ЧУПРО́Ў Аляксандр Іванавіч (18.2.1842, г. Масальск Калужскай вобл., Расія — 8.3.1908),

расійскі эканаміст, публіцыст, адзін з заснавальнікаў рас. стат. навукі, у т. л. чыг. статыстыкі і эканомікі транспарту. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1887). Скончыў Маскоўскі ун-т (1866). З 1874 выкладаў у ім. У 1869 арганізаваў Т-ва пашырэння тэхн. ведаў, у 1882 — Стат. аддз. пры Маскоўскім юрыд. т-ве (з 1883 яго старшыня). Удзельнічаў у распрацоўцы плана перапісу Масквы 1882 і ў яго ажыццяўленні. Узначальваў ліберальна-народніцкую плынь у эканам. тэорыі, прадстаўнікі якой прызнавалі неабходнасць частковых агр. пераўтварэнняў (паляпшэнне культуры земляробства, арганізацыя саматужных арцеляў і перасяленняў) разам з захаваннем памешчыцкага землеўладання і сял. абшчыны. Аўтар падручнікаў па статыстыцы, прац па палітэканоміі, агр. пытаннях, чыг. гаспадарцы («Чыгуначная гаспадарка», т. 1—2, 1875—78; «Пра характар і прычыны сучаснага прамысловага крызісу ў Заходняй Еўропе», 1889; «Пра эканамічнае значэнне адукацыйных і выхаваўчых устаноў для рабочага класа», 1898, і інш.). Адзін з рэдактараў і аўтараў зб. «Уплыў ураджаяў і хлебных цэн на некаторыя бакі рускай народнай гаспадаркі» (1897).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 17, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)