Туфта́ ‘хлусня’ (ТС), тухта́ ‘падман’ (Краязн. газета, 2013, 12, 6). Пранікненне з турэмна-лагернага жаргону, параўн. укр. аргат. туфта́ ‘падробка, фальшыўка’ (Горбач, Арго школярів), рус. туфта́, тухта́ ‘хлусня, падман, ашуканства’, ‘фальсіфікат, падробка’, туфте́ть ‘ілгаць, падманваць’ (Шчарбакова-Бруева, Соц.-корп. лексика), польск. tufta ‘кабета’, ‘прастытутка’, ‘падман’ (з рус., Каня, Słownik). Без пэўнай этымалогіі. Выводзяць з фін. tohko ‘гнілое дрэва’, фін. дыял. tohta ‘розныя рэчы, транты, смецце’, што з улікам асноўнага значэння жаргоннага слова ‘махлярства, калі замест дабраякаснай рэчы прадаюць падробку’ тлумачыць семантыку слова (Вострыкаў, Этим. иссл., 3, 37–38; Гарачава, Этимология–1982, 168; Арол, 4, 122; Анікін, РЭС, 2, 284). Горбач (Арго школярів, 27) параўноўвае з цюрк. takta ‘дошка’ як фігуральнае абазначэнне пачкі паперы, што выдаецца махлярамі замест упакаваных у банку асігнацый; на мажлівую цюркскую крыніцу арыентуе і балг. аргат. ту́фтя, туфти́свам ‘хлусіць’, ту́фа ‘крадзеж’, та́фя, та́фим ‘красці, хлусіць’, таф ‘хлусня, абман’ < тур. tav у розных значэннях, у тым ліку і ‘падман’, параўн. Стойкаў, Соф. ученич. говор, 24, 51. Былыя вязні сталінскіх лагераў бачаць у слове абрэвіятуру ТФТ (рус. «тяжёлый физический труд»), якая ў 1930‑я гады пранікла з лагернай зоны на волю (Шыдлоўскі, Рысы майго пакалення, Мінск, 2001, 126). Урэшце, з улікам сфер ужывання, варта звярнуць увагу на фармальнае падабенства з ід. tuft(e), toft(e), duft(e) ‘выдатны, цудоўны, першакласны’, адносна якога гл. Штэрн, Wörterbuch, 83.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тэ́льбух ‘трыбух’ (Сцяц.), ‘страўнік, начынены мясам’ (Мат. Гом.), ‘чэрава; страўнік у свінні’ (брэсц., ЛА, 1), ‘жывот, бруха; тоўсты чалавек’ (ТС); ‘вялікі жывот; чалавек з тоўстым жыватом’ (Мілк. Сл.). Сюды ж тэльба́та (гл.), тэльбухава́ты ‘трыбухаты’ (Сцяшк. Сл.), тэльбухова́тый ‘тс’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.; мазыр., З нар. сл.), телʼбуши́ти ‘трыбушыць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. старое польск. дыял. telbuch ‘жывот’. Няясна. Звычайна разглядаецца як варыянт польск. terbuch ‘тс’ з чаргаваннем р/л (Сцяцко, БММ, 2, 209), якое было характэрна для польскай мовы, гл. Брукнер, 567; ЕСУМ, 5, 541, 627; Глухак, 637 і інш. У Брукнера telbuch ‘бруха’, terbuch, trybuch ‘тс’, trybuszyć ‘трыбушыць’ узводзіцца да праславянскага кораня і параўноўваецца з torba (гл. торба). Фасмер адмаўляе роднасць каранёў terb‑ і torb‑ (Фасмер, 4, 96), аднак не выключае сувязі з прасл. *kolbъ, што мае значэнне ‘круглы, выпуклы’, параўн. бел. ке́лбухі ‘кішкі, вантробы’ (гл.) пры коўб2 ‘свіны страўнік’, якое ў выніку замены к > т магло даць разглядаемую форму. Малаверагодна вывядзенне на аснове укр. дыял. телебу́х ‘вантробы жывёлы’, тельбо ‘вялікі жывот; чалавек з вялікім жыватом’ прасл. *tъlbo, *tъlbuch арэальна абмежаванай інавацыі, гл. Шульгач, Слов. етим., 454; адносна яе распаўсюджання гл. Сяткоўскі, Słow. nazwy, 218 (на мяжы Польшчы, Украіны і Беларусі). Няясныя адносіны да прыметніка чэш. tělpatý ‘тоўсты’, якое Махэк₂ (639) параўноўвае з рус. телепень, тельпень, тельпеш, гл. целяпень, цяльпеш. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання, параўн. ід. telebenden ‘целяпацца, боўтацца’. Гл. таксама цельбух.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раздаба́рваць ’размаўляць, балбатаць’ (Нас., Сержп. Казкі), раздабе́рваць ’балбатаць’ (слуц., Бел. дыял.), раздабы́раваць ’гаварыць шмат непатрэбнага, лішняга’ (Мат. Маг. 2), раздаба́рыцца ’разгаварыцца’ (Нас.), раздаба́ра ’балбатун’, раздаба́ры ’доўгая размова пра пустое’ (Нас., Чач.), у дзіцячай фальклорнай рыфмоўцы: «Шарыбары‑расдабары / Белы сняжкі выпадалі…» (Рам. 2), укр. роздоба́рювати, рус. дыял. раздаба́ривать, раздаба́рывать ’весці пустыя размовы’, ’размаўляць’, ’спрачацца’, ’доўга і нудна гаварыць’, раздоба́ривать, растоба́ривать ’балбатаць’. Зыходным з’яўляецца ст.-яўр. daßar (dābhār) ’слова, звестка’, ’рэч, справа’, dibber ’гаварыць’, адкуль яўр.-ням. dabbern, dibbern ’гаварыць’ (Нас., 548; Фасмер, 3, 434; Горбач, Арго, 18). Трубачоў (Дополн., там жа) лічыць самастойным утварэннем з прыстаўкамі раз‑до‑, pac‑то‑ ад асновы бар‑ у рыфмоўцы тары-бары, што падаецца верагодным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарака́н ’насякомае чорнай або рыжай афарбоўкі’, ’смярдзючы чорны жук’ (Ласт.), ’падобны на прусака, але чорны’ (Некр. і Байк., Арх. Вяр., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТСБМ, Касп.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), ’прусак, рыжы таракан’ (валож., Жыв. св.), тарако́н ’прусак’ (ігн., Сл. ПЗБ), тараґан ’тс’ (лях., Янк. Мат.), тарака́н ’тс’ (Нас.), ст.-бел. таракан ’тс’ (1640 г., КГС). З рус. тарака́н ’тс’, у якой вядома з XVI ст., запазычанне з цюркскіх моў, відаць, з тат. тарака́н (taraḳan), звязваюць таксама са ст.-рус. то́рхан, та́рхан (ганаровы тытул), што са ст.-цюрк. таркан (гл. Дабрадомаў, Бел. лекс., 43; Фасмер, 4, 20; ЕСУМ, 5, 518; Чарных, 2, 228; Орлась, RS, 32, 1, 31–37).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суга́ ’мыс’ (Ласт.). Параўн. укр. карп. суг ’упадзіна ў зямлі’. Няясна. Магчыма, тое ж, што і аргат. суга́ ’вада’ (дрыб., шкл., навазыбк., Рам. 8–9), якое выводзіцца з тур. асман. su ’вада’ (гл. Горбач, Арго, 34), г. зн. ’месца каля вады’; назва па сумежнасці? Менш верагодная сувязь з укр. суга́ ’ржавая вада на балоце’, ’асадак у алеі’, балг. съ́га ’плесня на паверхні віна’, для якіх узнаўляецца прасл. дыял. *sǫga, гл. Пятлёва, Этимология–1976, 45; ЕСУМ, 5, 465. Можа быць і адваротным дэрыватам ад сузок (гл.) з “этымалагічным” узнаўленнем ‑г‑. Пацюпа (Arche, 2007, 3, 170) выводзіць з сугба́ ’выгін знутры’ (ад гібаць, гбаць ’згінаць’), у такім выпадку трэба дапусціць атаясамліванне фіналі -ба з адпаведным суфіксам і яго адсячэнне, што малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тара́х ’бух, тарарах’ (беласт., Сл. ПЗБ), сюды ж дзеясловы тара́хкаць ’ляскатаць, стукацець’ (Касп.), тара́хати ’біць, стукаць’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), тара́хкаць ’тарахцець, бразгацець, брынчаць; трашчаць, гаварыць упустую’, тарахне́ць ’тарахцець, бразгатаць’ (ТС), тарахну́ць ’моцна ўдарыць’ (Растарг.), тарахце́ць ’утвараць рэзкія раскацістыя гукі’, ’хутка, гучна, несупынна гаварыць; балбатаць’ (ТСБМ, ТС), ’бразгатаць, ракатаць, бурчаць’ (Яўс., Варл.), ’ехаць з грукатам, грымець, лескатаць’ (Некр. і Байк.; ашм., Стан.; Федар. 1, Бяльк.): Ілля па небу тарахціць (Сержп. Прык.), ’стукацець’: жаўна тарахціць дзюбам (Сержп. Прымхі). Параўн. укр. тара́х, тара́хкати, торо́х, торохті́ти ’грукаць, грукаюць’, рус. тарахте́ть ’грымець (пра экіпаж)’, дыял. торохну́ть ’грымнуць’, польск. дыял. tarach ’выварацень’, tarachnąć ’грымнуць’, што параўноўваюцца з трахнуць (Брукнер, 565). Гукаперайманне (Фасмер, 4, 23), гл. тарарах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тынк ‘пакрыццё паверхні будаўнічых канструкцый’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Гарэц., Ласт., ТС, Сл. ПЗБ), ‘тынкоўка, раствор для тынкоўкі’ (Сцяшк., Шат., ПСл, Шушк.), ‘матэрыял, якім забіваюць шчыліны ў сцяне’ (Бяльк.), сюды ж тынкава́ць ‘пакрываць тынкоўкай’ (Нас., Ласт., Касп.), тынкова́ць ‘тс’ (ТС): tynkovácʼ ŭ kołočki, u dranku (Арх. Вяр.), тинкова́ти ‘апрацоўваць, выпраўляць паверхню вапнай’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. тынковати ‘тынкаваць’ (1695 г.), тынкованье (тынкоўкай) (1690 г., ГСБМ). Праз польск. tynk ‘тс’, якое з нова-в.-ням. Tünche ‘тынкаванне’, ‘тынкоўка’, а апошняе з лац. tunica ‘скура’, ‘покрыва’, ‘абалонка’. Лацінскае слова, як і ст.-грэч. χιτών ‘хітон, туніка’, былі запазычаны праз фінікійскую мову з арамейск. kittūnā́ < ст.-яўр. kuttṓneth ‘тс’ (Борысь, 659; Брукнер, 589; ЕСУМ, 5, 570).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыня́цца ‘шкандыбаць, кульгаць’ (Аніч., Вопыт), тыня́тысь ‘чыкільгаць’ (Клім.), тинʼатис’ ‘блытацца, перашкаджаць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. укр. ти́нятися, тиня́тись ‘соўгацца’, ‘сноўдацца, бадзяцца, валэндацца’, ‘штурхацца (сярод натоўпу)’, ‘блукаць, вандраваць’. Экспрэсіўнае арэальнае ўтварэнне няяснага паходжання. Паводле ЕСУМ (5, 570) — гэта відазмененая форма *тинутися ‘ціха хадзіць, сноўдацца’, якая ўзнікла з прасл. *ti(p)nǫti ‘ўдарыць’, ‘ціхенька хадзіць’ і звязана з *te(p)ti: рус. ти́пать ‘злёгку удараць’, ‘ісці, крадучыся’, н.-луж. typotaś ‘чыкільгаць’, ‘дробненька ступаць’, польск. ciepnąć, ciepać ‘удараць’, cipać ‘ісці ціха, але без перапынку (пра дождж)’, серб. те̏псти се ‘бадзяцца, блукаць’. Магчыма, можа выводзіцца з прасл. *tynʼati ‘быць ціхім, мірным’, якое Сной (у Бязлай, 4, 181) параўноўвае са ст.-прус. tusnan ‘ціхі’, ст.-інд. tūṣṇī́m ‘ціха, моўчкі’. Гл. таксама тыпаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́чаць ‘соваць, усоўваць, тыкаць’, ты́чыць ‘торкаць, уторкваць’ (ТС), ты́чяті ‘соваць, даваць’ (беласт., Сл. ПЗБ). Да тыкаць (гл.) паводле магчымага чаргавання ў прасл. *tykēti > *tyčeti > *tyčati ‘усоўваць, тыкаць’. Сюды ж ты́чма ‘не адыходзячы ад каго-небудзь, увесь час папікаючы’: тычма тырчыш (Нас.); як кантамінацыя з тырчма тырчаць (гл. тырчаць) з заменай першага спалучэння сінанімічным.

*Тыча́ць, тычя́ти ‘тырчаць’ (Клім.), тичйа́ти ‘тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўноўваюць са старым серб. тичати, харв. tičati ‘хавацца’, ‘здзіўляцца’, ‘сядзець на кутніках’, славен. tičáti ‘знаходзіцца, быць, тырчаць’, што выводзіцца з прасл. *tyčati, якое з *tykati ‘ўтыкаць, затыкаць’, ‘калоць, басціся’ (Сной₂, 763). Бязлай (4, 179) славен. tyča̋ti ‘быць заткнутым, утыкнутым’ трактуе як эсіў прасл. *ty̋kati ‘датыкацца, калоць, басціся’, які з’яўляецца ітэратывам ад *tъknǫti ‘тс’. Магчыма, да папярэдняга слова. Гл. таксама тыкаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухо́ты ’туберкулёз’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт., Касп., Шат.; ашм., Стан.; ЛА, 3; Варл., Сержп. Прымхі, Сцяшк., ТС), ’клопат, непрыемнасць’ (ТСБМ), сухо́та ’ліха, гора’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), ’сухоты’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), сухата́ ’тс’ (Пятк. 2), сухо́тка ’тс’ (Касп., Пятк. 2), ’хвароба скуры ў дзяцей, сухі лішай’ (Цых.), сюды ж сухо́ты ’схуднелая асоба’ (Юрч. Вытв.), але хутчэй прым.: сухо́ты етый маліц (там жа), параўн. сухо́ткі ’вельмі сухі, высахлы’: гавёс стаў сухоткі (Цых.). Укр. сухо́ти, рус. сухо́ты, польск. suchoty, в.-луж. suchoćina, чэш. souchotiny ’туберкулёз’. Да сухі, першапачаткова nomen abstractum сухо́та, потым мн. л. для спецыялізацыі назвы, што паводле Карскага (2–3, 331), тлумачыцца “множественностью признаков” хваробы. Тая ж матывацыя ў балг. радоп. су́ва бо́лес ’тс’. Меркаванні Цвяткова (Запіскі, 2, 1, 84) пра польскі ўплыў на змену націску не пераконваюць. Гл. сухата.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)