ЁГА (санскр. літар. сувязь, адзінства, сканцэнтраванне, намаганне),

1) вучэнне і метад кіравання псіхікай і фізіялогіяй чалавека; састаўны элемент рэліг. і філас. сістэм Індыі, якія ставяць за мэту дасягненне стану вызвалення (нірваны). Прызнае існаванне ў асобе неўсвядомленых сіл і магчымасцей кіравання імі (праз вызначаную арганізацыю псіхікі); распрацавана сістэма фіз. практыкаванняў. Ё. дасягнула поспехаў у кіраванні дыхальнымі і інш. фізіял. функцыямі арганізма, у рэалізацыі жаданых псіхічных станаў чалавека. Асн. філас. ідэя: суадносіны чалавечай псіхафізіялогіі і космасу.

2) Адна з 6 артадаксальных сістэм інд. філасофіі, якія прызнаюць аўтарытэт ведстараж. помнікаў інд. рэліг. л-ры. Заснавальнік Патанджалі. Асэнсоўвае прыроду і функцыі метадаў Ё., этапы іх выкарыстання і інш. У агульнафілас. пытаннях прытрымліваецца вучэння санкх’і — адной з артадаксальных школ стараж.-інд. філасофіі.

т. 6, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ЛО́ГІКА,

раздзел традыцыйнай логікі, які вывучае лагічныя працэсы пераходу ад адзінкавых, прыватных ведаў да агульных. Адносіны агульных і прыватных ведаў (гл. Індукцыя, Дэдукцыя) у старажытнасці даследавалі Арыстоцель, Сакрат і інш. Першай спробай стварэння І.л. як асобнай галіны з’явілася вучэнне Ф.​Бэкана пра індукцыйныя метады вызначэння прычыннай сувязі паміж з’явамі; яго ідэі былі развіты Дж.​С.​Мілем. У 19 ст. сфармулявана канцэпцыя І.л., заснаваная на гіпатэтыка-дэдукцыйным метадзе. Сучасная І.л. займаецца распрацоўкай сродкаў для ацэнкі ступені лагічнай сувязі выказванняў-гіпотэз з выказваннямі, ісціннасць якіх ужо вядома. Адно з цэнтр. паняццяў сучаснай І.л. — паняцце ступені пацвярджэння, што звычайна разглядаецца як імавернасць гіпотэзы пры існуючых эмпірычных ведах. Пры гэтым шырока выкарыстоўваюцца метады імавернасцей тэорыі, а сучасную форму І.л. нярэдка называюць імавернаснай логікай.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕНАФА́Н Калафонскі

(Xenophanes; 6—5 ст. да н.э.),

стараж.-грэч. філосаф і паэт, заснавальнік элейскай школы. Нарадзіўся ў Калафоне, які пакінуў пасля заваявання яго персамі, і вёў жыццё вандроўніка на працягу 67 гадоў. Выкладаў свае погляды ў палемічных вершах. Яго вучнямі былі Парменід, Зянон, Меліс, Эмпедокл. Развіў вучэнне аб адзіным богу як абстрактнай істоце, якая «ўсёй сваёй сутнасцю... бачыць, мысліць, чуе», сілай свайго розуму ўсё ўзрушвае, знаходзіцца ў вечным стане нерухомасці; бог — гэта нешта адзінае, нязменнае, вечнае, шарападобнае. У сувязі з гэтым крытыкаваў ўяўленні прыхільнікаў антрапамарфізму (Гамер, Гесіёд) аб стараж.-грэч. багах, лічыў, што яны скажаюць прыроду багоў, калі прыпісваюць ім усё тое, што ёсць у людзей несумленнага і ганебнага. Асновай быцця лічыў зямлю і ваду.

А.​М.​Елсукоў.

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБАЧЭ́ЎСКІ (Мікалай Іванавіч) (1.12.1792, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.2.1856),

расійскі матэматык, стваральнік неэўклідавай геаметрыі. Скончыў Казанскі ун-т (1811), дзе і працаваў з 1811 (з 1827 рэктар), з 1846 памочнік папячыцеля Казанскай навуч. акругі. Навук. працы па алгебры, геаметрыі, матэм. аналізе, механіцы, фізіцы і астраноміі. Распрацаваў метад лікавага набліжанага рашэння алг. ураўненняў, даў агульнае вызначэнне функцыі, вызначыў розніцу паміж неперарыўнасцю і дыферэнцаванасцю функцый. Адкрыў новую геам. сістэму (1826, апубл. 1829—30) — адну з неэўклідавых геаметрый — Лабачэўскага геаметрыю. Адкрыццё Л., што не атрымала прызнання сучаснікаў, пазней карэнным чынам змяніла ўяўленні аб прыродзе прасторы, у аснове якіх больш за 2 тыс. гадоў ляжала вучэнне Эўкліда, і зрабіла вял. ўплыў на развіццё матэм. мыслення.

Тв.:

Полн собр. соч. Т. 1—5. М.; Л., 1946—51.

М.І.Лабачэўскі.

т. 9, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВОЎ ((Lwoff) Андрэ Мішэль) (8.5. 1902, Алье, Францыя — 1994),

французскі генетык і мікрабіёлаг. Чл. Франц. АН (1977). Замежны чл. АМН СССР (1967), Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва. Прэзідэнт міжнар. асацыяцыі мікрабіял. т-ваў (1962—70). Сын эмігрантаў з Расіі. Скончыў Парыжскі ун-т (1921). З 1921 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы, з 1959 праф. Парыжскага ун-та, з 1969 дырэктар Нац. ін-та даследаванняў раку. Навук. працы па роставых фактарах мікробаў, фізіялогіі вірусаў, індукцыі і рэпрэсіі ферментаў. Даказаў (разам з А.​Гутман) спадчынную прыроду лізагеніі, адкрыў здольнасць ультрафіялетавых прамянёў індуцыраваць развіццё прафага; зрабіў уклад у вучэнне аб латэнтных вірусных інфекцыях. Яго даследаванні пакладзены ў аснову тэорыі рэгулявання сінтэзу бялку. Нобелеўская прэмія 1965 (разам з Ф.Жакобам і Ж.Мано).

А.​Львоў.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАВІТАЛІ́ЗМ,

ідэалістычнае вучэнне ў біялогіі. Узнік у 2-й пал. 19 ст. (ням. біёлаг Г.​Дрыш і інш.) як рэакцыя віталістаў (гл. Віталізм) на спрошчанае механістычнае тлумачэнне жыцця і немагчымасць звядзення жыццёвых праяўленняў да сукупнасці мех., фізіял. і хім. працэсаў. Дрыш лічыў, што жыццёвай сутнасцю з’яўляецца т.зв. энтэлехія (нешта, што нясе ў сабе мэту), якая дзейнічае па-за часам і прасторай і непазнавальная. Напр., развіццё зародка, што мае ў сабе мноства незалежных ч., кіруецца звышматэрыяльным фактарам, які абумоўлівае мэтанакіраванае развіццё арганізма. Праяўляецца Н. у выглядзе антыдарвінаўскіх канцэпцый эвалюцыі (напр., псіхаламаркізм, «творчая эвалюцыя» А.Бергсона і інш.).

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Пути и закономерности эволюционного процесса: Избр. тр. М., 1983;

Воронцов Н.Н. Развитие эволюционных идей в биологии. М., 1999.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́НІШНІКАЎ (Дзмітрый Мікалаевіч) (6.11.1865, г. Кяхта Іркуцкай вобл., Расія — 30.4.1948),

расійскі вучоны ў галіне аграхіміі, фізіялогіі раслін і раслінаводства, заснавальнік расійскай школы аграхімікаў. Акад. АН СССР (1929), акад. УАСГНІЛ (1935). Герой Сац. Працы (1945). Вучань К.А.Ціміразева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1887) і Пятроўскую земляробчую і лясную акадэмію (1889). З 1895 працаваў у ёй (заг. кафедры), адначасова ў 1891—1931 у Маскоўскім ун-це і н.-д. ін-тах. Навук. працы па жыўленні раслін і выкарыстанні мінер. угнаенняў. Заснаваў сучаснае вучэнне аб азоцістым абмене расліннага арганізма, вызначыў ролю аспарагіну ў расліне, паказаў сінтэз яго з аміяку. Прапанаваў спосабы вывучэння жыўлення раслін, спосабы і прыёмы аналізу глеб і раслін. Прэмія імя У.​І.​Леніна 1926. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Дз.М.Пранішнікаў.

т. 13, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

талму́д

(ст.-яўр. talmud = вучэнне)

звод рэлігійных, бытавых, прававых прадпісанняў іудаізму, заснаваны на схаластычным тлумачэнні кніг Старога запавету.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

мані́зм

(фр. monisme, ад гр. monos = адзін, адзіны)

філасофскае вучэнне, якое лічыць асновай быцця адзін пачатак — матэрыю або дух (параўн. дуалізм, плюралізм 1).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дагматы́зм

(ад гр. dogma, -atos = думка, вучэнне)

некрытычнае мысленне (догмамі), сляпая вера ў нязменнасць тых або іншых палажэнняў, прызнанне іх за бясспрэчную ісціну.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)