ра́зам, прысл.

1. Сумесна, у сукупнасці з кім‑, чым‑н. І радасць уцехі, і горкія слёзы Дзялілі вы, разам ў жыцці ідучы. Броўка. [Пніцкі:] — Адзін скажа, другі скажа, дык яно разам як збярэцца — паглядзіш тады, дык яно нешта і выходзіць. Чорны. Ну што? наеліся аладак? — Жартуе дзядзька тут з малымі Ды йдзе ўжо ў хату разам з імі. Колас. Чаму заўсёды ходзяць разам, Заўсёды разам — боль і радасць? Мацяш.

2. Разм. Адначасова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Канчаўся адлёт жураўлёў, а разам з ім і пагодлівае бабіна лета з яго белымі туманамі, павуцінай на ржышчы і барвовай квеценню лісцяў. Асіпенка. Хоць снягоў на дрэвах пена, Хоць займае вецер дух, — На дварэ заліўся певень Разам з песняй маладух. Янішчыц.

3. У адзін прыём. Амаль улабкі са мной прывіталася Алена Іванаўна. Не разабраўшы, што яна такое сказала мне, я адказаў ёй разам: — Ага, добры дзень. Ермаловіч.

4. Усяго (агульная сума чаго‑н.).

•••

Разам з тым — у той жа час, адначасова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскашава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; заг. раскашуйся; незак.

Разм.

1. Жыць у раскошы, мець усяго ў дастатку. [Шэмет:] — Я ведаю, што табе цяжка. У цябе дзяцей поўная хата. А хто, скажы, некалі раскашаваўся, калі трэба было хату ставіць? Лобан. Ведама, і сябе не крыўдзіць [Мікалай Мікалаевіч]. Хто там важыў, колькі жыта ўрадзіла; .. хто лічыў, колькі свіней закалолі. От і раскашуецца. Грахоўскі. // Дазваляць сабе што‑н. лішняе, звыш патрэбы. Ну, добра, дзядзька Клеманс... Толькі там не надта раскашуйся! — Не бойся, я лішняга [лесу] не ссяку. Чарнышэвіч.

2. і (рэдка) зак. Жыць (пачаць жыць) або размяшчацца (размясціцца) дзе‑н. вельмі свабодна, на вялікай плошчы. «Цесната. Не вельмі яны тут раскашуюцца», — падумала Яніна, але ўраз жа ўспомніла пра чаканую новую кватэру. Марціновіч. Да Мінска Міхед раскашаваўся адзін, а ў Мінску ў купэ зайшлі мужчына з дзвюма жанчынамі, з выгляду калгаснікі. Сабаленка. // Расці (парасці) буйна, на прыволлі. Там [на пустыры] нават трава людская не расце. Адзін, сівец з быльнягом толькі раскашуюцца ўлетку. Якімовіч. Было ціха і спакойна, густа пахла .. тарфяным пылам, крапівой, якая раскашавалася пад платамі. Кудравец. Рэдка пасеюць — раскашуецца, забуяе; густа — таксама не разгубіцца, уверх пачне расці. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

садану́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак. і аднакр.

Разм.

1. што. З размаху ўсадзіць (што‑н. вострае). Садануць нож у спіну. // Торкнуць (локцем, пальцам і пад.). Барыс вымавіў усе прымаўкі адным дыхам, жартаўліва садануў вялікім адтапыраным пальцам Ігара ў бок. Асіпенка.

2. чым і без дап. Моцна ўдарыць. Адным імпэтным рыўком .. [Цярэшка] ўскочыў на ногі .. і ашалела садануў немцу ў сківіцу. Быкаў. Іван прыўстаў, убачыў па той бок стала перад сабой мокры і злосны Міцеў твар, адчуў соль у роце, размахнуўся і тым, што было ў руцэ — гранёнай шклянкай, — садануў Міцю ў твар. Кудравец. / у безас. ужыв. Яго саданула асколкам. // Моцна стукнуўшы, разбіць, разламаць што‑н. Адтапыраным локцем незнарок, вядома, садануў [хлопчык] у шыбіну, і тая толькі жаласліва дзынкнула і рассыпалася на дробненькія кавалачкі. Кавалёў. // што і без дап. Выстраліць па чым‑н. [Жыгунок:] — От жа саматужная смалакурня! Яно-такі сюды немец міну садане. Шарахоўскі.

3. што. Груб. Неспадзявана накіраваць што‑н. (скаргу і пад.) на каго‑н. [Бялькевіч:] — Нічога я не чуў, — кажу. Толькі, думаю, што Дзямешка намяшаў рознага. Дакладную ж, мабыць, садануў? Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уздрыгну́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Здрыгануцца; задрыжаць. Стары ўздрыгнуў. Яму здалося, што запыталіся ўсе трое разам. Лупсякоў. Адкрыў [Мікола] вочы і ўвесь уздрыгнуў ад радасці — перад ім стаяла Маечка. Краўчанка. Бусел, які дагэтага стаяў нерухома, уздрыгнуў і хутка паклыпаў насустрач. Аляхновіч. / Пра часткі цела, голас і пад. Але голас .. [Фені] сцішэў і прыкметна ўздрыгнуў. Ракітны. У .. [выкладчыка] ўздрыгнуў левы край рота і левае вока, ён адышоўся і не прамовіў ні слова. Ермаловіч. Уздрыгнулі шырокія бровы, страпянуліся вейкі. Глебка. // перан. Затрымцець. Былі сярод прачытаных слоў і незразумелыя, але сэрца ўздрыгнула, нібы адчула важнасць таго, што даручыў .. [Мані] брат. Місько.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Тое, што і уздрыгнуцца (у 2 знач.). [Каця] ўключыла матор. Трактар уздрыгнуў і пачаў паволі рухацца. Чарнышэвіч. Шыбы ўздрыгнулі ціха і тонка. Арочка. Пракаціўся гром — аж зямля ўздрыгнула. Мыслівец. // Ускалыхнуцца, гайдануцца (пра агонь, полымя і пад.). Полымя на экране ўздрыгнула і патухла. Гамолка. Раз раніцой, калі ўсміхнулася сонца з-за лесу і дзед Панкрат выйшаў з хаты запрагаць сівага,.. — уздрыгнула нешта паветра, нібы хто кашлянуў чыгунным горлам дзесьці далёка-далёка. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узні́кнуць, ну, ‑неш, ‑не; пр. узнік, ‑ла; зак.

Пачацца, зарадзіцца; быць створаным. На сухім грудку цяжка ўзнікнуць жыццю, бо вельмі часта любяць тут прыпыняцца падарожныя. Навуменка. Узбярэжжа акіяна, на якім узнік горад, — гэта магутная велізарная скала. Новікаў. Франты адгрымелі, прайшла небяспека, І ў вёсцы Зацішак узнікла ячэйка. Хведаровіч. Мастацкая проза ў беларускай літаратуры ўзнікла яшчэ ў мінулым стагоддзі. Пшыркоў. // З’явіцца, паказацца. З боку шашы, на дарозе, узніклі дзве невыразныя постаці. Быкаў. [Студэнт:] — Раптам, на нечаканым павароце сцежкі, мы адразу спыніліся на месцы, нібы зачараваныя дзіўным відовішчам, якое ўзнікла перад намі. В. Вольскі. / Пра пачуцці і пад. І мацней за адчуванне болю, мацней за крыўду ўзнікла [у жанчыны] ўпартасць — адрэзаць дарогу яму [мужчыну] да пабегу. Мікуліч. // З’явіцца, вынікнуць, выявіцца (пра рашэнне, пытанне і пад.). План дзеяння ўзнік нечакана. Шамякін. [У Дзіміна] ўзнікла неадольная патрэба перадаць свае думкі другім, пагаварыць з кім-небудзь. Карпаў. / Пра ўяўленні, успаміны. Танкіст сумеўся, і ў хвілінку Прад ім узнік той час-пара, І ён сказаў: — Мо ты — сястра? Я помню добрую Марынку. Колас. // Пачацца; здарыцца, адбыцца. На сцэне пагасла святло і ўзнік пажар. Скрыпка. Сам сабою ўзнік лятучы мітынг. Харкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укі́нуць, ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Кінуць, апусціць унутр, у сярэдзіну чаго‑н. Укінуць камень у ваду. Укінуць ліст у паштовую скрынку. □ [Іван] дастаў чамадан, сабраў свае рэчы, укінуў у мяшок інструмент, пацалаваў дачку. Гаўрылкін. // перан. Разм. Пасеяць. Картоплю садзіць пара, проса якую жменю ды грэчкі хоць трохі ўкінуць, — прыспешвалі [ўдовы і дзяды] старшыню камбеда. Грахоўскі. // перан. Разм. Уставіць, дадаць што‑н. у чыю‑н. гутарку, размову. Я паспрабаваў укінуць слова, каб крыху суцішыць струмень разгневанага красамоўства егеравай жонкі і накіраваць яго ў другі бок. В. Вольскі. Грэчка ўкінуў сваё глыбакадумнае разважанне: — Цвік малатка не баіцца. Няхай.

2. Налажыць, дабавіць чаго‑н. у што‑н. Укінуць два драбкі цукру ў чай. // Разм. Даць корму. [Маці:] — А я .. [коням] патрошку ўкінула, каб не стаялі над пустым жолабам. Чарнышэвіч.

3. Разм. Зняволіць. Укінулі ў канцлагер нас дзве групы, Куды ні глянь — кругом калючы дрот. Смагаровіч.

4. перан. Разм. Адлупцаваць. [Бухман:] — А цяпер прызнаешся? Ану, Тулуп! Укінь яму [палоннаму] яшчэ. — Зноў удары, зноў стогн. С. Александровіч.

5. Спец. Зацягнуць нітку асновы ў ніты. Укінуць ніткі ў ніты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапану́ць і хапяну́ць, ну́, ‑не́ш, ‑не́; ‑нём, ‑няце́; зак.

1. Аднакр. да хапа́ць (у 1, 2 і 4 знач.).

2. Разм. Добра зарабіць, выгадна прадаць. [Яснікаў:] — Ганарар добры хапанеш. Шамякін. — Слаўныя памідорчыкі, праўда? Гэта аж з Крыма. Па цэлым чамадане прывезлі, — жанчына ўздыхнула. — Ох, і хапанулі яны грошай... Даніленка.

3. Разм. Забраць што‑н. у каго‑н. То калі прыязджалі да нас вось Мікола з Петраграда і мой швагрусь Вяршынскі з-пад Баранавіч, дык мы панскую зямлю і хапанулі. Гурскі.

4. Разм. Украсці, сцягнуць. Хтосьці З крамы хапануў... — Знаць не знаю, Чуць не чуў. Броўка.

5. Разм. Выпіць спіртнога. Памаўчаўшы, [маці] спыталася: — Дзе ж ты хапянуў гэтай гары? Пестрак. Хапануў шклянку, але ж тое яшчэ ўдзень. І ўсё ж размарыла-такі, гадасць. Навуменка.

6. Разм. Раптоўна ахапіць, схапіць (пра прыступ хваробы, болю). Вось галоўны канструктар прыйшоў. Больш мы не запрашалі нікога... Вынаходніка-токара шок Хапянуў ад уступу такога. Нядзведскі.

7. Разм. Жвава, бадзёра зайграць на музычным інструменце. Музыкант хапянуў «чаркашынаву польку», і зноў задрыжала хата, як і на пачатку. Вечарынка была ў разгары. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ца́ца, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, чым можна забавіць дзіця; цацка. — Ты глянь, Валерык: бачыш — цаца! А вось сувойчык палатна. Колас.

2. У мове дзяцей — што‑н. вельмі харошае, прыемнае.

3. Пра паслухмянае, выхаванае дзіця. [Настаўніца:] — Вы не злуйце на Ліпку, яна была ў нас. Сёння Ліпка — вялікая цаца! Брыль. // звычайна іран. Пра чалавека наогул. Клопату [Надзі] хапала. Работа, дзіця далося ў знакі, ды і ён, Пракопавіч, не цаца быў. Радкевіч.

4. Пра таго, хто важнічае, мае вялікія прэтэнзіі. Маці ўжо цяпер меціцца хоць на якога-небудзь прымака, бо замуж да сябе такую цацу наўрад ці хто возьме. Кулакоўскі. — Цаца не вялікая. Возьмеш посцілку, падушку і палезеш на гарышча. Там сена мяккае. Сіўцоў. Што яна [Каця] ў разведцы разумее? Што яна за цаца такая, каб я перад ёю падымаў рукі ўгору? Сяркоў.

•••

Добрая цаца — пра ненадзейнага, нядобрага, хітрага чалавека. Ну, па ім [Андрэю Каржакевічу] то плакаць вельмі няма чаго. Гэты набудзе. Сам з чортавых зубоў можа вырваць, добрая цаца, — сказаў Рыгор Варанец. Крапіва.

Цаца-цаца, ды ў кішэнь — пра таго, хто не праміне ўзяць чужое, прысвоіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цуд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Паводле рэлігійных уяўленняў — невытлумачальная з’ява, якая выклікаецца чарадзействам. [Селянін:] — Заўсёды перад кірмашом штогод.. бывае яшчэ адзін цуд: за год святыя сляды абрастаюць мохам. Бядуля.

2. Што‑н. нечаканае, незвычайнае. І тады стаўся цуд: Капейка ўстаў і пачаў гаварыць. Брыль. Можа стане цуд і з’явіцца Якім, як бы нічога не бывала! Машара. // у знач. прысл. цу́дам. Разм. Незвычайным, неверагодным чынам; выпадкова. На Ленінградскай вуліцы Тумаш павёў іх [варшаўцаў] у чатырохпавярховы дом, які цудам уцалеў у час бамбёжак. Новікаў.

3. Пра тое, што выклікае захапленне, здзіўленне сваімі выдатнымі якасцямі, прыгажосцю і пад. У саснячку густым, смалістым — Загледзішся на цуд такі — У беленькіх манішках чыстых Стаяць фарсіста маслякі. Цвірка. Ну не кулеш, а — цуд! Духмяны, залацісты, смакавіты. Валасевіч. // чаго. Пра тое, што з’яўляецца ўзорам дасканаласці ў якой‑н. галіне. Задаволеная, што так добра выканала даручэнне, Муза Сымонаўна хутка везла цуд мастацтва. Арабей. Крок за крокам прасочвае паэт ператварэнне дрэва ў цуд музыкі і весялосці. Бярозкін.

4. у знач. вык. Дзіўна, незвычайна. Наогул жа, калі салавей пяе — гэта цуд. Лужанін.

•••

Цуда ў рэшаце — пра што‑н. незвычайнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шугану́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да шугаць.

2. Разм. Рынуцца куды‑н. Вучні шуганулі ад вокнаў, ад дзвярэй за парты. Шамякін. Статак шугануў на суседскі агарод. С. Александровіч. Пальцы рук .. [Гушкі] сціснуліся, скурчыліся; ён шугануў да воза, роўны, высокі. Чорны. // Прагучаць бурна, імкліва. З падворка шугануў на паляну меладычны перазвон званочкаў. Пестрак.

3. Разм. Зваліцца ўніз, шухнуць. Раптам Петрык — вось бяда! — Ледзь не з вершаліны, Закрычаўшы нема: — А-а-а-а!.. — Шугануў з яліны. Гілевіч. Скакаць з таварнага вагона Ніне было высока, але яна адчайна шуганула ўніз. Арабей.

4. Разм. Паліцца, пасыпацца адкуль‑н. [Алег] хацеў крыкнуць, пазваць бацьку, але не паспеў: цераз барты шуганула вада. Гамолка. На спіну шуганула зямля з травою і карэннямі зарасніку. Кулакоўскі.

5. Разм. Прагнаць каго‑н. адкуль‑н. [Іван Іванавіч:] — Дачакаліся, калі шуганулі з нашай зямлі навалач, збераглі яе [Канстытуцыю], як і зямлю, нашым потам, галубкі мае, палітую... Даніленка.

6. Зрабіць што‑н. у вельмі хуткім тэмпе. Трыста падвод з навакольных вёсак выехала ў лес па дрэва для народнага дома. Так шуганулі, што за тыдзень быў гатовы зруб, а за другі тыдзень і ўвесь дом. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)