Зато́р1 ’скучанасць людзей, сродкаў транспарту, крыгі і выкліканая ёю затрымка руху’. Рус., укр.затор, польск.zator ’тс’, славен.zator ’пагібель, прыгнечанне’, серб.-харв.за́тор ’пагібель’, макед.затор ’знішчэнне’. Ст.-рус.заторь ’затор1’ (XVII ст.). Параўн. балг.дыял.затра ’згуба’. Прасл.zatorь < za‑ter‑ti (гл. церці) як бязафіксны аддзеяслоўны назоўнік з чаргаваннем галосных: першаснае значэнне ’тое, што трэцца’. Параўн. рус.тор ’дарога, люднае месца’, торить ’пракладваць дарогу’ (Фасмер, 4, 81). Гл. зато́р2.
Зато́р2 ’сумесь для браджэння пры вырабе гарэлкі, піва і г д.’ Рус., укр.затор ’тс’, польск.zacier, уст.zatorСт.-рус.заторь ’затор’ (XVII ст.). Бязафіксны назоўнік з чаргаваннем галоснага ад дзеяслова za‑ter‑ti (гл. церці) з першасным значэннем ’тое, што заціраецца’ (параўн. зацірка) паўн.-слав. пашырэння. Гл. зато́р1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пік1 ’хутка што-небудзь выкінуць, выставіць на від’; у выразе: пік яму ў нос яго ж дабром’ (Нас.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне. Да пікаць1 (гл.).
Пік2 ’смала, вар’, пі́ка ’бітум, вараная смала’ (Ян., ТС). З н.-ням.Pick ’смала’, якое, як і англ.-сакс.pic, англ.pitch, з лац.pix ’смала’, калькі са ст.-грэч.πίσσα, атычн.πίττα ’тс’ < *piki̯a.
Пік3 ’касцявы мозг (ТС). Усечаная форма лексемы шпік ’тс’ (гл.).
Пік4: гадзіны пік ’час вышэйшага напружання ў рабоце транспарту, электрастанцыі і пад.’ (ТСБМ). З рус.часы пик, якое з’яўляецца паўкалькай англа-амерыканск. peak hours ’тс’ (Кіпарскі, ВЯ, 1956, 5, 136).
Пік5 ’спічастая вяршыня гары’ (ТСБМ). Праз рус. мову (Крукоўскі, Уплыў, 86) з франц.pic ’тс’ (Мацэнаўэр, LF, 12, 340; Фасмер, 3, 260).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АГІ́НСКАЯ БУРА́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,
у складзе Рас. Федэрацыі, на Пд Чыцінскай вобл. Утворана 26.9.1937 з Агінскага аймака (Бурат-Мангольскай АССР). Пл. 19 тыс.км². Нас. 79,6 тыс.чал. (1994), гарадскога 30%; пераважаюць бураты, рускія, у зах.ч. — эвенкі. Сярэдняя шчыльн. 3,3 чал. на 1 км², больш заселена ўсх. частка. Адм. ц. — пас.гар. тыпу Агінскае.
Размешчана на Пд Забайкалля. Паверхня пераважна гарыстая (найб.г. Алханай, 1663 м). Клімат рэзка кантынентальны. Зіма халодная, маласнежная, лета гарачае, сярэдняя т-растудз. -24 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Найб. рэкі — Анон, Аленгуй. Шмат прэсных і салёных азёраў. Глебы ў гарах падзолістыя, шэрыя лясныя, на раўнінах карбанатныя, каштанавыя, чарназёмныя, сустракаюцца саланчакі. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах на выш. 1000 м — лістоўнічныя лясы (у асн. даурская лістоўніца).
Горназдабыўная, лясная і лесанарыхтоўчая, лёгкая, харч.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная і мяса-малочная жывёлагадоўля, пашавая танкарунная авечкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, авёс, ячмень) і кармавыя культуры. Асн. від транспарту — аўтамабільны. На У праходзіць чыг. Карымская—Забайкальск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАВІ́ЦКІЯ ВЫСТУПЛЕ́ННІ ПРАЦО́ЎНЫХ 1991у Беларусі.
Пачаліся 3 крас. ў Мінску, калі ў адказ на павышэнне цэн узнік стыхійны мітынг на электратэхн. з-дзе. Да яго далучыліся рабочыя з-даў аўтаматычных ліній і шасцерань. Мітынгуючыя перапынілі рух транспарту на вул. Даўгабродскай. 4 крас. спыніў работу Мінскі аўтазавод. Каля 40 тыс. рабочых правялі марш да Дома ўрада. дзе адбыўся мітынг пратэсту, на якім прыняты патрабаванні: павышэнне зарплаты адпаведна росту цэн, адстаўка прэзідэнта СССР М.С.Гарбачова, саюзнага і рэсп. ўрадаў. Створаны стачачны к-т (сустаршыні С.Антончык, Г.Быкаў, Г.Мухін), які аб’яднаў рабочых 98 прадпрыемстваў Мінска. Стачачныя к-ты створаны таксама ў Оршы, Гомелі, Маладзечне, Барысаве, Лідзе, Салігорску і інш. З 10 крас. да бастуючых Мінска далучыліся працоўныя інш. гарадоў Беларусі. Савет Міністраў БССР даў згоду задаволіць эканам. патрабаванні, але Прэзідыум Вярх. Савета БССР адмовіўся разглядаць паліт. патрабаванні. Пасля чаго прадстаўнікі рэсп. стачачных к-таў абвясцілі пра аднаўленне забастоўкі з 23 красавіка. Напружанае становішча склалася ў Оршы, дзе бастуючыя блакіравалі чыг. рух. Пасля аршанскіх падзей забастоўка прыпынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКЛА́ДАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел аперацый даследавання, дзе будуюцца і аналізуюцца матэм. мадэлі каляндарнага планавання (упарадкавання і ўзгаднення ў часе пэўнай сукупнасці дзеянняў, падзей, аперацый, работ і інш.). Асн. мэта Р.т. — распрацоўка метадаў рашэння аптымізацыйных задач, што ўзніклі пры гэтым (гл.Аптымізацыі задачы і метады).
У задачах Р.т. зыходныя даныя звычайна дэтэрмінаваныя, у адрозненне ад задач масавага абслугоўвання тэорыі. Таму разглядаецца клас задач абслугоўвання канечнага мноства патрабаванняў адной ці некалькімі прыладамі ў дэтэрмінаванай абслуговай сістэме. Вывучаюцца таксама выліч. складанасць задач, магчымасці пабудавання набліжаных алгарытмаў рашэння, устойлівасць рашэнняў, многакрытэрыяльныя задачы. Выкарыстоўваецца ў кіраванні вытв-сцю, распрацоўцы графікаў руху транспарту, праграмна-мэтавым планаванні і кіраванні буйнымі праектамі, пабудаванні раскладаў заняткаў у навуч. установах, дыспетчарызацыі інфармацыйна-выліч. працэсаў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р.т. вядуцца з 1960-х г. у Ін-це матэматыкі і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ і інш.
Літ.:
Танаев В.С., Гордон В.С., Шафранский Я.М. Теория расписаний: Одностадийные системы. М., 1984;
Танаев В.С., Сотсков Ю.Н., Струсевич В.А. Теория расписаний: Многостадийные системы. М., 1989;
іх жа. Математические модели и методы календарного планирования. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІРЫДЗЁНАК Анатоль Іванавіч (н. 7.7.1936, г. Орша Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Акад.Нац.АН Беларусі (1986, чл.-кар. 1984), д-ртэхн.н. (1976), праф. (1981). Скончыў Бел.ін-т інжынераў чыг.транспарту (1959). З 1959 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (з 1967 заг. лабараторыі, з 1969 нам. дырэктара, з 1982 дырэктар). З 1990 дырэктар Аддзела праблем рэсурсазберажэння Нац.АН Беларусі. У 1987—92 чл. прэзідыума АН Беларусі. Навук. працы па матэрыялазнаўстве палімерных кампазітаў, тэорыі трэння і зносу цвёрдых цел, машынабуд. трыбоніцы, метадалогіі рэсурсазберажэння. Распрацаваў тэарэт. асновы стварэння фрыкцыйных матэрыялаў і канструкцый з палімераў і металапалімераў, правёў комплексныя даследаванні ўзаемасувязі іх структуры і ўласцівасцей. Прапанаваў метады кіравання структурай і фрыкцыйнымі ўласцівасцямі металапалімерных сістэм, метады і прыборы для даследавання паверхневых уласцівасцей палімераў і кампазітаў на іх аснове. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Трение и износ материалов на основе полимеров. Мн., 1976 (у сааўт.);
Акустические и электрические методы в триботехнике. Мн., 1987 (у сааўт.);
Материаловедение и конструкционные материалы. Мн., 1989 (у сааўт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕГ,
цвёрдыя ападкі атмасферныя ў выглядзе сняжынак — снежных (ледзяных) крышталёў, разнастайных па форме, але з гексаганальнай асновай (шасцівугольная пласцінка, зорачка і інш.). Пры штылі і т-ры каля 0 °C сняжынкі зліпаюцца і ўтвараюць камякі дыяметрам да некалькіх сантыметраў. Ва ўмераных і высокіх шыротах С. — тыповы зімовы від ападкаў, які ўтварае снегавое покрыва. На Беларусі С. можа выпадаць з канца вер. да мая. У пераходныя месяцы можа спалучацца з дажджом (гл.Мяшаныя ападкі). Сярэдняя колькасць сутак са снегападам (0,1 мм/сут ці больш) складае ад 55 на ПдЗ да 82 на ПнУ і У. Сярэдняя працягласць выпадзення С. 8—9 гадз за суткі на Пд і 10—11 гадз на Пн. На працягу сутак у выглядзе С. звычайна выпадае 2—3 мм ападкаў (у пераліку на слой вады), або 2—3 кг на 1 м². Макс. зарэгістраваная ў 2-й пал. 20 ст. сутачная колькасць сухога С. склала 36,8 мм (18.1.1970, ст. Пружаны). Значны снегапад і асабліва мяцеліца пагаршаюць бачнасць. Вял. снегапады абломліваюць галіны дрэў у лясах і садах, парушаюць рух транспарту. Гл. таксама Снегавое покрыва, Снегазатрыманне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАМІ́Н Васіль Васілевіч (2.4.1884, Масква — 1942),
удзельнік рэв. руху, сав.дзярж. дзеяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07 у Маскве, Астрахані. За рэв. дзейнасць неаднойчы быў арыштаваны і сасланы. З пач. 1917 у арміі, вёў рэв. работу сярод салдат Зах. фронту, чл. Мінскага Савета (з сак. 1917), франтавога к-таЗах. фронту (з крас. 1917), яго бальшавіцкай фракцыі (з вер. 1917), Мінскага (з чэрв. 1917) і Паўн.-Зах.абл. (з вер. 1917) к-таў РСДРП(б). Адзін з рэдактараў газ. «Звезда». На II Усерас. з’ездзе Саветаў выбраны чл.ВЦВК; працаваў у Петраградскім ВРК. У снеж. 1917 удзельнічаў у падпісанні дагавора аб перамір’і на Зах. фронце. З 1918 у Маскве, кіраўнік розных аддзелаў ВЧК, адначасова камісар Цэнтр. ўпраўлення ваен. зносін, Гал. ўпраўлення шляхоў зносін, з 1922 нам. наркома шляхоў зносін. З 1926 працаваў у Наркамаце ўнутр. спраў, з 1931 нам. наркома воднага транспартуСССР, адначасова ў 1930—35 рэдактар час. «Водный транспорт». З 1938 у Наркамаце ўнутр. гандлю СССР. Чл.ЦКК РКП(б) у 1924—25. Аўтар успамінаў. Рэпрэсіраваны. Памёр у зняволенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУПРО́Ў Аляксандр Іванавіч (18.2.1842, г. Масальск Калужскай вобл., Расія — 8.3.1908),
расійскі эканаміст, публіцыст, адзін з заснавальнікаў рас. стат. навукі, у т. л.чыг. статыстыкі і эканомікі транспарту. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1887). Скончыў Маскоўскі ун-т (1866). З 1874 выкладаў у ім. У 1869 арганізаваў Т-ва пашырэння тэхн. ведаў, у 1882 — Стат. аддз. пры Маскоўскім юрыд. т-ве (з 1883 яго старшыня). Удзельнічаў у распрацоўцы плана перапісу Масквы 1882 і ў яго ажыццяўленні. Узначальваў ліберальна-народніцкую плынь у эканам. тэорыі, прадстаўнікі якой прызнавалі неабходнасць частковых агр. пераўтварэнняў (паляпшэнне культуры земляробства, арганізацыя саматужных арцеляў і перасяленняў) разам з захаваннем памешчыцкага землеўладання і сял. абшчыны. Аўтар падручнікаў па статыстыцы, прац па палітэканоміі, агр. пытаннях, чыг. гаспадарцы («Чыгуначная гаспадарка», т. 1—2, 1875—78; «Пра характар і прычыны сучаснага прамысловага крызісу ў Заходняй Еўропе», 1889; «Пра эканамічнае значэнне адукацыйных і выхаваўчых устаноў для рабочага класа», 1898, і інш.). Адзін з рэдактараў і аўтараў зб. «Уплыў ураджаяў і хлебных цэн на некаторыя бакі рускай народнай гаспадаркі» (1897).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭРЫО́ (Herriot) Эдуар (5.7.1872, г. Труа, Францыя — 26.3.1957),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі. Чл.Франц. акадэміі (1946). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1894), выкладаў л-ру ў навуч. установах г. Ліён. Мэр Ліёна (1905—40, 1945—55), старшыня партыі радыкалаў і сацыялістаў (1919—57, з перапынкамі), сенатар (1912—19), дэп. парламента (1919—40, 1946—57), міністр грамадскіх работ, транспарту і забеспячэння (1916—17). У 1920-я г. адзін са стваральнікаў Левага блока. Прэм’ер-міністр Францыі (1924—25, 19—21.7.1926, 1932). Урад Э. здзейсніў у 1924—25 шэраг дэмакр. і сац. рэформ, вывеў франц. войскі з Рура (Германія), устанавіў дыпламат. адносіны з СССР (1924) і заключыў з ім дагавор аб ненападзенні (1932). Старшыня палаты дэпутатаў (1925—26, 1936—40), дзярж. міністр (1934—36). У 2-ю сусв. вайну выступаў супраць рэжыму «Вішы», у 1942 зняволены ў герм. канцлагеры (вызвалены ў 1945). Старшыня (1947—54), ганаровы старшыня (з 1954) Нац. сходу Францыі. У 1950-я г. выступаў супраць рэмілітарызацыі Германіі і планаў стварэння Еўрап. абарончай супольнасці. Аўтар прац па гісторыі л-ры. Міжнар. прэмія міру 1955.