ПІ́ТРЫ, Пітры Фліндэрс (Petrie Flinders) Уільям Мэцью (3.6.1853, г.

Чарлтан, Вялікабрытанія — 28.7.1942), англійскі археолаг, егіптолаг, заснавальнік навук. метаду археал. раскопак у Егіпце. У 1892—1933 праф. Лонданскага ун-та. У 1885—86 адкрыў і даследаваў Наўкратыс і Дафну; у 1888—90 выявіў шмат помнікаў у Фаюмскім аазісе. У 1891—92 вёў раскопкі ў Тэль-эль-Амарне. У 1899—1901 даследаваў грабніцы стараж. фараонаў у Абідасе, у 1904—05 — энеалітычныя комплексы ў Негадзе. Вёў раскопкі ў раёне г. Мемфіс, каля Гераклеопаля, на Пд Палесціны. Выпрацаваў сістэму адноснага датавання дадынастычнай керамікі Стараж. Егіпта. Сярод яго прац асаблівае значэнне мае атлас стараж. прылад працы ўсіх часоў і народаў.

т. 12, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)