прывяза́ць, ‑вяжу, ‑вяжаш, ‑вежа; зак.
1. што. Звязаўшы, завязаўшы вузлом, прымацаваць да чаго‑н. [Мая] справілася з плынню і да лодкі дабралася хутка, прывязала вяроўку і ўзнятаю рукою дала знаць, што ўсё гатова. Дуброўскі. Сымон прывязаў лейцы да лёсткі, саскочыў з воза і пайшоў .. поруч. Чарнышэвіч. // Прымацаваць да чаго‑н. пры дапамозе вяроўкі, рэменя і пад. [Параход] прывязалі канатамі, паклалі дошкі на бераг, пачалі высаджваць палонных. Лынькоў. За канаўкаю чалавек прывязаў каня да мізэрнай астачы плота і сам крута павярнуў за вугал. Чорны.
2. перан.; каго. Цесна звязаць з кім‑, чым‑н., паставіць у залежнасць ад каго‑, чаго‑н. Без млына Нічыпар не мог пражыць. Пятнаццаць гадоў моцна прывязалі яго да старой, пахілай будыніны. Асіпенка. Некалькі разоў за той дзень .. [Антон] ўкрадкам варочаўся да дарогі і кожны раз адыходзіў назад. Але вялікая сіла прывязала яго да гэтага месца. Чорны.
3. перан., каго. Выклікаць прывязанасць да каго‑н. — І наогул — ён асілак-чалавек. Увойдзе, абзавецца і адразу прывяжа да сябе. Лужанін.
4. што. Спец. Звязаць з якім‑н. арыенцірам, суаднесці з чым‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыжы́цца, ‑жывуся, ‑жывешся, ‑жывецца; ‑жывёмся, ‑жывяцеся; зак.
1. Пажыўшы або папрацаваўшы дзе‑н. некаторы час, прыстасавацца, прызвычаіцца да гэтага месца, абстаноўкі. Партызаны Ларывончыкавага атрада гэтак прыжыліся да таго густога, здавалася, непраходнага лесу, ажно некаторыя забываліся, што яны на вайне. Сабаленка. Ганялі .. [Сакалоўскага] з цэха ў цэх — нідзе не прыжыўся. Шынклер. Кінуў [бацька] зямлю, увесь набытак і падаўся ў горад. Там і прыжыўся. Сачанка. Для мяне было ясна, што яна служыць там аддана, як могуць служыць толькі працавітыя, сумленныя і адзінокія старыя жанчыны, якія з цягам часу прыжыліся ў чужой сям’і. Карпюк. [Прадзед] адстаў ад свайго табара ды так і прыжыўся ў вёсцы. П. Ткачоў.
2. Прыстасаваўшыся да новых умоў, пачаць добра расці, развівацца (пра жывёл, расліны). Маладыя дрэўцы, пасаджаныя мінулай восенню і вясной, прыжыліся. Хадкевіч. Прыжыліся буслы ў горадзе: Адчуваюць сябе як дома. Сіпакоў. // Прырасці, зрасціся з чым‑н. Прышчэпак добра прыжыўся.
3. Замацавацца дзе‑н., за чым‑н. Палявая, Лугавая, Аляксандраўская, Мікалаеўская — так называюцца вуліцы. Але назвы гэтыя не прыжыліся, завуць па-ранейшаму. Навуменка. Каўбойскія фільмы, як гэта ні дзіўна, трывала прыжыліся на італьянскіх экранах. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; заг. прыкладзі; зак., што.
1. Пакласці на што‑н., наблізіць да сутыкнення з чым‑н. Маці прыклала да галавы дзеду намочаную халодную хустачку, і дзед паспакайнеў, пачаў дыхаць раўней. Хомчанка. [Майбарада] непрыкметна прыклаў палец да вуснаў, што значыла маўчы і згаджайся. Шамякін. Шашура прыклаў вуха да рэйкі — ці не ідзе поезд. Мележ. // Паклаўшы што‑н. зверху, прыціснуць. Прыкласці сыр каменем. // чым. Пакрыць, абкласці чым‑н. з мэтай лячэння. Прыклала да раны бабуля Гаючыя лекі з травы. Смагаровіч.
2. Дадаць, далучыць да чаго‑н. Прыкласці да заявы даведку з месца жыхарства. Прыкласці да дакументаў фотакартку. □ Запоўніць лепш анкету, Прыкласці біяграфію, Чым скласці кнігу гэту. Вітка. // Разм. Прыдумаць, дадаць ад сябе (пры пераказе чаго‑н.).
3. Накіраваць дзеянне чаго‑н. на што‑н., выкарыстаць з якой‑н. мэтай. Прыкласці ўсе намаганні. Прыкласці веды. □ — Старанна нам не пазычаць, абы знайшлося, дзе яго прыкласці, — адказаў Даніла. Пальчэўскі. Сходы на фронце заўсёды выклікалі ў Язэпа прыліў сіл, энергіі і празрыстую яснасць, як і куды прыкласці гэтую сілу. Асіпенка.
•••
Прыкласці рукі да каго-чаго — тое, што і прылажыць рукі да каго-чаго (гл. прылажыць).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыкме́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які можна прыкмеціць, распазнаць, адрозніць вокам, поглядам. Цяпер я стаю на месцы, прытуліўшыся да сцяны, каб не быць прыкметныя, і чакаю. Галавач. Над левым брывом у Кірылы Пракопавіча досыць прыкметны шрам. Паслядовіч. [Рэня] прыглядалася да яго няскладнай фігуры.. і ў куточках яе губ блукала, хавалася ледзь прыкметная ўсмешка. Лынькоў. // Адчувальны, значны. Звычайнае вячэрняе пахаладанне не было нават прыкметным. Чарнышэвіч. Небагата баек напісаў Я. Колас, але ў развіцці гэтага жанру ў беларускай літаратуры яны пакінулі прыкметны след. Казека.
2. Які прыцягвае да сябе ўвагу, кідаецца ў вочы; адметны. Яшчэ на.. [пасажыры] было надта прыкметнае паліто — пера[н]іцаванае, пашытае рэгланам з некалі дарагога сукна. Карпюк. У такой, як Алеся, касынцы яна. У чырвонай касынцы, прыкметнай здалёк. Куляшоў.
3. Які выдзяляецца сярод падобных, мае свае асаблівыя адзнакі. Быў .. [Слесарэнка] чалавек прыкметны. Амаль двухметровага росту, спакойны, чарнявы, смелы і рашучы ў баі. Бураўкін. Агрыпіна ведала і помніла сям’ю Грушкаў, тым больш, што хата іх прыкметная: пры шляху — адна. Пестрак.
4. Які з’яўляецца, служыць прыкметай, адзнакай. Прыкметны знак. □ Адтуль зусім не цяжка знайсці прыкметны выварацень. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяро́, ‑а́; мн. пёры (з ліч. 2, 3, 4 пяры́), пёраў; н.
1. Рагавы стрыжань з пушыстымі адросткамі па баках, які вырастае на скуры птушак. Страусавае пяро. □ Ляцелі жураўлі ад цёплых плёсаў, Ганяючы то крыкі, то пяро. Пысін.
2. Металічная выгнутая пласцінка з расшчэпленым канцом для пісання чарнілам, тушшу. Стальное пяро. Чарцёжнае пяро. Нотнае пяро. Плакатнае пяро. □ Я рашуча адсунуў ад сябе сшытак, паклаў пяро і ўстаў з-за стала. В. Вольскі. // Завостранае вялікае птушынае пяро, якое ўжывалася для пісання чарнілам да паяўлення металічных пёраў. Гусінае пяро. □ Пяро, якім мы пішам, атрымала сваю назву ад птушынага пяра, якое ўжывалася ў свой час у якасці прылады для пісьмо. Юргелевіч.
3. перан.; толькі адз. Ужываецца як сімвал працы пісьменніка, яго прафесіі. Першыя спробы пяра маладога паэта [А. Александровіча] вельмі прыхільна былі сустрэты гурткоўцамі. Хведаровіч.
4. Разм. Зялёны ліст цыбулі ці часнаку.
5. Спец. Лопасць у розных інструментах, прыладах і пад. Пяро руля.
•••
Вечнае пяро — тое, што і аўтаручка.
Адным росчыркам пяра гл. росчырк.
Валодаць пяром гл. валодаць.
Выйсці з-пад пяра гл. выйсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рабо́тнік, ‑а, м.
1. Чалавек, заняты работай; працаўнік. І на жніве, і на малацьбе паказаў [старшыня] аднавяскоўцам тое ўмельства хлебароба, якое жыве, не памірае ў сэрцы добрага работніка праз доўгія гады. Бялевіч. Дзед Баўтрук работнік сумленны. Гарачкі ў рабоце не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна. Колас. // Той, хто можа выконваць работу, працаваць. «Які з цябе работнік, — гаварылі гаспадары. — Вецер свісне, дык упадзеш». Бядуля.
2. чаго або які. Той, хто пастаянна працуе дзе‑н., прафесійна займаецца якой‑н. дзейнасцю. Партыйны работнік. Работнікі сельскай гаспадаркі. Работнікі друку. □ Работнікі музея любоўна захоўваюць усё, што звязана з жыццём Леніна. «Звязда». Работнік літаратуры і мастацтва нямала і нядрэнна расказалі аб подзвігах і героях фронту і тылу. Брыль.
3. Той, хто абслугоўвае каго‑н. сваёй працай. Наняць работніка. □ [Бародзіч:] — Мы не проста чужыя, панятыя работнікі, мы робім .. самі на сябе. Чорны. Забегаліся вятры — служакі-гаротнікі: Ніхто не ідзе да зімы ў работнікі. Тармола. // Наёмны сельскагаспадарчы рабочы; парабак. — На лішняга работніка грошай у мяне няма, а падсвінкі аж зямлю грызуць ад голаду... Бажко.
•••
Наменклатурны работнік — работнік, які значыцца ў спісе кіруючых асоб.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскашава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; заг. раскашуйся; незак.
Разм.
1. Жыць у раскошы, мець усяго ў дастатку. [Шэмет:] — Я ведаю, што табе цяжка. У цябе дзяцей поўная хата. А хто, скажы, некалі раскашаваўся, калі трэба было хату ставіць? Лобан. Ведама, і сябе не крыўдзіць [Мікалай Мікалаевіч]. Хто там важыў, колькі жыта ўрадзіла; .. хто лічыў, колькі свіней закалолі. От і раскашуецца. Грахоўскі. // Дазваляць сабе што‑н. лішняе, звыш патрэбы. — Ну, добра, дзядзька Клеманс... Толькі там не надта раскашуйся! — Не бойся, я лішняга [лесу] не ссяку. Чарнышэвіч.
2. і (рэдка) зак. Жыць (пачаць жыць) або размяшчацца (размясціцца) дзе‑н. вельмі свабодна, на вялікай плошчы. «Цесната. Не вельмі яны тут раскашуюцца», — падумала Яніна, але ўраз жа ўспомніла пра чаканую новую кватэру. Марціновіч. Да Мінска Міхед раскашаваўся адзін, а ў Мінску ў купэ зайшлі мужчына з дзвюма жанчынамі, з выгляду калгаснікі. Сабаленка. // Расці (парасці) буйна, на прыволлі. Там [на пустыры] нават трава людская не расце. Адзін, сівец з быльнягом толькі раскашуюцца ўлетку. Якімовіч. Было ціха і спакойна, густа пахла .. тарфяным пылам, крапівой, якая раскашавалася пад платамі. Кудравец. Рэдка пасеюць — раскашуецца, забуяе; густа — таксама не разгубіцца, уверх пачне расці. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распазна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Вызначыць, пазнаць па якіх‑н. прыкметах. [На дарозе] быццам нешта чарнела. Праз мінуту няцяжка было распазнаць, што рухаецца калона аўтамашын. Беразняк. Гук не сціхаў і быў ужо бліжэй. Ужо можна распазнаць, што нехта едзе. Колас. — А то гляджу — сама Мілка ідзе ў цэх. У вачах ні смутку, ні адчаю, ні роспачы. Глядзіць мне ў вочы, смяецца. Не распазнаць: натуральна ці прытвараецца. Мыслівец. // Разгадаць, зразумець значэнне, характар, асаблівасці каго‑, чаго‑н. Цяпер .. [Кастравіцкі] ведаў, бадай, пэўна, што жонка расчаравана ў ім.. і як бы нанава стараецца яго распазнаць, шукаючы ў ім перш за ўсё благое. Навуменка. [Язэпу] хацелася хутчэй распазнаць нораў свайго буланчыка. Якімовіч.
2. Адрозніць, вылучыць сярод падобных. Авечку латкамі, бывае, значаць, каб распазнаць у табуне лягчэй. Таўлай. [Нічыпаравы] словы ледзьве можна было распазнаць паміж той гамарні, якая цяпер тварылася на дварэ. Чарот.
3. Пазнаць у падрабязнасцях, дэталях. Як толькі вынырнулі з лесу, шафёр спыніў машыну, каб распазнаць мясцовасць, а галоўнае — дарогу. Пестрак. [Аксіння Мелехава] баялася мужчын, праклінала сябе за маладую бяздумнасць, за жаданне як хутчэй да канца распазнаць свет. Мыслівец. Усё ахвота зразумець, распазнаць. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэ́зкі, ‑ая, ‑ае.
1. Моцны, востры, пранізлівы. Рэзкі холад. Рэзкія болі. □ У хату са свістам уварваўся рэзкі вецер, скінуў коўдру з акна. Мележ. // Які раздражняе, непрыемна дзейнічае на органы пачуццяў. Рэзкі голас. Рэзкі пах. Рэзкі крык. □ Калі тухне рэзкае дзённае святло — мякчэюць і рысы чалавечага твару. Нікановіч.
2. Які вызначаецца выразнымі абрысамі; не расплыўчаты. Марцін шырокаю рукою закрыў хударлявы, з рэзкімі валявымі рысамі твар. Мележ. На кароткім тоўстым абрубку сядзіць грамозны шырокі чалавек з светлымі грознымі, жорсткімі вусамі, з буйным рэзкім тварам. Колас. // перан. Які моцна і выразна праяўляецца. Рэзкі пераход у паводзінах. Рэзкія супярэчнасці. Рэзкія кантрасты.
3. Раптоўны і вельмі значны. Рэзкае павышэнне паспяховасці вучняў. Рэзкае пахаладанне. // Хуткі, імклівы. Рэзкі паварот галавы. Рэзкая хада. □ Рэзкім рухам рукі Юля скінула з сябе коўдру. Грамовіч.
4. Грубы, дзёрзкі. Кацельшчык Мікалай Федаровіч — чалавек нявытрыманы, часам занадта рэзкі. Кірэйчык. Ды і сама Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая. Васілевіч. [Лёдзя] сабралася сказаць яшчэ нешта рэзкае, ды нечакана, ледзь не заплакаўшы, адвярнулася і пайшла прэч. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́рбніца, ‑ы, ж.
1. Уст. Месца захоўвання дарагіх рэчаў, каштоўнасцей. Царская скарбніца. □ Другі заходні неф служыў жыллём для замкавых жыхароў, і там былі скарбніца і падземны ход за Гараднічанку. Караткевіч.
2. Матэрыяльныя каштоўнасці, маёмасць, багацце. Насустрач па шашы імчаліся машыны І з цэглай, і з жалезам, і з рудой, Багаты ўраджай, удой Плылі ўвесь час у скарбніцы краіны. Корбан. // перан. Сукупнасць культурных, духоўных каштоўнасцей. Ленінізм — скарбніца вечна жывога творчага марксізма. «Полымя». Міхась Чарот .. напісаў добрыя паэмы і вершы, якія назаўсёды засталіся ў скарбніцы беларускай літаратуры. Хведаровіч. // перан. Невычэрпная крыніца чаго‑н. У фальклоры паэт [М. Танк] знайшоў для сябе найбагацейшую скарбніцу ідэй, матываў, вобразаў, сюжэтаў. Гіст. бел. сав. літ. Абодва дзяды .. для дапытлівага, цікаўнага ўнука былі цэлай скарбніцай спазнання свету, энцыклапедыяй народнага жыцця. Вітка.
3. Месца сканцэнтравання якіх‑н. каштоўнасцей. [Луўр] — багацейшая скарбніца жывапісу і скульптуры, размешчаных у шасці аддзелах, кожны з якіх па сутнасці з’яўляецца музеем. Філімонаў.
4. Даўней — казна; месца захоўвання казны. Невялікае мураванае памяшканне станцыі мела звычайны .. выгляд: .. направа .. мясцілася багажня, скарбніца і невялічкі першы клас, а налева — другі і трэці класы. Гартны.
[Польск. skarbnica.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)