ПРЭВО́ д’Экзіль
(Prévost d’Exiles) Антуан Франсуа (1.4.1697, г. Эдэн, Францыя — 25.11.1763),
французскі пісьменнік-асветнік, прадстаўнік ранняга сентыменталізму і ракако. Скончыў езуіцкі калеж (1713), стаў абатам. Аўтар сац.-псіхал. раманаў «Мемуары і прыгоды знатнага чалавека, які аддаліўся ад свету» (т. 1—7, 1728—31), «Англійскі філосаф, або Гісторыя Кліўленда, незаконнага сына Кромвеля, напісаная ім самім» (т. 1—8, 1731—39), «Кілерынскі ігумен» (1735), «Гісторыя адной грачанкі» (1740), «Мемуары добра выхаванага чалавека» (1745), у якіх паўстае шырокая панарама жыцця тагачаснай Францыі і Еўропы, ставяцца вострыя сац. праблемы. Вяршыня яго творчасці — раман «Гісторыя кавалера Дэ Грыё і Манон Леско» (1731, неаднаразова экранізаваны). Вобраз Манон — сімвал складанасці і таямнічасці чалавечай натуры, увасабленне горкага лёсу прыгажосці ў свеце саслоўнай няроўнасці і пагоні за багаццем. На сюжэт рамана напісаны балет Ф.Галеві, оперы Ф.Абера, Ж.Маснэ, Дж.Пучыні.
Тв.:
Рус. пер. — История кавалера де Грие и Манон Леско;
История одной гречанки;
Новеллы. М., 1989.
Літ.:
Пахсарьян Н.Т. Генезис, поэтика и жанровая система французского романа 1690—1760-х гг. Днепропетровск, 1996.
Г.В.Сініла.
т. 13, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)