КІ́ЕЎСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 15—16 ст. і ў Польскім каралеўстве ў 16—18 ст. Утворана ў 1471 замест Кіеўскага княства. У час заключэння Люблінскай уніі 1569 К.в. далучана да Польшчы, за выключэннем Мазырскага павета, які ўвайшоў у склад Мінскага ваяв. ВКЛ. Паводле Збораўскага дагавора 1649 некат. тэрыторыі К.в. аддадзены ў кіраванне гетмана Б.​Хмяльніцкага, у 1660 зноў падпарадкаваны Польшчы. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 у К.в. засталіся толькі правабярэжныя паветы (без Кіева), цэнтрам ваяводства стаў Жытомір. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) тэр. К.в. ўвайшла ў склад Кіеўскага і Валынскага намесніцтваў Рас. імперыі.

т. 8, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙСУ́Р,

дзяржава на Пд Індыі ў 14—18 ст. Узнікла ў 1399 як княства — васал Віджаянагара. З 1610 незалежная дзяржава на чале з дынастыяй Вадэяр. У 1761 фактычную ўладу ў М. захапіў военачальнік Хайдар Алі. Пры ім і яго сыне Тыпу Султане [1782—99] М. ператварыўся ў магутную дзяржаву Паўд. Індыі, якая займала ч. тэр. сучасных інд. штатаў Керала, Карнатака, Андхра-Прадэш і Тамілнаду. У выніку 4 англа-майсурскіх войнаў тэр. М. паменшала да памераў Майсурскага плато; адноўлена дынастыя Вадэяр, М. стаў васальным княствам Вялікабрытаніі. Пасля абвяшчэння ў 1947 незалежнасці Індыі М. — адзін з яе штатаў (з 1973 наз. Карнатака).

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАІ́Л АЛЯКСА́НДРАВІЧ (1333, г. Пскоў, Расія — 26.8.1399),

вялікі князь Цвярскога княства [1365—99, з перапынкамі]. Сын вял. цвярскога кн. Аляксандра Міхайлавіча. Двойчы (1368 і 1370) быў скінуты з прастола вял. маскоўскім кн. Дзмітрыем Іванавічам Данскім і хаваўся ў ВКЛ (яго сястра была жонкай вял. князя літоўскага Альгерда). У 1372 пры дапамозе войск ВКЛ вярнуў сабе цвярскі прастол. МА. — апошні вял. цвярскі князь, які змагаўся з Масквой за Уладзімірскае вял. княжанне, валоданне якім фармальна азначала паліт. панаванне ў Паўн.-Усх. Русі. У 1370—71 і 1375 атрымліваў вялікакняжацкія ярлыкі ў Залатой Ардзе, але замацавацца на Уладзімірскім прастоле не здолеў.

т. 10, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бургамі́стр

(с.-в.-ням. bürgemeister)

1) выбарная асоба, якая ўзначальвала мясцовае самакіраванне ў сярэдневяковых гарадах, дзе дзейнічала магдэбургскае права, у т.л. і ў гарадах Вялікага княства Літоўскага;

2) кіраўнік гарадской управы ў некаторых краінах Зах. Еўропы (Германіі, Бельгіі і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВЕЛІКАПО́ЛЬШЧА, Вялікая Польшча (Wielkopolska),

гістарычная вобласць у Польшчы, у бас. сярэдняга цячэння р. Варта. Цэнтр — г. Познань. Тэр. Велікапольшчы цяпер уваходзіць пераважна ў Пазнанскае ваяводства. У старажытнасці насяляла племя палян, якое стала ядром стараж.-польскай дзяржавы дынастыі Пястаў (першая сталіца г. Гнезна). Ад назвы палян першапачаткова наз. Польшча, з 14—15 ст.Вял. (Старая) Польшча. У канцы 16—18 ст. да Велікапольшчы адносілі таксама Куявы, Каралеўскую Прусію, Серадзкую і Лэнчыцкую землі і Мазовію. Пасля 1-га (1772) і 2-га (1793) падзелаў Рэчы Паспалітай у складзе Прусіі. У 1807 увайшла ў Варшаўскае герцагства. З 1815 як Пазнанскае вял. княства зноў у Прусіі. У 1919 вернута Польшчы.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ ЛІТО́ЎСКАЙ МЕ́ТРЫКІ, «Акты Литовской Метрики»,

зборнік дакументаў з Метрыкі Вялікага княства Літоўскага за 1413—1507. Выдадзены Ф.​І.​Леантовічам у Варшаве (т. 1, вып. 1—2, 1896—97). Уключана больш за 750 дакументаў на бел. і лац. мовах, выяўленых у 66 кнігах-копіях, што захоўваліся ў Варшаўскім архіве. Пераважаюць матэрыялы пра Беларусь і Літву, часткова — Украіну і Падляшша. Большасць з іх асвятляе сац.-эканам. і сац.-прававыя адносіны: прывілеі вял. князёў на зямельную ўласнасць, прыгонных сялян, судовыя дакументы, дагаворы куплі-продажу маёнткаў, прывілеі на корчмы, мыта, дзярж. пасады і інш. З публічна-прававых актаў змешчаны агульназемскія прывілеі 15 ст., абласныя прывілеі 16 ст.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ ЛІТО́ЎСКА-РУ́СКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ, «Акты Литовско-Русского государства»,

зборнік дакументаў па сац.-эканам. гісторыі ВКЛ 14—16 ст. Выдадзены ў Маскве (вып. 1, 1899; т. 2, 1897) М.​В.​Доўнар-Запольскім. Змешчаны дакументы на старабел. і лац. мовах з Метрыкі Вялікага княства Літоўскага: прывілеі гарадам на магдэбургскае права, велікакняжацкія граматы на землі, інвентары, матэрыялы Віленскіх 1563 і 1565, Гарадзенскіх 1567 і 1568, Люблінскага 1569 вальных соймаў, апісанне межаў ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай 1523, попіс гарадоў ВКЛ з указаннем колькасці воінаў, адпраўленых імі на вайну (каля 1513), кантракты на арэнду велікакняжацкіх мытняў, корчмаў, прыходна-расходныя кнігі велікакняжацкіх пісараў, уставы сялянам гаспадарскіх уладанняў.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́Ў,

горад у Рас. Федэрацыі, у Растоўскай вобл. Порт на р. Дон, за 7 км ад упадзення ракі ў Таганрогскі заліў Азоўскага мора. Чыг. станцыя. 81 тыс. ж. (1992). Машынабудаўнічая (кавальска-прэсавае, гандл. абсталяванне, рыбалавецкія судны), лёгкая, харч. прамысловасць. Гіст.-краязнаўчы музей.

У 10—11 ст. Азоў у складзе Тмутараканскага княства. Каля 1067 захоплены полаўцамі (назвалі яго Азак). З 13 ст. горад у Залатой Ардзе, з 1471 тур. ваен. крэпасць. У 1637—42 Азовам валодалі данскія казакі. У 1696 узяты войскамі Пятра I, у 1711 вернуты Турцыі. З 1739 у Расіі. У 1775—82 цэнтр Азоўскай губ., пазней ваен. крэпасць. З 1810 пасад Растоўскага пав. Екацярынаслаўскай губ.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГНЕ́ЙЗЕНАЎ ((Gneisenau) Аўгуст Вільгельм Антон) (27.10.1760, Шыльдаў, каля г. Торгаў, Германія — 23.8.1831),

прускі палкаводзец. Генерал-фельдмаршал (1825). Граф фон Нейдгарт (1814). Скончыў Эрфурцкі ун-т. Служыў у арміях Аўстрыі (1778—80), ням. княства Ансбах (1780—86) і Прусіі (з 1786). У 1807 камендант крэпасці Кольберг (цяпер г. Калобжэг, Польшча), кіраваў яе абаронай ад франц. войск да заключэння Тыльзіцкага міру 1807. Пасля паражэння Прусіі працаваў у камісіі па рэарганізацыі прускай арміі. З 1813 генерал-кватэрмайстар, нач. штаба Сілезскай арміі ген. Г.Блюхера. Здзейснены паводле задумы Гнейзенава манеўр прускай арміі садзейнічаў перамозе каля Ватэрлоо (1815). З 1818 губернатар Берліна і член Дзярж. савета Прусіі.

т. 5, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЕ́РЫЯ (ад лац. imperium улада, дзяржава),

1) найменне манарх. дзяржаў, на чале якіх стаіць імператар. Звычайна вялізная дзяржава, якая ўключае ў свой склад (у т. л. шляхам заваяванняў) тэр. інш. дзяржаў і народаў. Напр., І. наз. Рымская дзяржава (з канца 1 ст. да н.э.), Франкская дзяржава (з 800), Расія (1721—1917), Аўстра-Венгрыя (1867—1918), Германія (1871—1918) і інш. Асобныя рысы І. мела і Полацкае княства (узначальвалася князем).

2) Буйная дзяржава, якая мае вял. калан. ўладанні (калан. І.). Складаецца з метраполіі і калоній. Прыклад — б. Брытанская імперыя, якая разам з Вялікабрытаніяй уключала ўсе яе калоніі і дамініёны. З 1979 у свеце афіц. не існуе І.

т. 7, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)