ВІРУСАЛО́ГІЯ (ад вірусы + ...логія),

медыка-біял. навука аб вірусах. Агульная вірусалогія вывучае прыроду вірусаў, іх будову, размнажэнне, біяхімію, генетыку, паходжанне і пашырэнне ў прыродзе. Мед., вет. і с.-г. вірусалогія даследуе патагенныя вірусы, іх інфекцыйныя ўласцівасці, распрацоўвае меры папярэджання, дыягностыкі і лячэння захворванняў, якія імі выклікаюцца.

Сфарміравалася ў канцы 19 ст. пасля адкрыцця рус. вучоным Дз.​І.​Іваноўскім (1892) віруса тытунёвай мазаікі. Былі вызначаны вірусы яшчуру (1898) і жоўтай ліхаманкі (1901), потым вірусы — узбуджальнікі шаленства, воспы, поліяміэліту, адру, герпесу. Сучаснай вірусалогіі вядома больш за 500 вірусаў, патагенных для чалавека і жывёл.

На Беларусі распрацоўка пытанняў вірусалогіі пачалася ў 1924 і звязана з вырабам і выкарыстаннем вакцын супраць воспы і шаленства. Асн. навук. цэнтры па мед. і ветэрынарнай вірусалогіі — Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, эксперым. ветэрынарыі, рыбнай гаспадаркі, БДУ і інш. Распрацаваны актыўныя злучэнні супраць вірусаў грыпу, энцэфаліту і інш., удасканалена сістэма аховы пры даследаванні патагенных узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (В.​І.​Вацякоў, П.​Р.​Рыцік, Э.​У.​Фельдман, Б.​П.​Савіцкі, І.​І.​Протас, М.​А.​Кавалёў, Л.​М.​Галаўнёў і інш.). Асаблівае значэнне набываюць праблемы вывучэння вірусаў, якія выклікаюць пухлінныя працэсы, латэнтных вірусных інфекцый і ВІЧ-інфекцыі.

Літ.:

Зуев В.А. Медленные вирусные инфекции человека и животных. М., 1988.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТЫ́ЎНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ,

тып эвалюцыі, пры якім ад адной продкавай формы ўтвараецца мноства разнастайных формаў арганізмаў у межах віду або групы роднасных відаў. Ляжыць у аснове адаптацыягенезу і з’яўляецца вынікам набыцця арганізмам прыстасаванасці (гл. Адаптацыя ў біялогіі) і пранікнення ў новыя адаптыўныя зоны. Праяўляецца ў разнастайнасці падпарадкаваных таксанамічных груп у межах кожнага буйнога таксона (напр., розныя віды грызуноў — вавёркі, суслікі, бабры, сям. драпежных млекакормячых і інш.). Канцэпцыя адаптыўнай радыяцыі сфармулявана амер. вучоным Г.​Осбарнам у сувязі з эвалюцыяй млекакормячых (1910).

Осбарн адрозніваў 5 гал. ліній спецыялізацыі ў будове канечнасцяў млекакормячых, залежных ад умоў месцазнаходжання і спосабаў перамяшчэння: хуткі бег у наземных відаў; рыючы лад жыцця ў відаў, якія жывуць пад зямлёй; плаванне ў відаў, што жывуць у вадзе; лажанне ў дрэвавых відаў; планіраванне і палёт у відаў, жыццё якіх праходзіць у паветры. Асн. крыніца адаптыўнай радыяцыі — унутрывідавыя працэсы (генетычная разнастайнасць відавых папуляцый, дыферэнцыроўка віду на геагр. і экалагічныя расы і інш.). Наяўнасць у продкавага арганізма якой-небудзь структуры або фізіял. функцыі, што ў вельмі мадыфікаванай форме ёсць у больш высокаразвітых роднасных арганізмаў, сведчыць пра іх агульнае паходжанне і складае аснову эвалюц. тэорыі (гл. Філагенез).

А.​С.​Леанцюк.

Адаптыўная радыяцыя плацэнтарных млекакормячых, якія маюць агульнага продка (у цэнтры).

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАО́ПТЫКА (ад гідра... + оптыка),

раздзел оптыкі, які вывучае распаўсюджванне святла ў водным асяроддзі і звязаныя з імі з’явы. Значнае развіццё гідраоптыка як навука набыла з 1960-х г. пры выкарыстанні дасягненняў і метадаў оптыкі рассейвальных асяроддзяў. Матэматычныя даследаванні заснаваны на тэорыі пераносу выпрамянення і тэорыі рассеяння на асобных часцінках; доследныя — на эксперыментальных даных, атрыманых пры дапамозе касм. спектральных апаратаў, гідрафатометраў, лідараў у натурных умовах, лабараторных эксперыментаў (метады мадэлявання і падабенства).

На падставе тэарэт. і эксперым. даследаванняў складзена дакладная характарыстыка структуры светлавога і цеплавога палёў у акіяне, прапанаваны разнастайныя аптычныя метады кантролю саставу вады і працэсаў, што адбываюцца ў морах, азёрах, вадасховішчах. Даследаванне празрыстасці вады, яе здольнасці да паглынання і рассеяння ў розных раёнах Сусветнага ак. дае магчымасць вызначаць паходжанне цячэнняў, вывучаць жыццядзейнасць планктону, састаў вады і інш. пытанні фізікі, хіміі, геалогіі, біялогіі мора. Веданне заканамернасцей пераносу выпрамянення прыродных і штучных крыніц у акіяне дапамагае вырашаць пытанні кліматалогіі, экалогіі; ацэньваць фітаактыўны пласт, рыбалоўныя раёны, далёкасць дзеяння аптычных сістэм бачання, лакацыі, сувязі пад вадой.

На Беларусі даследаванні па гідраоптыцы вядуцца з 1960-х г. у Ін-це фізікі АН Беларусі.

Літ.:

Иванов А.П. Физические основы гидрооптики. Мн., 1975;

Иванов А.А. Введение в океанографию: Пер. с фр. М., 1978;

Шифрин К.С. Введение в оптику океана. Л., 1983.

А.​М.​Іваноў.

т. 5, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКІЯ,

княжацкі род герба «Рох» зменены ў ВКЛ. Магчыма, паходзяць з мясц. князёў, нашчадкаў полацкага кн. Усяслава Брачыславіча, але паходжанне дакладна не высветлена. Упершыню згадваюцца ў 2-й пал. 15 ст. князі Васіль (упамінаецца ў 1463) і Іван (у 1473 з’ехаў у Маскву, дзе ў 1493 пакараны смерцю за змову супраць вял. кн. Івана III). У пач. 16 ст. вядома некалькі князёў Л., якія сумесна валодалі замкам і мяст. Лукомль і інш. маёнткамі ў Лукомскім княстве. 3 іх Фёдар Іванавіч у 1508 удзельнічаў у мяцяжы князёў Глінскіх. Верагодна, яго братамі былі Іван Іванавіч (каля 1460 — пасля 1520), уладальнік Шчыдутаў і Гарадца, заснавальнік шчыдуцкай галіны Л., Андрэй Іванавіч (каля 1470 — пасля 1528), уладальнік Меляшковічаў і Бельнякоў, заснавальнік згаслай у 1-й пал. 17 ст. меляшковіцкай галіны, Раман (? — пасля 1500), уладальнік Пачаевічаў у Лукомскім княстве, Дабрыгораў у Полацкай зямлі і Лічкава ў Лідскім пав. Іх нашчадкі раздрабілі свае ўладанні. З 2-й пал. 16 ст. яны неаднаразова займалі павятовыя пасады пераважна ў Аршанскім і Віцебскім пав. Сенатарскай годнасці дасягнуў Фрыдэрык (каля 1565—1611), падкаморы аршанскі з 1600, адначасова староста крычаўскі з 1602, кашталян мсціслаўскі з 1610. Род Л. захаваўся да 20 ст., многія змізарнелыя яго прадстаўнікі не карысталіся княжацкім тытулам.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСІЯНІ́ЗМ,

1) рэлігійнае вучэнне пра будучае выратаванне чалавецтва дзякуючы прыходу звышнатуральнай істоты — месіі, збавіцеля. Узнік у стараж. іудаізме і быў абумоўлены іншаземным панаваннем, сац. эксплуатацыяй і расчараваннем стараж. яўрэяў у вучэнні пра заступніцтва Яхве. У хрысціянстве М. заснаваны на веры ў выратаванне Хрыстом не якой-н. канкрэтнай нацыі, а ўсяго чалавецтва і ў яго «другое прышэсце» пасля страшнага суда для ўсталявання на Зямлі вечнага «божага царства». Непасрэднае іудзейска-хрысц. паходжанне мае М. у будызме. У мусульман-шыітаў ён пашыраны ў форме вучэння пра махдзі-месію, які павінен аб’явіцца ў час другога прышэсця «схаванага імама».

2) Погляды на асаблівую ролю якога-н. народа, дзяржавы, сац. групы, арг-цыі, асобы ў вырашэнні грамадскіх праблем, канкрэтна-гіст. крызіснай сітуацыі. Месіянская канцэпцыя набыла своеасаблівае развіццё ў ідэалогіі сіянізму, у канцэпцыі асаблівай гіст. ролі Маскоўскай дзяржавы як «трэцяга Рыма» і богавыбранні рус. народа (гл. Славянафільства, Стараверства). Крыжовыя паходы і рэліг. войны натхняліся ідэяй асаблівай рэліг. місіі іх ініцыятараў, ажыццяўленне якой пажадана Богу і вядзе да ўсталявання «ісціннай» рэлігіі. Аднак з развіццём секулярызацыйных працэсаў М. паступова страчвае рэліг. змест. Ва ўмовах абвастрэння сац.-паліт. крызісаў растуць грамадскія надзеі на харызматычныя якасці таго ці інш. лідэра, магчымасці якіх-н. паліт. рухаў, партый, звышнатуральнае ўмяшанне незямных сіл і г.д.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТО́ЦКІ ((Potocki) Ян) (8.3.1761, с. Пікаў каля г. Вінніца, Украіна — 2.12.1815),

польскі гісторык, археолаг, пісьменнік, палітык. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (з 1806). Вучыўся ў Швейцарыі і Францыі. Падарожнічаў па Турцыі, Егіпце (1784), Марока (1791), Саксоніі (1794), Каўказе (1797—98), апублікаваў іх літ. апісанні. Дэп. Чатырохгадовага сейма 1788—92, прыхільнік рэформ (у заснаванай ім Свабоднай друкарні выдаваў радыкальную публіцыстыку). Пасля далучэння караля Станіслава Аўгуста да Таргавіцкай канфедэрацыі адышоў ад паліт. жыцця і займаўся гіст. навукай. У сваіх гісторыка-этналагічных працах даследаваў паходжанне слав. плямён, іх стараж. гісторыю і тэр. рассялення (першы распрацаваў тэорыю пра аўтахтоннасць славян на сваіх землях): «Даследаванні пра Сарматыю» (т. 1—5, 1789—92), «Гістарычныя і геаграфічныя фрагменты пра скіфаў, сарматаў і славян» (т. 1—4, 1796), «Старажытная гісторыя народаў Расіі...» (1802), «Археалагічны атлас Еўрапейскай Расіі» (1805), зрабіў гіст. і геагр. апісанні Валыні і Падоліі (1805). У 1805—06 быў навук. кіраўніком рас. дыпламат. місіі ў Кітай (дабраўся толькі да Манголіі). Аўтар парадыйна-гратэскавых п’ес у стылі камедыі дэль артэ («Парады», 1793) і фантастычна-філас. рамана «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе» (1803—15, экранізацыя 1965), у якім спалучаў традыцыі філас. прозы з формай «аповесці-шкатулкі», запазычанай з «Тысячы і адной ночы». Скончыў самагубствам.

Тв.:

Рус. пер. — Рукопись, найденная в Сарагосе. Мн., 1994.

т. 12, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Відок1 ’віднае месца, відовішча’; ’адкрытае, высокае месца’ (Бел.-польск. ізал.), ст.-бел. видокъ ’відовішча, агляд’ (з XVIII ст.) запазычана з польск. widok ’тс’ (Булыка, Запазыч., 62).

Відок2 ’чалавек, які добра бачыць’ утворана ад відзець (< видети) і суф. ‑ок (паводле тыпу ходо́к). Такім жа чынам можна тлумачыць паходжанне польск. widok (Дарашэўскі, Podstawy, 1, 287).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Го́рды ’горды’. Рус. го́рдый, укр. го́рдий, польск. gardy, чэш. hrdý, балг. гръд, серб.-харв. гр̑д, ст.-слав. гръдъ. Прасл. *gъrdъ (*gr̥dъ) ’тс’. Агляд гл. у Фасмера, 1, 440; Слаўскага, 1, 405–406, асабліва Трубачова, Эт. сл., 7, 206–207. Апошні прымае, як здаецца, экспрэсіўна-інавацыйнае паходжанне слова *gъrdъ і ўказвае на праблематычнасць і.-е паралелей.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бача́жына ’азярцо сярод грудка’ (Яшкін). Можна параўнаць з рус. дыял. бача́га ’лужына’ (алан.), бочага (СРНГ), бача́г, бача́к вір, глыбокае месца ў рацэ, ручаі’ (ярасл.). Але паходжанне гэтай групы слоў няяснае (гл. Фасмер, 1, 138). Фасмер (1, 202), Шанскі (1, Б, 179) тлумачаць рус. форму боча́г(а) ад моча́г, мо́крый (гл.; там і літ-ра).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мар’я́нка1 ’абабак (10 снапоў)’ (ТС). Няясна. Відавочна, у выніку кантамінацыі мара́ (гл.) і стая́нка (гл. віц., стъйа́нкі, ДАБМ, с. 876). Не выключана паходжанне з імя Мар’яна.

Мар’я́нка2 ’трытон’ (ТС). Не зусім яснае слова. Магчыма, уграфінізм. Параўн. рус. вяц. мурья́ ’задняя ніжняя частка тулава, ягадзіцы’; лексема магла б быць утворана, як польск. kijanka ’пранік’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)