ПРАДБА́ЧАННЕ НАВУКО́ВАЕ,

прадказанне на падставе навукі падзей ці з’яў, якія яшчэ не сталі аб’ектам чалавечага вопыту. Ад ненавук. форм прадбачання адрозніваецца тым, што скіроўвае ўвагу на вывучэнне заканамернасцей прыродных і грамадскіх працэсаў. Раскрыццю механізма П.н. дапамагаюць навук. тэорыі і эксперыменты; ад паўнаты і выверанасці даных навукі залежаць дыяпазон, дакладнасць і сапраўднасць вынікаў. Гэта дае падставу, асабліва ў грамадскім жыцці, для распрацоўкі пэўнай колькасці альтэрнатыўных варыянтаў, або мадэляў будучыні. Крытэрый верагоднасці вынікаў П.н. — здольнасць дакладна ўстанавіць гал. змест і кірунак прыродных і грамадскіх працэсаў у дадзеных умовах (П.н. не можа стварыць ідэальны вобраз будучай рэчаіснасці ва ўсіх яе дэталях і індывід. рысах). Катэгорыямі П.н. выступаюць: закон, тэорыя, гіпотэза, пазнанне, кіраванне і інш. Формамі канкрэтызацыі П.н. ў якасці абстрактнай катэгорыі з’яўляюцца навук. паняцці: прадчуванне, прадугадванне, прагназіраванне і інш. Глабальныя маштабы наступстваў глыбокіх змен у прыродным і сац. асяроддзі чалавека павышаюць значэнне П.н., якое становіцца адной з неабходных умоў існавання чалавецтва.

В.​І.​Боўш.

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЕ́КЦЫЯ (ад лац. projectio літар. кіданне наперад),

відарыс прасторавай фігуры на плоскасці ці інш. паверхні.

Адрозніваюць цэнтральную, паралельную, прамавугольную П. Цэнтральная (канічная) П.: выбіраюць адвольны пункт S прасторы (цэнтр праектавання) і плоскасць α′ (плоскасць П.), якая не праходзіць праз пункт S; праз дадзены пункт A (правобраз) прасторы і цэнтр П. S праводзяць прамую SA да яе перасячэння ў пункце A′ з плоскасцю α′. Пункт A′ (вобраз) наз. цэнтральнай П. пункта A. П. фігуры наз. сукупнасць П. усіх яе пунктаў. Паралельнай (цыліндрычнай) П. пункта A на плоскасць α′ наз. пункт A′ перасячэння гэтай плоскасці і прамой p, якая праходзіць праз A паралельна зададзенай прамой a. У выпадку перпендыкулярнасці прамой n і плоскасці α′ П. наз. прамавугольнай (артаганальнай). Цэнтр. П. — аснова перспектывы. Цэнтр. і паралельная (у прыватнасці, артаганальная) П. знаходзяць дастасаванні ў нарысоўнай геаметрыі. Спец. віды праектавання на плоскасць, сферу, эліпсоід і інш. паверхні выкарыстоўваюцца ў астраноміі, геаграфіі, крышталяграфіі, тапаграфіі і інш.

А.​А.​Гусак.

Цэнтральная праекцыя.
Паралельная праекцыя.

т. 12, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́МІЗАЎ (Аляксей Міхайлавіч) (6.7.1877, Масква — 26.11.1957),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1902. Пошукі архаічнага стылю, арыентаванага на л-ру і вуснае слова «дапятроўскай» Русі ў кн. «Ліманар, сірэч: Луг духоўны» (1907), «Міколавы прытчы» (1917). У раманах «Сажалка» (1905), «Плачужная канава» (1923—25), аповесці «Пятая язва» (1912), у «летапіснай» аповесці «Узвіхраная Русь» (1927) — вобраз рас. правінцыі і С.-Пецярбурга, тэмы недарэчнасці жыцця, душэўнай дысгармоніі, чалавечых пакут. «Слова пра пагібель Рускай зямлі» (1918) — ліраэпічная «гістарыясофія» Расіі, асэнсаванне падзей 1-й сусв. вайны і Лют. рэвалюцыі 1917. Аўтар драм. твораў у духу сярэдневяковых містэрый («Трагедыя пра Іуду, прынца Іскарыёцкага», 1909; «Цар Максімілян», 1919), біягр. кн. «Падстрыжанымі вачыма» (1951), кн. «Агонь рэчаў. Сны і перадсонне. Гогаль. Пушкін. Лермантаў. Тургенеў. Дастаеўскі» (1954), апрацовак казак, паданняў, апокрыфаў і інш. З 1921 у эміграцыі.

Тв.:

Соч. Кн. 1—2. М., 1993;

Избранное. М., 1978;

Избранное. Повести. Лит. силуэты. Воспоминания. М., 1992;

В розовом блеске: Автобиогр. повествование. Роман. М., 1990.

Літ.:

Алексей Ремизов: Исслед. и материалы. СПб., 1994.

т. 14, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сінтэты́чны

(гр. synthetikos)

1) заснаваны на сінтэзе;

с-ыя мовы — мовы, у якіх адносіны паміж словамі ў сказе выражаюцца формамі саміх слоў;

2) атрыманы шляхам сінтэзу (напр. с-ае валакно, с. каўчук);

3) аб’яднаны, абагульнены (напр. с. мастацкі вобраз).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

постімпрэсіяні́зм

(ад пост- + імпрэсіянізм)

умоўная назва кірунку, які прыйшоў на змену імпрэсіянізму ў мастацтве канца 19 — пач. 20 ст.; прадстаўнікі яго, у адрозненне ад імпрэсіяністаў, імкнуліся стварыць больш умоўны, але ў той жа час і больш шырокі і цэласны вобраз свету.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сі́мвал

(гр. simbolon)

1) прадмет або яго малюнак, а таксама графічны знак, якія выражаюць якую-н. з’яву, ідэю;

2) умоўнае абазначэнне якой-н. велічыні, паняцця ў навуцы (напр. сімвалы хімічных элементаў);

3) мастацкі вобраз, які ўмоўна перадае якую-н. думку, перажыванне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

абра́з ​1, ‑а, м.

Малюнак бога або святога ў выглядзе партрэта як прадмет рэлігійнага пакланення. Старая паляшучка, знахарка Мар’я, набожна перахрысцілася, падняўшы вочы на абраз. Колас. Дзеці баяліся бога, што сярдзіта пазіраў з абразоў на покуці. С. Александровіч.

абра́з ​2, ‑а, м.

Тое, што і вобраз (у 1 знач.). Скарылася стыхія, Змяніла свой абраз. Колас. Лапці ды сярмягі — як абраз не боскі: Гэта нашы людзі, Людзі нашай вёскі. Купала. Абразы змагання за волю прыгнечаных праходзяць кінастужкай перад Міхалкам. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напо́перак, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. Па шырыні чаго‑н., у шырыню; упоперак. Луг напоперак перасякала вузкая пратока, берагі якой пазарасталі вербалозыкам, чаротам і аерам. Сяргейчык.

2. прысл. Тое, што і наперакор (у 1 знач.).

3. прыназ. з Д. Тое, што і наперакор (у 2 знач.). Я лічыў бы за жарт гэтай прыкрасці выраз, Каб, напоперак думкам і волі самой, Аж спадыспаду дзён у вяліз[ар]ны вобраз не вырас Дзень маленства майго і вясновых самот. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сімвалі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе сімвал; сімвалізуе што‑н. Сімвалічны знак. Сімвалічны вобраз. □ Ужо сам загаловак «Новае рэчышча» сімвалічны. Гіст. бел. сав. літ. На вокладцы кнігі М. Гамолкі «Дзень добры, школа!» намалявана амаль сімвалічная сцэна. Шкраба. // Які сведчыць пра наяўнасць сімвала ў чым‑н. Глыбокі сімвалічны сэнс набывае фінал паэмы. Івашын.

2. Умоўны. Але невялікі, хутчэй за ўсё сімвалічны ганарар у «Першай беларускай», я ўпэўнены, ніхто б не прамяняў на зарплату за якую іншую працу. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ-ГЕРО́Й,

мемарыяльны комплекс у Брэсце. Створаны ў 1969—71 на тэр. Брэсцкай крэпасці на ўшанаванне подзвігу яе абаронцаў (гл. Брэсцкай крэпасці абарона 1941). Скульпт.-арх. ансамбль аб’ядноўвае ўцалелыя збудаванні, закансерваваныя руіны, крапасныя валы і творы сучаснага манум. мастацтва. Адкрыты 25.9.1971. Аўтары: скульпт. А.​Кібальнікаў (гал. маст. кіраўнік), А.​Бембель, У.​Бабыль, арх. У.​Кароль, В.​Волчак, В.​Занковіч, Ю.​Казакоў, А.​Стаховіч, Г.​Сысоеў. Комплекс размешчаны ва ўсх. частцы Цытадэлі. Уключае манум. галоўны ўваход, вырашаны ў выглядзе прарэзанай у бетоннай сцяне 5-канцовай зоркі, гал. манумент, штык-абеліск, пл. Цырыманіялаў, тэрасы-трыбуны, некропаль-калумбарый, дзе пахаваны урны з прахам абаронцаў крэпасці, пад’езды і плошчы. Кампазіцыйным цэнтрам комплексу з’яўляюцца гал. манумент «Мужнасць» — абагульнены вобраз воіна-пераможцы (бетон, выш. 33,5 м) і штык-абеліск (абліцаваны тытанам, выш. 100 м). На краі плошчы размешчана скульпт. кампазіцыя «Смага» — фігура распластанага на зямлі салдата, які цягнецца з каскай да вады. У складзе комплексу Брэсцкай крэпасці-героя музей, Святамікалаеўская правасл. царква.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Брэсцкая крэпасць-герой. Плошча Цырыманіялаў з галоўным манументам.
Брэсцкая крэпасць-герой. А.​Бембель. Скульптура «Смага». 1969.

т. 3, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)