ПАРАЎНА́ННЕ ў філасофіі,

акт мыслення, пры дапамозе якога класіфікуецца, упарадкоўваецца і ацэньваецца змест быцця і пазнання. Заключаецца ў папарным супастаўленні аб’ектаў з мэтай выяўлення іх адносін; пры гэтым істотным з’яўляюцца ўмовы, або асновы П., — адзнакі, якія дэтэрмінуюць магчымыя адносіны паміж прадметамі. Найб. важны і просты тып адносін, якія выяўляюцца праз П. — адносіны тоеснасці і адрознення. Паводле адносін парадку П. звычайна звязвацца з іерархічнымі класіфікацыямі прадметаў, а П. па ўласцівасцях — з т.зв. разбіваннямі на класы абстракцый.

П. ў літаратуры — мастацкі прыём, пабудаваны на супастаўленні прадметаў ці з’яў, у выніку якога сутнасць аднаго з іх вытлумачваецца праз сутнасць другога; найб. пашыраны від тропа. Граматычна афармляецца з дапамогай злучнікаў і злучальных слоў («як», «нібы», «быццам», «няйначай» і інш.), творным склонам назоўніка, апісальным зваротам, інтанацыйнай (бяззлучнікавай) сувяззю. Бываюць разгорнутыя П., дзякуючы якім падрабязна характарызуецца пэўная з’ява. Асобны від П. — адмоўнае П., у якім пры знешнім проціпастаўленні двух паняццяў ці з’яў наглядаецца іх глыбокае ўнутр. супастаўленне: «Не каліна над вадою // Пахіліла голле — // Плача маці сярод поля, // Праклінае долю» (П.​Трус). Ад П. паходзяць паралелізм, метанімія, метафара, сінекдаха, гіпербала, літота і інш. Гутарковай мове ўласцівы ўстойлівыя, або нар. П.: «чысты як сляза», «чорны як сажа» і інш. У л-ры часам увесь твор — адно разгорнутае П., напр., верш М.​Багдановіча «Зразаюць галіны таполі адну за адной...». П. робіць тэкст твора па-мастацку дакладным, наглядным, жывапісным, выяўляе мастакоўскую своеасаблівасць паэта, яго стаўленне да таго, што адлюстроўваецца ў творы.

В.​П.​Рагойша (літаратура).

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гарэ́лка1 ’гарэлка’ (да гарэ́ць) (БРС). Відавочна, запазычанне з рус. горе́лка ’тс’.

Гарэ́лка2 ’гарэлка, спіртны напітак’ (БРС, Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк., Сцяц. Нар., Сл. паўн.-зах.). Рус. горе́лка, укр. горі́лка. Утварэнне па польскаму узору: польск. gorzałka (да *gorzały ’гарэлы’ < gorzeć ’гарэць’). Гл. Фасмер, 1, 440; Слаўскі, 1, 322. Падрабязна Сцяц. Нар., 72.

Гарэлка3 ’адтуліна ў бучы’ (Сл. паўн.-зах.). Магчыма, метафара да гарэ́лка1 (паводле знешняга падабенства з варонкай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Сугалаўкі́, суголоўкі́ ’канец градак на полі’ (Выг.). Укр. су́голова, су́головок ’папярочныя барозны ў канцы ўчастка’, ’палявая сцяжынка ўздоўж поля, да якой упоперак прылягаюць іншыя ўчасткі’. Бел. (палес.) — укр. ізалекса; гл. Выгонная, Бел.-укр. ізал., 17. Да су- і галава, аформленае рознымі суфіксамі; адносна семантыкі параўн. рус. наўг. головни́к ’палявая дарожка, што ідзе цаліной па мяжы’, у аснове якой, відаць, метафара ’канец (пачатак) чаго-небудзь’, ’галава’, параўн. макед. глава ’вытокі ракі’; інакш гл. ЕСУМ, 5, 466.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПОЛІСЕМІ́Я (ад полі... + грэч. sēma знак),

мнагазначнасць, наяўнасць у моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма і інш.) некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў. Адрозніваюць першасныя (асн., гал., прамыя) і другасныя (вытворныя, пераносныя) значэнні, што ўзнікаюць і развіваюцца на аснове першасных.

Канкрэтнае значэнне мнагазначнага слова вынікае з яго семантычных сувязей з інш словамі ў межах словазлучэння, сказа ці больш шырокага моўнага кантэксту («лясная дарога — жыццёвая дарога», «несці рэчы — несці страты»), Многія словы маюць да 10 і больш значэнняў (напр., значэнні слоў «зямля», «хлеб», «жыццё», «добры», «ведаць» і інш.). Нягледзячы на сэнсавыя адметнасці ва ўжыванні такіх слоў, паміж іх значэннямі існуе пэўная семантычная сувязь, што аб’ядноўвае і дазваляе лічыць іх значэннямі аднаго і таго ж слова ў адрозненне ад аналагічных па форме слоў-амонімаў. П. можа ўзнікаць на сэнсавых сувязях адпаведных слоў («сцяна будынка — сцяна лесу») і на асацыятыўных уяўленнях пра пэўныя прадметы, з’явы рэчаіснасці («цень дрэва — цень смутку»); на аснове падабенства прадметаў па форме, колеры, функцыі, размяшчэнні ў прасторы («ножка стала», «залатая восень»), пераносу адзнак, уласцівых чалавеку ці інш. істотам, на прадметы нежывой прыроды («лагодны вецер, «спіць рака»), назваў матэрыяльных з’яў на сац., маральныя («грамадская думка», «моцная дружба») і інш. (гл. Метафара); на аснове сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці («уважлівая аўдыторыя», «чытаць Купалу»; гл. Метанімія); у выніку суаднесенасці назваў цэлага прадмета з яго ч.: «У сям’і пяць ратоў» (К.​Чорны) і інш. (гл. Сінекдаха). У працэсе гіст. ўжывання некат. слоў другасныя значэнні, што ўзніклі і развіваліся на базе першасных, пачынаюць выступаць у ролі асноўных (параўн., напр., семантычнае выкарыстанне слоў «багатыр», «будзень» і інш. у сучаснай бел. мове).

Літ.:

Красней В.П. Лексіка і фразеалогія беларускай мовы. Мн., 1982;

Абабурка М.В. Беларускае слова і яго вывучэнне. Мн., 1986;

Старычонак В.​Дз. Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў). М., 1997.

А.​І.​Наркевіч.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Багамо́л1, багамаленне, багамолле. Рус. богомо́л, богомо́лье, укр. богоміл і г. д. Відавочна, агульная калька кніжна-царкоўнага паходжання адносна новага часу (гэтых слоў няма ў Садніка–Айцэтмюлера, Handwört.; Старасл. сл.; у Бярынды). Багамолле ’яўрэйскае малітоўнае ўбранне’ (насмешл. ’адзенне’ (Шат.) — гэта метафара. Параўн. укр. дыял. багаме́л ’кій’ (мабыць, ад богомол, гл. Манжура).

Багамо́л2 ’насякомае’. Рус. богомо́л, богомо́лка ’тс’. Да багамо́л1 па знешняму падабенству. Параўн. у Даля: «насекомое Mantis, сидящее недвижимо в чинном положении и внезапно выкидывающее необыкновенной длины клешни, для поимки добычи». Параўн. ням. Gottesanbeterin ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гі́рка (гы́рка) ’ніжняя шырокая частка збанка’ (Шатал.), ґі́рка ’збанок з адбітым горлам’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. укр. ги́рявий ’нізка астрыжаны’, ’сапсаваны, дрэнны’ (Грынч.), ги́рявий го́рщик ’збанок з адбітай верхняй часткай’. Паходжанне ўсх.-слав. *гыря няяснае (гл. Фасмер, і, 408; Рудніцкі, 619; там агляд розных версій). Прынамсі, адносна значэнняў ’нізка астрыжаны і да т. п.’ і ’збанок з адбітай верхняй часткай’ можна меркаваць, семантыка ’збанок з адбітай верхняй часткай’ (→ ’ніжняя шырокая частка збанка’) выводзіцца з ’нізка астрыжаны’. Тут нейкая метафара, назва па падобнасці. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 7, 222.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перыя, ст.-бел. перыя, перея ’бок вуліцы’ (1597 г.). Са ст.-польск. pierzeja, pierzaja ’паласа, шэраг дамоў уздоўж вуліцы’, параўн. таксама чэш. perej ’хуткая плынь’, ’парогі ў рацэ’, апошняе ўзводзяць да *per‑ ’ляцець’ (метафара!) — аб вадзе, якая “прэцца” паміж скаламі (Махэк₂, 445). Польскае pierzeja Банькоўскі (2, 562) выводзіць ад *pero, гл. пяро, паколькі першапачатковае значэнне — ’адзін з бакоў (“сцяжкоў”) пяра’, перанесенае пасля на палавінкі дзвярэй, варот, бакоў забудаванай вуліцы і г. д.: не мае нічога супольнага, па яго думку, з літ. pėreja ’праход’ (там жа) і, відаць, з названым чэшскім словам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туля́г ‘вялікае воблака, хмара’ (І. Пташнікаў), туля́х ‘светлае воблака ў пагодлівы дзень’ (віл., ЛА, 5), туля́г, тулягі́ ‘воблакі’ (віл., ЛА, 2). Да туля́цца (гл.), метафара на базе туляга ‘вандроўнік, валацуга’, параўн. іншыя метафарычныя назвы хмар і аблокаў: дзед (мін., ЛА, 2), буго́р (гом., ЛА, 2); апошняе Непакупны (Мовознавство, 1998, 2–3, 62–77) параўноўвае з літ. gùburas ‘бугор’, ‘хмара’ і адпаведнымі з’явамі ў іншых мовах, што дазваляе трактаваць іх як семантычную індаеўрапейскую ўніверсалію. Форма м. р. туляг, магчыма, пад уплывам во́блак м. р. (Некр. і Байк. і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́хур1 ’распуснік, любоўнік’ (Нас., Мядзв., Яруш., Гарэц.), ’яўрэйскі хлопчык’ (Гарэц.), баху́р ’любоўнік’ (Федар., Др.-Падб.), ’байструк, пазашлюбнае дзіця’ (Жд., Сцяшк. МГ, Др.-Падб.), ’яўрэйскі хлопчык’ (Др.-Падб., Бесар.), баху́р (пра малых дзяцей; Сцяц.). Рус. ба́хур ’любоўнік, франт, малады яўрэй; таўсцяк’, укр. ба́хур, ба́хурь ’распуснік, лавелас; байструк; яўрэйскае дзіця; дзіця, хлопчык’, польск. bachur, bachor. Запазычанне з ст.-яўр. bāchūr (яўр.-ням. Bacher) ’малады чалавек; настаўнік’. Гл. Вінер, ЖСт, 1895, 1, 59; Брукнер, 10; Фасмер, 1, 137. Запазычанне праз польск. мову (параўн. ст.-бел. бохур ’франт, малады яўрэй’, XVI ст.; Булыка, Запазыч.).

Ба́хур2 ’пакладзены кабан’ (Нас.). Відавочна, метафара да ба́хур1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тараба́н1 ’кош, сплецены з дранкі’ (Сл. Брэс.). Магчыма, ад тарабаніць2, гл.

Тараба́н2 ’барабан’ (Байк. і Некр.). Укр. тараба́н ’барабан; бразготка на шыю скаціне, што пасецца без дагляду’, рус. дыял. тараба́н ’барабан’, польск. taraban ’вялікі турэцкі барабан’. З тат. дараба́н ’барабан’ шляхам аглушэння пачатковага зычнага ў выніку дыстантнай асіміляцыі ўтворана бараба́н (Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 517). Сюды ж тараба́н ’балбатун’ (Сцяшк. Сл.) як метафара або адваротны дэрыват ад тарабаніць1, гл.

Тараба́н3 ’музычны інструмент з 24 струнамі, які вісеў на грудзях; музыка надзяваў на пальцы адмысловыя кіпці і перабіраў струны’ (Варл.). Гл. тарбан.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)