ДАМА́ШЫЦЫ,

балота на ПдЗ Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Піна. Нізіннага тыпу. Пл. 5,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,9 тыс. га. Глыб. торфу да 3,8 м, сярэдняя 1,6 м. Паўн. ч. балота асушана, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. Паўд. ч. ў натуральным стане. Растуць вярба, сітнік, асокі; часткова выкарыстоўваецца пад сенажаць.

т. 6, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК,

балота ў цэнтр. ч. Пінскага р-на Брэсцкай вобл., у пойме р. Ясельда. Нізіннага тыпу. Пл. 6,6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,6 тыс. га. Глыб. торфу да 4 м, сярэдняя 1,1 м. Большая ч. балота асушана, пад ворывам і сенажаццю. На неасвоеных участках хмызняк з вольхі і бярозы, асака, сітнік, трыснёг і чарот.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГА́ЛЬСКІ МАСІ́Ў,

балота ў Любанскім р-не Мінскай вобл. і Акцябрскім р-не Гомельскай вобл., у вадазборы р. Арэса. Нізіннага тыпу. На масіве 3 возеры, найб. Вячэра. Пл. 32,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 20,7 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,8 м. Асушаная ч. выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасушаных землях пераважае асакова-гіпнавая расліннасць.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕРНЕПАГРУ́ЗЧЫК,

машына бесперапыннага дзеяння для пагрузкі збожжа ў трансп. сродкі, фарміравання і пералапачвання бунтаў, загрузкі зернеачышчальных машын, зернесушылак і збожжасховішчаў. Мае 2 асн. рабочыя органы — сілкавальнік і транспарцёр. Паводле тыпу рабочых органаў падзяляюцца на скрабалкавыя, шнэкавыя і камбінаваныя. Бываюць самаперасоўныя і пераносныя. Прыводзяцца ў дзеянне ад электрарухавікоў. Найб. пашыраны З. самаперасоўныя скрабалкавыя прадукцыйнасцю да 100 т/гадз.

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГЛІ́ЦА,

шыпулькі, зялёнае, фотасінтэзуючае лісце многіх хвойных дрэў і кустоў тыпу голанасенных.

Вечназялёныя, лінейнай, іголка- або лускападобнай, трох-, чатырохграннай формы, даўж. 0,1—45 см; сядзячыя, размешчаныя спіральна, радзей супраціўна або кальчакова. Часцей шчыльныя, цвёрдыя, скурыстыя з невял. колькасцю вусцейкаў. Акрамя некалькіх лістападных форм, І. трымаецца на галінках 1—15 гадоў. Мае шмат фітанцыдаў, эфірных алеяў, вітамінаў.

т. 7, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т (ад лац. institutum установа, устанаўленне),

1) назва навукова-даследчай ці навучальнай установы, якая дае вышэйшую адукацыю ў якой-н. галіне.

2) Сярэдняя навуч. ўстанова закрытага тыпу для жанчын дваранскага паходжання у дарэв. Расіі.

3) Сукупнасць прававых норм у якой-н. сферы грамадскіх адносін (напр., І. грамадзянства); пэўная арганізацыя грамадскай дзейнасці і сац. адносін (напр., І. сям’і і шлюбу).

т. 7, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМА́РЫНСКАЕ БАЛО́ТА,

на Пд Брагінскага р-на Гомельскай вобл., у вадазборы р. Ніжняя Брагінка. Нізіннага тыпу. Пл. 5,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 2,2 тыс. га. На ПдУ балота часткова затоплена Кіеўскім вадасх. Сярэдняя глыб. торфу 1,1 м. Асушаная ч. балота пад сенажаццю і ворывам. Ёсць пясчаныя астравы і грады, парослыя мяшаным і хвойным лесам.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІРАВА́ЛЬНА-РАЗМНАЖА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,

сукупнасць тэхн. сродкаў для капіравання і размнажэння невял. тыражамі дзелавых папер, даведак, артыкулаў, канструктарскай, тэхнал. і інш. дакументацыі. Да іх належаць сродкі аператыўнай паліграфіі (малафарматныя машыны афсетнага друку тыпу ратапрынта, сродкі электраграфіі) і рэпраграфіі. Найб. пашыраны тэхн. сродкі вырабу копій спосабамі ксераграфіі, дыязакапіравання, святлокапіравання, фотакапіравання, тэрмакапіравання. Раней тэксты і ілюстрацыі размнажалі з дапамогай гектографа.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІВО́ШКІНСКІ ВАЛУ́Н,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1992), каля в. Лівошкі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Валун цёмна-шэрага граніту сярэднезярністага кіроўнага тыпу. Даўж. 3 м, шыр. 2,9 м, выш. 0,6 м, у абводзе 9,2 м, аб’ём бачнай часткі 2,8 м³, маса каля 7 т. Прынесены ледавіком каля 14—15 тыс. гадоў назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 9, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТА́НЬ-ПЕЛЕ́ (Montagne Pelée),

Мон-Пеле, дзеючы вулкан у паўн. ч. в-ва Марцініка (Вест-Індыя). Выш. 1397 м. Складзены з базальтаў, андэзітаў і дацытаў. Вядомы катастрафічным вывяржэннем у 1902, калі быў знішчаны г. Сен-П’ер з нас. 26 тыс. ж. Па гэтым вывяржэнні падобныя вулканы адносяць да пелейскага тыпу. Больш слаба дзейнічаў у 1929—32.

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)