РАМАНО́ВІ́Ч (Яўген Сцяпанавіч) (21.1.1905, Мінск — 25.2.1979),
бел. драматург, празаік, тэатр. дзеяч. Засл. арт. Беларусі (1944). Вучыўся ў БДУ (1922—24). У 1922—48 акцёр, рэжысёр, заг.літ. часткі Бел.т-ра імя Я.Купалы, у 1949—63 працаваў у Мін-ве культуры Беларусі. Друкаваўся з 1923. Аўтар п’ес «Кантракт, альбо Усё добра будзе» («Усё добра будзе», паст. 1924), «Вір» (паст. 1926), «Крывая аблона», «Мост» (абедзве паст. 1929), «Камяні на дарозе» (паст. 1931), «Палешукі», «Таварыш Андрэй» (абедзве паст. 1944; усе ў т-ры імя Я.Купалы). Творы вызначаюцца напружанасцю дзеяння, драматызмам. Аўтар оперных і балетных лібрэта «У пушчах Палесся» (паводле аповесці Я.Коласа «Дрыгва», паст. 1939), «Алеся» (з П.Броўкам, паст. 1944), «Дзяўчына з Палесся» (паст. 1953), «Падстаўная нявеста» (паст. 1958), «Мара» (паст. 1961; усе ў Бел. т-ры оперы і балета). Даследаваў гісторыю бел.т-ра: кн. «Першы тэатр» (1946), «Народны артыст СССР Б.В.Платонаў» (1954), «Рэкі цякуць з ручаёў» (1969), «Людзі і маскі» (1977). Выдаў зб-кіапавяд. і аповесцей «Галіна Званцова» (1958), «Знаёмыя сілуэты» (успаміны пра бел. пісьменнікаў, 1974). Перакладаў на бел. мову п’есы Л.Талстога, А.Астроўскага, А.Чэхава, М.Горкага і інш.
Тв.:
Па пройдзеных сцежках // Вытокі песні. Мн., 1973.
Літ.:
Уладамірская Г. Мастацтва — яго стыхія, тэатр — ягоны дом // Полымя. 1975. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНА́РНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць метадаў вырабу паўправадніковых прылад і інтэгральных схем шляхам фарміравання іх структур з аднаго боку монакрышт. паўправадніковай падложкі. Грунтуецца на стварэнні ў прыпаверхневым слоі падложкі абласцей з розным тыпам праводнасці або з рознай канцэнтрацыяй дамешкаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць структуру паўправадніковай прылады ці інтэгральнай схемы. Забяспечвае выраб у адзіным тэхнал. працэсе вял. колькасці ідэнтычных прылад з высокай узнаўляльнасцю параметраў, высокую прадукцыйнасць і інш.; займае вядучае месца ў тэхналогіі вырабаў мікраэлектронікі.
Асн. аперацыі: нанясенне тонкай дыэлектрычнай плёнкі (звычайна аксіду крэмнію SiO2) на паверхню крышт. паўправадніка (крэмнію, германію, арсеніду галію); выдаленне пры дапамозе фоталітаграфіі ці электроналітаграфіі пэўных абласцей гэтай плёнкі (стварэнне тэхнал.маскі); лакальнае ўвядзенне ў крышталь праз атрыманую маску донарных ці акцэптарных дамешкаў (легіраванне). Усе вобласці выходзяць на адзін (рабочы) бок падложкі, што дае магчымасць праз вокны ў SiO2 рабіць іх камутацыю ў адпаведнасці з зададзенай схемай пры дапамозе плёначных метал. праваднікоў. Адрозніваюць планарна-эпітаксіяльную тэхналогію (уключае аперацыю эпітаксіяльнага арыентаванага нарошчвання на паверхню монакрышт. падложкі тонкага слоя крэмнію) і яе ўдасканаленую разнавіднасць — ізапланарную тэхналогію (з павялічанай якасцю ізаляцыі абласцей).
На Беларусі распрацоўкамі ў галіне П.т. і выкарыстаннем яе ў вытв-сці займаюцца ў НВА«Інтэграл».
Літ.:
Технология СБИС: Пер. с англ. К.Н. 1—2. М., 1986;
Сугано Т., Икома Т., Такэиси Ё. Введение в микроэлектронику: Пер. с яп.М., 1988;
Taur У. The incredible shrinking transistor // IEEE Spectrum. 1999. July.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Т ПАХАВА́ЛЬНЫ,
жывапісная або скульптурная выява нябожчыка. Функцыя П.п. — дакладная перадача фізічнага аблічча памерлага для ўшанавання яго памяці або (паводле шэрагу рэліг. дактрын) забеспячэння вечнага жыцця яго душы. П.п. магла быць прыжыццёвая выява памерлага, адлюстраванне, выкананае з пасмяротнай маскі, часта з геральдычнымі знакамі і надпісамі. Нярэдка быў часткай скульпт.надмагілля.
Вядомы са старажытнасці ў многіх народаў свету (напр., фаюмскі партрэт у Егіпце). Вылучаюць трунны, эпітафійны партрэты і жалобную харугву (канклюзію). Трунны партрэт часцей малявалі алейнымі фарбамі на метал. блясе 6—8-граннай або акруглай формы. Прызначаўся ён для размяшчэння на тарцовай частцы труны ў час пахавальнай цырымоніі, пазней яго звычайна змяшчалі на сцяне крыпты або храма; уваходзіў ў склад сінт.маст. вырашэння яго інтэр’ера. Эпітафійны партрэт не мацаваўся на труну і таму часцей меў авальную форму, уваходзіў у склад прысценнага скульпт. надмагілля ў храме разам са скульпт. алегарычнымі постацямі і надмагільным надпісам у рамцы. Для адной цырымоніі маглі быць выкарыстаны і трунны і эпітафійны партрэты. Своеасаблівы від П.п. — канклюзія — жалобная харугва з маляваным або шытым партрэтам, упрыгожаная метал. ніткамі, галунамі, карункамі, звычайна з надпісам біягр. або панегірычнага характару і выявай герба.
На Беларусі былі пашыраны ў 15—18 ст., найб. раннія формы трапляюцца ў тканых пахавальных пакрывалах і харугвах. Сярод найб. значных П.п. партрэты А.Завішы (1676), А.Пацея (18 ст.), эпітафія Б.Біспінгу работы І.Прукнера ў Троіцкім касцёле ў Ружанах (1789), надмагілле М.Радзівіла ў касцёле ў Дзятлаве (18 ст.) і інш.
Літ.:
Хадыка А.Ю., Хадыка Ю.В. Непаўторныя рысы: З гісторыі бел. партрэта. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.
Створаны ў 1980 у Гродне з выпускнікоў аддзялення т-ра лялек Ленінградскага ін-та т-ра, музыкі і кінематаграфіі і Гродзенскага культасветвучылішча. Адкрыўся 25.5.1981 спектаклем «Людвіг і Тута» В.Богача і С.Хрыстоўскага. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Тутэйшыя» Я.Купалы, «Як здароўе...» паводле п’есы У.Галубка «Пісаравы імяніны», «Цудоўная дудка» В.Вольскага, «Чортаў скарб» У.Караткевіча, «Пра Івана-ганчара і пачвару цара» А.Грачанікава, «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч, «Прывітанне Малпе» і «Кацяня па мянушцы Гаў» Р.Остэра, «Калі рамонак расцвітае» Р.Маскова, «Доктар Айбаліт» В.Карастылёва, «Церамок» С.Маршака, «Дзівоснае кураня» В.Корнева, «Прынцэса і паж» М.Войтышка, «Лекар паняволі» Мальера і інш. Спектаклі ідуць на бел., рус., польск. і франц. мовах.
Гал. рэжысёры С.Юркевіч (1981—88), М.Андрэеў (з 1988), гал. мастакі Л.Быкаў (1981—88), Ю.Давыдзюк (1988—91), А.Сураў (з 1995).
Будынак т-ра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. І.Г.Мёзер і Дж.Сака). Прызначаўся для т-ра А.Тызенгаўза; зроблены як працяг яго палаца, злучаўся з ім крытым пераходам. Зала т-ра, сфарміраваная па «італьянскай крывой», уяўляла сабой паўкруглае памяшканне з амфітэатрам і яруснымі галерэямі па перыметры. У 1859 будынак рэканструяваны, яго аб’ём павялічаны. У 1940 надбудаваны 3-і паверх. У 1975 расшыраны сцэн. каробка і глядзельная зала.
Да арт.Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Калі рамонак расцвітае» Р.Маскова.Да арт.Гродзенскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Балада пра белую вішню» С.Клімковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́СА (ад франц. piéce кавалак, частка),
1) у музыцы — невялікі закончаны пераважна інстр. твор для сольнага, ансамблевага або аркестравага выканання. Вылучаецца разнастайнасцю зместу і формы. У муз. практыцы абазначае сінонім паняцця «твор» або прыналежнасць да сферы камернай музыкі, што выяўляе ўзаемасувязь паняцця «П.» з рознымі муз. жанрамі, прадстаўленымі самаст. творамі — мініяцюрамі.
У бел. музыцы сярод. П.: прэлюдыі (М.Аладава, П.Падкавырава, Р.Суруса і інш.), імправізацыі (для віяланчэлі сола Г.Гарэлавай, імправізацыя і танец для скрыпкі з фп. Э.Тырманд), рапсодыі для 2 цымбалаў і нар.арк. Дз.Смольскага, фантазіі (на 2 бел.нар. песні для нар. аркестра Я.Глебава), экспромты, муз. моманты (для ансамбля скрыпачоў і фп. А.Мдывані), скерца (для цымбалаў з фп. І.Лучанка), вальсы, маршы і інш. Часам інстр. П. ўзнікаюць як сінтэз муз. жанраў з літаратурнымі (балада, незакончаная казка для скрыпкі з фп. А.Багатырова; казка, П. для фп. С.Картэса; эпіталама, канцэртная П. для ансамбля скрыпачоў і фп. К.Цесакова; навелета, П. для скрыпкі і фп. У.Солтана; паэма для фп. Ф.Пыталева), тэатр.-драматычнымі (2 драм. маналогі для габоя сола Смольскага, Маскі для скрыпкі з фп. Г.Вагнера), жывапіснымі (Акварэлі для віяланчэлі з фп. Цесакова, фрэскавыя ўзоры для цымбалаў сола Л.Шлег). Інстр. П. ўзнікаюць таксама на аснове вак. жанраў (напр., раманс, калыханка для віяланчэлі з фп. Аладава; арыета для валторны з фп. Багатырова).
2) У літаратуры — усе творы драматычнага роду, сінонім паняцця драма. Тэрмін «П.», які напачатку абазначаў невял. муз. твор, у 19 ст. выкарыстоўваўся і ў дачыненні да лірычных вершаў. У 20 ст. П. сталі называць драмы; часта гэта слова замяняе іх жанравае абазначэнне аўтарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ма́ска, ‑і, ДМ масцы; Рмн. масак; ж.
1. Накладка на твар, падобная на звярыную морду або чалавечы твар. Тэатральнай маска. Маска зайца.// Накладка на верхнюю частку твару з прарэзамі для вачэй, якую надзяваюць для таго, каб не быць пазнаным. Карнавальная маска.// Чалавек у маскарадным касцюме і такой накладцы. Душа твая — малюнак артыстычны: Пад лютняў звон прыгожых масак рой Танцуе там, адзеўшыся нязвычна, У надзеі скрыць праз гэта смутак свой.Багдановіч.
2.перан. Прытворства, якое скрывае сутнасць каго‑, чаго‑н. Мужчыны стараліся стрымаць свае пачуцці і роблена прыкрываліся маскай абыякавасці і лёгкай іроніі.Васілевіч.Сваё замяшанне [Зелянюк] досыць удала хаваў пад маскай вясёлага бадзёрага ажыўлення.Зарэцкі.
3. Адліўка з гіпсу, знятая з твару нябожчыка. // Скульптура твару чалавека або галавы жывёлы. Пад выпуклым барэльефам белай мармуровай маскі — старадаўняга акцёрскага сімвала — было высечана: Антон Максімавіч Саковіч.Рамановіч.
4.Спец. Засцерагальнае прыстасаванне, якое надзяваюць на твар. Супрацьгазавая маска. Маска для падводнага плавання.// Накладка спецыяльнага прызначэння на твар. Перад .. [Надзяй] стаяў урач у дзіўнай масцы і незвычайным фартуху.Карпюк.
5. У касметыцы — слой накладзенага на твар лекавага саставу, крэму і пад.
•••
Зняць (скінуць) маскугл. зняць.
Надзяваць (насіць) маскугл. надзяваць.
Сарваць маскугл. сарваць.
[Фр. masque ад араб. mashara — насмешка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПАНТАМІ́МА (ад грэч. pantomimos які усё пераймае, імітуе),
від сцэн. мастацтва, у якім маст. вобраз раскрываецца праз пластыку чалавечага цела, жэст, міміку. Можа мець форму эстраднай мініяцюры, якая выконваецца адным акцёрам (часам выконвае некалькі роляў і разыгрывае цэлую п’есу), т.зв. мастацтва «міма», і шматактавага спектакля з разгорнутым драм. сюжэтам, вял. колькасцю ўдзельнікаў, музыкай, дэкарацыямі і інш. Як закончаны эпізод П. сустракаецца ў драме, оперы, часцей у балеце і цырку. Сродкамі пластычнай выразнасці акцёр П. можа адлюстроўваць элементы жывой і нежывой прыроды.
П. бярэ пачатак у стараж. гульнях і абрадах многіх народаў свету. У адзін з асн. відаў тэатр. паказу вылучылася ў стараж. Кітаі, Індыі, Японіі, Грэцыі, Рыме і інш. Традыцыі П. выкарыстоўвалі гістрыёны, жанглёры, мімы, скамарохі і інш. Пашырылася ў 16—18 ст. у італьян.камедыі дэль артэ. Найб. вядомыя майстры П. 19 ст. — Дж.Грымальдзі (Вялікабрытанія) і стваральнік маскі П’еро Ж.Б.Г.Дэбюро (Францыя). У канцы 19 ст. развівалася пераважна на сцэнах мюзік-холаў (Л.Руф, Францыя; Д.Лейна і Л.Тыч, Вялікабрытанія). У пач. 20 ст. значнае месца П. адводзілі ў сваёй творчасці акцёры і рэжысёры Г.Фукс, М.Райнгарт, Э.Жак-Далькроз, М.Вігман і інш. У Расіі П. ўваходзіла ў склад нар. гульняў, абрадаў, займала значнае месца ў балаганных тэатрах і цырках. У пач. 20 ст. ўзнікла форма драм. П., якую распрацоўвалі рэжысёры К.Марджанішвілі, М.Еўраінаў, У.Меерхольд, А.Таіраў і інш.Вял. ролю ў развіцці сучаснага мастацтва П. адыграла творчасць Ж.Баро і М.Марсо (Францыя), Л.Фіялкі (Чэхаславакія), Г.Тамашэўскага (Польшча), А.Румнева, В.Палуніна (Расія) і інш.
На Беларусі элементы П. вядомы са старажытнасці ў нар. гульнях (масленічных і інш.) і абрадах (сватанне, вяселле і інш.), выкарыстоўваліся скамарохамі. Сюжэтныя спектаклі-П. на бел. сцэне ставілі розныя сав. цыркавыя калектывы: «Бахчысарайская легенда» (1963), «Партызанская балада» (1967), «Кастрычніцкая паэма» (1977), «Маладосць мая, Беларусь» (1978), «Беларускія ўзоры» (1982) і інш. Нумары П. ставяць нар. цыркавыя калектывы Беларусі. Сцэны П. і яе элементы выкарыстоўваюцца ў пастаноўках Бел.рэсп.т-ра юнага гледача, Нац.акад.т-ра імя Я.Купалы, Нац.рус.акад.т-ра імя М.Горкага і інш. Мастацтва драм. П. развіваецца з 1970-х г. Працуюць т-ры П.: мінскія нар.т-р П. «Рух» (з 1971), нар. ансамбль П. (з 1976), «Рух» пад кіраўніцтвам У.Колесава (з 1980), тэатр-студыя П. «Жэст» пад кіраўніцтвам В.Іназемцава (1986), Незалежны т-р П. пад кіраўніцтвам І.Глушакова (1991) і інш.
Літ.:
Румнев А. О пантомиме. М., 1964;
Рутберг И.Г. Пантомима: Опыты в мимодраме. М., 1977;
Маркова Е.В. Современная зарубежная пантомима: La mime. M., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРФАГЕ́Н (ад фінікійскага Картадашт — літар. новы горад),
старажытны горад-дзяржава ў Паўн. Афрыцы, у 7—2 ст. да н.э. найбуйнейшая дзяржава. Засн. выхадцамі з фінікійскага г. Тыр у 825—814 да н.э. на ПнУ сучаснай дзяржавы Туніс. Быў цэнтрам пасрэдніцкага гандлю паміж Усх. і Зах. Міжземнамор’ем. Развіццё гандлю спрыяла заснаванню К. калоній уздоўж узбярэжжа і на а-вах Зах. Міжземнамор’я. Паступова пашырыў свае зямельныя ўладанні ў бас.р. Баград, дзе ўзніклі латыфундыі з працай рабоў і мясц. насельніцтва.
Меў алігархічную форму праўлення: уладу ўзначальвалі асобныя групы гандл.-рамеснай арыстакратыі; заканад. ўлада належала савету 10 (з сярэдзіны 5 ст. да н.э. савет 30) і савету старэйшын (з сярэдзіны 5 ст. да н.э. колькасць чл. павялічана з 100 да 300). На чале выканаўчай улады былі 2 суфеты (перавыбіраліся штогод). У К. развіваліся сельская гаспадарка і рамёствы; у прыватных майстэрнях разам з рабамі працавалі і свабодныя грамадзяне, у дзяржаўных — дзярж. рабы. Фінікійскія калоніі, якія ўваходзілі ў склад К. (Утыка, Лептыс-Магна, Лептыс-Мінор. Гіпон і інш.), мелі блізкую да яго сац. і паліт. структуру, карысталіся аўтаноміяй, плацілі К. падатак (гандл. пошліну). У саюзе з этрускамі К. разграміў грэкаў у бітве пры Алаліі (534 да н.э.), знішчыў Тартэс, замацаваў сваё панаванне ў Зах. Міжземнамор’і. Паражэнне ў бітве каля Гімеры (каля 480 да н.э.) спыніла экспансію К. ў Грэцыю. У сярэдзіне 5 ст. да н.э. дзяржава, створаная К., уключала Паўн. Афрыку. Зах. Сіцылію, Паўд. Іспанію, Сардзінію. Каля трох стагоддзяў К. намагаўся захапіць грэч. калоніі на п-ве Сіцылія. Імкненне К. да гегемоніі прывяло да Пунічных войнаў 264—146 да н.э. з Рымам. У выніку 3-й Пунічнай вайны 149—146 К. захоплены і разбураны рымлянамі. У 1 ст. да н.э. адноўлены, у перыяд Рым. імперыі адзін з буйных гарадоў Міжземнамор’я, у 5—7 ст.н.э. пад уладай вандалаў, Візантыі. У 698 разбураны арабамі.
Мастацтва К., фінікійскае па паходжанні, зазнала ўплывы Стараж. Егіпта і Грэцыі (антрапаморфныя саркафагі 4—3 ст. да н.э., маўзалей Атэбана ў г. Дуга, 200 да н.э., дойлід Абарыш) і мела змешаны характар (кантакты з мастацтвам этрускаў, ібераў, лівійцаў). К. складаўся з Верхняга горада (цытадэль Бірса з храмам бога Эшмуна), Ніжняга горада і сельскага прадмесця Мегара; быў абкружаны ровам і 2 магутнымі мурамі з вежамі. У 7—2 ст. да н.э. знойдзены ювелірныя і бронз. вырабы, гліняныя свяцільні, пасудзіны, статуэткі, рытуальныя і партрэтныя маскі. Захаваліся вапняковыя, радзей мармуровыя прымітыўныя стэлы, прысвечаныя фінікійскім багам Таніт і Ваалу-Амону. Мастацтва рым. перыяду (2—3 ст.) вызначаецца імкненнем да раскошы і грандыёзнасці. Была створана прамавугольная сетка вуліц, на ўзгорку Бірса пабудаваны капітолій, замест храма Эшмуна — храм Эскулапа, у горадзе — тэатр, адэон, амфітэатр, тэрмы з мазаікамі, мармуровымі абліцоўкамі і статуямі. У жыллёвым буд-ве пераважаў эліністычна-рым. перыстыльны тып дома, прыстасаваны да афр. клімату, з басейнамі, невял. свяцілішчамі. Інтэр’еры аздабляліся фрэскамі і мазаікамі. Была пашырана пераважна дэкар. і надмагільная скульптура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМО́Е КІНО́,
умоўная назва кінематографа ад яго ўзнікнення (1895) да 1930-х г., які характарызаваўся спецыфічнай сістэмай выразных сродкаў, найб. адметным з якіх была адсутнасць гуку — «немата». Гэта кампенсавалася цітрамі, ігрой тапёраў, павышанымі мімікай і жэстыкуляцыяй акцёраў, падкрэсленым грымам. Узнаўленне выявы з хуткасцю 16 кадраў за секунду (цяпер 24) рабіла дзеянне больш рухомым. Чорна-белы колер часам спалучаўся з афарбоўкай, вірыраваннем стужкі. У 1930-я г. паступова саступіла месца гукавому кіно.
Гісторыя Н.к. пачалася ў 1890-я г. з тэхн. атракцыёна і была цесна звязана з развіццём кінатэхнікі: вынаходніцтвам «жывых карцінак» (Т.Эдысан), «кінематографа» (браты Люм’ер), «вайтаскопа» (Т.Армат і Эдысан) і «баёграфа» (Э.Лост і У.Дзіксан). У пач. 20 ст. пачалося наследаванне традыц. відам мастацтва — тэатру і літаратуры. У канцы 1910-х г. становіцца самаст. мастацтвам са сваёй сістэмай выразных сродкаў (гл.Кінамастацтва). Спецыфіка кінамовы (экранны рух, сістэма планаў, ракурсаў, кампазіцый, асвятлення, мантаж як аўтарская канцэпцыя фільма) былі тэарэтычна вызначаны як «фотагенія» (Л.Дэлюк), «рэабілітацыя фізічнай рэальнасці» (З.Кракаўэр), «фатаграфічная дакументальнасць» (А.Базен), «Мантаж атракцыёнаў» (С.Эйзенштэйн). Паэтыку Н.к. развіваў яго эксперым. авангард, кіно сімвалаў і метафар. Ням. экспрэсіянізм стварыў экранны свет дэфармаванай прасторы, фантасмагорыі, адчування пагрозы («Кабінет доктара Калігары», рэж. Р.Віне, 1919; «Нібелунгі», 1924, «Метраполіс», 1926, абодва рэж. Ф.Ланг). Франц. імпрэсіянізм матэрыялізаваў у вобразах падсвядомасць, летуценні, патаемныя жаданні («Антракт», рэж Р.Клер, «Механічны балет», рэж. Ф.Лежэ, абодва 1924; «Андалузсхі сабака», 1928, «Залаты век», 1930, абодва рэж. Л.Буньюэль). У эпоху Н.к. пачалі фарміравацца віды і жанры кіно (гл.Дакументальнае кіно, Мастацкае кіно). Усталявалася сістэма кіназорак пэўнага амплуа: «Папялушка» — М.Пікфард, Л.Гіш у ЗША, «ахвяра року» — В.Халодная ў Расіі, Г.Гарба ў ЗША, «вамп» — А.Нільсен у Даніі, «рамантычныя палюбоўнікі» — Р.Валентына, Г.Лойд, Д.Фэрбенкс у ЗША, І.Мазжухін, А.Ктораў у Расіі, комікі — Б.Кітан у ЗША, М.Ліндэр у Францыі і інш.Маст. мову Н.к., яго міміку і пантаміму геніяльна выкарыстаў Ч.Чаплін для стварэння вобраза-маскі чалавечнага і вынаходлівага бадзягі («Малыш», 1921; «Залатая ліхаманка». 1925; «Цырк», 1928; «Агні вялікага горада», 1931). Нац. кінематографы ўвасобілі на экранах гісторыю народаў у розных жанравых формах: гісторыка-манумент. «баевікі» Дж.Пастроне ў Італіі («Падзенне Троі», 1910; «Кабірыя», 1914), кінапрытча пра гісторыю чалавецтва Д.Грыфіта ў ЗША («Нецярпімасць», 1916), кінатрагедыя пра сярэднявечча К.Т.Дрэера ў Францыі («Страсці Жанны д’Арк», 1927) і інш. У Расіі развівалася гіст.-рэв. кіно ў паэт.-метафарычным кірунку кінаэпапеі Эйзенштэйна з «героем-масай» і «тыпажамі» замест акцёраў («Стачка», 1925; «Браняносец Пацёмкін», 1925), кінадрамы У.Пудоўкіна («Маці», 1926), лірыка-эпічныя кінапаэмы А.Даўжэнкі («Звянігара», 1928; «Зямля», 1930).
На Беларусі Н.к. развівалася з 2-й пал. 1920-х г. З 1925 у «Белдзяржкіно» кінааператар М.Лявонцьеў здымаў святы, урачыстасці, жыццё вёскі і горада. Першы бел.маст. фільм «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.Тарыч) спалучае авантурна-прыгодніцкі жанр з рысамі дакументалізму (здымкі на месцы рэальных гіст. падзей сялян, удзельнікаў вызвалення Беларусі ад польскай акупацыі). Авантурна-прыгодніцкі жанр дамінаваў у бел. фільмах на гіст. тэмы: «Кастусь Каліноўскі» (1927, рэж. У.Гардзін), «Хвоі гамоняць» (1929, рэж. Л.Малчанаў) і інш. Фільм У.Корш-Сабліна «У агні народжаная» (1929) спалучае фальклорную афарбоўку з традыцыямі агітплаката. У канцы 1920 — пач. 1930-х г.бел. Н.к. актыўна звяргалася да тагачаснай тэматыкі: фільмы «Чатырыста мільёнаў» (рэж. Гардзін), «Да заўтра» (абодва 1929), «Нянавісць» (1930, рэж. абодвух Тарыч), «Шчасце» (рэж. А.Файкцымер), «Жанчына» (рэж. Я.Дзіган, абодва 1932) і інш. Па стылістыцы яны блізкія да агітпрапфільмаў. У 1930-я г.бел. Н.к. звяргалася да эстэтыкі жывапісна-мантажнага кіно, што падкрэслівала нац. каларыт фільмаў. Апошні бел. «нямы» фільм — «Палескія рабінзоны» (1935, рэж. І.Бахар і П.Малчанаў).
Літ.:
История белорусского кино. Мн., 1969;
Клер Р. Кино вчера, кино сегодня: Пер. с фр.М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЁРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
від выканальніцкай творчасці, майстэрства ствараць мастацкія вобразы.
У тэатры акцёр увасабляе характары, выкарыстоўваючы свае інтэлект, тэмперамент, эмоцыі, міміку, голас, рухі, жэсты, пластыку цела і г.д.Сцэн. вобраз ён стварае на аснове літ. вобраза драматургіі, разам з тым прапануе ўласнае бачанне і трактоўку вобраза, узбагачае і пашырае яго. Акцёрскае мастацтва падзяляецца на драм., опернае, балетнае, эстраднае, цыркавое і г.д.; дыферэнцыруецца паводле жанраў (камедыя, вадэвіль, фарс, трагедыя і інш.).
Элементы акцёрскага мастацтва ў часы першабытнага грамадства меліся ў масавых дзействах, абрадах, рытуалах. Як від мастацтва сфарміравалася ў Стараж. Грэцыі. Тады ж зарадзілася традыцыя выканальніцкай стылістыкі асн. жанраў драматургіі: трагедыі (велічнасць, узнёслая пафаснасць, вытанчаная пластыка) і камедыі (падкрэсленая перабольшанасць ці знарочыстае паніжэнне таго, што паказваецца). Акцёры выступалі ў масках. У Стараж. Рыме традыцыі акцёрскага мастацтва ўзбагаціліся жанрам пантамімы, у сярэднія вякі — мастацтвам гістрыёнаў і скамарохаў. У сярэднявеччы сфарміраваліся літургічная драма, містэрыя, міракль, маралітэ, узнік фарс. Вышэйшае дасягненне нар.т-ра масак — італьян.камедыя дэль артэ. У эпоху Адраджэння акцёрскае мастацтва было скіравана на раскрыццё вял. ідэй, увасабленне індывід. і псіхалагічна складаных характараў. У перыяд класіцызму ў ім узмацніўся рацыяналістычны пачатак, вял. ўвага аддавалася дэкламацыйнасці. Рамантызм прывёў на сцэну ўзрыўны тэмперамент, бурныя страсці герояў, надзвычайную эмацыянальнасць і імпульсіўнасць. Рэаліст. акцёрскае мастацтва вызначаецца дакладным і псіхалагічна тонкім раскрыццём характару. Яго тэарэт. асновы і метадалогію працы з акцёрам заклаў і распрацаваў К.С.Станіслаўскі (гл.Станіслаўскага сістэма). На пач. 20 ст. ўзніклі і з сярэдзіны 20 ст. атрымалі пашырэнне мадэрнісцкія плыні ў акцёрскім мастацтве (умоўнасць, замест жыццёвых рэалій знакавасць і вобразная метафарычнасць). Побач з гэтым з’явіліся патрабаванні большай вастрыні і абагульненасці акцёрскага мастацтва, узмацнення яго агітацыйных функцый (творчасць У.Меерхольда, Б.Брэхта). Своеасаблівыя сістэмы акцёрскага мастацтва склаліся ў т-ры Усходу (Індыя, Кітай, Японія).
Карані акцёрскага мастацтва Беларусі ў глыбокай старажытнасці. Яго элементы меліся ў рытуальных святах, звязаных з гадавым цыклам кругавароту сонца і земляробчым календаром, з жыццём чалавека — ад з’яўлення яго на свет да памінання памерлага, у нар. ігрышчах, абрадах, карагодах. Першыя прафес. акцёры — скамарохі. Вял. пашырэнне на Беларусі атрымалі школьны тэатр, батлейка, народная драма. Характэрная выканальніцкая манера ва ўсіх відах фалькл.т-ра — завостраная сац. акрэсленасць сцэн. вобразаў, акцэнтаванне ўвагі на камед. і сатыр. рысах персанажаў, карнавальны характар ігры, узбуйненне акцёрскіх фарбаў. У 18—19 ст. прыкметны след у акцёрскім мастацтве балета, оперы, драмы пакінулі выканаўцы гар. і маёнткавых т-раў, выхадцы з нар. нізоў, пераважна з сялян.
Развіццё бел.прафес. акцёрскага мастацтва новага часу звязана з дзейнасцю Дуніна-Марцінкевіча тэатра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У 1920-я г. расло прафес. майстэрства, пашыраліся стылявыя пошукі. акцёрскага мастацтва БДТ-3 характарызавалася каларытнай самабытнасцю, нар. сакавітасцю, яркасцю; у БДТ-1 ад фальклорна-этнагр. кірунку з акрэсленымі сац. матывамі акцёрскага мастацтва ўзнялося да высокага рамант. гучання і псіхалагічна тонкага малюнка вобразаў; БДТ-2 быў адметны эксперыментатарствам, тэатр. кідкасцю. Глыбока раскрыліся таленты (Ф.Ждановіча, У.Галубка, У.Крыловіча, Г.Грыгоніса, К.Міронавай і інш. У канцы 1920-х — 30-я г. на акцёрскае майстэрства адмоўна паўплывалі ідэалагізацыя, вульгарны сацыялагізм, схематызм. Нягледзячы на гэта, акцёрскае майстэрства развівалася, паглыбілася псіхал. распрацоўка характараў. Яркія сцэн. вобразы ўвасобілі У.Уладамірскі, Г.Глебаў, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая. Акцёры Б.Платонаў, І.Ждановіч, пераадолеўшы вонкавую манументальнасць і рыторыку, паказвалі цікавыя ўзоры сцэн. творчасці. Акцёрскае мастацтва ўзбагацілі У.Дзядзюшка, Ц.Сяргейчык, В.Галіна, В.Пола, І.Шаціла, М.Бялінская, М.Звездачотаў, Р.Кашэльнікава, Я.Глебаўская, А.Радзялоўская, С.Бірыла, А.Шэлег.
З сярэдзіны 1960-х г. разам з акцёрамі старэйшага і сярэдняга пакаленняў (С.Станюта, Л.Рахленка, З.Стома, Г.Макарава, Ф.Шмакаў, І.Матусевіч, З.Канапелька, З.Браварская) набірала творчую сілу новае пакаленне (В.Тарасаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, М.Захарэвіч, П.Дубашынскі, А.Мілаванаў, Г.Талкачова, У.Куляшоў, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, Я.Шыпіла і інш.). Значны ўклад у акцёрскае мастацтва зрабілі майстры рус. т-раў Беларусі (У.Кумельскі, А.Кістаў, Дз.Арлоў, А.Клімава, Р.Янкоўскі і інш.).
У 1920—40-я г. падрыхтоўка бел. акцёраў вялася ў тэатр. студыях, у 1940—60-я г. ў студыях пры т-рах імя Я.Купалы і Я.Коласа, з 1945 у Бел.тэатр. ін-це (цяпер Бел. акадэмія мастацтваў). Акцёрамі працуюць і выпускнікі Бел. ун-та культуры.
У кіно акцёрскае мастацтва абапіраецца на традыцыі т-ра і дакумент. кінематографа. На пач. 20 ст. першых прафес. кінаакцёраў (М.Пікфард, Л. і Д.Гіш і інш.) выхаваў амер. рэжысёр Д.Грыфіт, які распрацаваў асн. прынцыпы акцёрскага мастацтва ў кінематографе. У 1920-я г. Л.Куляшоў заснаваў школу «кінанатуршчыкаў», што імкнуліся спалучаць экспрэсіўнасць мімікі і пантамімы з натуральнасцю аблічча. С.Эйзенштэйн выкарыстоўваў «тыпаж» (непрафес. выканаўца з выразнай знешняй сац. характарнасцю). Жанравае кіно як мастацка-рэкламны сродак выкарыстоўвала «зорку» — акцёра са сталым абліччам і характарам (камед.маскі, вамп, гангстэр, «папялушка» і інш). Выдатныя акцёры-«зоркі» стварылі глыбокія тыповыя вобразы (Ч.Чаплін, Д.Фербенкс, Пікфард, Л.Гіш, І.Мазжухін, А.Нільсен). У 1930—40-я г. са з’яўленнем гуку акцёры атрымалі магчымасць надаваць персанажам большую псіхал. і маст. аб’ёмнасць (Ж.Габэн, М.Сімон, М.Дзітрых, В.Лі, Л.Аліўе, Ч.Лоўтан, Г.Гарба, Х.Богарт, Г.Фонда, Б.Бабачкін, В.Марэцкая, Л.Арлова). У 1940—50-я г. дасягненні Куляшова і Эйзенштэйна развілі майстры італьян. неарэалізму, у 1950—60-я г. актуальнымі застаюцца імкненні да натуральнасці і псіхал. дакладнасці характараў у фільмах майстроў неарэалізму, французскай «новай хвалі», польск., венг., рас., груз. кіно, творчасці Ж.Філіпа, Ж.Маро, Дж.Мазіны, М.Мастраяні, С.Ларэн, І.Тулін, М. фон Сюдаў, Б.Ланкастэра, С.Трэсі, М.Бранда, З.Цыбульскага, Л.Вініцкай, С.Бандарчука, І.Смактуноўскага, Д.Баніёніса, М.Ульянава.
У 1970—80-я г. ў акцёрскім мастацтве фарміраваліся разнастайныя індывід. стылі (Ж.Дэпардзьё, Дж.Нікалсан, Д.Хофман, Дж.Фонда, Л.Ульман, Х.Шыгула).
У бел. кіно ў 1920—30-я г. вызначыліся пераважна рас. акцёры. Але прыкметныя ролі стварылі і бел. акцёры У.Крыловіч, В.Пола, Б.Платонаў, Л.Мазалеўская. У 1940—50-я г. ў фільмах-спектаклях раскрылася бліскучае майстэрства Г.Глебава, Платонава, Дзядзюшкі, Рахленкі, Полы, Ржэцкай. У 1960—90-я г. высокага прафес. ўзроўню дасягнула акцёрскае мастацтва Станюты, Стомы, Кармуніна, Г.Макаравай, Куляшова, Мілаванава, А.Дзянісава, В.Белахвосціка, Т.Мархель, У.Гасцюхіна, Г.Гарбука, М.Яроменкі, С.Сухавей.
Літ.:
Станиславский К.С. Работа актёра над собой: Дневник ученика. Ч. 1—2. М., 1951;
Советское актёрское искусство, 50—70 годы. М., 1982;
Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;
Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;
Яго ж. Уладзіслаў Галубок. Мн., 1969;
Есакоў А. Уладзімір Крыловіч: Жыццёвы і творчы шлях. Мн., 1956;
Няфёд У. Народны артыст СССР П.С.Малчанаў. Мн., 1958;
Яго ж. Народны артыст БССР У.І.Уладамірскі. Мн., 1954;
Сабалеўскі А. Барыс Платонаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага артыста. 2 выд.Мн., 1989;
Яго ж. Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камед. акцёра. Мн., 1994;
Скібнеўскі А. Народны артыст СССР А.К.Ільінскі. Мн., 1954;
Сяргейчык Ц. Нататкі акцёра: Шлях жыцця і творчасці. Мн., 1973;
Кузняцова К. Ірына Ждановіч. Мн, 1970;
Яе ж. Генрых Грыгоніс: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1984;
Гаробчанка Т. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;
Бурьян Б. Судьба чужая — как своя: Этюды о сценич. созданиях Александры Климовой. Мн., 1982;
Малчанаў П. Тэатр — жыццё маё: Успаміны. Мн., 1984;
Арлова Т. Купалаўцы: Эцюды пра акцёраў. Мн., 1985;
Обухович А. Полвека на сцене. Мн., 1987.
А.В.Сабалеўскі (тэатр), Г.В.Ратнікаў (кіно).
Да арт.Акцёрскае мастацтва. А.Ільінскі ў ролі Несцеркі («Несцерка» В.Вольскага).Да арт.Акцёрскае мастацтва. М.Ульянаў у ролі маршала Г.К.Жукава (мастацкі фільм «Блакада»).Да арт.Акцёрскае мастацтва. С.Станюта ў ролі Марылі («Раскіданае гняздо» Я.Купалы).Да арт.Акцёрскае мастацтва. Ч.Чаплін у фільме «Агні вялікага горада».
Да арт.Акцёрскае мастацтва. Г.Глебаў у ролі Пустарэвіча (злева), Б.Платонаў — Адольфа Быкоўскага («Паўлінка» Я.Купалы).