ПІ́ТРЫ, Пітры Фліндэрс (Petrie Flinders) Уільям Мэцью (3.6.1853, г.
Чарлтан, Вялікабрытанія — 28.7.1942), англійскі археолаг, егіптолаг, заснавальнік навук. метаду археал. раскопак у Егіпце. У 1892—1933 праф. Лонданскага ун-та. У 1885—86 адкрыў і даследаваў Наўкратыс і Дафну; у 1888—90 выявіў шмат помнікаў у Фаюмскім аазісе. У 1891—92 вёў раскопкі ў Тэль-эль-Амарне. У 1899—1901 даследаваў грабніцы стараж. фараонаў у Абідасе, у 1904—05 — энеалітычныя комплексы ў Негадзе. Вёў раскопкі ў раёне г. Мемфіс, каля Гераклеопаля, на Пд Палесціны. Выпрацаваў сістэму адноснага датавання дадынастычнай керамікі Стараж. Егіпта. Сярод яго прац асаблівае значэнне мае атлас стараж. прылад працы ўсіх часоў і народаў.
т. 12, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭН, Пен (Penn) Уільям (14.10.1644, Лондан — 30.7.1718), англійскі паліт. дзеяч, заснавальнік англ. калоніі Пенсільванія. Вучыўся ў Оксфардзе, дзе далучыўся да квакераў. За пропаведзі квакерскага вучэння зняволены ў Таўэры, дзе ў 1669 напісаў праграмны твор «Ні крыжа, ні кароны». У 1676 заснаваў у зах. ч. англ. калоніі Нью-Джэрсі пасяленне для квакераў і інш. эмігрантаў з Англіі, якіх праследавалі за рэліг. вераванні. У 1681 атрымаў ад англ. караля Карла II Сцюарта хартыю на права валодання значнай тэр. на З ад р. Дэлавэр. На гэтых землях, названых Пенсільваніяй, увёў рэліг. цярпімасць і прыязныя адносіны з індзейцамі. У 1682 заснаваў г. Філадэльфія. З 1684 жыў у Англіі.
т. 13, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСК (Rask) Расмус Крысціян (22.11.1787, каля г. Одэнсе, Данія — 14.11.1832),
дацкі мовазнавец; адзін са стваральнікаў параўнальна-гістарычнага мовазнаўства; заснавальнік навук. мовазнаўства ў Скандынавіі. З 1825 праф. Капенгагенскага ун-та. Упершыню ў мовазнаўстве выкарыстаў параўн.-гіст. метад пры вырашэнні пытання аб паходжанні ісландскай мовы і даказаў роднасць герм. моў з балта-слав., грэч. і лац. («Даследаванні ў галіне старажытнапаўночнай мовы, або паходжанне ісландскай мовы», нап. 1814). У 1818 адкрыў рэгулярную адпаведнасць паміж індаеўрап. і герм. шумнымі зычнымі, якая пазней была сістэматызавана Я.Грымам (т.зв. закон Грыма). Вывучаў таксама параўн.-гіст. граматыку балта-слав., фіна-угорскіх і індаіранскіх моў.
А.Я.Міхневіч.
т. 13, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕ́ЎК І НІКА́ТАР (грэч. Seleukos Nikatōr «Пераможца», каля 358—281 або 280 да н.э.),
заснавальнік дынастыі Селеўкідаў і Селеўкідаў дзяржавы. Палкаводзец Аляксандра Македонскага, пасля смерці якога атрымаў (у 321) пад уладу сатрапію Вавілонія, дзе замацаваўся ў 312 (312 да н.э. — пачатак т. зв. селеўкідскай эры). У выніку барацьбы з інш. дыядохамі, далучыў да сваіх уладанняў Мідыю, Сузіяну, Персіду, пазней Бактрыю; у 305 абвясціў сябе царом. Выйграў бітву пры Іпсе (301) і захапіў Месапатамію і Сірыю; пасля перамогі над Лісімахам пры Курупедыі (Карупедыён) заняў амаль усю М. Азію. Для заваявання Фракіі і Македоніі С. з войскамі пераправіўся цераз Гелеспонт (Дарданелы), але быў забіты.
т. 14, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ГБАН, Зігбан (Siegbahn) Карл Мане Георг (3.12.1886, г. Эрэбру, Швецыя — 25.9.1978), шведскі фізік, заснавальнік рэнтгенаўскай і ядз. спектраскапіі. Чл. Швед. АН (1922). Лонданскага каралеўскага т-ва (1933). Замежны чл. АН СССР (1958). Бацька К.М.Сігбана. Скончыў Лундскі ун-т (1911), дзе і працаваў (з 1920 праф.); у 1924—37 праф. Упсальскага ун-та. У 1937—64 дырэктар Нобелеўскага ін-та фізікі (Стакгольм). Навук. працы па спектраскапіі рэнтгенаўскага выпрамянення, ядз. фізіцы і ядз. спектраскапіі. Прапанаваў новыя метады атрымання рэнтгенаўскіх спектраў высокага раздзялення, вывучыў рэнтгенаўскія спектры хім. элементаў і адкрыў новыя спектральныя лініі. Выявіў дысперсію рэнтгенаўскіх прамянёў. Сканструяваў шэраг спец. спектральных прылад. Нобелеўская прэмія 1924.
т. 14, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́КЕРТ (Sickert) Уолтэр Рычард (31.5.1860, г. Мюнхен, Германія — 22.1.1942),
англійскі жывапісец і графік; адзін з вядучых майстроў англ. імпрэсіянізму. З 1868 жыў у Вялікабрытаніі. Вучыўся ў маст. каледжы Слейда (з 1881). Зазнаў уплыў Дж.Уістлера, Э.Дэга. Заснавальнік «Новага англійскага мастацкага клуба» (1885—86). З 1928 прэзідэнт Каралеўскага т-ва брыт. мастакоў. Яго дакладным па назіраннях пейзажам Лондана і Венецыі, партрэтам, інтэр’ерам жылых памяшканняў і мюзік-холаў уласцівы гучнасць колеру і празрыстасць, меланхалічнасць настрою. Сярод твораў: «Царква Сен-Жак» (каля 1890), «Сан-Марка. Венецыя» (1895—96), «П’яцэта» (каля 1901), «Жанчына ў гандоле» (1905), «Нуда» (1913—14), «Тэатр Новага Бедфарда» (1915—16).
т. 14, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМІ́ЛЬГІС (Smilgis) Эдуардс (22.11.1886, Рыга — 19.4.1966),
латышскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1948). З 1911 акцёр Новага Рыжскага, з 1915 Петраградскага лат. т-раў. У 1920—64 заснавальнік, маст. кіраўнік, акцёр Маст. т-ра імя Я.Райніса (Рыга). Пастаноўкі С. вылучаліся манументальнасцю, героіка-рамантычнай накіраванасцю, яркай тэатральнасцю: «Фауст» І.Гётэ (1940), «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага (1946), «Агонь і ноч» Я.Райніса (1947, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Марыя Сцюарт» Ф.Шылера (1956), «Гамлет» У.Шэкспіра (1959), «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага (1964) і інш. Сярод роляў: Тотс («Гуляў я, скакаў» Райніса), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.Ібсена), Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Дон Карлас («Дон Карлас» Шылера) і інш.
т. 15, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУКАЧО́Ў Уладзімір Мікалаевіч (7.6.1880, с. Аляксандраўка Харкаўскай вобл., Украіна — 9.2.1967),
расійскі батанік, лесавод і географ. Акад. АН СССР (1943, чл.-кар. 1920). Герой Сац. Працы (1965). Скончыў Пецярбургскі лясны ін-т (1902). У 1919—41 праф. гэтага ін-та, у 1925—41 Ленінградскага і ў 1948—51 Маскоўскага ун-таў. Адначасова дырэктар Ін-та лесу АН СССР (1944—59), з 1962 у Бат. ін-це АН СССР. Навук. працы па фітацэналогіі, лесазнаўстве, балотазнаўстве, геаграфіі, сістэматыцы і селекцыі раслін. Адзін са стваральнікаў біягеацэналогіі. Распрацаваў тэорыю і методыку лясной тыпалогіі. Заснавальнік і прэзідэнт Усесаюзнага бат. т-ва (1946).
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—3. Л., 1972—75.
т. 15, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРЦІ́НІ (Tartini) Джузепе (8.4.1692, Пірана, Італія — 26.2.1770),
італьянскі кампазітар, скрыпач, педагог, муз. тэарэтык; буйнейшы прадстаўнік італьян. скрыпічнай школы. У 1721—70 першы скрыпач сабора Сант-Антоніо ў. Падуі, у 1723—25 — і ў Празе. Яго ігру вылучалі чысціня інтанацыі, багатая і развітая тэхніка. Развіў смыкавую тэхніку; жанр канцэрта для скрыпкі з арк. (усяго 125 канцэртаў) і скрыпічнай санаты (усяго 175). Аўтар тэарэт. «Трактата пра музыку» (1754), «Трактата пра ўпрыгожванні» (1771); адкрыў з’яву т.зв. камбінацыйных тонаў і інш. Заснавальнік Муз. акадэміі ў г. Падуя (1727). Сярод вучняў Д.Даль’Ока, П.Нардзіні.
Літ.:
Гинзбург Л.С. Джузеппе Тартини. М., 1969.
Н.В.Сазановіч.
т. 15, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАНДРАГУ́ПТА,
старажытнаіндыйскі правіцель, заснавальнік дынастыі і дзяржавы Маур’я ў 4—3 ст. да н.э.; правіў каля 322 — каля 300 да н.э. (паводле інш. звестак 314—292 ці 290 да н.э.). Схіляў Аляксандра Македонскага да паходу на імперыю Нандаў. Пасля адыходу грэч. войск з Індыі (325 да н.э.) перамог Джана Нанду і захапіў уладу ў дзяржаве Магадха. Падпарадкаваў тэр. Паўн. Індыі і паводле дагавора з Селеўкам I Нікатарам (каля 305 да н.э.) далучыў да сваіх уладанняў раёны сучасных Белуджыстана і Усх. Афганістана. Пры Ч. пачалі развівацца гандл., культ. і дыпламат. сувязі Індыі з эліністычнымі краінамі Азіі і Міжземнамор’я.
Літ.:
Бонгард-Левин Г.М. Индия эпохи Маурьев. М., 1973.
т. 17, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)