Вусачы (жукі) 3/177; 7/441; 11/333; 12/48

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІБІЁНТЫ [ад амфі... + біёнт(ы)],

арганізмы, якія жывуць або развіваюцца ў двух асяроддзях. Да амфібіёнтаў адносяцца віды жывёл і раслін, здольныя жыць і ў вадзе, і на сушы (многія земнаводныя, марскія чарапахі і інш.; гл. Амфіфіты, Гіграфіты); віды, якія жывуць у адных узроставых фазах развіцця (звычайна — лічынкавай) у вадзе або ў глебе, у другіх — на сушы. Напр., большасць жаб, стракоз, камароў, многія мошкі, майскі і чэрвеньскі хрушчы, жукі-шчаўкуны (драцянікі) і інш. Найб. пашыраны ў паласе прыліваў і адліваў.

т. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЖЭКАРАЕ́ДЫ,

капюшоннікі (Bostrychidae), сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 550 відаў. Сустракаюцца пераважна ў тропіках. На Беларусі каля 30 відаў, найб. пашыраны І. дубовы, або звычайны (Bostrychus capucinus). Жукі і лічынкі жывуць у мёртвых дрэвах, лесаматэрыялах, радзей у насенні злакаў.

Вонкавым выглядам і спосабам жыцця нагадваюць караедаў, адрозніваюцца будовай 4-членікавых лапак. Даўж. 8—14 мм. Цела валікападобнае, цыліндрычнае, іншы раз расшыранае на канцы. У большасці відаў галава ўцягнута ў капюшонападобную бугрыстую спінку.

Ілжэкараед дубовы.

т. 7, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́РКА (Rhynchites bacchus),

жук сям. даўганосікаў. Пашыраны ў Азіі, Сярэдняй і Паўд. Еўропе, у т. л. на Беларусі.

Даўж. да 7 мм. Ярка афарбаваны жук, укрыты карычневымі валаскамі, на надкрылах падоўжныя кропкавыя баразёнкі. Жукі пашкоджваюць пупышкі, лісце, бутоны і кветкі, плады семечкавых і костачкавых культур, садзейнічаюць распаўсюджванню ўзбуджальнікаў пладовай гнілі. Лічынкі даўж. да 9 мм, жоўта-белыя з карычневай галавой. Кормяцца пашкоджанай маніліёзам тканкай. Лічынкі акукліваюцца ў глебе. Развіваюцца 1—2 гады.

Казарка.

т. 7, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧОЛАЖУКІ́ (Trichodes),

род жукоў сям. стракачоў. Каля 80 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. паўшар’і. Каля 80 відаў. На Беларусі найб. пашыраны П. пчаліны (T. apiarius), які шкодзіць пчалярству.

Даўж. 8—25 мм. Цела прадаўгаватае, галава вялікая. Афарбоўка яркая, надкрыллі ў рознакаляровых папярочных палосах. Жукі трапляюцца на кветках раслін сям. парасонавых, складанакветных, капуставых. Кормяцца насякомымі і пылком. Лічынкі развіваюцца ў кладках саранчовых ці ў гнёздах пчол і вос, знішчаюць іх лічынак і кукалак.

Пчалажук звычайны.

т. 13, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мірмекафі́лы

(ад гр. myrmeks, -ekos = мурашка + -філ)

жывёлы, якія развіваюцца ў больш або менш цесным сумесным жыцці з мурашкамі (напр. некаторыя жукі, кляшчы, гусеніцы матылькоў).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАПРАФА́ГІ [ад грэч. kopros памёт, кал + фаг(і), арганізмы, якія жывяцца экскрэментамі. Да іх належаць многія малашчацінкавыя чэрві (алігахеты), насякомыя, лічынкі двухкрылых, грызуны, зайцападобныя і інш. Многія беспазваночныя жывёлы (напр., тэрміты, ва ўсіх фазах свайго развіцця) — факультатыўныя К., якія набываюць карысную мікрафлору, калі паядаюць экскрэменты дарослых асобін. У фауне Беларусі сярод К. пераважаюць жукі-гнаевікі і лічынкі мух, з інш. К. пашыраны дажджавыя чэрві, кляшчы-арыбатыды і інш. сапрафагі. К. паскараюць распад арган. рэшткаў, спрыяюць працэсам гуміфікацыі глеб, павышаюць іх урадлівасць.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПРАФА́ГІЯ,

жыўленне арганізмаў-сапратрофаў (гл. Сапратрофы) экскрэментамі інш. арганізмаў, гал. чынам млекакормячых. У беспазваночных К. пашырана сярод многіх малашчацінкавых чарвей і насякомых (жукі-гнаевікі, лічынкі двухкрылых, дажджавыя чэрві і інш.). Для некаторых жывёл (бабры, зайцы, трусы, сенастаўкі) К. — абавязковая ўмова нармальнай жыццядзейнасці; пры адсутнасці яе жывёлы знясільваюцца, парушаюцца многія функцыі іх арганізма. К. павялічвае эфектыўнасць стрававання, спрыяе рэутылізацыі і распаду арган. рэшткаў, найперш азоцістых рэчываў і цэлюлозы, а таксама амінакіслот і вітамінаў, якія выпрацоўваюцца кішэчнай мікрафлорай.

І.​Е.​Кернажыцкая, Э.​Р.​Самусенка.

т. 8, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЗКАЦЕ́ЛКІ (Colidiidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 1500 відаў пераважна ў тропіках. Жывуць у асноўным пад карой і ў драўніне, часта ў хадах, пракладзеных караедамі і інш. насякомымі, радзей у раслінных рэштках, глебе, лясным подсціле, грыбах. На Беларусі відавы склад вывучаны недастаткова. Часцей трапляецца вузкацелка перавязаная (Bitoma crenata).

Цела даўж. 1,5—18 мм, падоўжанае, цыліндрычнае або плоскае, радзей авальнае. Жукі і лічынкі часцей драпежныя — кормяцца караедамі, іх лічынкамі і інш.; лічынкі некат. відаў — вонкавыя паразіты жукоў шашаляў або пчол.

Вузкацелка перавязаная.

т. 4, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕРАФІ́ЛЫ [ад грэч. xēros сухі + ...філ(ы)],

сухалюбы, расліны і жывёлы, прыстасаваныя да сухіх месцапражыванняў. Вызначаюцца развітымі механізмамі рэгуляцыі воднага абмену, здольнасцю затрымліваць ваду ў тканках, могуць працяглы час існаваць без яе папаўнення. Найб. тыповыя К. пашыраны ў зонах пустынь, паўпустынь, сухіх стэпаў і лесастэпаў. Гл. таксама Ксерафіты.

Сярод К.-жывёл вылучаюць прадстаўнікоў розных груп: саранчовыя, паўзуны, дрофы, саксаульная сойка, многія грызуны, вярблюды, тушканчыкі, дробныя драпежнікі. Сярод жывёл Беларусі рысамі ксерафільнасці вылучаюцца многія насякомыя (напр., жукі-чарнацелкі, шкодная чарапашка), большасць паўзуноў, некат. птушкі (валасянкі) і звяры.

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)