СТАДЫЁН (ад грэч. stadion месца для спаборніцтваў),
збудаванне для правядзення спаборніцтваў і трэніровак па розных відах спорту. Мае спарт. арэну (ігравое поле, бегавыя дарожкі, сектары для лёгкай атлетыкі), трыбуны для гледачоў, спарт. пляцоўкі з дапаможнымі збудаваннямі і памяшканнямі. Падзяляюцца на малыя (плошча 5—10 га, трыбуны на 1,5—3 тыс. месцаў), сярэднія (плошча 15—20 га, трыбуны на 10—12 тыс. месяцаў) і вял. (плошча больш за 25 га, трыбуны больш як на 25 тыс. месцаў).
Першыя С. будавалі ў Стараж. Грэцыі ў Алімпіі, Афінах, Дэльфах і інш. гарадах для правядзення Алімп. гульняў. Пасля адраджэння гульняў у 1896 С. будуюць у многіх краінах. Яны ўтвараюць комплексы збудаванняў для аздараўлення, навучальна-трэніровачных заняткаў, спарт. спаборніцтваў па розных відах спорту. У 1950—60-я г. атрымалі пашырэнне крытыя С. Самы буйны ў свеце адкрыты С. — Страгаўскі ў Празе (1934; 240 тыс. гледачоў). Найб. вядомыя С. 2-й пал. 20 ст. — алімп. ў Рыме і Мюнхене (Германія), Уімблдан і Уэмблі ў Лондане, «Ноу Камп» у Барселоне (Іспанія), спарт. комплексаў «Лужнікі» і «Алімпійскі» ў Маскве і інш.
На Беларусі (у Мінску і абл. цэнтрах) у 1920—30 пабудавана 14 С.; у Вял.Айч. вайну ўсе разбураны; пасля вайны адноўлены, пабудаваны новыя. Існуюць 220 С. з трыбунамі ад 1,5 тыс. да 50 тыс. месцаў (2001). Найбольшыя С.; у Мінску — «Дынама», «Трактар» (пабудаваны ў 1968, рэканструяваны ў 1978 і 1998, 25 тыс. месцаў); у Брэсце — «Дынама» (1937, рэканструяваны ў 1951, 10,6 тыс.), «Лакаматыў» (1972, 3 тыс.); у Віцебску — «Дынама» (1937, рэканструяваны ў 1980—86, 5 тыс.), «Лакаматыў» (1964, 1,5 тыс.); у Гомелі — «Лакаматыў» (1926, 15 тыс.), «Гомсельмаш» (1966, 9,7 тыс.); у Гродне — «Нёман» (1963, 15 тыс.); у Магілёве — «Спартак» (1956, рэканструяваны ў 1982, 12 тыс.).