СЯМА́ШКА Дамінік (16.8.1878, Вільня — 27.12.1932),

бел. і літ. паліт. дзеяч. У 1898—1901 чл. загранічнага саюза польскіх сацыялістаў у Парыжы, Львове і Цюрыху (у Парыжы член арг-цыі «Сувязь»). Удзельнік бел. нац. руху на Віленшчыне, чл. Віленскай беларускай рады, аўтар праекта стварэння Нар. ун-та імя А.​Міцкевіча. 25.3.1918 у Мінску ўдзельнічаў у пасяджэнні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая абвясціла незалежнасць БНР. Як прадстаўнік бел. арг-цый у 1918—19 уваходзіў у Літоўскую тарыбу. Быў прыхільнікам федэрацыі Беларусі і Літвы. У складзе літ. дэлегацыі ўдзельнічаў у рабоце Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20, на якой выступаў за далучэнне Віленшчыны і Гродзеншчыны да Літвы. У чэрв. 1920 — лютым 1922 кіраўнік Міністэрства беларускіх спраў Літвы ў літ. урадзе. Уваходзіў у склад літ. дэлегацыі пры заключэнні мірнага дагавора паміж Літвой і РСФСР 1920 «як прадстаўнік беларускага насельніцтва Віленскай і Гродзенскай губерняў». Падтрымліваў ідэю «вялікай Літвы» за кошт этнічна бел. тэрыторый. Пазней працаваў у літ. пажарнай ахове.

У.​М.​Міхнюк.

т. 15, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)