папа́сці, ‑паду́, ‑падзе́ш, ‑падзе́; ‑падзём, ‑падзяце́; пр. папа́ў, ‑па́ла; заг. пападзі́; зак.

1. у каго-што. Трапіць у цэль, дасягнуць якой‑н. мэты, кінуўшы, накіраваўшы што‑н. куды‑н. [Даша:] — У яго ўсю сям’ю забілі. Бомба проста ў дом папала. Асіпенка. Костусь апускае ногі і стараецца папасці ў свае старыя сляды. Лужанін. // на каго-што. Апынуцца, аказацца на кім‑, чым.‑н. (аб пырсках, кроплях і пад.). Кроплі дажджу напалі на белыя лісткі. Бядуля.

2. Пранікнуць, прайсці ўнутр чаго‑н.; апынуцца дзе‑н. Метал, здавалася, сам знаходзіў літнік, каб папасці і забегчы ў форму. Скрыган. [Міколка] смела прайшоў у тую залу, куды раней ніколі не мог папасці. Лынькоў.

3. Знянацку, выпадкова наступіць на што‑н. або трапіць куды‑н.; зачапіць што‑н. Ісці стала лепей, ногі здаваліся лягчэйшымі і высока паднімаліся. Толькі трэба было сачыць, каб не папасці ў санную каляіну, бо там было слізка. Мележ.

4. у што, на што, пад што. Апынуцца ў якіх‑н. абставінах, умовах (пераважна ў непрыемных). Папасці пад суд. □ Амаль усё нязгрэбенае сена папала пад дождж. Місько. Васіль рэзка ўзяў убок, каб у цемнаце не папасці, чаго добрага, пад машыну. Кулакоўскі. Землякі не далі нам прайсці нават да стала, яны абступілі нас з роспытамі.. Нам здавалася, што мы папалі на нейкае свята. Скрыган.

5. у што, на што. Быць прынятым, прызначаным на работу, вучобу і пад. МТС ліквідуюць, ясна. Частка трактароў адразу пойдзе ў калгасы.. Добра, каб удалося Пракопу папасці на трактар у свой родны калгас. Ермаловіч. [Андрэй Давыдавіч:] — Бацьку і матку.. [Міхаські] фашысты спалілі, ён нейкім цудам выратаваўся, усю вайну пражыў у лесе.. Затым ужо, пасля перамогі, папаў у дзіцячы дом. Кулакоўскі.

6. безас. каму-чаму. Разм. Пра спагнанні, непрыемнасці, якія атрымае або можа атрымаць хто‑н. [Леў Раманавіч:] — Эх ты, футбаліст. Перапэцкаўся ўвесь, як маленькі. Пападзе нам з табой ад маці. Асіпенка.

7. пр. час ніякага роду папа́ла. У спалучэнні з папярэднімі займеннікамі і займеннымі прыслоўямі «дзе», «куды», «што» і пад. абазначае няпэўнасць, выпадковасць чаго‑н., напрыклад: дзе папалаабы-дзе, дзе прыйдзецца; як папалаабы-як, у беспарадку. Геаграфічныя карты віселі дзе папала і як папала. Колас. Кот Базыль .. еў што папала, не перабіраючы, хлеб — хлеб, бульба — бульба... Брыль.

•••

Ляйчына (лейчына) пад хвост папала (трапіла) гл. лейцы.

Папасці (трапіць) на лаву падсудных — тое, што і сесці (трапіць) на лаву падсудных (гл. сесці).

Папасці (трапіць) пальцам у неба — сказаць што‑н. неўпапад, недарэчы.

Папасці ў (самую) кропку — а) трапіць у цэль пры стрэльбе; б) здагадацца сказаць або зрабіць іменна тое, што патрэбна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́ха,

1. Прысл. да ціхі.

2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць цішыні дзе‑н., ціхае надвор’е. Было ціха і цёпла. Здавалася, яшчэ дзень-другі — і ў ліловых алешніках зацёхкаюць галасістыя салаўі. Ігнаценка.

3. безас. у знач. вык. Пра спакойнае, мірнае жыццё. Гора ў прорву нябыту сплыло. Шчасце зведалі дзеці. Толькі б ціха на свеце было, Толькі б ціха на свеце... Гілевіч. // Пра адсутнасць спрэчак, сутыкненняў паміж кім‑н. [Жанчына:] — Маўчыць [Пятро], як вады ў рот набраўшы. Кажа: «Абы ў хаце ціха было». Пальчэўскі. // перан. Пра душэўны спакой, уціхаміранне. На душы было ціха.

4. у знач. вык. Ужываецца як загад не шумець, замаўчаць. — Ціха-а, — шапнуў Косцік, — гэта вавёрка. Брыль. — Ціха, хлопцы! Памаўчыце хоць адну хвіліну. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ахво́та, ‑ы, ДМ ‑воце, ж.

1. Жаданне задаволіць якія‑н. свае патрэбы, імкненні, схільнасці, захапленні. У нашай цудоўнай Савецкай Айчыне шлях у жыццё ім шырока адчынен і да навукі, да усякай работы, абы ты здольнасці меў і ахвоту. Дубоўка. З гулам, з грукатам страшэнным Яна [маланка] рухае машыны. Хутка бегае па дроце (Не па ўласнай хоць ахвоце). Крапіва. Іліко плёскаўся ў вадзе, колькі было ахвоты. Самуйлёнак. Дзе няма ахвоты, там няма работы. Прыказка.

2. безас. у знач. вык. Ёсць жаданне што‑н. рабіць. Хай глядзіць ён [звярок] на людзей І на іх работу... Бор грыміць, звініць, гудзе, Мне спяваць ахвота! Бялевіч.

3. Разм. Пара цечкі, жаданне да спарвання ў самак.

•••

Адбіць ахвоту гл. адбіць (у 5 знач.).

Ахвота бярэ — ёсць жаданне да чаго‑н.

Паддаць ахвоты гл. паддаць.

Сагнаць ахвоту гл. сагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

валя́цца, я́юся, ‑я́ешся, ‑я́ецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у беспарадку, бязладна, як папала, не на месцы. Усюды на падлозе валяўся хатні скарб — рашоты, адзежа, кублы. Лупсякоў. [Юткевіч] ляжаў на нейкай старасвецкай канапе,.. каля канапы валяўся ягоны англійскі шынель. Мікуліч. // Ляжаць без ужытку. Каля адрынкі пад страхою У дзеда Юркі сіратою Валяўся човен так, без дзела. Колас.

2. Лежачы, пераварочвацца з боку на бок. [Гарлахвацкі:] Вы, напэўна, самі не раз паглядалі, як нашы свінні ахвотна валяюцца ў брудных лужах. Крапіва.

3. Разм. Ляжаць, нічога не робячы. Цэлымі днямі Марынка валялася на ложку, чытала, глядзела тэлевізар. Шыцік. // Доўга ляжаць у пасцелі з прычыны хваробы, ранення. Валяцца ў шпіталях.

•••

Ад ветру валяцца — ледзь стаяць на нагах ад слабасці.

На дарозе (зямлі, доле, абы-дзе) не валяецца — дарма не дастаецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзяля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Участак лесу, адведзены пад высечку або ўжо высечаны. Трэба было да вясны ссячы і прывесці ў парадак дзялянку, якую адвялі калгасу. Ермаловіч. — Такія елкі, як на плошчы, прывозяць з дзялянак, дзе сякуць лес, а не абы-адкуль. Хадкевіч.

2. Участак зямлі, адведзены для якой‑н. мэты (апрацоўкі, забудовы і пад.). Усе пайшлі аглядаць доследныя дзялянкі, якія былі тут жа, за палацам. Дуброўскі. Дзяўчынка адводзіць сваёй казе раскошную дзялянку: метраў дваццаць ва ўсе бакі ад убітага ў зямлю коліка. Кулакоўскі.

3. Абл. Кавалак чаго‑н. Бабіцкая разгарнула скрутак: там была круглая буханка жытняга хлеба і дзялянка сала. Гурскі. // Частка, доля ад чаго‑н. (пры дзяльбе). Актыўны гуманізм рыбакоў праявіўся ў аднадушным рашэнні даваць дзялянку з кожнага ўлову ўдаве Прахора і старому Сымону. У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пу́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Пусты, без усякай расліннасці ўчастак зямлі. Не хапае зямлі. Ляжыць яна навокал то балотамі, то лясамі, то вось такой пусткай — жоўтым пяском. Чарнышэвіч. На былой пустцы пачалося будаўніцтва самай магутнай у рэспубліцы электрастанцыі. Дадзіёмаў. // Пра ўчастак зямлі, які не апрацоўваецца, не абрабляецца. З пусткі, дзе некалі гагаталі вывадкі гусей ды паролі дзірван лычамі свінні, Мітрафан зрабіў прыгожы і ўтульны куток.. Ракітны.

2. Закінуты ўчастак зямлі, спустошаная зямля. — А памятаеце, з чаго пачынаўся горад і завод? З руінаў, з пустак. Карпаў. Макрына, сумна агледзеўшы забытую пустку, з жальбай сказала: — Гэта ўсё... гэта ўсё, што асталося ад Аліфераўшчыны... Ракітны.

3. Пра пустое, бязлюднае месца, памяшканне. Хата была як пустка якая: усё паадчыняна, паразварочвана, кінута абы-як, і ні душы нідзе. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чапля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. што. Кранаць, зачэпліваць за што‑н., датыкацца да чаго‑н. Трэба быць сапраўдным акрабатам, каб ісці, не чапляючы галін, што тырчаць ва ўсе бакі. Цябут. // перан.; каго. Турбаваць, закранаць. Мачыха сядзела, гаманіла з Глушачыхай, з Глушаком, чапляла часам маўклівага, ваўкаватага Яўхіма. Мележ.

2. што. Захопліваць, зачэпліваць, браць чым‑н. вострым, учэпістым. Хлопчык.. пачаў глядзець, як Пракаповіч вырывае цвікі з падлогі, лоўка чапляючы іх за галоўкі жалезнай лапай. Радкевіч. [Даніла:] — То бяры, швагер, відэлец ды чапляй скварку. Чарнышэвіч.

3. што. Зачэпліваючы, прымацоўваць; прычапляць. Трактарысты ўжо чаплялі тросік к перадку машыны. Лобан. [Чыжык] саскоквае з каня, чапляе повад за агароджу і шпарка шыбае праз калітку. Лупсякоў. // Разм. Вешаць. У сцяну ўманціравана шафа, у якой Лявон Васільевіч чапляе сваё паліто і капялюш. Гроднеў. // Змацоўваць, нанізваючы адно на другое. Лісце [тытуню] чаплялі на ніткі і вешалі ў хаце пад бэлькамі. Пташнікаў.

4. што. Разм. Надзяваць што‑н. Чуць дзе з’явіцца дзірка, .. [Анісім] браў іголку, нітку, чапляў на нос акуляры і садзіўся за рапарацыю кажуха. Колас.

5. Разм. Тое, што і чапляцца (у 1, 4 знач.). За нізка навіслыя лапы ялін раз за разам чапляе крывая вішнёвая дужка. Брыль. Зайчык, той знарок пацяшаўся, чапляў, абы паспрачацца, абы падсмяяцца з куранёўскай слепаты ды скнарлівасці. Мележ.

•••

Чапляць нага (нагу) за нагу — ісці вельмі павольна, марудна.

Чапляць сабак на каго — тое, што і вешаць сабак на каго (гл. вешаць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прышаво́ры ’забабоны’; ’зачараваныя рэчы’, прышаворыха ’асоба, здатная на забабоны’ (пух., Жыв. сл.). Рус. наўг. прыше‑ выривать ’прышэптваць’, валаг., уран. пришевертывать ’прышэптваць, гаварыць неразборліва’. З пры‑ша‑ворыу дзе ша⇉экспрэсіўная прыстаўка. Несумненна, роднаснае каверня ’аб чым-небудзь неразумным’, каверыць ’перакручваць словы’ (гл.), якія Лабко (там жа) узводзіць да кораня ‑вер‑ са значэннем ’плесці’ і параўноўвае з вярэня ’плеценая торбачка’, рус. шеве‑ ренька ’кашолка’. Семантычны пераход ’плесці’ → ’гаварыць абы-што, што-небудзь незразумелае, пляткарыць’ шырока вядомы, параўн. вярзці, плёткі (гл.), рус. сплетни і г. д. З другога боку, вядома, што значэнне ’варажыць’ часта ўзнікае на базе значэння ’невыразна гаварыць, мармытаць’, параўн. забабоны, шаптаць ’загаворваць’. Магчыма, да гэтай групы адносяцца яшчэ і рус. шаверь ’дробязь, дрэнь’, шаверень ’тс’; інакш аб апошніх словах Фасмер, 4, 393. Параўн., аднак, прышавіцца ’здацца, прывярзціся’ (Ласт.), што, хутчэй за ўсё, ад шаваць ’варушыцца’ (гл.), або да шаў (шав) (выклічнік, што перадае гаворку шапялявага) (Нас.) з экспрэсіўным нарашчэннем ‑pp‑, параўн. шапор‑ тацца ’варушыцца’, выклічнік шапор‑шапо́р ’тс’ (Нас.), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стро́гі, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі патрабавальны. Строгі настаўнік. □ А Парамон Пісанец разгублены стаяў і не ведаў, куды цяпер падацца. Ці ў рэдакцыю, дзе яго чакае строгі рэдактар і спаткае Хвёдка з пытаннем: «Ну што, прынёс нарасць?», ці дадому? Грамовіч. [Гарлахвацкі:] У вашай асобе спадзяюся бачыць суддзю строгага і справядлівага. Крапіва. // Які выражае патрабавальнасць; сур’ёзны да суровасці. — Партызаны?! — спалохана схапіўся .. [Жаўрыд] за сваю забруджаную сярмягу і тут жа, сустрэўшыся з .. строгім дапытлівым позіркам [Ліды], рвануў руку назад. Васілевіч. Часам успомніць Хіма гарадскую жанчыну са строгім сур’ёзным тварам. Каваль.

2. Вельмі сур’ёзны, суровы, які не дапускае паблажак. Строгі нагляд. Строгія звычаі. □ Забыліся .. [хлапчукі] і на абед і на строгі наказ — не адлучацца за межы лагера. Пальчэўскі. // Жорсткі (пра меры спагнання, уздзеяння). Строгая вымова. Прыняць строгія меры.

3. Які не дапускае ніякіх адхіленняў ад нормы, правіл. Строгая дыета. Строгая эканомія. Строгі ўлік. □ Адам вёў строгую канспірацыю і прывучыў да строгасці ў падпольных справах і Міколу. Якімовіч. Цяжка было салдатам захаваць строгую дысцыпліну ў такі ўрачысты момант. Лынькоў. // Дакладны, канкрэтны; прадуманы, устаноўлены. Строгая паслядоўнасць. □ Кожная хвіліна мела ў .. [Мінкіна] сваё строгае прызначэнне. Бядуля. Хлопчык прабіраўся следам, асцярожна, каб не зачапіць якую-небудзь кніжку, не парушыць строгі парадак на паліцах. Шыловіч.

4. Які не дапускае адхіленняў ад правіл паводзін, ад агульнапрынятых маральных норм. Ціхон Седрачук — вельмі строгіх правіл у жыцці чалавек. Ракітны. // Стрыманы ў абыходжанні з кім‑н., які ўмее сабою валодаць. Ніна была строгая з хлопцамі, не любіла знаёміцца так — абы-дзе, абы з кім. Арабей. Ты жанчына — і можаш ты многае. .. Будзь са мною і добрай, і строгаю, Ды ніколі халоднай, малю! Тармола. Ларыса стаяла строгая, з выразнай трывогай на твары. Асіпенка.

5. Правільны, які адпавядае патрабаванням пэўнай нормы, класічнага стылю. Збудаванні захоўвалі строгія лініі. □ Стыль [дэкарацый] быў ужо праз меру строгі — аддавала халадком класічнага бела-ружовага мармуру Атэны. Бядуля. Строгі будынак з вузкімі вокнамі стаяў у парку, прымыкаючы да пляцоўкі, абкружанай мурам. Караткевіч. // Без упрыгожанняў; з вытрыманасцю прамых ліній. Але тут да паравоза падыходзіць высокі чалавек у строгім чыгуначным гарнітуры. Васілёнак. І любіш ты, як ён, як я, Жанчыну ў строгім плацці. Яна — настаўніца твая. Твая другая маці. Агняцвет.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падсу́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Сунучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н.; прысунуць. Ложак стаяў не там, дзе стаіць у хаце звычайна, — яго падсунулі да самага стала. Шамякін.

2. Засунуць пад што‑н. Маці выгнала з хаты парсюка, памыла рукі і падсунула нагою карыта пад лаўку. Галавач.

3. Непрыкметна падлажыць што‑н. Хмара выбраў некалькі паперак і працягнуў Крамнёву.. — Зможаш усё гэта ўмела падсунуць немцам? — спытаў Хмара, калі Крамнёў дачытаў усё да канца. — Пастараюся. Шашкоў. // Разм. Карыстаючыся чыёй‑н. няўважлівасцю, даць што‑н. фальшывае, непатрэбнае, непрыдатнае. — Вы падпісалі пратакол агляду месца здарэння. А там напісана, што пыл не патрывожаны. — Падсунулі, дык і падпісаў не чытаючы, — буркнуў Арэшка. Капусцін. [Упраўляючы:] — Адмаўляйся ад дошак. Там хітрыя ўсе: падсунуць абы-што, а тады скажуць — фонды вы свае выбралі. Беразняк.

4. Разм. Даць хабар. Сёй-той гаварыў, што не хвароба выратавала Драча ад акопаў, а грошы, якія той падсунуў пану доктару. П. Ткачоў.

•••

Камар носа не падсуне гл. камар.

Падсунуць свінню — тое, што і падлажыць свінню (гл. падлажыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)