Стано́вішча ‘месца знаходжання’, ‘пастава; поза’, ‘абставіны’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр.), ‘пазіцыя, пункт погляду’ (Стан.), ‘стан, месца, дзе жывуць рыбакі ў час лоўлі рыбы’ (дзісн., Яшк. Мясц.), ‘месца на пашы, дзе апоўдні стаіць быдла’ (Касп.), станаві́шча ‘месца, дзе стаяць каровы ўдзень’ (Сл. ПЗБ), станові́шчэ ‘стаянка’ (ТС). Укр. стано́вище ‘месца знаходжання, размяшчэнне’, ‘лагер, стан’, ‘месца прыпынку скаціны, якая пасецца’, рус. станови́ще ‘стан, табар, стаянка’, чэш. stanoviště ‘месца прыпынку, станцыя’, серб.-харв. ста̀новиште ‘пункт гледжання, пазіцыя’, балг. стано́вище ‘тс; месца знаходжання’, макед. становиште ‘пазіцыя, пункт погляду’. Дэрыват з суф. ‑ішч(а) ад прыметніка станавы (гл. стан), што прадстаўляе прасл. *stanovъ, *stanovati, параўн. стано́ўны ‘пастаянны’, станаві́ты ‘станоўчы’ (Нас.), станаўкі́ ‘ўстойлівы, рашучы’, станаві́ць ‘ставіць’ (Стан.), ст.-рус. становый, рус. дыял. становать, укр. станови́ти, польск. stanovíc, дыял. stanovny, чэш. stanovati, stanový, славен. stanovati, stanovit, серб.-харв. становати, сталован, балг. стану́вам, стано́вен, макед. станува. Магчыма, ужо прасл. *stanoviště ‘стан, стаянка’, паводле Гарачавай (ЭИРЯ, 9, 63–64), утворанага ад зыходных ‑асноў або ŏ‑асноў, якія перад галоснымі атрымалі канцавое ‑ou̯: *stanou̯‑išče > stanov‑išče > *stan‑ovišče. Бярнар (Бълг. изсл., 98) выводзіць аснову *stanov‑ з іменных форм, параўн. ст.-слав. Р. скл. адз. л. станоу — Н. скл. мн. л. станове, пры старой форме станище < станъ ‘stadium’. Ён жа звяртае ўвагу на семантычную тоеснасць балг. стано́вище ‘пункт погляду’ і чэш. stanovisko ‘тс’ (там жа, 104). У сучаснай беларускай мове супрацьпастаўленне семантыкі ‘месца’ і ‘дзеянне’ рэалізуецца праз ужыванне назоўніка ста́ўленне ‘пазіцыя, адносіны’, гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1182.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тава́р1 ’свойская рагатая жывёла’ (ТСБМ), ’худоба, статак’ (Некр. і Байк.), ’буйная рагатая жывёла’ (Янк. Мат., Мат. Гом.), ’каровы; быдла’: kózy nie tavár (Пятк. 2), това́р ’тс’ (ТС, ПСл, Маш.), ’каровы і коні’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. таваръ ’маёмасць’: а таваръ их на грабежь (Альтбаўэр); сюды ж вытворныя тава́рац, това́рац ’каровы’, ’рагатая жывёла’ (Нар. Гом., ТС), ’жывёла, свойская скаціна (каровы, авечкі)’ (Нар. Гом.), тава́рына, това́рына ’(адна) карова’ (Мат. Гом., ТС), тава́раччы ’каровін’, тава́рачэ мʼясо ’ялавічына’ (лельч., Жыв. сл.). Укр. това́р ’свойская рагатая жывёла’, рус. паўдн. това́р ’гурт рагатай жывёлы’. Да прасл. дыял. (усходняга) *tovarъ ’свойская жывёла’, ’маёмасць’, прычым другое значэнне развіваецца ў ’прадукт працы, выраблены на продаж’ (гл. наступнае слова) і мела, безумоўна, вытворны ад першага характар, г. зн. ’маёмасць у выглядзе свойскай жывёлы’. Менавіта ў гэтых першасных значэннях запазычана з цюркскіх моў, параўн. тур. davar, tavar ’дробная хатняя жывёла, авечкі; хатняя жывёла; маёмасць’, караім., тат. тувар ’хатняя жывёла; жывёліна’, ’уючная жывёліна’ і інш., дзе яны захаваліся. Але ўжо раней назіраюцца натуральныя семантычныя зрухі: ’маёмасць у выглядзе свойскай жывёлы’ → ’маёмасць’, ’багацце’, параўн. ст.-цюрк. tawar, tïwar ’хатняя жывёла; маёмасць’, ed tavar ’(пагалоўе) жывёлы’, tavar ’маёмасць; даніна; дар’, ’дабро, багацце; тавар’, tavarluq ’скарбніца, казна’ і пад. (Ёлкіна, ЭИРЯ, 2, 116–129; Фасмер, 4, 67–68; Чарных, 2, 247; ЕСУМ, 5, 586 з далейшай літ-рай.). На думку Мартынава (Лекс. Палесся, 9), на поўдні Беларусі выцесніла старое гавя́да (гл.). Ст.-бел. товаръ ’свойская жывёла’ фіксуецца толькі ў XVII ст. і запазычана са ст.-укр. товаръ ’скаціна, пераважна рагатая’ (Зяневіч, АКД, 6).

Тава́р2 ’прадукт працы, выраблены на продаж; прадмет гандлю’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, Федар. 4), ст.-бел. товар ’тс’: выдеръ пять, бобръ и иншый товаръ весь у целости есть (пач. XV ст., КГС). Укр. товар ’тс’, рус. товар ’тс’, польск. towar ’тс’, чэш. tovar ’выраб; тавар’, старое н.-луж. towara ’тс’, славен. tovor ’груз; ноша’, серб.-харв. то̀вар ’тс’, балг. това́р ’груз; паклажа’, макед. товар ’тс’. Вынік ранняга семантычнага развіцця прасл. *tovarъ ад ’свойская жывёла’ да ’маёмасць’ і ’тавар’, пераходны этап дэманструе макед. товар ’мера вагі (у тым ліку збожжа, віна, солі, дроў і інш., што пераносіў наўючаны асёл)’, параўн. грэч. γομάρι ’паклажа, груз’ і ’асёл’, паводле Іліеўскага (Прилози, 22, 1–2, 22), прасл. *tovar роднаснае тур. davar, tavar ’свойская жывёла, маёмасць’. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 1522; Глухак, 634 (зыходным лічыць ’паклажа на кані або асле, адкуль ’груз, ноша’ і ’асёл’).

Тава́р3 ’вырабленая скура на абутак’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ; узд., Жд. 1), ’суцэльныя загатоўкі на боты’ (Сцяшк.), ’матэрыял; вырабленая скура на боты, туфлі’ (навагр., ЖНС), ’фабрычная тканіна’ (карэліц., Шатал.), ’фабрычная матэрыя’ (лях., Янк. Мат.), тува́р ’суцэльныя загатоўкі для ботаў’ (Сакал.). Рус. дыял. това́р ’вырабленая скура; скура для абутку’. Звужэнне са спецыялізацыяй значэння тавар2 (гл.), параўн. наступнае слова.

Тава́р4 ’бярвенне (на плыту)’ (лоеў., чач., Мат. Гом.). Параўн. рус. разан. тава́р, тава́р пи́льнай ’першасна апрацаваны матэрыял (галоўным чынам пра піламатэрыялы)’. Метанімічны перанос з тавар2 (гл.) у значэнні ’маёмасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)