Скяпа́ць, скепа́ць, скіпа́ць, с(ь)капа́ць ‘шчапаць’ (Нас., Касп., Шн. 1; віц., Нар. словатв.; бялын., Нар. сл.; Мат. Маг., Растарг.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), ске́паць ‘сячы’ (ПСл). Укр. скіпа́ти, рус. скепа́ть ‘расшчапляць, калоць’, ст.-рус. поскѣпани ‘расколатыя’, оскѣпище, оскѣпъ ‘дрэўка кап’я’. Галоўная цяжкасць — наяўнасць к перад ѣ, якое тлумачылі па-рознаму. Шахматаў (Очерк, 176), Брандт (РФВ, 24, 174), Сабалеўскі (РФВ, 53, 8) і інш. лічылі ўсходнеславянскія формы наватворам ад рэгулярнага *сцѣпати > *стѣпати, скепати, паколькі існуюць балг. це́пя ‘калю (дровы)’, серб.-харв. цијѐпати, цѝјепа̑м ‘расколваць, разрываць’, поруч з *ščepati, гл. шчапаць. Адсюль Фасмер (3, 638) і Махэк₂ (626) мяркуюць аб існаванні прасл. *skьp‑ > ščьp‑ і *skoip‑ > sčep‑. Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 270) лічыць пачатковае ск‑ у +скѣпати заканамерным перад ѣ з ‑oi‑. Паводле апошніх даследаванняў, наяўнасць *s перад *k з’яўляецца фактарам, які можа стрымліваць палаталізацыю (Крысько, Слав. языкозн., XIII, 350). Меркаванні пра спалучэнне ске‑ ў беларускай мове гл. Карскі 1, 368 (адзначае яго старажытнасць), Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 72 (немагчыма даць фанетычнае тлумачэнне), Векслер, Гіст., 92 (лічыць рысай, характэрнай для т. зв. кіеўска-палескага прадыялекта), а таксама Коген, Запіскі 2, 9, 84 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слабо́да ‘свабода, воля, вольнасць’ (Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сержп., Мал., Ян., Янк. 1, Выг., Сл. ПЗБ, ТС), ‘свабода’, ‘адпачынак’ (Сл. ПЗБ), слабода і слабада ‘воля, вольнасць’ (Пятк. 2), слобо́да ‘свабода’ (ТС). Укр. слобода́, рус. дыял. слобо́да, ст.-рус. слобода, чэш. дыял. sloboda, славац. sloboda, серб.-харв. слобо̀да, славен. slobóda, балг. слобода́ ‘тс’, макед. слобода. Паводле БЕР (6, 884–886), ужо прасл. *sloboda. Супраць праславянскага характару Фасмер (3, 672–673), таму што засведчаныя прыклады ўсе даволі познія. З *svoboda (гл. свабода) у выніку дысіміляцыі v–b > l–b; гл. Фасмер, там жа; Гуер у Махэка₂, 597; Міклашыч, 332; Праабражэнскі, 2, 322–323; Младэнаў, 591; Сольмсен, РФВ, 49, 51. Трубачоў (История терм., 171) дапускае магчымасць пераходу v – l на стадыі існавання v як сананта u̯. Борысь (Czak. stud., 44) на падставе харв. чак. sloba ‘свабода’, якое выводзіцца з *svobа ‘тс’, мяркуе, што дысіміляцыя павінна была адбыцца вельмі рана, пакуль захоўвалася білабіяльная вымова v. Іншыя аўтары лічыліся з уплывам кораня *slav‑ (гл. слава, славянін), гл. Атрэмбскі, LP, 1, 143; таксама *slabъ (гл. слабы), гл. Брандт, РФВ, 24, 184; ЕСУМ, 5, 305–306. Карскі (1, 341) сумняваецца ў фанетычным характары змены і далучаецца да меркавання Брандта, адзначаючы даўні яе характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сму́глы 1 ‘з больш цёмнай афарбоўкай (у параўнанні са звычайным колерам) скуры’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), сюды ж смуго́лы ‘блякла-чырвоны, ружаваты’, смуго́ль ‘загарэлы, зрудзелы на сонцы’ (Барад.). Укр. смугли́й, рус. сму́глый, рус.-ц.-слав. смугльныи ‘цёмны’, серб.-харв. смугао. Лічыцца роднасным літ. smáugti ‘ціснуць, душыць’, с.-в.-ням. smouch ‘дым’, англ.-сакс. sméocan ‘дыміць’, англ. to smoke ‘дыміць, курыць’, грэч. δμύχω ‘вару; смажу на слабым агні’ і інш., гл. Фасмер, 3, 693 з іншай літ-рай. На падставе існавання формы смяглы (гл.) Брандт (РФВ, 24, 181) і інш. дапускалі чаргаванне галосных *smǫg‑:*smęg‑, якія працягваюць і.-е. *(s)mū̆k(h)/(*s)meuk(h)‑/(*s)meug(h)‑ ‘дыміць, павольна спальваць; дым’; гл. ЕСУМ, 5, 330. Міклашыч (311), Праабражэнскі (2, 340) меркавалі таксама аб сувязі са смага (гл.), як у пары хмура/хмара. У Огледна св. (69–70) выводзіцца з прасл. *smugъ, акрамя серб. смуг ‘попельна-шэры’, прадстаўленага і ў бел. смуга ‘імгла, імжа’, як варыянта да *smǫglъ, што паходзіць ад незахаванага *smǫgnǫti. Гл. таксама Рачава, Studia Etym. Brun., 3, 326.

Сму́глы 2 ‘гонкі (пра дрэва)’ (брасл., Сл. ПЗБ). З польск. smukły ‘высокі і шчуплы; тонкі, стройны’, якое ад ст.-польск. smuknąć ‘пагладзіць, дакрануцца’; гл. Борысь, 564.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыта́ ’мёд або цукар, разведзены гатаванай вадой’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Маш., ТС, Растарг., Сцяшк., Сл. Брэс.), ’засалоджаная мёдам вада як абрадавая страва’ (Сержп. Прымхі, Серб. Вічын, Арх. Вяр., Ян.; слаўг., Нар. сл.; рагач., ганц., карэліц., З нар. сл.; ЛА, 5), ’раствор мёду або цукру для падкормлівання пчол’ (Анох.; слаўг., Нар. сл.), тое ж сыць (Мат. Гом.), ’страва з кавалачкаў хлеба, пакрышаных у салодкую ваду’ (Сл. Брэс.), ’страва з цёртых канапель’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), сюды ж сы́ціца ’напой з перабрадзіўшай сыты’ (ТС), саці́ца ’напой на сотавым мёдзе’ (Барад.), сыты́ця ’тс’ (Доўн.-Зап., Пін.). Укр. сита́, рус. сыта́, стараж.-рус. сыта́ ’вада, падсалоджаная мёдам, гатаваны мёд’. Слова без пэўнай этымалогіі; на аснове польск. woda miodem nasycona ’вада, сычоная мёдам’ Гараеў (356) выводзіў ад *sytъ ’сыты’; супраць Міклашыч (336). Набліжалі таксама (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1129) да ст.-прус. sutristio ’сыроватка’, літ. sutré, sùtros ’памыі, мутная брудная вадкасць, асадак’, лат. sutra ’гнаявая жыжка’, ст.-ірл. suth ’сок, малако’; Брандт (РФВ, 24, 189) і Ільінскі (РФВ, 62, 139) звязвалі таксама з *sъtъ, гл. соты. Гл. Фасмер, 3, 820; ЕСУМ, 5, 244. Сюды ж сыці́ць ’падсалоджваць ваду, квас мёдам і пад.; настойваць мёд на чым-небудзь’, якому адпавядаюць укр. сити́ти ’падсалоджваць’, рус. сыти́ть ’тс’, польск. sycić ’запраўляць чым-небудзь’: sycić miód ’перарабляць пчаліны мёд на пітны’, што паводле Борыся (590), да прасл. *sytiti ’рабіць сытым, насычаць, карміць’, ад *syty (гл. сыты).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяке́ра ’прылада з лязом на тапарышчы’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Сцяшк., Стан., Бяльк.), сякі́ра ’тс’ (Шымк. Собр., Стан.), саке́ра ’тс’ (Сержп. Грам., Янк. 2, Скарбы, ЛА, 2), соке́ра ’тс’ (ТС, ПСл, Шн., 3, Арх. Вяр.), сокі́ра ’тс’ (Булг.), сако́ра ’тс’ (Пятк. 2, Янк. 2, Скарбы). Укр. соки́ра, рус. секи́ра, стараж.-рус. секы́ра, сѣкыра, сокы́ра, ст.-бел. секера, секира, сокера, сокира ’прылада для сячэння і часання дрэва; зброя ў выглядзе сякеры’ (Корчыц, Даследаванні па літаратуры і мове. Гродна, 1967, 123), польск. siekera, в.-луж., н.-луж. sekera, чэш. sekyra, славац. sekera, серб.-харв. сѐкира, славен. sekíra, балг. секи́ра, макед. секира, ст.-слав. секыра. Прасл. *sekyra роднаснае лац. secūris ’сякера’, і далей, прасл. *sěkti ’сячы’, ст.-в.-ням. saga, sěga ’піла’; Мее, 410; Траўтман, 255; Вальдэ-Гофман, 2, 506; Торп, 424. Бязлай (3, 224) на аснове сербска-харвацкіх і шэрагу славенскіх формаў, а таксама (ст.)-ц.-слав. сѣкыра з доўгім вакалізмам узнаўляе яшчэ прасл. дублет *sěkyra, дзе даўжыня галосных тлумачыцца ўплывам *sěkti ’сячы’ (гл. Міклашыч, 290; Лекарцы, 895; Махэк₂, 540; Фасмер, 3, 592 і інш.), Варбат (Морфон., 91) — *sokyra (параўн. украінскую і старажытнарускую формы). Геаргіеў (LP, 4, 1953, 109) указвае на няяснасць словаўтварэння і падобнасць на асір. šukurru, ст.-яўр. šegōr ’сякера’; Слаўскі (SP, 2, 28) прасл. *sekyra, *sěkyra лічыць дэрыватамі з суфіксам ‑yra ад каранёў *sek‑: *sěk‑. Супраць запазычання з лацінскай (Брандт, РФВ, 24, 146 і інш.) або нейкай іншай індаеўрапейскай мовы Фасмер, там жа. Мартынаў (Язык, 86–87) разглядае як пранікненне з італійскіх моў у праславянскі перыяд. Гл. Шустар-Шэўц, 1281; ЕСУМ, 5, 345; ESJSt, 13, 798.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́сны ’сапраўдны, рэальны’ (ТСБМ), і́стны (Гарэц., Др.-Падб.), истный, истый (Яруш.). Рус. и́стый, дыял. и́стный, укр. і́стий, і́стний, польск. istny, уст. istу, в.-луж. wěsty, н.-луж. wěsty, уст. jisty, чэш. jistý, славац. istý, славен. îsti, серб.-харв. и̏сти, балг., макед. ист. Ст.-слав. истъ ’існы, сапраўдны’, ’гэты, той’, ст.-рус. истый ’той самы; сам’, ’існы, сапраўдны’, ст.-бел. истый ’сапраўдны’, исте, исто ’сапраўды’. Няма неабходнасці прыцягваць польск. isty для тлумачэння ст.-бел. истый ’сапраўдны, праўдзівы’, як Булыка, Запазыч. Бел. існы ўзыходзіць да *jьstъ з суф. ‑ьnъ з далейшым спрашчэннем кансанансам групы. Бясспрэчнай этымалогіі няма. Са шматлікіх версій вылучаецца меркаванне Тапарова (КСИС, 25, 1958, 80–86) аб роднасці з лац. iste ’гэты, той’. Гэта збліжэнне добра тлумачыць семантыку і займенную форму слав. слова: *is‑to‑ ’той самы, іменна той’. Іншыя прапановы менш верагодныя. Супастаўленне з коранем *es‑ ’быць’ (Міклашыч, 105; Мёль, MSL, 7, 1891, 357–358; Брукнер, 193–194, семантычна вельмі прывабнае, выклікае фанетычныя і акцэнталагічныя цяжкасці (Брандт, РФВ, 22, 134; Мейе, MSL, 14, 336). Бернекер (1, 435–436) тлумачыць як складанне з *jьz(iz) + sto‑ (ад *stā‑ ’стаяць’); параўн. лац. ex‑sistere ’існаваць’. *Jьstъ збліжаюць таксама з лат. īsts, īstens ’існы, сапраўдны’ (Буга, РФВ, 70, 1913, 252–253), літ. ýsčias ’яўны, ясны’ (Мюленбах-Эндзелін, 1, 838; Ваян, RÉS, II, 1931, 174). Станг (Norsk Tidskrift for Sprogvidenskap, 15, 343–351) параўноўвае са ст.-інд. īśe ’ўладаць’, гоц. aigin ’уласнасць’, адкуль зыходнае значэнне ’ўласны’. Махэк₂ (228) раздзяляе jistý ’пэўны’ і ten jistý ’той самы’ і апошняе звязвае са слав. *jьsto ’нырка’, хец. ištanza‑ ’душа’, ням. Geist ’дух’. Параўн. яшчэ Безлай (1, 213), які прапаноўвае як магчымую рэканструкцыю *(v)istъ. Больш падрабязны агляд этымалагічных тлумачэнняў гл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 246–247; Фасмер, 2, 144; Слаўскі, 1, 468–469.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярце́п ’вялікі роў, які зарос кустамі’ (слаўг., Яшк.); ’прытон’ (РБС), укр. вертеп ’пячора’; батлейка, зах. верте́па ’прорва, яр, роў’, ве́ртіб, ве́ркіп ’яміна на полі з вадою або без яе’, рус. перм., смал., калуж. верте́п ’яр з непраходнымі кустамі, лесам’, перм. ’узгорак з лагчынамі’, верте́па ’крутая гара, пакрытая непраходным лесам’, маск. вертепи́жина ’яміна з вадою на дарозе’, цэнтр.-рус. вертебя ’карставы яр’, тул. вертебинище ’яр’, ст.-рус. вертепъ, вьртьпъ ’цясніна’; ’яр’; ’пячора, склеп, тайнае сховішча’; ’прытон’; ’сад’, польск. wertep, wertepy ’мясцовасць, цяжкая для пераадолення, дарога з калдобінамі’; ’батлейка’, ст.-польск. werteb ’бездарожжа’, werteba ’яр, роў’, славен. vrtèp ’пячора’, макед., балг. варто́п, врто́п, върто́п, въртуп ’вір’; ’карставая яма’; ’глыбокае месца ў рацэ’; ’невялікі гай сярод голай мясціны’; ’быстрыня’; ’месца на лузе з патаптанай травою’; ’зігзагападобны яр’; ’паварот ракі, дарогі, гары’; ’лагчына’; ’прорва’; ’лужына’, балг. върто́пел ’вір’; ’лагчына’; ’паварот ракі, дарогі, гары’, ст.-слав. врътъnъ, вьртьnъ ’пячора’; ’сад’; ’пекла’, врьтопъ ’пячора’. Некаторыя этымолагі разглядаемую лексему выводзяць з vьrtь ’сад’ (Сразнеўскі, 1, 464), утвораную пры дапамозе суф. ‑ьръ/‑ъръ (Фасмер, 1, 300; КЭСРЯ, 76; Шанскі, 1, В, 65), маючы на ўвазе павойны, пакручасты характар раслін (у садзе). Семантыка, звязаная са сцэнамі нараджэння Хрыста, сведчыць на карысць запазычання ўсх.-слав. лексемы вярцеп (вертеп) з ц.-слав. мовы (Брандт, РФВ, 25, 215). Значэнне ’прытон (разбойнікаў)’ другаснае; яно паходзіць з асноўнага ’прорва, яр, лагчына, непраходнае месца, гушчар’, якое маецца ў паўдн.- і ўсх.-слав. мовах. Польскае werteb(a) Брукнер (607) лічыць запазычаннем з укр. мовы. Можна меркаваць, што лексема з’яўляецца вельмі старым складаным словам, утвораным ад і.-е. *u̯ert‑ ’вярцець’ і *upos ’вада’, якое мела значэнне ’вір, непераходнае глыбокае месца’ (Гараеў, 1896, 69; БЕР, 1, 212; Геаргіеў, БЕ, 11, 1965, 302 і наст.; Кабылянскі, Мовознавство, 1967, 6, 43; Уладзімірская, ЭИРЯ, 6, 1968, 28–40; Клепікава, Карп. диал. и оном., 51 і наст.). Другая частка і.-е. *upos знайшла сваё ўвасабленне ў балг. вапа ’катлавіна’, въпа ’яма, лагчына’, серб.-харв. ва̀па ’выпарэнне’, ст.-слав. вапа ’возера, лужына’. Гл. таксама вярцёбы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Матылёк ’насякомае з дзвюма парамі крылаў’ (ТСБМ, Яруш.; калінк., ЛАПП, гродз., Сл. ПЗБ), гродз., пруж., лях., беласт. маты́лка ’тс’ (Сл. ПЗБ), мату́ль, моты́ль, моті́ль ’тс’ (паўд.-гом., ЛАПП), матыль ’матылёк’, ’лічынка камара як прыманка пры лоўлі рыбы’ (ТСБМ, Бес., Дразд., Федар., Шат.; докш., Янк. Мат.), ’блешня на шнуры, якая рухаецца за лодкай і служыць прынадай драпежным рыбам’ (Крыв., Браім), мо́тыль ’шмат матылькоў’ (Нас.), маты́ль ’гліст, аскарыда’ (докш., Янк. Мат.), матылі́, мітулі́ ’лічынкі стужачных глістоў, якія выклікаюць захворванне ў авечак і коз’ (в.-дзв., шальч., паст., Сл. ПЗБ; ветк., Мат. Гом.). Укр. моти́ль, мете́лик ’матылёк’, ’лічынка камара’, рус. моты́ль ’матылёк’, ’гліст’, ’моль’, польск. motyl ’матылёк’ н.-луж. mjatel, mjatelik, в.-луж. mjetel, чэш. motýl, славац. motýľ, славен. metúlj, metílj ’тс’, серб.-харв. мѐтил, ’гліст фасцыёла’, ц.-слав. матыль. Прасл. motylь, metylь (Бязлай, 2, 181), metelь (Махэк₂, 375). Шустар-Шэўц (12, 927–928) адносіць (з надзейнасцю) луж. лексемы да асновы met‑/mot‑ (гл. мата́ць), прыводзячы ў пацвярджэнне значэнне ’сняжынка’ ў в.-луж. mjetel, гэтым самым падкрэсліваючы, што дзеяслоў з асновы met‑/mot‑ азначаў такі рух, які перадаецца ст.-грэч. πάλλω ’трэсціся, трапятаць, паднімацца уверх’ і які ўласцівы птушцы перапёлцы (пырхаючы палёт), — таму і названы ў славен. гаворцы матыль, гэтаксама — prepelica (< і.-е. *pel‑). У бел. гаворках такія рухі перадаюцца словам матыль! ’хуткі рух чым-небудзь’, ’нечаканы ўдар’ (Нас.). Міклашыч (194), Мее (MSL, 14, 333) дапускалі, што прасл. лексема першапачаткова азначала ’гнаявік’, і прыводзілі ў пацвярджэнне ст.-рус. мотыла, мотыло ’гной’, ц.-слав. мотыло ’кал’. Брандт (РФВ, 22, 156) выводзіў мотыль са значэння ’кідацца туды-сюды’. Кіпарскі (ВЯ, 1966, 5, 135) узводзіць да мотать ’матаць’. Прыймальным можа быць меркаванне Махэка₂ аб сваяцтве прасл. metelь з літ. petelìškė і лат. petelīgs, калі прызнаць мену губных p/m. Трэба адзначыць яшчэ, што ў слав. гаворках існуе вялікая колькасць і варыянтнасць назваў матылькоў, таму што цяпер яны ўжо не з’яўляюцца семантычна празрыстымі для гаворачых, і што часткова гэтыя назвы — табу: ёсць вераванні, быццам матылькі, асабліва начныя, увасабляюць розных злых духаў, ведзьм, нячысцікаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адзё́р 1 ’прыстасаванне, на якім сушаць віку, гарох і г. д.’ (Інстр. II), адзʼор ’від вулея, які ставяць на дрэве’ (Блін., Мяц., Анох.), odzior ’памост, на якім ставяць вулкі-калоды’ (Маш., Сержп.), ozʼor ’памост пад вулеем на дрэве, пад якім тырчаць вострыя спіцы, каб мядзведзь не ўзлез’ (КСТ), одра (КСТ) «адзёр‑вулей — ад стараславянскага одръ — памост, насілкі для нябожчыка, адсюль і палаткі, памосткі для вулляў, а пасля вулей» (Блінава, Мат. конф. МГПИ, 10), рус. одёр ’памост, насілкі для нябожчыка, памосткі для вулляў, памост, каркас воза’, ст.-чэш. odr ’ложа’, чэш. odr ’стоўп, каркас’, odry ’тычкі для вінаграду, будкі для лоўлі птушак’, славац. vôdor ’памост у гумне’, польск. odra ’памост пад вулеем’, балг. одр ’ложа, аканіца’, серб.-харв. о̀дар ’ложа, насціл’, славен. oder ’памост, адрына’. Існуе шмат этымалагічных версій (найбольш поўны агляд гл. Махэк, Slavia, 18, 1–2). Ільінскі, ЖМНП, 1904, апрель, 382: odrъ < o‑drъ ’прастор, акружаны дрэвам’, інакш Сабалеўскі, ЖМНП, 1904, Март. 180; Брандт, РФВ, 23, 1, 95: odrъ < dьrati; Бэцэнбергер, БВ, 27, 174; Уленбек, РВВ, 26, 295; Мерынгер, IF, 18, 256, звязвалі odrъ з ст.-ісл. jaðar ’верхняя бэлька ў плоце’, ст.-англ. eodor ’загон’ і іншымі германскімі паралелямі; Шэфталовіц (IF, 33, 141) параўноўвае odrъ з ст.-інд. ádgaḥ ’сцябло’, літ. uodegà ’тс’; Махэк (там жа, 85): odrъ < vodrъ < vedro, vędnǫti вянуць, сохнуць’ (odrъ — прыстасаванне для сушкі); Вайян (RÉS, 24, 187) выказвае сумненні наконт этымалогіі Махэка і прапануе параўнанне odrъ і лат. adît ’плесці’ (odrъ назва агароджы, параўн. плот). Ва ўсіх пералічаных этымалогіях этымон не звязваецца са значэннем, якое захавалася ў беларускіх словах (Усх. Палессе). Між тым літ. dravìs ’борць’, drevė̃ дупло’, лат. drava, dreve ’тс’, ст.-прус. drawine ’вулей’ несумненна звязаны з прасл. dervo ’дрэва’. Гэты факт, відаць, сведчыць у карысць этымалогіі Ільінскага з мадыфікацыяй Фасмера, 3, 123, які прасл. odrъ выводзіць з o‑drъ ’насціл вакол дрэва’.

Адзё́р 2 (назва хваробы) (БРС, Янк. I, Шат., Сцяшк. МГ) «адзёр — хвароба (скура хворага робіцца чырвонай, як абдзёртая)» (Блінава, Мат. конф. МГПИ) да дзерці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сала́, со́лка ’востраў сярод ракі, пакрыты лазой і кустамі’, ’камяністы выступ сярод рэчкі’ (іўеў., Арашонкава і інш., БЛ, 3, 45), сала́ ’водмель, востраў’, ’узвышанае месца сярод балота’ (іўеў., віл., швянч., Сл. ПЗБ). З літ. salá ’востраў’; гл. Арашонкава і інш. у названай крыніцы; Сл. ПЗБ, 4, 350.

Са́ла 1 ’тлушчавае адкладанне ў целе жывёльнага арганізма’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., ТС, Нар. сл.), ’сала, здор’ (Сл. ПЗБ), ’курыны тлушч’ (Жд. 1), ’гусіны тлушч’ (Мат. Гом.), ’мясістая абалонка ў гарбузе’ (навагр., З нар. сл.), ’белая сарцавіна камыша’ (жлоб., Кошчанка, вусн. паведамл.), салны́ця ’унутранае сала’ (Сл. Брэс.). Агульнаславянскае; рус. са́ло ’сала, нутранае сала’, укр. са́ло ’сала; здор’, стараж.-рус. сало, польск. sadło ’нутраны тлушч наогул’, в.-луж. sadło ’топленае сала, тлушч’, н.-луж. sadło ’нутраны тлушч, сала’, чэш. sádlo ’від жывёльнага тлушчу’, славац. sadlo ’тс’, серб.-харв. са̏ло ’нутраны тлушч, свіны тлушч’, славен. sál̥o ’нутраны тлушч’, балг. са́ло ’нутраны тлушч’, ’мяккая тканка вакол насення ў гарбузе, перцы і г. д.’, макед. са́ло ’свіны тлушч; нутраны тлушч’. Прасл. *sadlo. Дэрыват ад кораня *sad‑ (які ў *saditi ’садзіць’), г. зн. ’тое, што садзіцца на мяса або на нейкія часткі цела’; гл. Міклашыч, 287; Мацэнауэр, LF, 19, 244; Младэнаў, 567; Брандт, РФВ 24, 145; Фасмер, 3, 550; Шустар-Шэўц, 2, 1263; Борысь, 537. Сумненні адносна словаўтварэння ў Махэка₂ (535), які праславянскай лічыць форму *sadidlo, і Рэйзака (558); апошні лічыць магчымым утварэнне слав. слова ад і.-е. sa‑ ’сыціць’. Аналагічна Сной₁, 552. Мартынаў (Этимология–1982, 9) параўноўвае з прус. saltan ’сала’, літ. lašiniai ’сала’, марфалагічна тоесных слав. *sadlo, але фанетыку кораня цяжка давесці.

Са́ла 2 ’бома для прыціскання бервяна на козлах’ (дзісн., КЭС), ’рычаг (цяжкае бервяно)’ (нараўл., Сл. ПЗБ), ’груз на калодзежным жураўлі’ (Сл. Брэс.). Да сала 1. Калька літ. lašinai ’сала’, ’палка або чурбан для прыціскання дошак’.

Сала 3 ’«жалезныя свечы» на аржавенні-вадзе, дзе шмат жалезных спалучэнняў’ (Нік. Очерки). Да сала 1 (гл.).

Са́ла 4 ’ледаход’ (Байк. і Некр.). Да сала 1, параўн. рус. са́ло ’першая корка лёду’; гл. Фасмер, 3, 550.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)