МА́СЛАЎ (Аляксандр Лявонавіч) (11.9. 1876, с. Благавешчанскае Арлоўскай вобл., Расія — 25.10.1914),
расійскі збіральнік і даследчык нар. музыкі, педагог. Вучыўся ў Муз.-драм. вучылішчы пры Маскоўскім філарманічным т-ве (1895—1902). Чл. Музычна-этнаграфічнай камісіі (з 1901), выдавец і рэдактар час. «Музыка и жизнь» (1908—12). З 1907 выкладаў у Нар. кансерваторыі ў Маскве. Аўтар навук. працы «Быліны, іх паходжанне, рытмічны і меладычны склад» (1910) і інш. Запісваў бел. песні ў Магілёўскай і Смаленскай губ. (першы запісаў і апублікаваў бел. быліну «Тры асілкі»), апрацоўваў іх і паказваў у этнагр. канцэртах. У 1908 у дакладзе пра бел. нар. песеннасць адзначыў яе стылявыя адрозненні ад роднасных усх.-слав. муз. культур і зрабіў пераканальную спробу гіст. вытлумачэння гэтай з’явы. У складзеным ім «Ілюстраваным апісанні музычных інструментаў, што захоўваюцца ў Дашкаўскім этнагр. музеі ў Маскве» (1909) змясціў выявы некат. бел. нар. інструментаў, іх замеры і гукарады.
Літ.:
Русская мысль о музыкальном фольклоре. М., 1979. С. 46, 58—62, 65, 279—319.
Л.С.Мухарынская.
т. 10, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)