ЁГА (санскр. літар. сувязь, адзінства, сканцэнтраванне, намаганне),
1) вучэнне і метад кіравання псіхікай і фізіялогіяй чалавека; састаўны элемент рэліг. і філас. сістэм Індыі, якія ставяць за мэту дасягненне стану вызвалення (нірваны). Прызнае існаванне ў асобе неўсвядомленых сіл і магчымасцей кіравання імі (праз вызначаную арганізацыю псіхікі); распрацавана сістэма фіз. практыкаванняў. Ё. дасягнула поспехаў у кіраванні дыхальнымі і інш. фізіял. функцыямі арганізма, у рэалізацыі жаданых псіхічных станаў чалавека. Асн. філас. ідэя: суадносіны чалавечай псіхафізіялогіі і космасу.
2) Адна з 6 артадаксальных сістэм інд. філасофіі, якія прызнаюць аўтарытэт вед — стараж. помнікаў інд. рэліг. л-ры. Заснавальнік Патанджалі. Асэнсоўвае прыроду і функцыі метадаў Ё., этапы іх выкарыстання і інш. У агульнафілас. пытаннях прытрымліваецца вучэння санкх’і — адной з артадаксальных школ стараж.-інд. філасофіі.
т. 6, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)