АЖАРО́ЎСКІ (Ożarowski, Ожаровский) Адам Пятровіч (1776, Варшава — 5.12.1855), расійскі ваенны і дзярж. дзеяч, граф. Ген. ад кавалерыі (1826). Сенатар (1826). Удзельнік вызв. паўстання 1794. З 1796 на рус.ваен. службе. Удзельнічаў у кампаніях 1805 і 1807 супраць Францыі. У вайну 1812 камандзір асобнага кав. атрада (6 палкоў) для партыз. дзеянняў на паўд. флангу праціўніка. Удзельнічаў у баях пад Красным (Смаленская вобл.), у заняцці Магілёва, Бярэзінскай аперацыі 1812, у праследаванні французаў у напрамку Валожын—Воранава—Ліда—Ражанка. У замежных паходах рус. арміі (1812—14) узначальваў асобны кав. атрад. З 1814 у бліжэйшым акружэнні імператара Аляксандра I. З 1833 член Дзярж. савета Царства Польскага, з 1841 прысутны ў Варшаўскіх дэпартаментах Сената.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЯРО́ЗКА»,
штомесячны ілюстраваны літ.-маст. часопіс для дзяцей і падлеткаў. Выдаецца са снеж. 1924 у Мінску на бел. мове. Да вер. 1929 называўся «Беларускі піянер» (першы рэдактар — У.Дубоўка), у кастр. 1929 — крас. 1941 — «Іскры Ільіча», з чэрв. 1945 сучасная назва. У 1927—29 выходзіў 2 разы на месяц. Друкуе творы бел. і замежных пісьменнікаў, матэрыялы маральна-этычнага, культ. і гіст. характару, якія рознабакова развіваюць асобу чытача, выхоўваюць любоў да Бацькаўшчыны, павагу да іншых народаў і нацый, адлюстроўваюць жыццё і дзейнасць дзіцячых арг-цый і рухаў. Змяшчае літ. і выяўл. творы дзяцей і падлеткаў. Пастаянныя рубрыкі: «Спадчына», «Энцыклапедыя часопіса «Бярозка», «Вянок», «Упершыню ў «Бярозцы», «Музычны экспрэс», «Гаспадынька» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГІ́Ф (сапр.Мала-Панах; каля 1717, с. Салахлы, Казахскі р-н, Азербайджан — 1797),
азербайджанскі паэт і дзярж. дзеяч. Ведаў арабскую і персідскую мовы. Настаўнічаў. Як міністр (везір) замежных спраў карабахскага правіцеля праявіў выключныя здольнасці дыпламата; забіты новым правіцелем Карабаха, яго рукапісы знішчаны (адноўлены пазней па запісах і з вусных песень ашугаў). Узбагаціў азерб. л-ру фалькл. традыцыямі. Зацвердзіў у паэзіі ашугскую форму вершаскладання (гашма). Першы зборнік інтымнай, філас. і грамадзянскай паэзіі Вагіфа выдадзены ў 1856, найб. поўны збор яго твораў — у 1945 (рус.пер. 1949). Лірыка Вагіфа набліжана да рэальнага жыцця, жыццесцвярджальная, філасафічная. Мастацкае асэнсаванне жыцця паэта — у драм. паэме С.Вургуна «Вагіф» (1937).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ АКАДЭ́МІЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1995 на базе Мінскага вышэйшага ваеннага інжынернага (з 1953) і Мінскага вышэйшага ваеннага каманднага (з 1980) вучылішчаў. Рыхтуе: камандзіраў падраздзяленняў мотастралковых, танкавых, паветрана-дэсантных, інжынерных, аўтамабільных, унутраных, пагранічных войск; камандзіраў падраздзяленняў тылавога забеспячэння, артылерыі, афіцэраў-псіхолагаў, лётчыкаў, ваен. інжынераў ракетных войск і артылерыі, войск сувязі, супрацьпаветранай абароны, ваенна-паветраных сіл. У 1995—96 навуч.г. ф-ты: камандна-штабны, агульнавайсковы, ракетных войск і артылерыі, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, інжынерных і аўтамаб. войск, авіяцыйны, падрыхтоўкі замежных ваеннаслужачых, унутр. войск Мін-ваўнутр. спраў, пагранічных войск. Ад’юнктура з 1956, дактарантура з 1993. Савет па абароне кандыдацкіх дысертацый з 1967, доктарскіх — з 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕЛІКАРУ́СКІ АРКЕ́СТР,
аркестр рус.нар. інструментаў. Створаны ў 1887 у Пецярбургу В.В.Андрэевым (кіраўнік да 1918) як ансамбль з 8 музыкантаў — «Гурток аматараў ігры на балалайках». У 1896 у яго склад уведзены домры, гуслі, пазней нар. духавыя і ўдарныя інструменты; ансамбль названы Велікарускі аркестр, з 1923 — Дзярж. Велікарускі аркестр імя Андрэева, у 1936—41 Аркестр рус.нар. інструментаў імя Андрэева Ленінградскай філармоніі. Рэпертуар аркестра ўключаў апрацоўкі рус.нар. песень, п’есы Андрэева, пералажэнні твораў рус. і замежных кампазітараў. У 1951 імя Андрэева прысвоена аркестру нар. інструментаў пры Ленінградскім радыё, у складзе якога былі некаторыя артысты былога Велікарускага аркестра (з 1951 Аркестр рус.нар. інструментаў, з 1991 Рускі нар. аркестр імя Андрэева С.-Пецярбургскага тэлебачання і радыё).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІЯ АРБІТРА́ЖЫ 1938 і 1940,
трацейскія рашэнні міністраў замежных спраў Германіі І.Рыбентропа і Італіі Г.Чыяна аб задавальненні тэр. дамаганняў Венгрыі (вынесены ў Вене, адсюль назва). Паводле 1-га Венскага арбітражу (2.11.1938) пад націскам Германіі і Італіі Чэхаславакія ўступіла Венгрыі паўд. і паўд.-зах. раёны Славакіі і паўд.ч. Закарпацкай Украіны (11 927 км², больш за 1 млн.чал.). Паводле 2-га Венскага арбітражу (30.8.1940) ад Румыніі да Венгрыі адышлі паўн. і паўн.-ўсх. часткі Трансільваніі (43 тыс.км², 2577 тыс.чал., у т. л. больш за 1 млн. румынаў). Другі Венскі арбітраж выкарыстаны Гітлерам для ўмацавання ўласных пазіцый у Румыніі і Венгрыі. Рашэнні абодвух арбітражаў юрыдычна скасаваны паводле Парыжскіх мірных дагавораў 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРЖЭ́Н ((Vergennes) Шарль Граўе дэ) (28.12.1717, г. Дыжон, Францыя — 13.2.1787),
французскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Граф. На дыпламат. службе з 1739. Працаваў у франц. пасольствах у Партугаліі (1739—42 і 1746—49) і Германіі (1742—45). Франц. пасланнік у герм. гарадах Кобленц (1750—52), Гановер (1752) і Мангейм (1753). У 1755—68 пасол у Турцыі, у 1771—74 у Швецыі. У 1774—83 міністр замежных спраў. У час Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 падтрымліваў каланістаў, удзельнічаў у заключэнні амерыкана-французскага дагавора 1778, амер. палітыку замацаваў у Версальскім мірным дагаворы 1783. У 1783—87 узначальваў фін. савет. Заключыў англа-французскі (1786) і руска-французскі (1787) дагаворы аб гандлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́СТНИК ЕВРО́ПЫ»,
рускі літаратурны і навук.-паліт. часопіс. Выходзіў у 1802—30 у Маскве 2 разы на месяц. Заснавальнік і першы рэдактар М.М.Карамзін. Поруч з л-рай і мастацтвам асвятляў пытанні ўнутр. і знешняй палітыкі Расіі, гісторыю і культ. жыццё замежных краін. У 1814 у «Вестнике Европы» дэбютавалі А.С.Пушкін і А.С.Грыбаедаў. Значнае месца ў часопісе займалі матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі і фалькларыстыцы слав. (у т. л.бел.) народаў, друкаваліся працы З.Я.Даленгі-Хадакоўскага, К.Ф.Калайдовіча, М.П.Пагодзіна, І.М.Снегірова і інш. Шэраг матэрыялаў, прысвечаных Беларусі, Літве і Польшчы, публікаваўся ў перакладзе з «Dziennika Wileńskiego» («Віленскага весніка»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРЫНА́РНЫ СТАТУ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
дзяржаўны нарматыўны акт, які вызначае задачы вет. службы, асновы арганізацыі вет. мерапрыемстваў. З’яўляецца часткай Закону Рэспублікі Беларусь «Аб ветэрынарнай справе». Зацверджаны ў 1995.
Змяшчае асн. палажэнні па кіраванні вет. справай і арганізацыі вет. абслугоўвання жывёлагадоўлі, рэгламентуе правы і абавязкі службаў і спецыялістаў. У статуце выкладзены вет.-сан. правілы для жывёлагадоўчых фермаў, каранцінныя і інш. абавязковыя меры па ліквідацыі заразных хвароб жывёлы і птушкі, спец. патрабаванні, якія дзейнічаюць пры нарыхтоўках, перагоне, перавозках і забоі жывёлы, і правілы вет.-сан. нагляду за прадуктамі і сыравінай жывёльнага паходжання, меры аховы тэрыторыі рэспублікі ад заносу заразных хвароб жывёлы з замежных краін, парадак імпарту і экспарту жывёлы і прадуктаў жывёлагадоўлі. Гл. таксама Ветэрынарна-санітарны нагляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НДЗІ (Раджыў) (29.8.1944, г. Бамбей, Індыя — 21.5.1991),
палітычны і дзярж. дзеяч Індыі. Сын І.Гандзі. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це (Вялікабрытанія) і навук.-тэхн. каледжы «Імперыял» (Лондан), лётнай школе ў Дэлі. У 1968—80 лётчык грамадз. авіяцыі. Дэп.Нар. палаты парламента (з 1981). У 1983 адзін з 5 ген. сакратароў партыі Інд.нац. кангрэс (Індзіра). Старшыня Руху, недалучэння (1984—86). У 1984—89 прэм’ер-міністр Індыі, адначасова міністр замежных спраў (1984—88). Праводзіў курс на асцярожнае рэфармаванне эканомікі, прымірэнне паміж індусамі і сікхамі. Аўтар шэрагу мірных знешне-паліт. ініцыятыў.
Літ.:
Абашкин А. Смена первого пилота: Почему Раджив Ганди и его партия потерпели поражение на всеобщих парламентских выборах // Новое время. 1989. № 51.