Няве́рхавата (неверховато) ’нявыгадна, нядобра’ (Нас.). Відаць, да верх ’завяршэнне, заканчэнне чаго-небудзь’, што першапачаткова адносілася да завяршэння стога, параўн. ілюстрацыю са слоўніка: Дзело кончено, da неверховато вышло.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Піскора ’від дзікай качкі’ (ТС). Да піск (гл.). Суф. ‑ор‑апершапачаткова меў экспрэсную функцыю, параўн. прасл.*sykora ’сініца, Parus’, *сіё tvora ’дзятва’ (Слаўскі, SP, 2, 25).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Ро́дзіва, родзіво: вон з родзіва малы́ ’змаленства’, першапачаткова ’роды’ (ТС), параўн. з укр.ро́диво ’роды’, якое з прасл.*orditi і суф. ‑i‑vo (Вондрак, Vergl. gr., 411).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сця ў выразе ні сця любя ’абыякава, неахвотна’ (Кал.), ні съця́, ні любя ’абы-як’ (гродз., Янк. Мат.). Гл. сціць, відаць, першапачаткова ’не шануючы і не любячы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пішчолка ’пішчык’ (Нік. Очерки) — першапачаткова*pišč‑ оі‑ь (як хтхоіь, sokolb) — варыянт м. р. да пішчаль (гл.). Да пішчаць (гл.). Пазней далучыўся суф. ‑ька (пад уплывам пішчалка (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры, банцараўскай культуры, 9—11 і 17—19 ст., селішча 9—11 ст., 2 курганныя і бескурганны могільнікі) каля в. Гарадзішча Мінскага р-на. Гарадзішча складалася з 3 умацаваных пляцовак (пл. 1,3 га). Да 2-й пал. 11 ст. як цэнтр акругі паміж рэкамі Нёман і Пціч кантралявала гандл. шлях з Балтыйскага м. да Чорнага. Сярод знаходак кераміка з клеймамі ў выглядзе знака Рурыкавічаў (трызубец), паўд. амфары, жорны, пацеркі-лімонкі (10—11 ст.), манеты, вырабы з жалеза, ганчарны посуд (17—19 ст.). Курганныя могільнікі з трупапалажэннем з’яўляюцца рэшткамі некропаля. На селішчы выяўлена больш за 80 гасп. ям, рэшткі майстэрні па вырабе прасліц з ружовага шыферу. Бескурганны могільнік з трупапалажэннем; сярод знаходак касцяныя шахматная фігурка каня і пісала, металічныя ўпрыгожанні. На думку некаторых даследчыкаў, на археал. комплексе першапачаткова размяшчаўся стараж.г. Менск, які атрымаў назву ад р. Мена (Менка), і папярэднічаў узнікненню ўмацаванага замчышча на р. Няміга.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Гарадзішча (Мінскі раён). Агульны выгляд малой пляцоўкі гарадзішча.Шкляныя і сердалікавыя пацеркі 10 ст. з паселішча Гарадзішча (Мінскі раён).Жалезныя ключ, ножык і пярсцёнкі з селішча Гарадзішча (Мінскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НЕЗІС (грэч. genesis),
філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.Кант, Г.Гегель) і канкрэтна-навук. галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.А.Абрамаў, Л.Берталанфі, Дж.Клір, Э.М.Сарока, А.І.Уёмаў, Ю.А.Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЫ́ЗМ,
адна з трох сусв. рэлігій (разам з хрысціянствам і ісламам). Узнік у 6 ст. да н.э. як рэакцыя стараж.-інд. насельніцтва на брахманізм і каставы падзел грамадства, дзе дасягненне канчатковай мэты рэліг. практыкі залежала ад брахманаў і было недасягальнае для ніжэйшых кастаў. Заснавальнікам будызму лічыцца інд. прынц Сідхартха Гаўтама, празваны Будам. У цэнтры будызму вучэнне пра 4 высакародныя ісціны: існуе жыццё-пакута; прычына пакут у жаданнях; паглыбляючыся ў нірвану, можна спыніць пакуты; метад дасягнення нірваны — «васьмярычны шлях» (складаецца з сапраўдных поглядаў, рашучасці, намагання, засяроджвання; кантролю над мовай; з праведных дзеянняў, жыцця, намераў). У будызме выказваецца думка пра адмаўленне і ад крайнасцей, звязаных з рытуаламі брахманізму, і ад аскетызму; ён вядомы як «сярэдні шлях». Першапачаткова будызм быў хутчэй філас.-этычным вучэннем, пазней пашырыўся за межы Індыі, набыў рысы рэлігіі. Дактрына будызму распрацавана ў працэсе стварэння будыйскіх школ і кірункаў. На мяжы 1—2-га тыс.н.э. перастаў адыгрываць адметную ролю ў гісторыі і культуры Індыі, як сусв. рэлігія фарміраваўся за яе межамі.
Літ.:
Щербатской Ф.И. Избранные труды по буддизму. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯРА́МА (ад дыя... + грэч. horama від, відовішча),
від жывапісу, у якім стужкападобная карціна нацягнута на ўнутр. паверхні паўкруглага ў плане падрамніка; спалучаецца з аб’ёмным (бутафорскім) пярэднім планам, макетамі. Разлічана на штучнае асвятленне. Вял. Д. размешчаны ў спец. будынках.
Стварае ілюзію шырокіх прастораў і паказвае пераважна батальныя сцэны. У адрозненне ад панарамы ахоплівае толькі частку гарызонту. Д. ствараецца з 19 ст.Першапачаткова жывапісныя выявы выконваліся па абодвух баках матэрыялу, які прасвечваўся. Пры змене напрамку і інтэнсіўнасці асвятлення змянялася і бачная гледачу карціна. Першую такую Д. стварыў Л.Ж.Дагер у Парыжы (1822). У сучасным мастацтве такія Д. часам выкарыстоўваюць у тэатральна-дэкарацыйным мастацтве.
З вядомых Д. у бел. мастацтве «Фашысцкі лагер смерці Малы Трасцянец» (1968, Я.Красоўскі, І.Пешкур), «Мінскі касцёл» «Мінскі кацёл» (1969—71, П.Крохалеў, У.Лагун, Л.Асядоўскі, Б.Аракчэеў; абедзве ў Бел.дзярж. музеі гісторыі Вял.Айч. Вайны), «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, П.Дурчын, Ф.Зільберт, Брэсцкі абл. краязнаўчы музей), «Ф.Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта» (1991—96, П.Драчоў, Музей медыцыны ў Мінску).
Дыярама. «Ф.Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта». Мастак П.Драчоў. 1991—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУ́КІ,
від японскага класічнага тэатра. Уключае музыку, танцы, драму. Узнік у 16 ст. на аснове нар.т-ра і нар. танца. Першапачаткова трупы складаліся пераважна з жанчын (она-К.), пасля іх забароны (1629) — з хлопчыкаў-падлеткаў (вакасю-К.), з 1651 — выключна з мужчын (яра-К.), якія выконвалі і жаночыя ролі (анагата). Гісторыя драматургіі К. звязана з развіццём гутарковай драмы (нёгэн), якой папярэднічаў нар. вулічны фарс 14—15 ст. Ігра акцёраў будавалася на аснове пераймання рэчаіснасці (манамантэ) і перадачы ўнутр. свету, стану чалавека. Гал. жанры К. — пачуццёвая меладрама і быт. драма. Росквіт К. пачынаецца з канца 17 ст.
Завершаную форму набыў у 2-й пал. 18 ст., калі ў рэпертуар увайшлі п’есы т-ра марыянетак, пантаміма, склаліся дакладна вызначаныя тэхніка ігры акцёраў (ката), амплуа (герой, нягоднік, дзяўчына, хлопец і інш.), сістэма дэкарацый і абсталявання сцэны, акцёрскія дынастыі. З 1870-х г. К. рэфармаваўся, часткова набыў еўрап. рысы. У 1980-я г. пачалося абнаўленне т-ра і яго новы ўздым. У сучасным К. захаваліся асаблівая ўмоўная манера выканання, кананічныя позы, грым, дэкарацыі і інш.
Сцэны тэатра кабукі. З дрэварытаў Кацукавы Шаунша і Утагавы Кунісады.