КВІ́ТКА Клімент Васілевіч (4.2.1880, с. Хмялёў Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 19.9.1953),
украінскі музыказнавец-фалькларыст, адзін з заснавальнікаў сав. этнамузыказнаўства. Скончыў Кіеўскі ун-т (1902). З 1922 узначальваў кабінет муз. этнаграфіі пры АН УССР у Кіеве. З 1933 праф., з 1937 адначасова кіраўнік Кабінета нар. музыкі Маскоўскай кансерваторыі. Найб. значныя працы па пытаннях метадалогіі музыказнаўчага даследавання ў галіне фальклору. Вывучаў ладаўтварэнне, рытміку, жанравую структуру муз.-паэт. фальклору слав., фіна-угорскіх, цюркскіх і інш. народаў. Запісаў больш як 6 тыс.нар. песень, у т. л. ад жонкі — Лесі Украінкі (зб. «Народныя мелодыі з голасу Лесі Украінкі», ч. 1—2, 1917—18; «Украінскія народныя мелодыі», 1922). На Беларусі запісваў каляндарныя, сямейна-абрадавыя і сямейна-быт. песні, апублікаваў арт. «Аб абласцях пашырэння некаторых тыпаў беларускіх каляндарных і вясельных песень» (1941). Зрабіў значны ўклад у вывучэнне нар.-інстр. культуры ўсх.-слав. народаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРУБІ́НІ (Cherubini) Луіджы Марыя Карла Зенобіо Сальваторэ (14.9.1760, г. Фларэнцыя, Італія — 13.3.1842),
французскі кампазітар і педагог. Чл. Ін-та Францыі (1815). Музыцы вучыўся ў бацькі Барталамео К., пазней у Дж.Сарці і інш. У 1784—86 працаваў у Лондане, з 1788 у Парыжы. З 1795 у Парыжскай кансерваторыі (з 1816 праф., у 1822—41 дырэктар). У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. пісаў маршы, гімны, песні, хар. творы («Гімн Пантэону», 1794; «Жалобны гімн на смерць генерала Гоша», 1797). На аснове сінтэзу традыцый франц. камічнай оперы і прынцыпаў муз. драматургіі К.В.Глюка стварыў узоры новага жанру — «оперы выратавання». Яго уверцюры з кантрастным тэматызмам і элементамі сімф. развіцця сталі правобразам уверцюр Л.Бетховена. Сярод твораў: оперы «Квінт Фабій» (паст. 1779), «Ладаіска» (1791), «Эліза» (1794), «Медэя» (1797), «Два дні» (1800), «Алі-Баба, або Сорак разбойнікаў» (1833); месы; 2 рэквіемы, крэда, літаніі, матэты; творы для аркестра; 6 квартэтаў (1814—37), стр. квінтэт (1837); п’есы для аргана, фп. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁРАЎ Генрых Аляксандравіч (н. 6.9.1936, г. Улан-Удэ, Расія),
артыст балета, балетмайстар, педагог. Скончыў Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1957), вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі ў І.Бельскага (1967—72). З 1972 балетмайстар, з 1977 гал. балетмайстар Т-ра оперы і балета імя Шаўчэнкі (Кіеў), з 1979 гал. балетмайстар Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Ў 1983—86 у маскоўскім Муз. т-ры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. З 1988 заг. кафедры Маскоўскага харэаграфічнага ін-та. Балеты М. вылучаюцца танцавальнасцю, жыццярадаснасцю, даступнасцю харэаграфічнай драматургіі. Майстар харэаграфічнай мініяцюры. Сярод пастановак: «Паэма досвітку» В.Касенкі (1973), «Чыпаліна» К.Хачатурана (1974; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Вяртанне» на муз. Б.Ляташынскага і «Беласнежка і сем гномаў» Б.Паўлоўскага (1975), «Дзяўчына і смерць» Г.Жукоўскага (1978), «Маленькі прынц» Я.Глебава (1983, Вял.т-р і інш.), «Пунсовыя ветразі» У.Юроўскага (1984) і інш. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіў «Курган» Глебава (1982), «Чыпаліна» (1985). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета і балетмайстраў у Маскве (1972).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛАЎ Аляксандр Лявонавіч (11.9. 1876, с. Благавешчанскае Арлоўскай вобл., Расія — 25.10.1914),
расійскі збіральнік і даследчык нар. музыкі, педагог. Вучыўся ў Муз.-драм. вучылішчы пры Маскоўскім філарманічным т-ве (1895—1902). Чл.Музычна-этнаграфічнай камісіі (з 1901), выдавец і рэдактар час. «Музыка и жизнь» (1908—12). З 1907 выкладаў у Нар.кансерваторыі ў Маскве. Аўтар навук. працы «Быліны, іх паходжанне, рытмічны і меладычны склад» (1910) і інш. Запісваў бел. песні ў Магілёўскай і Смаленскай губ. (першы запісаў і апублікаваў бел. быліну «Тры асілкі»), апрацоўваў іх і паказваў у этнагр. канцэртах. У 1908 у дакладзе пра бел.нар. песеннасць адзначыў яе стылявыя адрозненні ад роднасных усх.-слав.муз. культур і зрабіў пераканальную спробу гіст. вытлумачэння гэтай з’явы. У складзеным ім «Ілюстраваным апісанні музычных інструментаў, што захоўваюцца ў Дашкаўскім этнагр. музеі ў Маскве» (1909) змясціў выявы некат. бел.нар. інструментаў, іх замеры і гукарады.
Літ.:
Русская мысль о музыкальном фольклоре. М., 1979. С. 46, 58—62, 65, 279—319.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА СЯБРО́Ў МУ́ЗЫКІ.
Існавала ў 1910-я г. ў Мінску. Засн. ў ліст. 1912 з мэтай аб’яднання муз. дзеячаў Мінска, развіцця муз. мастацтва і муз. адукацыі. У склад праўлення ўваходзілі Г.Бах, І.Гянко, Л. фон Зіберштэйн, І.Патулаў, Н.Рубінштэйн. Т-ва наладжвала сімф. (дырыжор Рубінштэйн) і камерныя канцэрты, муз. вечары, заснавала бібліятэку-чытальню пры Мінскім муз. вучылішчы, выплачвала стыпендыі мінчанам — студэнтам Пецярбургскай кансерваторыі. Гал. дасягненне т-ва — арганізацыя канцэртаў, якія карысталіся вял. поспехам, у т. л. ў рабочых кварталах. Звычайна канцэртам папярэднічалі лекцыі пра творчасць вядомых кампазітараў. Значную ролю ў дзейнасці т-ва адыгрываў смыковы квартэт (1-я скрыпка — Рубінштэйн, 2-я — І.Ягудкін, І.Гапенка, В.Васільеў, альт — М.Фідэльман і А.Магілевіч, віяланчэль — фон Зіберштэйн і Н.Качаровіч), які выконваў творы рус. і зарубежных кампазітараў-класікаў. У час 1-й сусв. вайны наладжваліся выступленні ў вайск. часцях, шпіталях, дзіцячым прытулку. Апошнія звесткі ў друку пра дзейнасць т-ва адносяцца да 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ МУЖЧЫ́НСКАЯ ГІМНА́ЗІЯ.
Існавала ў 1803—1918. Адкрыта на месцы Мінскай губ. школы (створана ў 1773 з Мінскага езуіцкага калегіума). Напачатку 6-класная, з 1804 7-класная. З 1833 выпускнікі гімназіі атрымалі права на 14-ы чын (пры ўмове добрага ведання рус. мовы і славеснасці). У 1834 атрымала агульнаімперскі статут 1828. У 1863 і 1871 рэарганізоўвалася. У пач. 20 ст. ўтрымлівалася за кошт казны, збораў за навучанне і ахвяраванняў. Выкладаліся: рус. мова і славеснасць, латынь, ням. і франц. мовы, гісторыя, філасофія, заканазнаўства, матэматыка, фізіка і інш. Сярод выхаванцаў Я.Лучына і Ядвігін Ш. Выкладчыкі — выпускнікі ун-таў, духоўных акадэміі і семінарыі, настаўніцкіх ін-таў, кансерваторыі. Пры гімназіі дзейнічала царква, царк. і свецкі хары, змешаны і духавы аркестры, фіз., прыродазнаўчы і мінералагічны кабінеты (у 1842—62 дзейнічаў шляхетны пансіён). У 1915—690 навучэнцаў. Восенню 1915 эвакуіравана ў Маскву.
Літ.:
Памятная книжка Виленского учебного округа на 1915 г. Вильна, 1915.
грэчаскі і амерыканскі дырыжор, піяніст, кампазітар. Чл.-кар. Афінскай АН (1933). З 1908 вучыўся ў кансерваторыі ў Афінах, у 1920 удасканальваўся ў Бруселі ў П.Жыльсона, у 1921—24 — у Берліне ў Ф.Бузоні. З 1924 выступаў як дырыжор (выканаў з аркестрам Берлінскай філармоніі сольную партыю ў 3-м канцэрце С.Пракоф’ева, адначасова дырыжыраваў аркестрам, 1930). З 1937 дырыжор сімф. аркестра ў Мінеапалісе. У 1950—58 гал. дырыжор Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра, выступаў як оперны дырыжор у буйнейшых т-рах свету, у т. л. «Метраполітэн-опера», «Ла Скала» і інш., кіраваў пастаноўкамі твораў В.А.Моцарта, Дж.Вердзі, Дж.Пучыні, М.Равеля, Д.Міё, П.Чайкоўскага, М.Мусаргскага і інш. Аўтар оперы «Сястра Беатрыса» (паст. 1920), сімф. паэмы «Пахаванне» (1916), Concerto grosso (1929), камерна-інстр. ансамбляў, музыкі да драм. спектакляў і інш. З 1963 у Нью-Йорку праводзяцца конкурсы маладых дырыжораў імя М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МРАВІ́НСКІ Яўген Аляксандравіч (4.6.1903, С.-Пецярбург — 19.1.1988),
расійскі дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1954). Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1931), вучань А.Гаўка і М.Малько; у 1936—37 і з 1961 выкладаў у гэтай кансерваторыі (з 1963 праф.). З 1932 дырыжор Ленінградскага т-ра оперы і балета, з 1938 — гал. дырыжор і маст. кіраўнік сімф. аркестра Ленінградскай філармоніі, які пад яго кіраўніцтвам стаў адным з лепшых у свеце. Першы выканаўца 5-й, 6, 8 (прысвечана яму), 9, 10-й сімфоній і араторыі «Песня аб лясах» Дз.Шастаковіча, 6-й сімф. С.Пракоф’ева, сімфоніі-паэмы А.Хачатурана і інш. Ганаровы чл. венскага Т-ва сяброў музыкі (1982). 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе дырыжораў (1938). «Залаты дыск» Усесаюзнай фірмы грампласцінак «Мелодыя» (1982). Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1961.
Літ.:
Фомин В. Оркестром дирижирует Мравинский. Л., 1976;
Яго ж. Е.А.Мравинский. М., 1983;
Яго ж. Патриарх советского дирижирования // Муз. жизнь. 1987. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́НА (Nono) Луіджы (29.1.1924, г. Венецыя, Італія — 8.5.1990),
італьянскі кампазітар; адзін з прадстаўнікоў муз.авангарду. Скончыў Падуанскі ун-т (1946). Вучыўся ў кансерваторыі ў Венецыі ў Ф.Маліп’ёра і інш. Шырока выкарыстоўваў серыйную тэхніку. сродкі алеаторыкі, сенорыкі, электроннай музыкі і інш. Многія яго творы антыімперыяліст., антыфаш. накіраванасці: «Эпітафія Ф.Гарсіі Лорку» (1953), «Польскі дзённік 1958» для арк. (1959), кантаты «Перарваная песня» (1956), «На мосце Хірасімы. Песні жыцця і кахання» (1962); «Помні, што табе зрабілі ў Асвенціме» для сапрана, дзіцячага хору і магнітафона (1987). З інш. твораў: оперы «Нецярпімасць 1960» на тэксты Б.Брэхта, П.Элюара, У.Маякоўскага, Ж.П.Сартра (паст. 1961), «Пад шалёным сонцам кахання» (паст. 1975), «Праметэй» (паст. 1984), балет «Чырвоны плашч» (паст. 1954); творы для салістаў, хору і арк.; «Хары Дыдоны» для 32 спевакоў і ўдарных інструментаў; творы для арк.; інстр. ансамблі, у т. л. «Паліфоніка-Манодыя-Рытміка» (1951), электронная музыка і інш. Аўтар кніг і артыкулаў па музыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАІЗІЕ́ЛА, Паэзіела (Paisiello, Paesiello) Джавані Грэгорыо Катальда (9.5.1740, г. Таранта, Італія —5.6.1816), італьянскі кампазітар; прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Чл. парыжскай Акадэміі прыгожых мастацтваў (1809). Вучыўся ў кансерваторыі «Сант-Анофрыо а Капуана» ў Неапалі (1754—63). З 1776 прыдворны кампазітар у Пецярбургу. З 1784 прыдворны кампазітар і капельмайстар караля Неапалітанскага. У 1802—03 арганізатар і кіраўнік асабістай капэлы Напалеона ў Парыжы. Майстар оперы-буфа, аўтар каля 100 опер-серыя. Стварыў яскравыя ўзоры італьян. камічнай оперы, узбагаціў яе выразныя сродкі, павялічыў ролю аркестра. Сярод твораў: оперы «Балбатун» (паст. 1764), «Ахіл на Скірасе» (паст. 1778), «Служанка-пані» (паст. 1781), «Севільскі цырульнік, або Марная засцярога» (паст. 1782), «Месяцавае святло» (паст. 1783), «Млынарыха» і «Ніна, або Звар’яцелая ад кахання» (паст. абедзве 1789), «Піфагарэйцы» (паст. 1808); 3 духоўныя араторыі, кантаты, 2 рэквіемы; 12 сімфоній; 6 стр. і 12 фп. квартэтаў; п’есы для фп., арфы і інш.
Літ.:
Крунтяева Т. Дж.Паизиелло // Крунтяева Т. Итальянская комическая опера XVIII в Л., 1981.