горад, цэнтр Смалявіцкага р-на Мінскай вобл., на р. Пліса. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша. Аўтадарогамі злучаны з Чэрвенем, Лагойскам, Смілавічамі, Самахвалавічамі. За 55 км на У ад Мінска. 14 тыс.ж. (2001).
Вядомы з 1448 як уласнасць крэўскага намесніка Алёхны Даргіевіча. У 1508 мястэчка Мінскага ваяв.ВКЛ, уласнасць кн. К.Астрожскага, з 2-й пал. 16 ст. — Радзівілаў, Вітгенштэйнаў, Гагенлоэ. С. пацярпелі ў вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, у Паўночную вайну 1700—21. З 1793 у Рас. імперыі, з 1795 цэнтр воласці Барысаўскага пав. У пач. 19 ст. тут існаваў княжацкі палац (згарэў у 1819). У 1871 каля С. пабудавана станцыя Вітгенштэйнаўская на пракладзенай чыгунцы Масква—Брэст. У 1897 у мястэчку 2757 ж., 299 двароў, вал. ўправа, земскае нар. вучылішча (з 1863), 2 царквы, капліца, паштова-тэлегр. аддзяленне, бровар, рамесныя майстэрні па вырабе адзення і абутку, 8 кузняў. У пач. 20 ст. адбыліся забастоўкі рабочых і сял. хваляванні. З 17.7.1924 цэнтр Смалявіцкага р-на, да 24.9.1926 — сельсавета Мінскай акр. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—6,8 тыс.ж. 26.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут больш за 2 тыс. жыхароў, у створаным гета расстралялі каля 3 тыс. ахвяр; дзейнічала Смалявіцкае патрыятычнае падполле «Чырвоны Сцяг». Вызвалены 2.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Мінскай аперацыі 1944. У 1962—65 у Мінскім р-не. З 7.3.1968 горад, у 1998 атрымаў герб.
Працуюць заводы: шасцерняў, жалезабетонных вырабаў, мех., малочны, хлебазавод, камбінаты харч. і каап. прам-сці, лясгас, буд. і маш.-буд. прадпрыемствы; ПТВ, 3 сярэднія, муз. і спарт. школы, Дом культуры, Дом нар. творчасці, кінатэатр, бальніца. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнікі: сав. воінам-вызваліцелям, лётчыкам, супрацоўнікам міліцыі.