КРУГЛО́Ў (Анатоль Агапеевіч) (н. 4.3.1932, в. Курганава Смаленскай вобл., Расія),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1992), праф. (1994). Скончыў БДУ (1958). З 1968 у БДУ. Навук. працы па агульных пытаннях тэорыі і гісторыі рэлігіі і атэізму, развіцця атэіст. думкі на Беларусі, адносінах паміж дзяржавай і царквой, пытаннях маралі і рэлігіі, свабоды веравызнання і сумлення, а таксама Бібліі як помніку гісторыі і духоўнай культуры. Аўтар навуч. дапаможнікаў па тэорыі і гісторыі рэлігіі для сярэдніх, спец. і вышэйшых навуч. устаноў.
Тв.:
Скворцов-Степанов — атеист. Мн., 1974;
Основы научного атеизма. Мн., 1983;
Мы и религия. Мн., 1984;
Свобода совести. Мн., 1986;
Развитие атеизма в Белоруссии (1917—1987 гг.). Мн., 1989;
История и теория религии и свободомыслия. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫКЕ́Т (англ. cricket),
спартыўная камандная гульня з мячом і бітамі. Вядомы з сярэдніх вякоў (Англія). Афіц. спаборніцтвы праводзяцца з 18 ст. Сучасны К. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Канадзе, Н. Зеландыі, шэрагу афр. краін; праводзяцца нац. чэмпіянаты, міжнар. сустрэчы. Нагадвае рускую лапту і амерыканскі бейсбол.
У камандах па 11 гульцоў. Гульня вядзецца на травяным полі (80 × 60 м), у сярэдзіне якога ставяцца 2 «брамкі» (выш. 67,5 см, шыр. 20 см) на адлегласці 20 м адна ад адной. Мяч 23 см у дыяметры. масай 170,5 г, біта нагадвае вясло даўж. да 95 см пры шыр. «лопасці» 6,5 см. Мэта гульні — зруйнаваць кідкамі мяча «брамку» каманды саперніка, гульцы якой абараняюць яе, адбіваючы мяч бітамі. Працягласць гульні — некалькі гадзін (па дамоўленасці паміж камандамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ БОЙ 1651,
бой паміж казацка-сялянскім войскам і войскам ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У чэрв. 1651 4 тыс.ўкр. казакоў на чале з палк. І.Шохавым зрабілі рэйд праз тэр. Расіі ва ўсх. паветы ВКЛ. 6 чэрв. яны захапілі Рослаўль, частка казакоў і сялян, якія далучыліся да іх, пасланы Шохавым да Крычава. На дапамогу гарнізону горада Я.Радзівіл накіраваў атрад Вейса ў 300 коннікаў і 600 пехацінцаў, які злучыўся з атрадам мсціслаўскай, аршанскай і віцебскай шляхты на чале з мсціслаўскім падсудкам Валовічам. 28.6.1651 недалёка ад Крычава ўрадавыя войскі былі разбіты казацка-сялянскім войскам. У баі загінулі Валовіч, мсціслаўскі пісар Сухадольскі і інш. знатныя шляхціцы. Вейс узяты ў палон і забіты. Крычаў узяты штурмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДЫСТА́НСКІЯ ГО́РЫ, Курдскія горы,
горы паміж Армянскім і Іранскім нагор’ямі, у Турцыі, Іране і Іраку. Складаная сістэма хрыбтоў і масіваў выш. да 4168 м (г. Джыло). Грабяні хрыбтоў вышэй за 3500 м альпійскага тыпу, менш высокія пераважна плоскавяршынныя. Схілы моцна расчлянёныя вузкімі цяснінамі. Складзеныя з сланцаў, кварцытаў, мармуру, мергелю. Ледавікі. Рэкі ў асн. ўтвараюць левыя прытокі р. Тыгр. Клімат субтрапічны. Ападкаў на паўд.-зах. схілах 1000—3000 мм, на паўн.-ўсх. — 400—700 мм за год. На паўд. схілах міжземнаморскія лясы, хмызняк (маквіс), фісташкавыя і арчовыя рэдкалессі, на паўн. — горныя стэпы і фрыганападобная расліннасць; на плоскіх вяршынях — альпійскія лугі. Качавая жывёлагадоўля. Па далінах рэк — сады, пасевы пшаніцы, кукурузы, ячменю. Зах. частка К.г. наз. таксама Армянскім Таўрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭМП-ДЭ́ВІДСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1978,
комплекс пагадненняў паміж Ізраілем і Егіптам пры пасрэдніцтве ЗША аб мірным урэгуляванні Блізкаўсходняга канфлікту. Падпісаны 17 вер. ў загараднай рэзідэнцыі прэзідэнта ЗША Дж.Картэра ў Кэмп-Дэвідзе (адсюль назва) прэзідэнтам Егіпта А.Садатам, прэм’ер-міністрам Ізраіля М.Бегінам і Картэрам (сведка). Прадугледжвалі наданне абмежаванага самакіравання арабам-палесцінцам з Зах. берага р. Іардан і сектара Газа, заключэнне егіпецка-ізраільскага сепаратнага мірнага дагавора (падпісаны ў Вашынгтоне 26.3.1979 на ўмовах вываду ізраільскіх войск з Сінайскага п-ва, куды часова ўводзіліся войскі ЗША і краін НАТО). За гэтыя пагадненні Садату і Бегіну прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1978. К.-д.п., падпісаныя без удзелу Арганізацыі Вызвалення Палесціны, не былі прызнаны ААН, большасцю араб. краін, тагачасным кіраўніцтвам СССР і ў Палесціне фактычна не выконваліся, аднак палепшылі егіпецка-ізраільскія адносіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАЧЭ́ЎСКІ (Мікалай Іванавіч) (1.12.1792, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.2.1856),
расійскі матэматык, стваральнік неэўклідавай геаметрыі. Скончыў Казанскі ун-т (1811), дзе і працаваў з 1811 (з 1827 рэктар), з 1846 памочнік папячыцеля Казанскай навуч. акругі. Навук. працы па алгебры, геаметрыі, матэм. аналізе, механіцы, фізіцы і астраноміі. Распрацаваў метад лікавага набліжанага рашэння алг. ураўненняў, даў агульнае вызначэнне функцыі, вызначыў розніцу паміж неперарыўнасцю і дыферэнцаванасцю функцый. Адкрыў новую геам. сістэму (1826, апубл. 1829—30) — адну з неэўклідавых геаметрый — Лабачэўскага геаметрыю. Адкрыццё Л., што не атрымала прызнання сучаснікаў, пазней карэнным чынам змяніла ўяўленні аб прыродзе прасторы, у аснове якіх больш за 2 тыс. гадоў ляжала вучэнне Эўкліда, і зрабіла вял. ўплыў на развіццё матэм. мыслення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІ́НСКІ САЮ́З,
федэрацыя старажытнаіталійскіх гарадоў на тэр. сучаснай вобл.Лацыо, якая ўзнікла ў пач. 1-га тыс. да. н.э. і аб’ядноўвала (паводле ант. традыцыі) 30 абшчын. Напачатку Л.с. узначальваў г.Альба-Лонга, з 6 ст. да н.э. — Рым. Гарады мелі агульныя святы, саюзны сход вырашаў агульныя пытанні і спрэчкі паміж яго членамі. У канцы 6 — пач. 5 ст. да н.э. некаторыя лац. абшчыны часова вызваліліся ад рым. панавання. У 493 да н.э. Л.с. адноўлены (на чале з Рымам) на ўмовах узаемадапамогі ў войнах, удзеле камандавання пры падзеле здабычы. У час гальскага нашэсця (390 ці 387 да н.э.) Л.с. распаўся. У 358 да н.э. аднавіўся на больш выгадных для Рыма ўмовах. Скасаваны пасля 2-й Лацінскай вайны (340—338 да н.э., гл.Лацінскія войны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЎКТРЫ (Leuktra),
старажытнагрэчаскі горад у Беотыі, за 11 км ад Фіваў, каля якіх 5.8.371 да н.э. адбылася бітва паміж спартанцамі на чале з царом Клеамбротам (10 тыс. гаплітаў і 1 тыс. коннікаў) і фіванцамі пад камандаваннем Эпамінонда (каля 6 тыс. гаплітаў і 1,5 тыс. коннікаў). Фіванцы ўпершыню выкарысталі новы тактычны прыём: размясцілі войскі нераўнамерна па фронце (т. зв. косым баявым парадкам), сканцэнтраваўшы на левым флангу ўдарную групоўку і рэзерв з лепшых воінаў, а ў цэнтры і на процілеглым флангу паставілі меншыя па колькасці сілы. Зыход бітвы вырашыў удар намнога большымі сіламі па адборнай частцы войска спартанцаў. Непераможныя да гэтага часу на сушы спартанцы былі разбіты, загінуў іх цар Клеамброт. У выніку Спарта страціла гегемонію ў Грэцыі. Пелапанескі саюз распаўся. Пачалося кароткатэрміновае панаванне Фіваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́КАВАЯ ПРАМА́Я, лікавая вось,
прамая, на якой адлюстраваны сапраўдныя лікі. Кожны такі лік адлюстроўваецца пунктам на Л.п. і тым самым устанаўліваецца ўзаемна адназначная адпаведнасць паміж мноствам сапраўдных лікаў і мноствам пунктаў на Л.п.
На прамой выбіраюць пункт O (пачатак адліку) і з правага боку ад яго — пункт E (адзінкавы пункт), адрэзак OEназ. маштабным (адзінкавым) адрэзкам. Яго даўжыня прымаецца за адзінку вымярэння даўжынь усіх адрэзкаў Л.п. Напрамак ад O да E лічыцца дадатным, ад E да O — адмоўным. Дадатны сапраўдны лік a адлюстроўваецца адрэзкам OA, узятым у дадатным напрамку і даўжыня якога роўная a адзінкавых адрэзкаў. Калі пункт A з’яўляецца адлюстраваннем ліку a, то лік aназ. дэкартавай каардынатай (ці каардынатай) пункта A.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1651,
бітва паміж войскамі ВКЛ і казацкім войскам у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай абароны паўн.-ўсх. межаў Украіны і Кіева ад войск ВКЛ Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева, да пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўская брама») 15-тыс. войска на чале з М.Нябабам. Гетман польны Я.Радзівіл, які ўзначальваў войска ВКЛ, 29 чэрв. падышоў да Рэчыцы і пачаў наступленне на Лоеў. У бітве, якая адбылася 6 ліп., загінулі сам Нябаба, амаль уся казацкая старшына, некалькі тыс. казакоў (частка ўзята ў палон). Потым Я.Радзівіл здзейсніў паход на Кіеў, які 4 вер. абаронцы здалі без бою. 28 вер. Украіна падпісала з Рэччу Паспалітай Белацаркоўскі дагавор 1651.