СМАЛЯВІ́ЧЫ,

горад, цэнтр Смалявіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Пліса. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша. Аўтадарогамі злучаны з Чэрвенем, Лагойскам, Смілавічамі, Самахвалавічамі. За 55 км на У ад Мінска. 14 тыс. ж. (2001).

Вядомы з 1448 як уласнасць крэўскага намесніка Алёхны Даргіевіча. У 1508 мястэчка Мінскага ваяв. ВКЛ, уласнасць кн. К.​Астрожскага, з 2-й пал. 16 ст. — Радзівілаў, Вітгенштэйнаў, Гагенлоэ. С. пацярпелі ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, у Паўночную вайну 1700—21. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр воласці Барысаўскага пав. У пач. 19 ст. тут існаваў княжацкі палац (згарэў у 1819). У 1871 каля С. пабудавана станцыя Вітгенштэйнаўская на пракладзенай чыгунцы Масква—Брэст. У 1897 у мястэчку 2757 ж., 299 двароў, вал. ўправа, земскае нар. вучылішча (з 1863), 2 царквы, капліца, паштова-тэлегр. аддзяленне, бровар, рамесныя майстэрні па вырабе адзення і абутку, 8 кузняў. У пач. 20 ст. адбыліся забастоўкі рабочых і сял. хваляванні. З 17.7.1924 цэнтр Смалявіцкага р-на, да 24.9.1926 — сельсавета Мінскай акр. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—6,8 тыс. ж. 26.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут больш за 2 тыс. жыхароў, у створаным гета расстралялі каля 3 тыс. ахвяр; дзейнічала Смалявіцкае патрыятычнае падполле «Чырвоны Сцяг». Вызвалены 2.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1962—65 у Мінскім р-не. З 7.3.1968 горад, у 1998 атрымаў герб.

Працуюць заводы: шасцерняў, жалезабетонных вырабаў, мех., малочны, хлебазавод, камбінаты харч. і каап. прам-сці, лясгас, буд. і маш.-буд. прадпрыемствы; ПТВ, 3 сярэднія, муз. і спарт. школы, Дом культуры, Дом нар. творчасці, кінатэатр, бальніца. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі: сав. воінам-вызваліцелям, лётчыкам, супрацоўнікам міліцыі.

Т.​Ю.​Шчурко.

Горад Смалявічы. Цэнтральная плошча.

т. 15, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СПЕЙС ШАТЛ»

(англ. Space Shuttle касмічны чаўнок),

пілатуемы трансп. касм. карабель ЗША шматразовага выкарыстання; праграма яго распрацоўкі і запуску. Прызначаны для вываду касмічных апаратаў на геацэнтрычныя арбіты і аўтам. станцый на траекторыі палёту да планет, астэроідаў і камет, правядзення тэхнал. і навук. эксперыментаў і даследаванняў. Выкарыстоўваўся для дастаўкі і вяртання на Зямлю экспедыцый наведвання арбітальнай станцыі «Мір»; выконвае трансп. аперацыі па праграме стварэння Міжнар. касм. станцыі.

Стартавая маса ~2 тыс. т, даўж. 56 м. Макс. карысны груз 29,5 т пры вывадзе на арбіту вышынёй 185 км. Макс. працягласць арбітальнага палёту да 30 сут (у складзе арбітальнага комплексу). Экіпаж 2—7 чал. Выкананы па 2-ступеньчатай схеме з паралельным размяшчэннем ступеней. Пры старце (вертыкальным) уключаюцца рухавікі абедзвюх ступеней. 1-я ступень — 2 цвердапаліўныя блокі (паскаральнікі), якія пасля аддзялення, парашутнай пасадкі ў акіян і аднаўлення выкарыстоўваюцца паўторна (да 20 разоў). 2-я ступень (арбітальная) — крылатая пілатуемая; маса больш за 110 т. даўж. 37,3 м, крыло з падвойнай стрэлападобнасцю (размах 23,8 м) забяспечвае неабходныя аэрадынамічныя характарыстыкі; мае знешні скідвальны бак з вадкім палівам (адзіны аднаразовы элемент «С.ш.»); пасля сыходжання з арбіты выконвае спуск у «самалётным» рэжыме. Першы старт «С.ш.» 12.4.1981. Здзейснена 107 палётаў (2002), у т. л. арбітальных ступеней: «Атлантыс» — 24, «Дыскаверы» — 30, «Індэвар» — 16, «Калумбія» — 26, «Чэленджэр» — 10 (11-ы пацярпеў катастрофу ў час старту 28.1.1986).

У.​С.​Ларыёнаў.

«Спейс шатл»: 1 — знешні (падвесны) паліўны бак; 2 — памяшканне для экіпажа на арбітальнай ступені; 3 — 2-я (арбітальная) ступень; 4 — адсек карыснага грузу; 5 — цвердапаліўныя блокі 1-й ступені; 6 — асноўны вадкасны ракетны рухавік арбітальнай ступені; 7. 8 — вадародны і кіслародны адсекі бака 1.
Схема палёту «Спейс шатл»: 1 — пуск; 2 — аддзяленне цвердапаліўных паскаральнікаў; 3 — парашутная пасадка паскаральнікаў у акіян; 4 — аддзяленне скідвальнага паліўнага бака; 5 — арбітальны палёт; 6 — тармажэнне арбітальнай ступені і ўваход у атмасферу; 7 — пасадка.

т. 15, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ВО́ЙСКІ,

вайсковыя часці і злучэнні, прызначаныя для забеспячэння баявой дзейнасці ўзбр. сіл і выканання спец. задач. Існуюць у шэрагу дзяржаў, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь Уваходзяць у склад Тылу ўзбр. сіл (аўтамаб., дарожныя войскі і інш.), відаў узбр. сіл (напр., мабільныя сілы — у сухап. войскі, інжынерна-аэрадромныя часці — у ВПС і інш.), а таксама рэзерву, у т. л. стратэгічнага. Напр., у Вял. Айч. вайну 1941—45 некат. злучэнні і часці інжынерных войск, войск сувязі былі непасрэдна падпарадкаваны Нар. камісару абароны, Стаўцы Вярх. галоўнакамандавання і інш. органам Дзярж. камітэта абароны.

На тэр. Беларусі ў гады 2-й сусв. вайны дзейнічалі, у т. л. ў складзе партызанскіх фарміраванняў, спец. разведвальна-дыверсійныя атрады і інш. спец. падраздзяленні, якія выконвалі адказныя задачы ў інтарэсах сав. войск (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну); у перыяд вайны і пасля яе — органы і спец. часці (падраздзяленні) НКУС. Нар. камісарыята абароны (гл. «Смерш») і інш., прызначаныя для барацьбы з дыверсійнай і тэрарыст. дзейнасцю замежных разведак, выканання інш. спец. задач. На тэр. Беларусі ў 1941—44 дзейнічалі і спец. падраздзяленні абвера, гестапа, СД, СС і інш. спец. службаў фаш. Германіі.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь С.в. ўключаюць: чыгуначныя войскі, інж. і хім. войскі, войскі сувязі, злучэнні і часці разведкі, тэхн. і тылавога забеспячэння, а таксама радыёэлектроннай барацьбы. Арганізацыя, узбраенне і тэхн. забеспячэнне С.в. залежаць ад іх прызначэння. Шэраг спец. задач, у т. л. па барацьбе з тэрарызмам, ахове грамадскага парадку і інш., выконваюць злучэнні (асобныя брыгады) спец. прызначэння ўзбр. сіл, а таксама некат. часці і падраздзяленні ўнутр. і пагран. войск. Важная роля С.в. належыць у ліквідацыі на тэр. Беларусі наступстваў чарнобыльскай і інш. тэхнагенных катастроф, пры правядзенні размініравання, у барацьбе з паводкамі і інш.

Р.​Ч.​Лянькевіч, У.​І.​Свякла.

т. 15, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАДЫЁН (ад грэч. stadion месца для спаборніцтваў),

збудаванне для правядзення спаборніцтваў і трэніровак па розных відах спорту. Мае спарт. арэну (ігравое поле, бегавыя дарожкі, сектары для лёгкай атлетыкі), трыбуны для гледачоў, спарт. пляцоўкі з дапаможнымі збудаваннямі і памяшканнямі. Падзяляюцца на малыя (плошча 5—10 га, трыбуны на 1,5—3 тыс. месцаў), сярэднія (плошча 15—20 га, трыбуны на 10—12 тыс. месяцаў) і вял. (плошча больш за 25 га, трыбуны больш як на 25 тыс. месцаў).

Першыя С. будавалі ў Стараж. Грэцыі ў Алімпіі, Афінах, Дэльфах і інш. гарадах для правядзення Алімп. гульняў. Пасля адраджэння гульняў у 1896 С. будуюць у многіх краінах. Яны ўтвараюць комплексы збудаванняў для аздараўлення, навучальна-трэніровачных заняткаў, спарт. спаборніцтваў па розных відах спорту. У 1950—60-я г. атрымалі пашырэнне крытыя С. Самы буйны ў свеце адкрыты С. — Страгаўскі ў Празе (1934; 240 тыс. гледачоў). Найб. вядомыя С. 2-й пал. 20 ст. — алімп. ў Рыме і Мюнхене (Германія), Уімблдан і Уэмблі ў Лондане, «Ноу Камп» у Барселоне (Іспанія), спарт. комплексаў «Лужнікі» і «Алімпійскі» ў Маскве і інш.

На Беларусі (у Мінску і абл. цэнтрах) у 1920—30 пабудавана 14 С.; у Вял. Айч. вайну ўсе разбураны; пасля вайны адноўлены, пабудаваны новыя. Існуюць 220 С. з трыбунамі ад 1,5 тыс. да 50 тыс. месцаў (2001). Найбольшыя С.; у Мінску — «Дынама», «Трактар» (пабудаваны ў 1968, рэканструяваны ў 1978 і 1998, 25 тыс. месцаў); у Брэсце — «Дынама» (1937, рэканструяваны ў 1951, 10,6 тыс.), «Лакаматыў» (1972, 3 тыс.); у Віцебску — «Дынама» (1937, рэканструяваны ў 1980—86, 5 тыс.), «Лакаматыў» (1964, 1,5 тыс.); у Гомелі — «Лакаматыў» (1926, 15 тыс.), «Гомсельмаш» (1966, 9,7 тыс.); у Гродне — «Нёман» (1963, 15 тыс.); у Магілёве — «Спартак» (1956, рэканструяваны ў 1982, 12 тыс.).

Стадыён у Барселоне.

т. 15, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛЬЦЫ́,

1) катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст., асн. павіннасцю якіх у дзярж. уладаннях была арганізацыя і ўдзел у паляванні вял. князя (егерская служба), акрамя таго, С. лічыліся ваеннаабавязанымі. З сярэдзіны 16 ст. С. плацілі чынш (у той год, калі не выконвалі сваіх прамых абавязкаў). Паводле ардынацыі пушчаў 1641 С. былі вызвалены ад абавязку ўдзелу ў ваен. паходах, а павіннасці з іх сталі спаганяцца як з адной валокі зямлі. З 2-й пал. 17 ст. С. зноў ваеннаабавязаныя. У 18 ст., як правіла, пры выкананні егерскай павіннасці абавязаны былі плаціць чынш, натуральны падатак і інш. У прыватных і царк. уладаннях С. выконвалі ў асн. толькі егерскую службу.

2) Назва воінаў ВКЛ у 15—17 ст., якіх выстаўлялі мяшчане ўсх.-бел. гарадоў для абароны замкаў у час небяспекі.

3) Першае пастаяннае войска ў Рас. дзяржаве ў 16 — пач. 18 ст. (стралецкае войска), узброенае халоднай (бердышы) агнястрэльнай зброяй (пішчалі). Створана ў 1540—50-х г. Напачатку С. набіралі з пасадскага і сельскага насельніцтва, потым іх служба стала пажыццёвай і спадчыннай. С. атрымлівалі жалаванне грашамі, хлебам, зрэдку зямлёю. Падпарадкоўваліся Стралецкаму прыказу, а ў час вайны — военачальнікам. Жылі асобнымі слабодамі, мелі сем’і, займаліся рамёствамі і гандлем. У мірны час неслі гарнізонную і пагран. службу, у ваенны — прымалі ўдзел у паходах і бітвах. У 17 ст. С. ўдзельнічалі ў антыпрыгонніцкіх выступленнях, сял. войнах пач. 17 ст. і 1670—71 (пад кіраўніцтвам С.​Разіна), антыўрадавых паўстаннях, у т. л. ў Маскоўскім паўстанні 1682, Стралецкім паўстанні 1698. У 1720-х г. стралецкае войска расфарміравана Пятром I. Да гэтага часу завершана стварэнне рас. рэгулярнага войска, заснаванага на рэкруцкай павіннасці.

Літ.:

Чернов А.В. Вооруженные силы Русского государства в XV—XVII вв. М., 1954;

Буганов В.И. Московские восстания конца XVII в. М., 1969.

т. 15, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАСБУ́Р, Страсбург (Strasbourg),

горад на У Францыі. Адм. ц. дэпартамента Ніжні Рэйн і гал. горад гіст. правінцыі Эльзас. Каля 260 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт пры ўпадзенні р. Іль у Рэйн. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш-буд., тэкст., дрэваапр., нафтаперапр., харчовая. Ун-т. Месца знаходжання Савета Еўропы (з 1949), Еўрапейскага парламента, Еўрап. суда па правах чалавека і інш. еўрап. устаноў.

Засн. стараж. рымлянамі ў 16 г. н.э. як ваен. лагер Аргентаратум. Назва С. вядома з канца 6 ст. Развіццю горада спрыяла яго зручнае геагр. размяшчэнне на перакрыжаванні гандл. шляхоў. З 498 у складзе Франкскай дзяржавы, з 843 — Латарынгіі, з 870 — Усх.-Франкскай дзяржавы, пазней — «Свяшчэннай Рым. імперыі». У 974—982 належаў сеньёру-біскупу. Каля 1150 атрымаў гар. права. У 1262 вызваліўся з-пад панавання біскупа, стаў імперскім горадам. З 1381 чл. Рэйнскага саюза гарадоў. У 15—16 ст. цэнтр ідэй гуманізму (С.​Брант і інш.) і рэліг. Рэфармацыі; тут узнікла еўрап. кнігадрукаванне (гл. І.​Гутэнберг). У 1621 засн. ун-т. З 1681 горад пад уладай Францыі (юрыдычна паводле Рысвікскага міру 1697), з 1682 адм. цэнтр яе прав. Эльзас. У 1871—1918 у складзе Герм. імперыі, адм. цэнтр яе зямлі Эльзас-Латарынгія. Пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 вернуты Францыі. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1940—44).

Сярод помнікаў архітэктуры: гатычныя — сабор Нотр-Дам (11—16 ст.; познараманскі хор, 1176—1250; скульпт. ўбранне парталаў і гал. фасада, 13 ст.; вітражы 12—14 ст.), храмы Сен-Тама (13—14 ст.), Сен-П’ер-ле-В’ё (1381—1475) і інш., барочны епіскапскі палац (1722—28), ратуша (1730), жылыя дамы 14—17 ст., асабнякі ў стылі класіцызму. Музеі: прыгожых мастацтваў, археалогіі і дэкар. мастацтва (у палацы Раанаў, 18 ст.), «Эўр Нотр-Дам». Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Страсбур. Набярэжная ракі Іль.
Страсбур. Сабор Нотр-Дам.

т. 15, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНЯЯ АГУЛЬНААДУКАЦЫ́ЙНАЯ ШКОЛА,

асноўны тып установы адукацыі, які забяспечвае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі.

На фарміраванне еўрап. С.а.ш. паўплывала ант. традыцыя (гл. Класічная адукацыя), што абумовіла перавагу гуманітарных ведаў у змесце адукацыі і вызначыла назву школы — гімназія (у Еўропе пашырана з 16 ст.). Развіццё індустр. грамадства садзейнічала ўзнікненню ў 18 ст. новага тыпу С.а.ш. — рэальных навучальных устаноў, дае пераважала вывучэнне прыродазнаўчых. дакладных і прыкладных навук, новых моў. Гэтыя тыпы С.а.ш. з рознымі варыянтамі інтэграцыі захаваліся ў большасці еўрап. краін і ў наш час.

На Беларусі пасля 1918 устаноўлены адзіны тып 9-гадовай дзярж., прац. політэхн. школы. У 1932 адбыўся пераход да 10-гадовай політэхн. С.а.ш. У 2-й пал. 1950-х г. у С.а.ш. ўведзены элементы вытв. навучання, у 1959 яна пераўтворана ў прац. політэхн. с.а.ш. з вытв. навучаннем (тэрмін навучання 11 гадоў). У 1966 С.а.ш. зноў стала 10-гадовай. У 1984 здзейснены пераход да 11-гадовай агульнаадук. школы. У канцы 1980—пач. 1990-х г. з’явіліся гімназіі ліцэі. З 1998 пачалася рэформа С.а.ш. У межах яе рэалізацыі ўведзены абавязковая 10-гадовая і 12-гадовая агульная сярэдняя адукацыя. Структура С.а.ш. ўключае: 4-гадовую пач. адукацыю (падрыхтоўчы, 1—3-і класы; дзеці ад 6 да 10 гадоў), 6-гадовую базавую (4—9-ы класы; з 10 да 16 гадоў) і агульную сярэднюю адукацыю на базе ліцэйскіх класаў (10—11-ы класы; 17—18 гадоў). Удасканаленне зместу адукацыі ў С.а.ш. накіравана на забеспячэнне гарманічнага развіцця асобы, авалоданне ёю асновамі нац. і сусв. культуры, падрыхтоўку да самаст. жыцця. Для гэтага ўкараняюцца новыя адукац. тэхналогіі. У 2001/02 навуч. г. ў Рэспубліцы Беларусь было 2770 дзённых С.а.ш. (больш за 1,26 млн. вучняў) і 86 вячэрніх зменных (каля 23,4 тыс. навучэнцаў). Гл. таксама Сярэдняя адукацыя.

М.​І.​Ліс.

т. 15, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛЕ́ДА (Taledo),

горад у цэнтр. ч. Іспаніі, у Новай Кастыліі, на р. Таха. Адм. ц. аўтаномнай вобл. Кастылія-Ламанча і прав. Таледа. Каля 70 тыс. ж. (2001). Чыг. ст., вузел аўтадарог. Стараж. рамесніцкі цэнтр (вытв-сць металавырабаў, у т. л. атрыбутаў карыды — клінкі, бандэрыльі і інш.; керамічных, шаўковых, шарсцяных вырабаў). Турызм.

У старажытнасці паселішча іберыйскага племя карпетанаў. У 192 да н.э. заваяваны рымлянамі. Пры вестготах стаў сталіцай (з 567) іх дзяржавы і гал. рэліг. цэнтрам (сіноды 400, 589 і інш.). У 713 заваяваны арабамі (наз. Тулайтула), быў важным гасп., паліт. (з 1031 сталіца эмірата) і культ. цэнтрам. Адваяваны ў 1085 Альфонсам VI Храбрым (гл. ў арт. Альфонсы). З 1087 сталіца Кастылі і і гал. паліт. (картэсы 1480, 1502, 1538), гасп. (выраб шоўку. сукна, зброі, керамікі; у 1-й пал. 16 ст. — 50 тыс. рамеснікаў), гандл. і культ. цэнтр. У 1520—21 Т. — гал. цэнтр паўстання камунерас Пасля пераносу сталіцы ў 1561 у Мадрыд страціў былое значэнне. У час грамадз. вайны 1936—39 цэнтр франкістаў.

Горад захаваў сярэдневяковую планіроўку. Захаваліся рэшткі рым. цырка, акведука, умацаванняў і мастоў 13—15 ст. Сярод помнікаў маўрытанскай архітэктуры: вароты Пуэрта Бісагра Антыгуа (9 ст.) і Пуэрта дэль Соль (12 ст.: абодва перабудаваны ў 14 ст.); касцёлы Санта-Крыста дэ ла Лус (б. мячэць Баб Мардум, 960), Санта-Марыя ла Бланка (б. сінагога. 1180—13 ст.), Санта-Томе (14 ст.), Санта-Дамінга эль Антыгуа (позні рэнесанс, інтэр’еры абодвух жывапіс Эль Грэка), гатычны сабор (1226—1493, арх. А. і Э. дэ Эгас і інш.; шматлікія капэлы, вітражы, разныя лавы, рэтабла 14—16 ст.), замак Алькасар (13—18 ст.). Горад абвешчаны нац. запаведнікам старадаўняга дойлідства. гіст. цэнтр уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны Музеі: Дом-музей Эль Грэка. археал. правінц., Лерма (маст. збор).

Літ.:

Малицкая К.М. Толедо — старая столица Испании. М., 1968.

Панарама Таледа.

т. 15, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАГІКАМЕ́ДЫЯ,

драматычны твор, у якім спалучаюцца характэрныя рысы трагедыі і камедыі. У аснове — своеасаблівае трагікамічнае светаадчуванне, якое звязана з пачуццём адноснасці Крытэрыяў жыцця і ўключае разнастайныя, часам процілеглыя тэндэнцыі. Жанравыя межы не акрэслены, абавязковым з’яўляецца пачуццё адноснасці крытэрыяў ацэнкі аўтарам і персанажамі жыццёвых рэалій. Трагікамічнасць светаадчування ўласціва нар. творчасці, у прафес. л-ры на розных этапах гіст. развіцця яна праяўлялася спарадычна.

У антычнасці пад тэрмінам Т. разумелася ўсякае парушэнне жанравай чысціні трагедыі ці камедыі. Як жанр у еўрап. л-рах з’явілася на мяжы 16—17 ст., калі сфарміраваліся яе асн. жанравыя ўласцівасці: спалучэнне ў межах аднаго твора смешных (за выключэннем фарсавых) і сур’ёзных (у т. л. патэтычных) момантаў пры шчаслівай развязцы канфлікту; перапляценне «ўзвышаных» рэліг. сюжэтаў з быт. камізмам іх асэнсавання; двайны зыход сітуацый (пакаранне зла — узнагарода дабрачыннасці); змешванне ўзвышаных і камічных характараў і інш. У 2-й пал. 17 ст. эстэтыка класіцызму размежавала трагедыю і камедыю. У Далейшым Т. амаль знікла. Адрадзілася ў канцы 19 ст. («Геда Габлер» і «Дзікая качка» Г.​Ібсена, «Крэдыторы» і «Саната прывідаў» А.​Стрындберга, «Тры сястры» А.​Чэхава і інш.). У 20 ст. Т. пачала распрацоўваць праблематыку трагедыі.. Яшчэ больш замацавалася практыка збліжэння трагічнага і камічнага (творы Ф.​Дзюрэнмата, Э.​Іанеска, Т.​Уільямса і інш.).

На Беларусі Т. вядома з сярэдзіны 18 ст. («Уваскрэсенне мёртвых...» Г.​Каніскага і інш.) у форме, прамежкавай паміж трагедыяй і камедыяй. Больш глыбока трагікамічныя калізіі выявіліся ў творах пач. 20 ст. («Васількі» А.​Паўловіча, «Жартаўлівы Пісарэвіч» М.​Гарэцкага, «Тутэйшыя» Я.​Купалы і інш.). Вял. ўклад у распрацоўку жанру Т. ў бел. драматургіі зрабіў А.​Макаёнак. У яго творах трагікамічнае дапаўняецца, як правіла, сатырычна-гратэскавым («Зацюканы апостал», «Пагарэльцы», «Дыхайце эканомна»).

Літ.:

Борев Ю. Комическое... М., 1970;

Дземидок Б. О комическом...: Пер. с пол. М., 1974.

С.​С.​Лаўшук.

т. 15, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРЭ́Ц,

вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Карэлічы—Мір. Цэнтр сельсавета і с.-г. вытв. кааператыва. За 13 км на ПдУ ад г.п. Карэлічы, 198 км ад Гродна, 32 км ад чыг. ст. Гарадзея. 653 ж., 285 двароў (2002). Унітарнае прадпрыемства «Лес». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Брацкія могілкі рас. воінаў 1-й сусв. вайны, брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, і І.Д.Чарняхоўскаму. Магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Турэцкая Пакроўская царква.

Упершыню ўпамінаецца ў Валынскай хроніцы пад 1276. У 14 ст. ўласнасць кіеўскага кн. Уладзіміра Альгердавіча. Яго сын Аляксандр, родапачынальнік Слуцкіх-Алелькавічаў, каля 1420 перадаў землі ў наваколлі мястэчка Т. Лаўрышаўскаму манастыру. З 16 ст. належаў Хадкевічам. У 17 ст. ў Т. меліся касцёл, уніяцкая і правасл. цэрквы. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Навагрудскага пав. У 1848 прыгонныя сяляне Т. належалі памешчыкам Хадкевічу, Ліпінскаму, Букатовічу і інш. У 1863 у Т. 794 ж., царк.-прыходская школа, у 1890 адкрыта нар. вучылішча; у 1897—1596 ж., 229 двароў, царква, капліца, 2 яўр. малітоўныя дамы, 2 ветраныя млыны, 7 заезных дамоў, хлебазапасны магазін, пошта, 18 крам, 2 кірмашы штогод; у 1908—1893 ж., 363 двары. У 1-ю сусв. вайну ў 1915—18 каля Т. праходзіла лінія фронту, што прывяло да вял. разбурэнняў у мястэчку. З 1921 у Польшчы, 1290 ж., 218 двароў. З 1926 цэнтр гміны Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 12.10.1940 вёска, цэнтр сельсавета Мірскага р-на, з 17.12.1956 у Карэліцкім, у 1962—65 у Навагрудскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты загубілі ў Т. 463 чал.

У.​У.​Бянько.

т. 16, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)