сапраўды́,
1. прысл. На самай справе. [Праменны:] Ты сапраўды пішаш гэту камедыю ці толькі дурышся? Крапіва. Ва ўсёй постаці старога зубра было сапраўды нешта дзікае, лясное, першабытнае. В. Вольскі.
2. прысл. Па-сапраўднаму. Я так каханне разумею: Калі кахаеш, сапраўды, Ідзеш да любай у завею, А глянеш — расцвітуць сады. Прануза.
3. у знач. пабочн. На самай справе. Чаму ж, сапраўды, не паслухаць было Вінцуся Шавеля зразу? Гартны. Андрэя ўсё не было, і маці яшчэ больш занепакоілася аб сыне. Андрэй, сапраўды, устаўшы, падаўся ў Галы. Дуброўскі. // Папраўдзе, праўду кажучы. Сапраўды, .. [маці] ўжо цяжка працаваць. Бядуля. Сапраўды, конь быў нікуды не варты. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
серп, сярпа, м.
1. Сельскагаспадарчая ручная прылада ў выглядзе вельмі выгнутага дробна назубленага нажа для зрэзвання злакаў з кораня. Жыта ўжо зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ. Шасцяць у калоссі сярпы. Купала.
2. Пра тое, што мае форму такога прадмета. З горна ўзяў ён [каваль] прут барвовы І пачаў каваць падкову. Прывялі каня: конь Гнедзіч Серп падковы страціў недзе. Калачынскі. Ідзе ў адпачынак з дарог Серп месяца, вузкі, двурогі. Колас. Вісіць серп залаты над спалоханым борам. Бядуля.
•••
Серп і молат — дзяржаўная эмблема СССР, якая сімвалізуе ўладу працоўных, саюз рабочага класа і сялянства, мірную працу народа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скаблі́ць, скаблю, скобліш, скобліць; незак., што.
1. Знімаць, здзіраць з паверхні чаго‑н. верхні слой, кару і пад. [Настаўнік:] — Што гэта ў цябе, хлопчык? [Міхаська:] — А гэта скобля, жэрдзе скабліць. Скрыпка. Дошкі сонечным ранкам.. майстра сушыў, Як паспелі, рубанкам, фуганкам Скабліў і скабліў. Куляшоў. // Абл. Чысціць (бульбу). А дзяўчынкай, яшчэ да вайны, часта гаспадарыла ў суседчынай хаце: падмятала і мыла падлогу, памагала бульбу скабліць. Лось.
2. перан. Біць, катаваць; караць. [Дзед:] — І пачалі яны [ворагі] там, у нейкім сутарэнні, скабліць мяне бізунамі, ліць мне ў нос ваду з газай... Брыль. Астап Вячэра расказвае, як яго скаблілі бізунамі за ўдзел у паўстанні рыбакоў. «ЛіМ».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скалыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Зварухнуць, зрушыць, загайдаць, захістаць. Лёгкі ветрык павеяў з поўдня, скалыхнуў трапяткое лісцё, і зашумела яно ціхімі галасамі, зліваючыся са звонам хвалі... Шахавец. Гром пракаціўся яшчэ раз і ціха скалыхнуў паветра. Колас. І хваля катэр скалыхне, Ачнецца ён — і ўдаль, як чайка, кінецца. Лось. // Гайдануць з боку ў бок або зверху ўніз; злёгку калыхнуць. Скалыхнуць калыску.
2. перан. Усхваляваць, узрушыць; парушыць спакой, цішыню. Бо, як песню заспяваю, Жаль вам душу скалыхне. Колас. Ёсць слава ў яго [хлопца], аж да Брэста Яна скалыхнула ўвесь край. Калачынскі. Вераснёвы вецер песціцца, скалыхнуў начную ціш. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сталя́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм.
1. Сталярныя вырабы. Усю зіму пратупаў Карл Раманоўскі ля свае хаты, сам зрабіў усю сталярку, а на вясну яго сям’я мела свой кут на пляцы дзеда Фелікса пад старой грушай-дзічкай. С. Александровіч.
2. Занятак сталярнай справай, рамяство сталяра. Зімою яшчэ сталяркаю [дзед Агей] трохі займаўся: таму заслон зробіць, таму прасніцу альбо матавіла. Крапіва. От праз гэты свой сарваны жывот Іллюк і цяслярства кінуў ды пачаў са сталяркаю цацкацца. Калюга.
3. Сталярня. Дзяўчына бессаромна карысталася яго паслугамі. [Юнак] рашаў за яе задачы, рабіў дамашнія заданні, працаваў у сталярцы, на агародзе. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стро́кат, ‑у, М ‑каце, м.
Рэзкія кароткія і частыя, падобныя на трэск гукі, якія ўтвараюць насякомыя і некаторыя птушкі. [Восы] ціха звінелі, і іх звон зліваўся з сухім строкатам конікаў. Лынькоў. Вось з яго, гэтага строкату конікаў, пчалінага звону і шапацення траў складалася песня лета. Грамовіч. / Пра гукі, якія ўтвараюцца маторам, кулямётам і пад. Зранку строкатам касілак Абудзіў лугі народ. Бялевіч. Цішыню ўскалыхнуў дружны строкат кулямётаў. Сіняўскі. // перан. Хуткая несціханая гутарка, балбатня. Быў спалоханы строкат — і охі, і ахі, калі вярнулася з бульбай кухарка; было вялікае здзіўленне на аднолькава поўных і разгубленых тварах стандартных братоў, — нага палоннага распухла яшчэ больш. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стушава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; зак.
1. Спец. Стаць стушаваным, пры дапамозе тушоўкі зрабіць паступовы пераход ад цёмнага да светлага. Лініі на малюнку стушаваліся. // перан. Стаць менш прыкметным, выразным; згладзіцца. Потым і яшчэ былі такія экскурсіі, а потым вучыліся .. [хлопцы] пад зямлёю, але ўсё гэта неяк стушавалася ў памяці, выразна, да драбніц запомніўся толькі першы спуск. Лупсякоў.
2. перан. Разм. Сумецца, збянтэжыцца. Стушавацца на экзаменах. □ Дзяўчына раптам заўважыла, што ў загадчыка няма аднае рукі, і ад гэтага крыху стушавалася і адказала: — Не. Дуброўскі. Яўлампія Аляксандраўна няўлоўна павяла выгнутым брывом, Антон Пятровіч трохі стушаваўся і заспяшыў, каб чокнуцца з Віктарам, жонкай і дачкой. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́ха,
1. Прысл. да сухі (у 10, 11 і 12 знач.).
2. безас. у знач. вык. Пра адсутнасць вільгаці ў паветры. Устронцы каламі забілі Сімху і падпалілі яго хату. Было ўжо суха і горача. Ад гэтай хаты занялася другая, трэцяя — і пажар выкаціў амаль увесь гарадок. Лобан. // Пра адсутнасць вады, вільгаці дзе‑н. Пад густымі абамшэлымі лапамі елкі было суха, утульна. Лынькоў. Цяпер затое суха ў боце, Бо пад нагой зімовы лёд. Астрэйка.
3. безас. у знач. вык. Пра адчуванне сухасці (у роце, горле). [Завішнюк] пачуў, што голас у яго стаў сіпаты, пачуў яшчэ, што горка ў роце і суха — не павярнуць языком. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сюды́, прысл.
У гэты бок, у гэта месца; проціл. туды. Артылерыйская кананада даходзіла сюды [на бераг Пцічы] прыглушаным громам. Чорны. Тры гады таму назад, прыйшоўшы сюды, пагранічнікі абралі месца пад заставу каля гэтай вось хаты. Брыль. Вечарам сабралася моладзь у Аленчынай хаце. Сюды зайшоў і Шулевіч. Колас. // Ужываецца ў простай мове пры запрашэнні, загадзе, закліку падысці, падаць, паглядзець і пад. Яшчэ здалёку .. [Толя] прыўзняўся і памахаў рукою: — Дзядуля, хадзіце сюды! Якімовіч. Гэй, сюды, муляры, Маляры, слесары, Цесляры, гантары! Будзе толк! Будзе лад! Бядуля.
•••
(І) туды і сюды гл. туды.
Ні туды ні сюды гл. туды.
То туды, то сюды гл. туды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сякі́-такі́, сякая-такая, сякое-такое; займ.
Разм.
1. неазначальны. Некаторы. [Каменшчыкаў:] — Дык пройдзем да мяне, у штаб, там сякія-такія запісы ёсць. Гурскі.
2. неазначальны. Які папала; нязначны, няважны. [Міцька:] — Ды што ў нас за зброя была — сякі-такі кулямёт ды вінтоўкі. Брыль. Узяўшы ў рукі клуначак з сякой-такой адзежай і ўбачыўшы яшчэ меншыя клункі ў руках апранутых у дарогу браціка і сястрычкі, .. [Стася] з плачам кінулася да бацькі. Лось.
3. азначальны. Ужываецца замест пераліку якіх‑н. ацэначных слоў, характарыстык (звычайна з адмоўным адценнем). Ідуць чырвоныя палкі, І чуваць напеў стары: — Эх, сякі-такі, Чорт вас пабяры!.. Босыя спаткалі іх: Гоман, жарты, крык... Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)