ДАБРО́ І ЗЛО,

нарматыўна-ацэначныя катэгорыі, якія ўвасабляюць адну з найб. фундаментальных праблем філасофіі, этыкі і рэлігіі — раздзяленне і супрацьпастаўленне маральна-пазітыўнага і этычна-адмоўнага ва ўчынках і матывах дзейнасці людзей, у з’явах сац. рэчаіснасці. Умоўна вылучаюць: канвенцыянальны тып дабра і зла, паводле якога прынцыпы добразычлівасці і ліхадзейства залежаць ад канкрэтнага жыццёвага, сац. і канфесійнага вопыту і ад умоў сац.-прыроднага асяроддзя, цывілізавана-культ. развіцця чалавека і грамадства; анталагічны, які зыходзіць з таго, што дабро і зло ўкаранёны ў самой структуры рэчаіснасці ці нараджаюцца абсалютным пачаткам сусвету; інтуітыўна-апрыёрны, паводле якога дабро і зло ёсць фундаментальныя інтуіцыі альбо прыроджаныя ідэі індывід. свядомасці і ў такой сваёй якасці не падлягаюць рацыянальнай рэфлексіі і канцэптуальна-тэарэт. абгрунтаванню.

Філас. асэнсаванне праблем дабра і зла пачалося ў стараж. Індыі, Кітаі, Грэцыі. Сакрат лічыў асн. сродкам супраць зла веды, Платон сцвярджаў, што дабро належыць да свету вечных ідэй, а зло — да ўсяго зменлівага, Арыстоцель надаваў дабру і злу статус найважнейшых этычных катэгорый. Гэтыя ідэі развіты ў творах Б.​Спінозы, Вальтэра, Д.​Дзідро, Г.​Гегеля, А.​Шапенгаўэра, Ф.​Ніцшэ і інш. філосафаў 17—18 ст. Найб. значны ўклад у распрацоўку гэтай праблематыкі зрабіў І.​Кант, які сцвярджаў магчымасць перамогі дабра над злом. Філас.-этычную праблематыку дабра і зла распрацоўвалі бел. мысліцелі М.​Гусоўскі, М.​Цішкевіч, Ф.​Скарына, А.​Волан, С.​Будны, С.​Лован, С.​Зізаній, М.​Сматрыцкі, Сімяон Полацкі, К.​Нарбут, Г.​Каніскі, К.​Каліноўскі, Я.​Лучына, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч і інш.

Рэліг. варыянт асэнсавання дабра і зла зыходзіць з першаснасці боскага дабра, з наперадустаноўленай гармоніі сусветных і чалавечых першаасноў, разбураных грэхападзеннем. У хрысціянстве чалавек традыцыйна прадстае як носьбіт двух першаасноў: плоць імкнецца да зла, дух — да дабра. Выбар у карысць дабра сведчыць аб адзінстве з хрысц. супольнасцю праведных і пачатак індывід. выратавання, што і ўвасабляе сабой кардынальны сэнсавы матыў гіст. працэсу развіцця асобы і грамадства.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫБАЕ́ДАЎ (Аляксандр Сяргеевіч [15.1.1795) (паводле інш. крыніц 1790),

Масква — 11.2.1829], рускі пісьменнік, дыпламат. Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). У 1812 пайшоў добраахвотнікам у армію, у 1813—16 служыў у Кобрыне, Брэсце. У 1816 у Пецярбургу зблізіўся з А.​Пушкіным, В.​Кюхельбекерам, П.​Каценіным. З 1817 на службе ў Калегіі замежных спраў, у 1818—22 сакратар рус. дыпламат. місіі ў Персіі. У 1826 за сувязь з дзекабрыстамі арыштаваны, але з-за адсутнасці доказаў вызвалены. З 1828 паўнамоцны пасол Расіі ў Персіі. Забіты ў Тэгеране фанатычным натоўпам мусульман (пахаваны ў Тбілісі). Аўтар камедый «Студэнт» (1817, выд. 1889, з Каценіным), «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (1818, з А.​Шахаўскім і М.​Хмяльніцкім), «Прытворная нявернасць» (1818, з А.​Жандрам). Сусв. вядомасць Грыбаедаву прынесла камедыя ў вершах «Гора ад розуму» (нап. 1822—24). Забароненая цэнзурай (пры жыцці аўтара апубл. толькі ўрыўкі ў альманаху Ф.​В.​Булгарына «Русская Талия за 1825 г.»), камедыя распаўсюджвалася ў рукапісах (налічвалася каля 40 тыс. экз.). Поўнасцю ў Расіі яна надрукавана ў 1862. «Гора ад розуму» — адзін з самых злабадзённых і вольналюбівых твораў рус. драматургіі 19 ст. Сінтэтычнасць драматургічнай паэтыкі Грыбаедава (спалучэнне ямба з жывой мовай), сінтэз традыцый і наватарства стварылі новую эстэт. якасць — маст, рэалізм, які стаў этапным у развіцці рус. і сусв. драматургіі. У Гомельскім абл. краязнаўчым музеі зберагаецца унікальны варыянт камедыі (належаў графу І.​Ф.​Паскевічу) з радкамі на рус. і франц. мовах, дапісаных рукой Грыбаедава. На бел. мову камедыю пераклаў М.​Лужанін (1949), у 1963 яна была пастаўлена ў Магілёўскім драм. т-ры.

Тв.:

Горе от ума. Комедии. Драматические сцены, 1814—1827. Л., 1987;

Соч. М., 1988;

Бел. пер. — Гора ад розуму. Мн., 1949.

Літ.:

А.​С.​Грибоедов: Творчество. Биография. Традиции. Л., 1977;

Мещеряков В.П. Жизнь и деяния Александра Грибоедова. М., 1989.

І.​І.​Разанаў.

А.С.Грыбаедаў. Мастак І.​Крамской. 1873.

т. 5, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ТАРНА-ГУКАВО́Е ПІСЬМО́, алфавітнае пісьмо,

адзін з тыпаў пісьма, асобныя знакі якога (літары) перадаюць пераважна адзін гук. Гэта можа быць фанема, алафон або любая фанема ў межах пэўнай групы акустычна падобных гукаў; часам літары злучаюцца па 2, 3 і 4 для абазначэння адной фанемы (ням. sch «ш», tsch «ч»). Перавага Л.-г. п. над інш. тлумачыцца прастатой, меншай колькасцю знакаў і лёгкасцю перадачы граматычных форм слоў. Такімі сістэмамі карыстаецца большасць народаў свету. Амаль усе яны паходзяць ад фінікійскага пісьма, пабудаванага паводле кансанантна-гукавога прынцыпу. На яго аснове ўзніклі арамейскае пісьмо і грэчаскае пісьмо, якія далі пачатак большасці алфавітных сістэм. У алфавітах, што складаліся на аснове фінікійскага пісьма, найчасцей захоўваліся назвы фінікійскіх літар і парадак іх у алфавіце. Арамейскі алфавіт стаў крыніцай арабскага пісьма (да 6 ст. н.э.), яўрэйскага пісьма (з 3 ст. да н.э.), іранскага пісьма (з 2 ст. да н.э.). Грэч. пісьмо, якое паступова распалася на зах.-грэч. і ўсх.-грэч., дало пачатак усім еўрап. алфавітам. На аснове зах.-грэч. ўзнікла этрускае пісьмо (з 7 ст. да н.э.), на аснове этрускага — лац. алфавіт (гл. Лацінскае пісьмо), які ў эпоху Рым. імперыі і ў сярэдневякоўі набыў міжнар. характар, а пазней стаў крыніцай франц., ням., англ., італьян. і інш. нац. пісьмовых сістэм зах.-еўрап. народаў. З усх.-грэч. ў 5—4 ст. да н.э. развілося класічнае грэч., потым візант. пісьмо, якое ў 9 ст. лягло ў аснову слав. кірылаўскага пісьма — кірыліцы. Кірыліца выкарыстоўвалася ў старабел. пісьменнасці. Ф.​Скарына стварыў друкарскі варыянт старабел. алфавіта, які стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Бел. пісьмовая сістэма сфарміравалася пад уплывам рус. грамадзянскага шрыфту, створанага ў выніку Пятроўскай рэформы 1708—10. Пытанне пра паходжанне другога слав. пісьма глаголіцы не вырашана.

Літ.:

Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979;

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987.

А.​М.​Булыка.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАЎ (Леанід Максімавіч) (31.5. 1899, Масква — 8.8.1994),

расійскі пісьменнік. Акад. АН СССР (1972). Герой Сац. Працы (1967). Засл. дз. маст. Расіі (1949). Друкаваўся з 1915. У апавяданнях, аповесцях 1920-х г., раманах «Барсукі» (1924), «Злодзей» (1927, 2-і варыянт 1959) драм. падзеі і трагічныя вынікі рэв. барацьбы, крытыка мяшчанства. Раман «Рускі лес» (1953; Ленінская прэмія 1957) пра падабенства рус. характару з рус. прыродай і згубнасці для народа яе бяздумнага пакарэння; рамант. патэтыка мяжуе часам з рыторыкай, а ўзвышаныя персанажы з ідэалізацыяй. Аўтар аповесцей «Evgenia Ivanovna» (1938, апубл. 1963), «Узяцце Велікашумска» (1944), раманаў «Соць» (1930), «Дарога на акіян» (1935), п’ес «Нашэсце» (1942, 2-я рэд. 1964; Дзярж. прэмія СССР 1943), «Залатая карэта» (1946, 3-я рэд. 1964), кінааповесці «Уцёкі містэра Мак-Кінлі» (1961, аднайм. фільм 1976; Дзярж. прэмія СССР 1977), літ.-крытычных артыкулаў (зб-кі «Літаратура і час», 1964; «Літаратурныя выступленні», 1966) і інш. Асн. рысы яго твораў — напружаная філас.-этычная праблематыка, шырыня сац.-гіст. абагульненняў, псіхал. глыбіня, маляўнічасць і метафарычнасць стылю. Быў знаёмы з Я.​Купалам. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклалі М.​Стральцоў, У.​Ягоўдзік. П’есы ставіліся ў т-рах Беларусі: «Скутарэўскі» (1934), «Палаўчанскія сады» (1938), «Звычайны чалавек» (1955) у Дзярж. рус. драм. т-ры; «Нашэсце» (1943), «Лёнушка» (1975) у т-ры імя Я.​Коласа; «У мяцеліцу» (1966), «Залатая карэта» (1971) у т-ры імя Я.​Купалы і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—10. М., 1981—84;

Публицистика. М., 1987;

Пирамида: Роман-наваждение. Ч. 1—3. М., 1994;

Бел. пер. — Дарога на акіян. Мн., 1938.

Літ.:

Леонид Леонов — мастер художественного слова. М., 1981;

Леонид Леонов и современность. Саратов, 1983;

Леонид Леонов: Творч. индивидуальность и лит. процесс. Л., 1987;

Верность человеческому: Нравств.эстет. и филос. позиция Л.​Леонова. М., 1992.

Л.М.Лявонаў.

т. 9, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Песказу́б ’пячкур’ (Інстр. 2), пескозоб ’рыба бычок’ (ТС), укр. піскозоб, піскозбба, рус. пескозоб, пискозоб ’тс’. Да пясок і задаць ’кляваць, дзёўбаць’ (гл.), што адлюстроўвае спосаб харчавання, параўн. рус. пескорой ’мінога’. Аналагічна нова-в.-ням. Schlammbesser (Фасмер, 3, 249). Не звязана з лац. piscis ’рыба’ (насуперак Мікале (РФВ, 48, 279)), год. fisks, ст.-в.-ням. fisc ’тс’ (Папоў, Из истории, 17). Варыянт назвы з ‑зуб у выніку дээтымалагізацыі зыходнага дзеяслова (Каламіец, Рыбы, 39).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́пях ’пупышка; невялікі плод’ (Сцяц.; слонім., Нар. словатв.), пупах, папаха ’пупышка; коцік на дрэве; кутас’ (ТС), пупех ’пупышка’ (в.-дзв., Шатал.), пупах ’тс’ (Сл. Брэс.), пупех, мн. л. пу‑ пяхё ’саскі грудзей’ (Скарбы), пупах ’тс’ (пін. Шатал.), сюды ж пу́пішак ’пупышка’ (карэліц., Нар. лекс.), укр. пу́ппях, пу́пʼяшок ’бутон; завязь’, рус. зах.-бранск. пу́плух, пу́плушек ’бутон; малое дзіця’. Да пуп ’набухшая пупышка’ з рэдкай суфіксацыяй, магчыма, палаталізаваны варыянт да пу́паха ’тс’ (Мат. Гом.). Параўн. пу́пышы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раске́па ’расцяпа, някемлівы, рассеяны, няўважлівы чалавек’ (карэл., З нар. сл.; дзярж., Нар. сл.; Сл. рэг. лекс.). Непалаталізаваны варыянт да расцяпа, які, паводле Векслера (Гіст., 92), рэалізаваўся на поўдні Беларусі на месцы спалучэння sk у skʼ у пачатку і сярэдзіне слова. Пра сувязь з кеп ’дурань; блазан’ (гл.) спецыяльна Слаўскі, 2, 151. Сюды ж і раске́па ’раздвоены дышаль у вупражы валоў’ (Лексика Пол.), раске́паць ’зразумець, здагадацца’ (Жд. 2), магчыма, пад уплывам кепова́ць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смарахну́цца (смырахну́цца) ‘спалохацца, спужацца’ (Бяльк.). Да прасл. кораня *merk‑/*mork‑ (гл. марока). Параўн. варыянт гэтага кораня з канчатковым ‑ch‑ у польск. mierzchnąć ‘тускнець, блякнуць; змяркацца’ і ўкр. ме́рхнути, ме́рхти ‘тс’. Брукнер (346) прыводзіць цікавае рус. маск. мараморохи, якое скарыстана ў А. Белага: “… под мараморохом зимы”, якое ён лічыць падваеннем ад морак і зменай на ‑ch‑ заканчэння кораня. Семантыку бел. слова магчыма было б тлумачыць як ‘дайсці да стану непрытомнасці (рус. обморока) ад страху’ — ‘спужацца, спалохацца’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спры́ндзіцца ‘згінуць, загінуць’ (Скарбы; шчуч., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), ‘згарнуцца, скруціцца’ (Сцяшк. Сл.), сюды ж spryndziło dziasna (Арх. Федар.) з няясным значэннем. Параўн. прындзіцца (гл.). Несумненна, экспрэсіўнае ўтварэнне з шырокім спектрам значэнняў, што абцяжарвае вызначэнне зыходнага. Запісанае Развадоўскім спіры́нджыць у складзе кляцьбы са значэннем ‘каб цябе спёрла!’, суаднесенае з літ. sprę́sti ‘рашаць’, прызнаецца Лаўчутэ (Балтизмы, 149) недастаткова аргументаваным балтызмам. Магчыма, экспрэсіўны варыянт з назалізацыяй да спры́ціцца ‘згінуць, памерці’ (Сцяшк. Сл.), гл. спрыта.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сурві́на ’сасна з адным больш смалістым бокам’ (Касп.). Этымалагічна непразрыстае слова. Можна звязаць з балг. і макед. су́рвы, сурвѝски ’абрадавыя галінкі, дубчыкі, кіёчкі, якімі ўдзельнікі навагодніх абходаў б’юць гаспадароў з пажаданнямі здароўя, ураджаю і пад.’, што, паводле Младэнава, утвораны ад суров са значэннем ’моцны, здаровы’; параўн. побач з пажаданнем сурва година! варыянт сурова, весела година! і суров(а) даси! (Плотнікава, Этнолингв. геогр., 106). Гл. суровы; да фанетыкі параўн. дзе́рва ’дрэва’, ’стрэмка’ (Стан.) < дзерава, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)