СТРАЖЭ́СКА Мікалай Дзмітрыевіч (29.12.1876, г. Адэса, Украіна — 27.6.1952),

украінскі і расійскі вучоны ў галіне клінічнай медыцыны. Акад. АН Украіны (1934). Акад. АН СССР (1943). Акад. АМН СССР (1944). Засл. дз. нав. Украіны (1934). Герой Сац. Працы (1947). Скончыў Кіеўскі ун-т (1899). Працаваў у лабараторыі І.​П.​Паўлава. З 1907 у Кіеўскім жаночым мед. ін-це, адначасова ў 1908—17 у Кіеўскім ун-це, з 4919 у Адэскім ун-це (заг. кафедры), з 1922 у Кіеўскім мед. ін-це, з 1936 дырэктар Укр. НДІ клінічнай медыцыны (з 1952 імя С.). Навук. працы па пытаннях кровазвароту, рэўматызму, сепсісу, хваробах страўнікава-кішачнага тракту і інш. Зрабіў класічнае апісанне клінікі інфаркту міякарда (1909; разам з В.​П.​Абразцовым). Распрацаваў прынцыпы фіз. дыягностыкі хвароб брушной поласці.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. Киев, 1955—56.

Літ.:

Василенко В.Х. Н.​Д.​Стражеско: (к 100-летию со дня рождения) // Клинич. медицина. 1976. Т. 54, №12.

М.Д.Стражэска.

т. 15, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУГА́ЦКІЯ Аркадзь Натанавіч (28.8.1925, г. Батумі, Грузія — 12.10.1991) і Барыс Натанавіч (н. 15.4.1933, С.-Пецярбург),

рускія пісьменнікі-фантасты, браты, сааўтары. Аркадзь С. скончыў Ваен. ін-т замежных моў у Маскве (1949). Працаваў рэдактарам. Барыс С. скончыў Ленінградскі ун-т (1955). Працаваў у Пулкаўскай абсерваторыі. Друкуюцца з 1957. Навук.-фантастычныя аповесці «Краіна барвовых хмараў» (1959), «Цяжка быць богам» (1964), «Панядзелак пачынаецца ў суботу. Казка для навуковых супрацоўнікаў малодшага ўзросту» (1965), «Смоўж на схіле» (1966—68), «Пікнік на абочыне» (1972), «За мільярд гадоў да канца свету» (1976—77), «Кульгавы лёс» (1986), зб. апавяд. «Шэсць запалак» (1960), цыкл лірычных навел «Вяртанне» (1962), раман «Горад асуджаны» (1988—89) і інш. пра шляхі развіцця цывілізацыі і ролі асобы ў грамадстве. Іх прозе ўласцівы псіхалагізм, «рэалістычнасць» дэталей фантаст. свету, гратэск, гумар. П’еса С. «Жыды горада Піцера, або Невясёлыя гутаркі пры свечках» пастаўлена ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа і Магілёўскім абл. драм. т-ры (абодва 1991).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—11. Донецк;

СПб., 2000—01.

т. 15, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДАКО́Ў Ілья Якаўлевіч (1.8.1890, Масква — 1.9.1969),

расійскі рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1938). З 1916 акцёр і рэжысёр 2-й Студыі Маскоўскага Маст. т-ра, з 1924 і ў 1946—48 — Маскоўскага Маст. акад. т-ра, у 1933—37 узначальваў Маскоўскі трам, у 1937—44 гал. рэжысёр і маст. кіраўнік Малога т-ра, з 1944 у Т-ры-студыі кінаакцёра і інш. маскоўскіх т-рах. У 1952—53 гал. рэжысёр Бел. т-ра імя Я.​Купалы. У 1930—56 праф. Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Сярод пастановак: «Дні Турбіных» М.​Булгакава (1926), «Браняпоезд 14—69» У.​Іванава (1927, з Н.​Літоўцавай; абодва пад маст. кіраўніцтвам К.​Станіслаўскага), «Страх» А.​Афінагенава (1931), «Платон Крэчат» А.​Карнейчука (1935), «Урыэль Акоста» К.​Гуцкава (1940), «Варвары» М.​Горкага (1941, з К.​Зубавым), «Нашэсце» Л.​Лявонава (1943). На бел. сцэне паставіў «Шчасце паэта» В.​Віткі (з П.​Сушко), «Залп Аўроры» («Кастрычнік») М.​Бальшынцова і М.​Чыяўрэлі (абодва 1952). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1951.

т. 15, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУЛЬЯ́НАЎ Анатоль Канстанцінавіч (н. 3.9.1927, с. Аксіньіна Адзінцоўскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Ген.-маёр авіяцыі (1978). Засл. работнік культ. Беларусі (1986). Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1962). У арміі з 1946. З 1962 на Поўначы, з 1969 у Гал. паліт. упраўленні Сав. Арміі ў Маскве, з 1976 у Мінску, чл. ваен. савета арміі Проціпаветранай абароны, у 1980—87 нам. нач. палітупраўлення Бел. ваен. акругі. Друкуецца з 1957. Піша на рус. мове. Аўтар зб-каў апавяданняў, аповесцей, сцэнарыяў, нарысаў «На зямлі і ў паветры» (1967), «Лістапад» (1976), «Прапісаны ў небе» (1978), «Хаджэнне за сёмае неба» (1985), «Толькі адна ноч» (1987), рамана «Расколатае неба» (1981) і інш. пра станаўленне характару ў звычайных і экстрэмальных умовах армейскай службы.

Тв.:

Голубые снега: Роман. Кн. 1. Мн., 1990;

На критических углах: Роман. М., 1991;

Посеешь ветер..: Док повесть Мн., 1994;

Арестовать в Кремле: Ист. роман. Мн., 2001;

Маршал Жуков. Слава, забвение, бессмертие. Мн., 2002.

т. 15, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РСКІ Алег Аркадзьевіч (н. 16.4.1928, Тбілісі),

бел. мастацтвазнавец, мастак. Скончыў БДУ (1952). У 1950—57 працаваў у друку, у 1963—68 выкладаў у БПІ, у 1972—74 у Бел. філіяле Усесаюзнага НДІ тэхн. эстэтыкі, адначасова з 1960 працаваў на Мінскім маст. камбінаце. Адзін з афарміцеляў экспазіцыі Дзярж. музея этнаграфіі народаў СССР у Ленінградзе, дыярам «Дарога жыцця» (1958) для Музея гісторыі Ленінграда, «Краснаярская ГЭС» (1959) для ВДНГ СССР у Маскве. Аўтар пано «Геральдыка гарадоў Беларусі» для павільёна Беларусі на Міжнар. кірмашы ў Лейпцыгу (1966, чаканка, у сааўт.), дэкар. асвятляльных кампазіцый у санаторыях «Сосны» Мядзельскага р-на (1975), «Беларусь» у Місхоры (Крым, 1973), Сочы (1985, у сааўт.), у будынках Нац. банка Беларусі (1990), у будынках — помніках архітэктуры 18 — пач. 20 ст.; банкаў у Гомелі і Брэсце (1996), у Магілёўскім маст. музеі імя П.​Масленікава (2001) і інш. Аўтар прац, прысвечаных творчасці сучасных бел. мастакоў (М.​Данцыга, В.​Грамыкі, В.​Сумарава, А.​Кроля), альбома-манаграфіі «Беларускае мастацкае шкло» (1978) і інш.

А.Сурскі. Люстра. 2001.

т. 15, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЛЯ́ВА Антоній (свецкае імя Анастасій; каля 1583, Полацкае ваяв. — 1655),

уніяцкі царк. дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст. З 1612 чл. ордэна базыльян, у 1617 пасвячоны ў святары. Скончыў Грэчаскі калегіум у Рыме (1622). З 1622 архімандрыт уніяцкіх манастыроў: у Вільні св. Тройцы, Навагрудку, Жыдзічыне. З 1624 архіепіскап полацкі, з 1639 ген. вікарый Кіеўскай мітраполіі. У 1641—55 мітрапаліт кіеўскі і галіцкі, адначасова з 1652 генерал (протаархімандрыт) базыльянскага ордэна. У 1630—40-я г. ўдзельнічаў у падрыхтоўцы агульнага сабора уніятаў і праваслаўных з мэтай аб’яднання на падставе стварэння Кіеўскага патрыярхата і прызнання вяршэнства папы. Клапаціўся пра адукацыю святароў, умацаванне манастырскага жыцця, адкрыў семінарыю пры Мінскім базыльянскім манастыры (1652). Папулярызаваў культ І.Кунцэвіча. Аўтар «Антыэленхуса» (1622) — адказу на «Эленхус» М.​Сматрыцкага (1622) і жыццяпісу Кунцэвіча (1625).

Літ.:

Белоруссия в эпоху феодализма. Т. I Мн., 1959;

Уния в документах. Мн., 1997;

Коялович М. Литовская церковная уния. Т. 2. СПб., 1861.

С.​В.​Казуля.

т. 15, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМА́ШКА Дамінік (16.8.1878, Вільня — 27.12.1932),

бел. і літ. паліт. дзеяч. У 1898—1901 чл. загранічнага саюза польскіх сацыялістаў у Парыжы, Львове і Цюрыху (у Парыжы член арг-цыі «Сувязь»). Удзельнік бел. нац. руху на Віленшчыне, чл. Віленскай беларускай рады, аўтар праекта стварэння Нар. ун-та імя А.​Міцкевіча. 25.3.1918 у Мінску ўдзельнічаў у пасяджэнні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая абвясціла незалежнасць БНР. Як прадстаўнік бел. арг-цый у 1918—19 уваходзіў у Літоўскую тарыбу. Быў прыхільнікам федэрацыі Беларусі і Літвы. У складзе літ. дэлегацыі ўдзельнічаў у рабоце Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20, на якой выступаў за далучэнне Віленшчыны і Гродзеншчыны да Літвы. У чэрв. 1920 — лютым 1922 кіраўнік Міністэрства беларускіх спраў Літвы ў літ. урадзе. Уваходзіў у склад літ. дэлегацыі пры заключэнні мірнага дагавора паміж Літвой і РСФСР 1920 «як прадстаўнік беларускага насельніцтва Віленскай і Гродзенскай губерняў». Падтрымліваў ідэю «вялікай Літвы» за кошт этнічна бел. тэрыторый. Пазней працаваў у літ. пажарнай ахове.

У.​М.​Міхнюк.

т. 15, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАМАНА́ГА Сін’ітыра (31.3.1906, г. Кіёта, Японія — 8.7.1979),

японскі фізік-тэарэтык; адзін са стваральнікаў квантавай электрадынамікі. Чл. Японскай АН (1951). Замежны чл. АН СССР (1971). Скончыў ун-т г. Кіёта (1929). З 1932 у Ін-це фіз. і хім. даследаванняў, у 1941—69 праф. Такійскага ун-та (у 1956—62 яго прэзідэнт). Адначасова ў 1963—69 дырэктар Ін-та аптычных даследаванняў і прэзідэнт Навук. савета Японіі. Навук. працы па квантавай тэорыі поля, квантавай электрадынаміцы, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў. Прадказаў мезаатамы (1940), прапанаваў каварыянтную фармулёўку квантавай тэорыі поля (1942). Распрацаваў т. зв. звышмнагачасавы фармалізм (1946), што прывяло да ўзнікнення квантавай электрадынамікі. Нобелеўская прэмія 1965 (з Р.Ф.Фейнманам, Дж.Швінгерам). Залаты медаль імя М.​В.​Ламаносава АН СССР (1964).

Тв.:

Рус. пер. — Развитие квантовой электродинамики // Успехи физ. наук. 1967. Т. 91, вып. 1.

Літ.:

Дайсон Ф. Томонага, Швингер и Фейнман — лауреаты Нобелевской премии по физике // Успехи физ. наук. 1967. Т. 91, вып. 1.

А.​І.​Болсун.

С.Таманага.

т. 15, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ФТА—ХА́РТЛІ ЗАКО́Н (Taft-Hartley Act, афіц. назва Labor-Management Relations Act),

федэральны акт, прыняты 23.6.1947 Кангрэсам ЗША, аб рэгуляванні прац. адносін у краіне. Назва ад імя сенатара Р.​А.​Тафта і чл. Палаты прадстаўнікоў Ф.​Хартлі, якія ўзначальвалі працу па падрыхтоўцы гэтага закона. Быў скіраваны супраць папярэдняга ліберальнага і незбалансаванага (абмяжоўвала толькі інтарэсы наймальнікаў) прац. заканадаўства «новага курсу» (закон Вагнера ад 5.7.1935). Закон абмяжоўваў правы наёмных работнікаў і прафсаюзаў: забарона прафсаюзам уносіць у калект. дагавор пункт пра «закрыты цэх», забарона забастовак дзярж. служачых; уведамленне прадпрымальніка рабочымі пра іх стачку за 30 дзён да яе пачатку; наданне заканад. сходам штатаў права забараняць прафс. гарантыі, дазволеныя федэральным заканадаўствам; рэгулярныя справаздачы прафсаюзаў міністру працы пра ўсе свае справы; пісьмовыя паказанні пад прысягай аб непрыналежнасці прафс. функцыянераў да Камуніст. партыі ЗША і інш. У 1959 дадаткова прыняты закон Лэндграма—Грыфіна, а ў 1970 і дапаўненні да яго, якія прадугледжвалі далейшае рэгуляванне прац. адносін у ЗША.

т. 15, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТКАЧО́Ў Васіль Юр’евіч (н. 1.1.1948, в. Гута Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Львоўскае вышэйшае ваен.-паліт. вучылішча (1973). Працаваў у газетах. З 1989 сакратар Гомельскага абл. аддзялення Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1965. Выдаў кнігі апавяданняў «Хітры Данік» (1975), «Дзень у горадзе» (1985), кнігу-дзённік «Пахвалі пражыты дзень» (1988). Аўтар нар. драмы пра пасляваен. бел. вёску «Сівы бусел», п’есы «Вокны» (абедзве паст. 1985), камедый «Прыгоды з Канапухіным», «Лесвіца» (абедзве паст. 1988), «Кветкі-ягадкі, альбо Курорт для зяця» (паст. 1990 Бел. т-рам імя Я.​Коласа), «Шкірдзюкі займаюць абарону», трагікамедыі пра паслячарнобыльскую бяду «Усміхаўся месяц белай вішні» (абедзве паст. 1996), п’ес «Блакада ў Кругліцы» (1994), «Дурная баба» (1997), «Дрэва, альбо Жыццё ў адсутнасць дажджу» (1998), «Слуп» (2001) і інш., аднаактовак («Стары і дарога», «Кубік Рубіка», «Дублёр», «Арышт» і інш.). На бел. мову пераклаў п’есы Л.​Петрушэўскай «Маскоўскі хор», С.​Злотнікава «Сцэны каля фантана».

Тв.:

Недоразумения. Гомель, 1997;

Седой аист. Мозырь, 1997.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)