Народныя кансерваторыі 7/309, 424

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ КАНСЕРВАТО́РЫІ,

першыя прафесійныя муз. навуч. ўстановы ў Расіі і на Беларусі. Існавалі ў пач. 20 ст. Першыя Н.к. адкрыліся ў Маскве (1906) і Пецярбургу (1908). Найб. пашырыліся пасля 1917. Давалі пач. і сярэднюю спец. муз. адукацыю. На Беларусі адкрыты ў Віцебску (1918, першы прыём 209 чал.), Гомелі, Мінску (абедзве 1919), Бабруйску (1921, першы прыём 211 чал.). Мелі выканальніцкія (фп., скрыпка, віяланчэль, духавыя інструменты, сольныя і хар. спевы) і кампазітарскі класы, у Гомелі і клас гісторыі музыкі і эстэтыкі. Навучаліся грамадзяне розных узросту і падрыхтоўкі. У праграме заняткаў былі толькі муз. дысцыпліны, якія выкладаліся на дастатковым прафес. узроўні. Існавалі кансерваторыі з праграмамі, агульнымі для ўсіх навучэнцаў і дыферэнцыраванымі паводле ўзроставага прынцыпу, і Н.к. з 2 курсамі навучання — прафес. і асветным (у Гомелі), што садзейнічала муз. і культ.-асв. адукацыі шырокіх нар. мас. У стварэнні і рабоце Н.к. удзельнічалі вядомыя рас. музыканты, у т. л. піяністы Э.​Бай, М.​Дубасаў, Е.​Шуман, скрыпачы А.Бяссмертны, К.​Грыгаровіч, кампазітар М.Анцаў, дырыжор М.Малько, выкладчыкі класаў духавых інструментаў О.​Шуман, С.​Браўдо (усе Віцебск), М.​Назараў (Гомель). Выкладчыкі і навучэнцы Н.к. вялі вял. культ.-асв. работу, наладжвалі канцэрты, у т. л. сімфанічныя, гутаркі, лекцыі, масавыя святы і інш. У 1-й пал. 1920-х г. Н.к. пераўтвораны ў муз. тэхнікумы (Віцебскі, Гомельскі), школы (Бабруйская).

Літ.:

Масленікава В.П. Музычная адукацыя ў Беларусі. Мн., 1980. С. 40—55;

Пракапцова В.П. Мастацкая адукацыя ў Беларусі. Мн., 1999.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССМЕ́РТНЫ Аркадзь Львовіч (2.5.1893, г. Сураж Бранскай вобл., Расія — 3.9.1955),

бел. скрыпач, дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1939). Праф. (1946). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1917). Адзін з арганізатараў першай на Беларусі нар. кансерваторыі (Віцебск, 1918), дырэктар Бел. муз. тэхнікума (з 1924), заг. кафедры Бел. кансерваторыі (1932—55). Удзельнік (1-я скрыпка) Дзяржаўнага смыковага квартэта БССР. Кіраваў канцэртамі сімф. аркестраў муз. тэхнікума, Бел. радыёцэнтра, кансерваторыі. Выступаў як скрыпач-саліст, выкананне вызначалася выразнасцю, адухоўленасцю, тэхн. свабодай.

В.​П.​Пракапцова.

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЭ́МБА Мікалай Іванавіч (15.6.1821, Віцебская губ. — 8.4.1879),

музычны тэарэтык, педагог, кампазітар. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Ігры на фп. і віяланчэлі вучыўся ў А.​Герке і І.​Гроса, тэорыю музыкі вывучаў у А.​Б.​Маркса ў Берліне. З 1859 выкладаў у Муз. класах Пецярбургскага аддзялення Рас. муз. т-ва. З 1862 праф. Пецярбургскай кансерваторыі, у 1867—71 яе дырэктар. Распрацаваў «Інструкцыю для Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі», якая садзейнічала ўпарадкаванню навуч. працэсу і стала асновай працы кансерваторыі. Аўтар араторыі «Іаан Хрысціцель», сімфоніі, хароў. Сярод яго вучняў Г.Ларош, П.Чайкоўскі.

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́ЛЬБЕРБЕРГ-СКУ́ПНІК Яўгенія Уладзіміраўна (1873 ? — ліп. 1942),

бел. піяністка і педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1940). Скончыла Пецярбургскую (клас Г.Есіпавай) і Венскую (клас Т.​Лешаціцкага) кансерваторыі. У 1933—41 праф. Бел. кансерваторыі. Выступала ў канцэртах пераважна як ансамблістка, удзельнічала ў выкананні трыо П.​Чайкоўскага і С.​Рахманінава, квінтэта Ф.​Шуберта і інш. Загінула ў мінскім гета.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЬДФЕЛЬД Віктар Маркавіч (6.1.1894, г. Кіраваград, Украіна — 19.12.1982),

украінскі і бел. скрыпач, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1980). Праф. (1935). Вучыўся ў Брусельскай (1908—09), скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917, клас Л.Аўэра). У 1917—41 педагог Харкаўскага муз.-драм. ін-та. Адначасова канцэртмайстар сімф. аркестра, вёў канцэртную дзейнасць (выступаў у ансамблях з К.Шыманоўскім, Г.Нейгаўзам, У.Горавіцам). Арганізатар і 1-ы скрыпач (1920—27) вядомага Квартэта імя Ж.​Б.​Вільёма. З 1944 праф. і заг. кафедры Кіеўскай кансерваторыі. З 1958 праф. Бел. кансерваторыі па класах скрыпкі і камернага ансамбля, кіраваў (з М.Браценнікавым) ансамблем скрыпачоў кансерваторыі. У пед. дзейнасці спалучаў традыцыі школы Аўэра з сучаснымі выканальніцкімі прынцыпамі.

Літ.:

Юзефович В. Наследник славных традиций // Сов. Музыка. 1978. № 3.

А.​А.​Саламаха.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖЫ́ЦКІ (Różycki) Людомір (6.11.1884, Варшава — 1.1.1953),

польскі кампазітар, педагог. Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі, Берлінскай акадэміі музыкі. З 1907 дырыжор оперы і выкладчык кансерваторыі ў Львове. З 1912 за мяжой. З 1918 у Варшаве. У 1930—39 праф. Варшаўскай кансерваторыі, з 1945 — Дзярж. Вышэйшай муз. школы ў г. Катавіцы. Прадстаўнік «Маладой Польшчы». Для творчасці характэрны ўплывы позняга рамантызму і імпрэсіянізму. Яго стыль вылучаўся яркім нац. каларытам, апорай на муз. фальклор імкненнем да павышанай экспрэсіі пышнасцю і сакавітасцю аркестроўкі Сярод твораў: оперы, у т. л. «Эрот і Псіхея» (1916), і балеты, у т. л. «Пан Твардоўскі» (1920), сімф. паэмы для арк., канцэрты для інстр. з арк., камерна-інстр. ансамблі, вак. цыклы, рамансы, песні, музыка да спектакляў і інш. Дзярж. прэміі Польшчы 1930, 1952.

т. 13, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НТСАН (Bentzon) Нільс Віга (н. 24.8.1919, Капенгаген),

дацкі кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Капенгагенскай кансерваторыі (1938—41). Канцэртаваў з 1943. З 1945 выкладаў у Ютландскай муз. акадэміі (г. Орхус), з 1949 у Капенгагенскай кансерваторыі. Сярод твораў (больш за 500) оперы «Фауст 3» і «Уліс», балет «Жэні фон Вестфален», 13 сімфоній; найб. значныя творы Бентсана — сімфонія «Хроніка пра Рэне Дэкарта» (1975) і сімф. варыяцыі (1953). Аўтар першага падручніка дадэкафоніі «Дванаццацітонавая музыка» (1953).

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРДЗЯ́ЕЎ (Bierdiajew) Валерыян (7.3.1885, г. Гродна — 28.11.1956),

польскі дырыжор, педагог. Вучыўся ў Лейпцыгскай кансерваторыі ў М.Рэгера (кампазіцыя), К.Нікіша (дырыжыраванне), Х.​Зіта (скрыпка). Інтэрпрэтатар рус. музыкі, твораў Л.​Бетховена. З 1908 дырыжор Марыінскага т-ра ў Пецярбургу. У 1921—30 працаваў у Польшчы, Расіі, на Украіне. З 1930 выкладаў у Варшаўскай кансерваторыі (з 1945 праф.), Вышэйшых муз. школах у Кракаве, Познані. З 1947 дырэктар і дырыжор Кракаўскай філармоніі. Дзярж. прэмія Польшчы 1951.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРШЭ́ЎСКІ Рыгор Юдэлевіч (1.9.1913, г. Растоў-на-Доне, Расія — 6.8.1991),

бел. піяніст, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1983). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1936). З 1939 выкладчык Бел. кансерваторыі (з 1984 праф.) і спец. муз. школы пры кансерваторыі. Адначасова ў 1939—63 вёў канцэртную дзейнасць. У рэпертуары творы рус. і замежнай класікі, сучасныя муз. творы. Сярод вучняў Л.Максімава, І.Палівода, В.Рахленка, Л.Талкачова, І.Шуміліна, а таксама кампазітары Г.Вагнер, І.Лучанок, Э.Тырманд і інш.

М.​Р.​Солапаў.

т. 17, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)