе. Самуйлёнак.

4. перан. Пазбаўлены жыццёвасці; неактуальны. Мёртвая кніжнасць. Мёртвыя вобразы.

5. Пазбаўлены гукаў, нямы. Ды гэты лес, хоць ён і немы, Але скрозь ціш халоднай дрэмы, Скрозь гэты мёртвы сон зімовы Вядзе з Міхалам казкі-мовы. Колас. Ціхая і мёртвая асенняя ноч. Бядуля. // Поўны, абсалютны (пра цішыню, спакой, маўчанне). У пакоі была мёртвая цішыня. Лынькоў.

•••

Мёртвая гадзіна гл. гадзіна.

Мёртвая зона (спец.) гл. зона.

Мёртвая мова гл. мова.

Мёртвая прастора гл. прастора.

Мёртвая прырода гл. прырода.

Мёртвая пятля гл. пятля.

Мёртвы вузел гл. вузел.

Мёртвы інвентар гл. інвентар.

Мёртвы пункт (спец.) гл. пункт.

Мёртвы сезон гл. сезон.

Мёртвы штыль гл. штыль.

Мёртвы якар гл. якар.

Ляжаць мёртвым грузам гл. ляжаць.

Мёртвая вада гл. вада.

Мёртвая хватка гл. хватка.

Мёртвы капітал гл. капітал.

Мёртвыя душы гл. душа.

Ні жывы ні мёртвы гл. жывы.

Піць мёртвую гл. піць.

Спаць мёртвым сном гл. спаць.

Як мёртваму прыпарка (паможа) гл. прыпарка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́ла, ‑а, н.

1. Матэрыя, рэчыва, што так ці інакш абмежавана ў прасторы; асобны прадмет у прасторы. Газападобнае цела. □ Метэарыты — цвёрдыя целы касмічнага паходжання. «Маладосць». // Спец. Частка прасторы, абмежаваная з усіх бакоў: тое, што мае даўжыню, шырыню і глыбіню. Прызма, шар — геаметрычныя целы.

2. Арганізм чалавека або жывёлы ў яго знешніх, фізічных формах і праяўленнях. Часткі цела. □ Маладое цела жывучае. Даніленка. Мокры да касцей Сымон.. скалануўся, агорнуты халодным паветрам. Яму хацелася пазяхнуць, цела білі дрыжыкі. Чарнышэвіч. [Пракоп] выцягнуўся на ўсю даўжыню свайго стомленага і абцяжэлага пасля ёмкага абеду цела. Колас. // Труп, мярцвяк. Нікіцін ніяк не мог сабе дараваць, што не дастаў цела начдзіва і не паспеў падабраць партбілет. Гурскі. // Ужываецца для абазначэння матэрыяльнага пачатку ў чалавека ў процілегласць духоўнаму, псіхічнаму. Усё гэта было так прытульна, што можна было адпачыць целам і духам за ўсе папярэднія месяцы. Маўр.

3. Тулава, корпус чалавека, жывёлы, птушкі. [Лясніцкі] стаяў голы і старанна націраў цела сухім палатняным ручніком. Шамякін. Дужае і стройнае цела [аленя] на стройных нагах нібы скамянела. В. Вольскі. Яшчэ пад купінай лядок, а на купіне ўжо гняздзечка кнігаўка зрабіла, яечкі сваім целам грэе. Бялевіч. // перан. Пра ствол дрэва, расліны. Сякера глыбока ўваходзіла ў жывое цела, яблыня, як ад спалоху, уздрыгвала. Карпаў. [Салдацкая каска] глыбока ўвайшла ў цела дубка, і знізу дрэўца было нібы пераціснута. Паўлаў. / у вобразным ужыв. Якую ж чорную навалу перанесла ты, родная Беларусь! Як знявечылі тваё святое цела кіпцюры крыважэрных драпежнікаў, што наляцелі з Захаду! Хадкевіч. Гляньце! Наліваецца злектрычнай крывёю Магутнае цела Маёй краіны. Хведаровіч.

4. Спец. Асноўная масіўная частка чаго‑н. Цела самалёта. □ Цяжка пульсуе магутнае цела паравога катла. Шынклер.

•••

Абсалютна чорнае цела — цела, якое поўнасцю паглынае праменне, што падае на яго.

Іншароднае цела — а) прадмет, які трапіў звонку ў арганізм; б) аб кім‑, чым‑н. чужым, пабочным, што застаецца адасобленым. У іншым выпадку ўсё можа скончыцца антымастацкай практыкай, і лепшыя ўзоры духоўных здабыткаў іншых народаў, перанесеныя на родную глебу, застануцца чужародным целам, штучна перасаджаным у неўласцівае яму асяроддзе. Майхровіч.

Нябеснае цела — планета, зорка, камета.

(Быць) у целе — быць поўным, укормленым, сытым.

Грошы цела не пякуць — грошы нікому не шкодзяць, ніколі не бываюць лішнімі. — А каму грошы цела пяклі? Каму яны лішнія былі? — Дзед насупіўся. Масарэнка.

Грэшнае цела — арганізм чалавека з усімі яго фізіялагічнымі праявамі як супрацьлегласць яго духоўнаму, псіхічнаму свету.

Душой і целам гл. душа.

Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па целе гл. мурашка.

Развітацца з целам — правесці нябожчыка ў апошнюю дарогу, пабыць на пахаванні.

Свая кашуля бліжэй да цела — сваё даражэй.

Свяціць голым целам гл. свяціць ​1.

Спасці з цела гл. спасці.

Толькі душа ў целе — ледзь жывы (пра хворага, слабага ці вельмі стомленага чалавека).

Трымаць у чорным целе гл. трымаць.

Увабрацца (увайсці) у цела — паправіцца, акрэпнуць; папаўнець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)