квітне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Паэт. Распускацца, расцвітаць (пра кветкі). Пралескі пачалі квітнець І зелянець паляны. Смагаровіч. // Мець кветкі, быць у пары цвіцення; цвісці. Квітнее бэз. □ Квітнеюць сады. Палі і лугі ператварыліся ў стракатыя каляровыя дываны. В. Вольскі.
2. перан. Паспяхова развівацца, знаходзіцца ў спрыяльных для развіцця ўмовах; працвітаць. Квітнее прамысловасць. Квітнее культура. □ Квітней, сталіца ўсіх сталіц — Васьмівяковая Масква! Калачынскі.
3. перан. Быць здаровым, прыгожым; знаходзіцца ў стане росквіту. Жанчына квітнее. □ [Данута] адчувала сябе, відаць, выдатна, бо аж уся квітнела. Карпюк. // Станавіцца радасным, прыгажэць. Усім падабалася і ўсе хвалілі. Сяргей проста квітнеў ад задавальнення. Яму яшчэ не даводзілася так апранацца. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. кіс, кісла і кіснуў, кіснула; незак.
1. Рабіцца кіслым, псавацца ад браджэння. Малако кісне. Віно кісне.
2. Разм. Мокнуць, набухаць ад вільгаці; раскісаць. У гушчары, у ямінах-лужынах кісне снег, вада пеніцца, як саладуха. Пташнікаў. Вельмі ж бязлітаснай выглядае прырода, калі прымушае мокрых ад балота людзей кіснуць яшчэ і пад дажджамі. Кулакоўскі.
3. перан. Разм. Весці аднастайнае бяздзейнае жыццё. Годзе кіснуць, марнець, Песні смутныя пець. Купала. // Сумаваць, нудзіцца. [Марфа] не кісла, якім бы горкім бокам не паварочвалася да яе жыццё, і другім не давала кіснуць. Васілевіч.
•••
Кіснуць ад смеху — нястрымна нясцішана смяяцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́раб, ‑а; мн. карабы, ‑оў; м.
1. Пасудзіна, сплеценая з дубу, саломы і пад., для захоўвання, пераноскі, упакоўкі чаго‑н. Залез з перапуду [мужык] на гару і схаваўся там у кораб з пер’ем. Якімовіч. [Рыбакі] паставілі на фурманку вялізны кораб са шчупакамі, потым такі ж кораб з акунямі, і яшчэ адзін — з сялявай. В. Вольскі.
2. Разм. Тое, што і каробка (у 2 знач.). Некалькі год назад на цэнтральнай вуліцы горада высіўся між руін пануры, суровы кораб дома. Мележ.
•••
Поўны кораб — вельмі многа (звестак, навін і пад.).
Сем карабоў — вельмі многа (нагаварыць, наабяцаць і пад.).
Як з кораба — у вялікай колькасці (валіцца, сыпацца і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
загаці́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; зак., што.
1. Разм. Палажыць гаць, пакрыць гаццю (для праходу, праезду). Загаціць балота.
2. Разм. Перагарадзіць плацінай; запрудзіць. — Загаціць, — кажуць далей, — трэба рэчку, Каб возера было, каб быў і млын. Купала.
3. Абл. Запоўніць цалкам якую‑н. прастору, праход і пад. — Ну і насіласавалі, няўрокам кажучы, яму, усе чатыры секцыі вежы, і каб яшчэ была адна яма, то і яе б загацілі. Ермаловіч.
4. перан. Затраціць на што‑н. бязмерна вялікія сродкі. Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць, Кроў, якой і твая моц не змажа. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; ‑ляцім, ‑леціце, ‑ляцяць; зак.
1. Летучы, апынуцца далёка або высока. Заляцець на Месяц. // Летучы, апынуцца за чым‑н., за якім‑н. прадметам. Мяч заляцеў за плот. Самалёт заляцеў за хмару.
2. Уляцець, папасці куды‑н. Заляцела ў Васеў двор старая варона. Курто. Толькі суседзі яшчэ пільнавалі свае хаты, каб якая-небудзь выпадковая іскра не заляцела на іх стрэхі. Шамякін.
3. У час палёту наведаць якое‑н. месца, спыніцца ненадоўга. Самалёт заляцеў, каб забраць пошту. // перан. Разм. Спяшаючыся, забегчы мімаходам да каго‑н. У спешцы Гуз пераблытаў і, замест таго, каб трапіць на кармакухню, заляцеў у радзілку. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заме́рзнуць і замёрзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. заме́рз, ‑ме́рзла і замёрз, ‑мёрзла; зак.
1. Ператварыцца ў лёд, зацвярдзець ад холаду. Вада ў вёдрах замерзла. □ Усё замерзла пад пялёнкаю Снегу белага, халоднага. Купала. Цяпер, зімою, багна замерзла, і вецер збірае ля кустоў гурбы снегу. Дадзіёмаў. // Пакрыцца лёдам, ледзяной коркай. Рэчка замерзла. Вокны замерзлі. □ Замерзла ноччу шпаркая, крыніца. Багдановіч. // Сапсавацца, выйсці са строю ад холаду. На вадакачцы замерзлі трубы. Матор замёрз.
2. Загінуць, памерці ад холаду. Замерзнуць у полі. □ Галубяняты яшчэ не замерзлі, варушыліся. Брыль. // Моцна азябнуць; прамерзнуць. Шафёр вылез, абышоў машыну, паглядаючы на колы, і загаварыў да Сцяпана: — Замерзлі, дзядзька Лазарук? Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зрэ́зацца, зрэ́жуся, зрэ́жашся, зрэ́жацца; зак.
1. Прытупіцца, пакарацець ад доўгага карыстання. Нож зрэзаўся.
2. перан. Разм. Не здаць экзамена. Аркадзю пасля таго, як ён зрэзаўся пры паступленні ў педагагічны інстытут, нават боязна было і падумаць паступаць яшчэ куды-небудзь. Сабаленка.
3. з кім і без дап. Разм. Уступіць у спрэчку, сварку; схапіцца. Нешта бацькава было і ў характары Евы... Так схопіцца, так зрэжацца, аж шмаццё ляціць. Ермаловіч. // звычайна жарт. Заўзята згуляць з кім‑н. у якую‑н. гульню. Дзядзя Ваня.. любіў «зрэзацца» з заўзятымі класнымі шахматыстамі. Якімовіч.
4. Дакрануўшыся да каго‑, чаго‑н., паляцець убок (пра мяч, шар). Мяч зрэзаўся ў вароты.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што ў што. Апускаць, акунаць у што‑н. вадкае або сыпкае. Марта напякла скавародку сала, і ўсе мачалі ў яго бульбу і елі ўрачыста, па-святочнаму. Брыль. Гадзінай пазней, седзячы на беразе, браты, усё яшчэ моўчкі, мачалі рукі ў ваду і прыкладалі да сінякоў і гузоў. Караткевіч. Ладымер .. мачаў цыбулю ў соль і запіваў квасам. Чорны. // што. Расходаваць што‑н. мачаннем. А раз нядзеля, дык і бліны. А раз бліны, дык і мачанка. А раз яна, мачанка, дык і мачаць яе павінны. Крапіва.
2. што. Спец. Вырабляць што‑н. апусканнем у які‑н. раствор. Мачаць запалкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карце́ць, ‑ціць; незак.
1. безас. з інф., са злучн. «каб» і без дап. Пра неадольнае жаданне што‑н. зрабіць; хацецца; не цярпецца. Ульяне карцела спытаць, чаго Кастусь наведаўся ў такую рань, але ён сам загаварыў яшчэ здалёк. Пташнікаў. [Халімону] хацелася разважаць і карцела, каб хто-небудзь чуў гэтыя разважанні і згаджаўся з імі. Галавач. [Марына:] Ну, што ж... Калі так ужо карціць — няхай едзе. Губарэвіч.
2. Турбаваць, хваляваць, не даваць спакою. [Базыль] адчуў, што яму чагосьці не стае, па нечым смыляць рукі, нешта карціць, некуды рвецца душа. Сачанка. Маці ведае — не грыбы карцяць сыну — і дае хутчэй есці. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мо́лат, ‑а, М ‑лаце, м.
1. Вялікі цяжкі малаток, якім куюць металы, дробяць каменне, забіваюць што‑н. і г. д. Яшчэ здалёк даносіўся звон піл, кавальскіх молатаў, кувалдаў. Бялевіч. Бацька біў каменне велізарным молатам. Чорны.
2. Механічная прылада для апрацоўкі металаў пры дапамозе ціску. [Каваль] грукнуў дваццацітонным паравым молатам па балванцы і задаволена ўсміхнуўся. Навуменка. У кузні пры майстэрні гулка стукаў аўтаматычны молат і гудзеў горан. Шамякін.
3. Спартыўная прылада для кідання — металічнае ядро з тросам.
•••
Серп і молат гл. серп.
Паміж молатам і кавадлам — у цяжкім становішчы, калі небяспека пагражае з двух бакоў (быць, аказацца, знаходзіцца і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)