Любоў ’пачуццё глыбокай прыхільнасці, адданасці’, ’каханне’, ’схільнасць, цяга да чаго-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Яруш.). Укр. любов, рус. любовь, ст.-рус. любовь, любы, славен. ljubȋ, ljubȃv, серб.-харв. љу́би, љу́бав, макед. љубов, балг. любо́в, либо́в, ст.-слав. любы. Прасл. lʼuby, lʼubъve ўтвораны ад прыметніка lʼubъ (Бернекер, 756; Фасмер, 2, 544; Младэнаў, 283; Скок, 2, 338; БЕР, 3, 573–574). Паводле Бірнбаўма (VII Međunar. Slavistički kongres, Knjiga refer., 1, Zagreb, 1978), словы з коранем lʼub‑ першапачаткова азначалі ’актыўнае каханне’, а з коранем mil‑ — ’пасіўнае, жаданае каханне’. Іншыя словы (lask‑, koxa‑) атрымалі значэнне ’каханне’ на працягу развіцця слав. моў. Гл. таксама Трубачоў (Эт. сл., 15, 185–186).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ліхвя́р ’кулак’ (Яруш.), ’хто прычыняе людзям няшчасце’ (пух., Жд. 2), ’той, хто бярэ вельмі высокія, недазволеныя законам працэнты за пазычаныя грошы’ (ТСБМ), укр. лихва́р, лихвʼя́р, ст.-рус. лихварь (XVII ст.), польск. lichwiarz, в.-луж. lichwar, чэш. lichvář ’тс’, славац. lichvár ’гандляр скацінай’; серб.-харв. ли̏хвар, славен. lihvár, макед. лихвар, балг. лихва́р. Прасл. форма lixvarь, якая абыходзіць да прасл. lixva ’пазыка грошай пад працэнты’ (Слаўскі, 4, 236). Апошняе — запазычанне з гоц. leiƕva ’пазыка’, leiƕan ’пазычаць’, ст.-в.-ням. lîhan ’тс’ (Бернекер 1, 717; Фасмер, 2, 504–505; Слаўскі, 4, 233–235). Магчыма, аднак, і поўнае запазычанне з герм. *leihwarja‑ ’пазыкадаўца’ (Трубачоў, Эт. сл., 15, 99).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Да прыназоўнік. Параўн. рус. до, укр. до, ст.-рус. до, чэш. do, славац. do, польск. do, в.-луж., н.-луж. do, балг. до, серб.-харв. до̏, славен. dò, ст.-слав. до. Прасл. *do ’тс’; паходзіць з і.-е. *dō̆, якое мела функцыі прыназоўніка-паслялога і было, як думаюць, займеннікавага паходжання. Роднасныя формы: ст.-в.-ням. zuo, ням. zu ’да’, англ. to (< герм. *tō), далей грэч. энклітыка ‑δε, лац. ‑do (параўн. endo ’ў, усярэдзіне’). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 37–38 (у яго ж і агляд літ-ры). Фасмер (1, 519) прыводзіць яшчэ літ. прэфікс da‑, лат. da ’да’. Гл. Яшчэ Бернекер, 1, 203; Траўтман, 42; Слаўскі, 1, 150; Фрэнкель, 1, 78.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
До́ля. Рус. до́ля, укр. до́ля, польск. dola, славац. doľa, балг. доля. Прасл. дыял. *dolʼa ’тс’. Звычайна звязваецца з і.-е. *del‑ ’аддзяляць і да т. п.’ (Слаўскі, 1, 154–155; Бернекер, 1, 209; Траўтман, 44) і параўноваецца з літ. dalìs ’частка, доля’, dalýti ’дзяліць’, усх.-літ. dalià ’частка’, ст.-інд. dalam ’частка, кавалак’ і г. д. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 526. Мартынаў (Лекс. балтызмы, 26–27) лічыць, што доля (бел., укр. і польск. лексемы) — гэта рэзультат пранікнення літ. (усх.-балт.) dalià (г. зн. запазычанне). Паводле Мартынава, даказаць прасл. характар гэтай лексемы цяжка, тым больш што яна не этымалагізуецца на слав. глебе, а літ. dalìs, dalià суадносіцца з дзеясловам dalýti, dalinti.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Нахра́пам ’раптоўна, гвалтоўна, супраць жадання’ (Нік., Оч.; Мядзв.), ’нахабна’ (Ян., Растарг.), на́хрыпым ’дзёрзка, нахабна’ (Бяльк.), нахрапкі ’тс’ (Ласт.), рус. нахра́пом ’тс’, укр. нахрапом ’тс’. Ад хра́паць, хропаць ’ламаць з трэскам, біць з шумам’, параўн. рус. нахра́п ’напралом; моцна, вельмі’, нахрапки́ ’напралом (задзірацца, лезці)’ (СРНГ); менш верагодна ад храпе́ць ’хрыпець’, укр. храп, польск. chrap ’злосць’ (параўн. Бернекер, 1, 401; Праабражэнскі, 1, 595; Фасмер, 3, 50). Варбат (Слав. языкозн., 1988, 74) прапануе рус. нахра́п ’дзёрзкасць, нахабства’, польск. chrapka ’жаданне’, славац. sxrapiť ’схапіць’, каш.-славін. sxrapnǫc ’украсці’ аддзяліць ад гукапераймальнага *xrap‑ і ўвесці ў гняздо прасл. *rap‑ з семантыкай ’хапаць, рваць’ з магчымым пачатковым x‑ экспрэсіўнага паходжання.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Карп ’рыба Cyprinus carpio’, укр. карп, рус. карп, чэш. karp, славац. kapor, польск. karp, в.-луж. karpa, палаб. karp. Разглядаецца як запазычанне са ст.-в.-ням. karpo (Параўн. Бернекер, 575). Але ў славянскіх мовах існуе назва карпа з метатэзай плаўных: укр. короп, рус. короп, балг. карп, серб.-харв. кра̏п, славен. kràp, што робіць нямецкае паходжанне назвы больш праблематычным. У кожным разе нельга выключыць магчымасць славянскага паходжання нямецкай лексемы. Цікавым фактам з’яўляецца існаванне ст.-інд. śapharaḥ ’від карпа’, якое сведчыць аб палатальным к на пачатку слове. Ст.-грэч. κυπσῖνος ’карп’ гаворыць аб вандроўным характары лексемы. Непасрэдную крыніцу славянскіх форм вызначыць цяжка (Фасмер, 2, 334; Каламіец, 109–111).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каха́ць ’мець вялікае сардэчнае пачуццё да асобы другога полу; любіць’. Ст.-бел. кохати (вядомае ў помніках ужо на пачатку XVI ст.) лічыцца запазычаннем з польск. kochać. Гл. Булыка, Запазыч., 173; Гіст. лекс., 94; Фасмер, 2, 356; Брукнер, 242; Бернекер, 1, 538; Кюнэ, Poln., 66; Слаўскі, 2, 311–313; Трубачоў, Эт. сл., 10, 110–111. Слова запазычана з польск. і ва ўкр. мове. Магчыма, прамым паланізмам трэба лічыць і каха́нне (< польск. kochanie). Здаецца, прасл. *koxati было ў прасл. часы дыялектным словам: яго не зналі бел. і ўкр. мовы. Адносна рус. коха́ть Трубачоў, там жа, мяркуе, што яно шырока прадстаўлена ў гаворках і, магчыма, з’яўляецца спаконвечнай лексемай.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кашта́н дрэва сямейства букавых, якое дае плады ў выглядзе буйнога арэха; плод гэтага дрэва’ (ТСБМ, БРС, Касп.). Рус. кашта́н, укр. кашта́н ’тс’. Як сведчыць форма слова, непасрэдна кашта́н запазычана з польск. kasztan ’тс’ (параўн. Фасмер, 2, 215; Слаўскі, 2, 97–98; Шанскі, 2, К, 106). Для рус. мовы, як адзначае Фасмер, там жа, пасрэднікам запазычання, акрамя польск., магла быць і чэш. крыніца. Польск. і чэш. лексемы ўзяты з ням. kastāne, castane ’каштан’ (сёння Kastanie). У сваю чаргу ням. словы запазычаны з лац. castanea, якое паходзіць з грэч. κάστανον. Лічаць, што радзімай назвы каштана з’яўляецца Малая Азія (параўн. арм. kaskeni каштанавае дрэва’. Гл. яшчэ Брукнер. 222; Бернекер, 1, 492; Махэк₂, 245.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Барада́. Рус., укр. борода́, польск. broda, каш. barda, broda, чэш. brada, ст.-слав. брада, балг. брада́, серб.-харв. бра́да, в.-луж., н.-луж. broda. Прасл. borda, і.-е. *bhardhā ’тс’ (вядомае толькі ў частцы і.-е. моў): прус. bordus, лат. bā̀rda, bârzda, літ. barzdà (з іншай суфіксацыяй), лац. barba, ст.-в.-ням. bart і г. д. Лічыцца ўтварэннем ад *bhar‑ ’быць вострым, рэзаць’. Бернекер, 72–73; Праабражэнскі, 1, 37; Фасмер, 1, 196; Брукнер, 40–41; Слаўскі, 1, 43; Траўтман, 27; Махэк₂, 62. Не абгрунтаваны версіі пра запазычанне слав. слова з герм. моў (так Педарсан, IF, 5, 72). БЕР, 1, 72, выстаўляе і.-е. праформу *bhor‑dhā (ад *bher‑dh‑ рэзаць, калоць’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба́рва 1 ’колер’ (БРС), ст.-бел. барва (Гіст. лекс., 116; Булыка, Запазыч., з XV ст.). Укр. ба́рва ’колер’ (з XVI ст.). З польск. barwa ’тс’ < с.-в.-ням. varwe (магчыма, праз чэш. barva; Брукнер, 17). Бернекер, 44; Слаўскі, 1, 28; Рыхардт, Poln., 33; Кюнэ, Poln., 43. Іншая версія: непасрэднае запазычанне з ням. мовы (Рудніцкі, 79; там і літ-pa), што, аднак, не вельмі пераконвае.
Ба́рва 2 ’верхняе адзенне яркага колеру’ (Нас.). Ст.-бел. XVII ст.: ’верхняе адзенне, кафтан, святочная вопратка’ (Нас. гіст.; Булыка, Запазыч.). Укр. ба́рва ’форменнае адзенне; ліўрэя’ (з XVII ст.). Запазычанне з польск. barwa ’тс’ (па паходжанню тое ж самае, што і barwa ’колер’, гл. Брукнер, 17).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)