Тара́шчыць ’шырока раскрываць (вочы); здзіўлена або спалохана глядзець’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тарэ́шчыць ’вылупляць (вочы)’ (дзісн., Нар. сл.); сюды ж тарашча́кавірлавокі, лупаты, зіркаты’ (Ласт.). Укр. дыял. тара́щити ’вытрэшчваць, вылупліваць’, рус. тара́щитъ ’тс’, дыял. ’растапырваць’, тара́щиться ’цягнуцца, плясціся’. Варбат (Этимология–1971, 14) рэканструюе *torščiti як ітэратыў да *tьrskati, гл. тараскаць. Сувязь з вы́трашчыць (гл.), укр. витріща́ти ’вытрэшчваць’, польск. wytrzeszczyć ’вытрашчыць’, чэш. vytřeštiti ’тс’, славац. vytreštiť ’тс’ застаецца праблематычнай, гл. Фасмер, 4, 23; ЕСУМ, 5, 522. Параўн. тапарашчыць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ёлуп, ёлоп ’дурань, асталоп, бесталковы тупы чалавек’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Мядзв., Яруш., Гарэц., Бір. Дзярж.). Укр. йолуп, йолоп ’тс’, рус. смал. ёлуп, польск. jołop. У рускіх і польскіх дыялектах запазычана з беларуска-ўкраінскага арэала, дзе гэта слова можна лічыць інавацыяй. Надзейна вызначыць этымалогію лексемы цяжка. Для яе існуюць некалькі этымалагічных версій. Бернекер (308) выводзіў укр. йолуп з укр. оглуп (апошняе да глупы). Існуе магчымасць выпадзення фрыкатыўнага г у форме оглуп. Параўн. бел. арэх (гл.) < агрэх. Можна таксама выводзіць рус. олух з *оглух (укр. оглух ’той, хто дрэнна чуе’). Брукнер (KZ, 45) звязваў ёлуп з яловы, што яшчэ менш верагодна. Слаўскі (1, 584) гаворыць пра магчымасць усходняга паходжання, але не прыводзіць крыніцы. Апрача гэтых версій, якія зарэгістраваны ў літаратуры, можна разгледзець магчымасць новай этымалогіі, якая грунтуецца на беларускіх дзеяслоўных і прыметнікавых формах ёлупіць ’вытрэшчваць вочы’ (Нас.), ёлуплівы ’вытрашачаны (аб вачах)’, ’дурнаваты’. Калі гэта так, дык ёлуп узыходзіць да *о‑луп. Параўн. лупіць (вочы). Змена пачатку слова (ёлуп < *олуп) таксама мае аналагічныя прыклады (ёлкі < *олъкъ, ён < он і г. д.). Пацвярджае гэту этымалагічную версію бел. валапокі, рус. смал. волопокий ’зіркасты’ (< *волопо‑окий). У волопокий мы выдзяляем волоп‑ (< *олуп). Такім чынам, волопокий: лупаты (ёлуплівы) = вірлавокі: вірлаты (усе лексемы маюць агульнае значэнне ’вірлавокі, лупаты’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варлаво́кі ’чалавек з вялікімі вачамі наверсе’ (полац., Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), варлаво́кій ’касавокі’ (Грыг.). Ужо Грыгаровіч (там жа) параўноўваў з чэш. vrlooký ’блізарукі’ (адкуль?). Параўн. укр. вирлоо́кий ’лупаты’, вирла́тий (пра вочы) ’тс’, вирла́ч ’тс’. Магчыма, ад *vьrlo ’рычаг, дышаль’ (параўн. Краўчук, ВЯ, 1968, № 4, 131), так Рудніцкі (395). Паняцце «вірлавокі» можа перадавацца словамі са значэннем ’рычаг, дышаль і да т. п.’ Параўн. яшчэ чэш. bidlovojký (ад bidlo ’рычаг’). Сюды ж і верлаво́кі ’лупаты, касавокі’ (Др.-Падб., Гарэц., Нас., Лысенка, ССП), рус. дыял. (смал.) Варлео́ка ’аднавокая казачная істота’, варлео́кий ’аднавокі’. Іншую этымалогію ўсёй групы слоў прапанавала Куркіна (Этимология, 1970, 101).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́па1 ’губа чалавека, жывёлы’ (маладз., Янк. Мат.; Мікуц., Сцяц., Сл. ПЗБ; сувалк., Карт. Атл. Беласточчыны), łupufka ’губны гармонік’ (там жа), лу́пы ’губы’ (мін., КЭС), лу́па ’морда жывёлы’ (Мядзв.). Балтызм, параўн. літ. lū́pa ’губа’, лат. lũpa (Буга, Rinkt., 2, 48; Урбуціс, Baltistica, 5, 64 і 160; Liet. term., 181; Пальцаў, Лекс. балтызмы, 37; Зданцэвіч, LP, 8, 344). Булыка (Запазыч., 192) вызначае ст.-бел. лупы ’губы’ як запазычанне са ст.-польск. łupy ’тс’. Супраць Непакупны (Baltistica, 11, (1), 109). Сюды ж лупа́ты ’чалавек з вялікімі, тоўстымі губамі’ (Сцяшк., Шат.; бялын., докш., Янк. Мат.; віц., КЭС; драг., полац., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), сувалк. łupaty ’тс’; лаг. лупазу́бы ’бяздзейны, разінькаваты падлетак’, лупа́ч ’мужчына з тоўстымі вуснамі’ (КЭС, лаг.; шальч., Сл. ПЗБ), ’губаты’ (міёр., З нар. сл.).

Лу́па2, лу́пы ’губа, губавыя грыбы, Polyporaceae’ (паст., Жыв. сл.). Да лу́па1. Аб семантычным пераходзе ’губа’ — ’грыб’ гл. гу́ба.

*Лу́па3, лу́пы ’вочы’, лупачы́ ’тс’ (Юрч. Вытв.), сувалк. zalać łupe ’ўпіцца’, якое адпавядае драг. залэ́тэ го́чэ (горі́лкію) ’тс’; рус. перм., урал. лу́пы ’вочы’, алан., валаг. лу́пачи́ ’вытрашчаныя вочы’, уладз. лупа́ндавірлавокі’, укр. правабярэжна-палес. лупа́тий і мсцісл. лупа́ч ’тс’. Генетычна ўзыходзіць да прасл. lupъ (параўн. бел. ё‑луп), якое Мартынаў (Этимология–1984, 129–130) рэканструюе з пратэзай як glupъ. Сюды ж бел. лупа́тывірлавокі’ (ТСБМ, Гарэц., Мал., Дразд., Янк. 1, Шат., Мат. Гом., Нас., Растарг.; бых., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс.; пух., Сл. ПЗБ; ТС), лупава́ты (Мат. Гом.), лупа́сценькій ’тс’ (мсцісл., Нар. словатв.), лупачы́ ’лупатыя вочы’ (капыл., Жыв. сл.; свісл., Сцяшк. Сл.).

Лу́па4 ’яечня, непадкалочаная мукой’ (круп., Сл. ПЗБ) — перанос назвы з першапачатковага лупа ’яечня непадкалочаная’, параўн. гом., чач. лупа́ ’яечня’, асіп. лупа́тая яешня ’яечня нераскалочаная’. Аналагічна рус. глазу́нья, чэш. volská oka ’тс’ (літаральна ’валовы вочы’). Да лу́па3 (гл.).

Лу́па5 ’павелічальнае дваякавыгнутае шкло ў аправе’ (ТСБМ). З рус. лу́па ’тс’, якое на пачатку XIX ст. з франц. loupe непасрэдна або праз ням. Lupe (Фасмер, 2, 534; Крукоўскі, Уплыў, 72). Канчаткова — да лац. lupa ’ваўчыца’ і ’круглая пухліна’, ’круглае шкло’.

Лупа́ ’адходы пры ачыстцы зерня і інш. збожжавых’ (Мат. Гом.; лун., ЛАПП), ’астаткі пасля прасейвання мукі’ (Ян.; ганц., Сл. ПЗБ), ’лупіны, шалупіны, высеўкі, вотруб’е’ (ТС). Укр. лупа́ ’тс’, ’луска рыбы’, ’перхаць’, зах. лу́па ’лупіна, скурка’, рус. лупа́ ’слой скуркі, які лушчыцца’, ’перхаць’, ’дранка’, ’наносы на рацэ’, ’азёрная трава’; польск. łupa ’лупіна агародніны, шалупайка’, ’кара’, ’трэска, палена’, ’луста’, ’куча гною, смецця’, ’кратавіны’, в.-луж. łupa ’лупіна, мяккая кара, лыка’, славац. lupy ’лушпіны’, серб.-харв. лу̏па ’біццё, таўчэнне, стук’. Прасл. lupa ’лупіны ў агародніне’, ’шалупайка яйка’, ’высеўкі’, ’кара дрэў’ (Слаўскі, 5, 317–319). Да і.-е. *leu‑p‑ ’здзіраць скуру, лупіць’; ‑p‑ у гаворках выступае часам у варыянце ‑sp‑ > ‑шп‑. Самыя блізкія і.-е. адпаведнікі: лат. laupa ’здабыча’, lupa ’шкарлупіна, кавалачак, ануча’, lupis ’лясны рабаўнік’; літ. lupà ’кара; лыка (луб), лупіна’: lupti, лат. lupt, làupît ’драць, здзіраць, лупіць’, ’біць’, lùptis ’лупіцца, лушчыцца’, aplaupýti ’абдзіраць, аблупіць’ (Скок, 2, 331–332; Фасмер, 2, 534–535).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)