ГРЫБАЕ́ДАЎ Аляксандр Сяргеевіч [15.1.1795
(паводле інш. крыніц 1790),
Масква — 11.2.1829], рускі пісьменнік, дыпламат. Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). У 1812 пайшоў добраахвотнікам у армію, у 1813—16 служыў у Кобрыне, Брэсце. У 1816 у Пецярбургу зблізіўся з А.Пушкіным, В.Кюхельбекерам, П.Каценіным. З 1817 на службе ў Калегіі замежных спраў, у 1818—22 сакратар рус. дыпламат. місіі ў Персіі. У 1826 за сувязь з дзекабрыстамі арыштаваны, але з-за адсутнасці доказаў вызвалены. З 1828 паўнамоцны пасол Расіі ў Персіі. Забіты ў Тэгеране фанатычным натоўпам мусульман (пахаваны ў Тбілісі). Аўтар камедый «Студэнт» (1817, выд. 1889, з Каценіным), «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (1818, з А.Шахаўскім і М.Хмяльніцкім), «Прытворная нявернасць» (1818, з А.Жандрам). Сусв. вядомасць Грыбаедаву прынесла камедыя ў вершах «Гора ад розуму» (нап. 1822—24). Забароненая цэнзурай (пры жыцці аўтара апубл. толькі ўрыўкі ў альманаху Ф.В.Булгарына «Русская Талия за 1825 г.»), камедыя распаўсюджвалася ў рукапісах (налічвалася каля 40 тыс. экз.). Поўнасцю ў Расіі яна надрукавана ў 1862. «Гора ад розуму» — адзін з самых злабадзённых і вольналюбівых твораў рус. драматургіі 19 ст. Сінтэтычнасць драматургічнай паэтыкі Грыбаедава (спалучэнне ямба з жывой мовай), сінтэз традыцый і наватарства стварылі новую эстэт. якасць — маст, рэалізм, які стаў этапным у развіцці рус. і сусв. драматургіі. У Гомельскім абл. краязнаўчым музеі зберагаецца унікальны варыянт камедыі (належаў графу І.Ф.Паскевічу) з радкамі на рус. і франц. мовах, дапісаных рукой Грыбаедава. На бел. мову камедыю пераклаў М.Лужанін (1949), у 1963 яна была пастаўлена ў Магілёўскім драм. т-ры.
Тв.:
Горе от ума. Комедии. Драматические сцены, 1814—1827. Л., 1987;
Соч. М., 1988;
Бел. пер. — Гора ад розуму. Мн., 1949.
Літ.:
А.С.Грибоедов: Творчество. Биография. Традиции. Л., 1977;
Мещеряков В.П. Жизнь и деяния Александра Грибоедова. М., 1989.
І.І.Разанаў.
т. 5, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)