Пра́вы ’супрацьлеглы леваму; справядлівы, праўдзівы; невінаваты, маючы рацыю’ (ТСБМ, Ласт.), ’роўны’ (пін., Сл. ПЗБ), пра́ву ’прамы’ (ТС), ст.-бел. правы ’правы, неілжывы, невінаваты’ (Стан.), укр. пра́вий ’тс’, рус. пра́вый ’тс’, польск. prawy ’тс’, чэш., славац. pravý, в.-луж. prawy, н.-луж. pšawy ’тс’, славен. pravi ’правы, прамы; правільны’, серб.-харв. пра̏в, prȃvi ’прамы; невінаваты; правільны’, балг., макед. прав ’прамы, справядлівы, сапраўдны’, ст.-слав. правъ ’прамы; правільны, справядлівы’. Прасл. *pravъ(jь) звязваюць з *pьrvъ (гл. першы) і значэннем ’які стаіць наперадзе, першы’, корань той жа, што і ў *per (гл. перад) (Бязлай, 3, 105; Сной₂, 559); іншыя збліжэнні: лац. probus ’добры, сумленны, прыстойны’ (< *prō‑, гл. пра-), ст.-інд. prabhúh̥ ’выдатны; хто перавышае іншых’, ст.-англ. fram ’моцны, дзейны, смелы’, ст.-ісл. ’той, што стаіць наперадзе; хто імкнецца наперад’ (гл. Фасмер, 3, 352; ЕСУМ, 4, 551; БЕР, 5, 581). Паводле Мартынава (Балто-слав.-итал. изогл., 15–16; Язык, 61–62), роднаснае лац. pravus ’крывы, разбэшчаны, злавесны’, змяніўшаму значэнне ’прамы, спрыяльны’ на супрацьлеглае ў выніку семантычнай перабудовы. Першаснае значэнне ’прамы, просты’ лепш захавалася ў паўднёваславянскім арэале, аднак вядома і на іншых тэрыторыях, параўн. пра́ва ’прама’ (калінк., З нар. сл.). Згодна з Німчуком (Давньорус., 46), пераход ’прамы’ > ’правы’ звязаны са становішчам рук пры паказванні (“една випрямлена — prava, друга ненапружена — lěva”).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГО́ФМАН

(Hoffmann) Эрнст Тэадор Амадэй (24.1.1776, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 25.6.1822),

нямецкі пісьменнік, кампазітар, мастак. Вывучаў права ў Кёнігсбергскім ун-це. Арганізаваў філарманічнае т-ва, сімф. аркестр у Варшаве (1804—07). У 1807 — 13 дырыжор, кампазітар і дырэктар у т-рах Берліна, Бамберга, Лейпцыга і Дрэздэна. Аўтар адной з першых рамант. опер «Ундзіна» (1814), сімфоній, камерна-інстр. і хар. твораў. Першая навела «Рыцар Глюк» (1809). Творы 1809—14 аб’яднаны ў кн. «Фантазіі ў манеры Кало» (т. 1—4, 1814—15). У цэнтры творчасці Гофмана — тэмы мастака і мастацтва, музыкі і музыкантаў; асн. ідэя — невырашальнасць канфлікту паміж мастаком і грамадствам; скразныя вобразы — мастак і філістэр. У цыкле навел «Крэйслерыяна» (1814) і ў «Фрагментах біяграфіі Іаганеса Крэйсера», уведзеных у раман «Жыццёвыя погляды ката Мура», Гофман стварыў трагічны вобраз геніяльнага музыканта Крэйслера, самотнага, асуджанага на пакуты сярод людзей, далёкіх ад мастацтва. Светлай і радаснай фантастыцы казак «Шчаўкунок і Мышыны кароль», «Чужое дзіця», «Прынцэса Брамбіла» і інш. супрацьстаіць змрочны і злавесны каларыт у рамане «Эліксіры д’ябла» (1815—16) і «Начных апавяданнях» (т. 1—2, 1817). Ён папярэджваў аб небяспецы аўтаматызацыі грамадскай свядомасці (навела «Пясочны чалавек»), адчужанасці чалавека і вынікаў яго працы ў грамадстве, заснаваным на ўладзе золата. Казка «Малы Цахес, празваны Цыноберам» (1819) — вострая сатыра на феад.-бюргерскую рэчаіснасць Германіі пач. 19 ст. Сярод лепшых твораў Гофмана зб. навел «Серапіёнавы браты» (т. 1—4, 1819—21). Вяршыня творчасці — незавершаны раман «Жыццёвыя погляды ката Мура» (т. 1—2, 1820—22), пабудаваны на іранічнай паралелі паміж светам жывёл і светам людзей. Яго «Апошнія апавяданні» выдадзены ў 1825. Тэмы і вобразы твораў Гофмана знайшлі ўвасабленне ў творчасці Р.Шумана («Крэйслерыяна»), Р.Вагнера («Лятучы галандзец»), П.І.Чайкоўскага («Шчаўкунок»), А.Адана («Жызэль»), Л.Дэліба («Капелія»), П.Хіндэміта («Кардыльяк») і інш. Гофман — герой опер Ж.Афенбаха («Казкі Гофмана») і Г.Лачэці («Гофман»). Балет Чайкоўскага «Шчаўкунок» і опера Афенбаха «Казкі Гофмана» ўваходзяць у рэпертуар Нац. акад. т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. мову асобныя творы Гофмана пераклаў В.Сёмуха. «Беларускі гафманізм» у творчай манеры Я.Баршчэўскага, аўтара «Шляхціца Завальні», трапна заўважыў Р.Падбярэскі (арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі», 1844).

Тв.:

Бел. пер. — Дон Жуан;

Рыцар Глюк: Успамін з 1809 г. // Крыніца. 1996. № 20 (4);

Рус. пер. — Жизнь и творчество;

Письма, высказывания, документы. М., 1987;

Собр. соч.: В 6 т. Т. 1—3. М., 1991—96.

Літ.:

Ботникова А.Б. Э.Т.А.Гофман и русская литература. Воронеж, 1977;

Художественный мир Э.Т.А.Гофмана. М., 1982.

С.Дз.Малюковіч.

т. 5, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

цень, ‑ю, М ‑і і (у) цяні́, м.

1. Прастора, заслоненая чым‑н. ад сонца. Нам ясна стане ў гэты дзень, Што зелень уся без Сонца згіне, Што толькі з Сонцам дораг цень! Грамыка. // Цемната, змрок. Начны цень. Вячэрні цень. □ Сонечныя прам[я]ні пранізваюць лясны цень, але воблакі час ад часу закрываюць сонца. Пестрак.

2. Цёмны адбітак прадмета на чым‑н., пры ўмове асвятлення з процілеглага боку. Калі ішоў Яўген па вуліцы, цень яго гойдаўся, паласкаўся ў мізэрным водбліску месяца. Баранавых. Полымя свечак ківалася, і на сценах і столі скакалі дзіўныя цені. Арабей. // перан. Пра таго, хто ўвесь час ходзіць за кім‑н., падпарадкоўваецца каму‑н. Раней [Шохан] быў ценем Мудрыка, хадзіў толькі з ім, ва ўсім яму падтакваючы. Навуменка. // перан.; чаго або які. Адлюстраванне ўнутранага стану (трывогі, смутку, болю і пад.). Як толькі вочы яго [Грэчкі] ажылі, на твары лёг пакутны цень. Мележ. Па Толевым твары прабег цень смутку. Якімовіч.

3. перан.; чаго. Слабы след, адбітак чаго‑н.; напамінак аб чым‑н. Умеў.. [Чорны] зрабіць заўвагу, паправіць, перасцерагчы так, што ў гэтым не было і ценю крыўднага. Мележ. Васіль таксама не вельмі паважаў лесніка. Ужо даўно ляжаў між імі чорны цень узаемнай нянавісці. Колас. // Пра верагоднасць пагрозы чаго‑н. Каб дзеці вольныя раслі, — Вайны прагонім цень! Агняцвет. Чорнай хмарай не заслоніць межы Цень злавесны атамнай вайны. Звонак.

4. Невыразныя ў цемры абрысы постаці, фігуры каго‑н. Ля акопаў зашасталі цені. Хтосьці прысеў перад брустверам Валодзевага акопчыка. Навуменка. У лесе мільгануў цень нейкага невялікага звера. Маўр.

5. Пра каго‑н. вельмі аслабленага, худога. Як .. [Косця] зблажэў і аслабеў! Проста не чалавек, а цень... Ваданосаў.

6. Спец. Месца на малюнку, карціне, якое перадае найменш асветленыя ўчасткі чаго‑н. Пакласці цені. Ігра святла і ценю.

7. Здань, дух мерцвяка. Усе асноўныя сцэны П. Малчанаў выконвае з вялікім майстэрствам: дыялог Гамлета з ценем бацькі, сцэна «мышалоўкі», маналог «быць ці не быць», сцэна пахавання Афеліі і інш. «Беларусь».

•••

Кідаць цень на каго-што гл. кідаць.

Навесці цень на ясны дзень гл. навесці.

У цяні — а) непрыкметным, непрыкмечаным (быць, заставацца, трымацца); б) без асаблівай увагі, на заднім плане (пакідаць, трымаць каго‑, што‑н.).

Як цень — неадчэпна (хадзіць за кім‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)