нелегальная рэвалюцыйна-дэмакр.арг-цыянац.-вызв. характару ў Зах.Беларусі ў 1922—23. Вылучылася ў пач. 1922 з левага крыла Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і ў ліп. 1922 аформілася ў самаст. арг-цыю. У шэрагу дакументаў называлася Бел.рэв. партыя, Бел.камуніст. партыя. Арг-цыі БРА існавалі ў Вільні, Навагрудку, Пружанах, Баранавічах, Слоніме, Нясвіжы, Нова-Свянцянску, Лідзе, Валожыне, Свіслачы, Ваўкавыску і аб’ядноўвалі каля 300 чл. (1923); мела некалькі соцень спачуваючых. У ЦК БРА уваходзілі П.Корчык (І.К.Лагіновіч), А.У.Канчэўскі, Л.І.Родзевіч (А.Сталевіч), А.Р.Капуцкі. Друкаваны орган — газ.«Вольны сцяг». БРА стаяла на пазіцыях класавай барацьбы, падтрымлівала дыктатуру пралетарыяту, выступала за канфіскацыю памешчыцкай зямлі, сац. і нац. вызваленне працоўных, уз’яднанне Зах.Беларусі з БССР. Знаходзілася ў пастаянным кантакце з ЦККамуніст. рабочай партыі Польшчы. Прызнаўшы асн. праграмныя і тактычныя прынцыпы Кампартыі, 30.12.1923 прыняла рашэнне пра самароспуск і ўступленне ў КПЗБ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ГУМАНІТА́РНЫ АДУКАЦЫ́ЙНА-КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БГАКЦ) Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, установа, мэтай якой з’яўляюцца навучанне, выхаванне і перадпрафесійная падрыхтоўка будучых дзеячаў бел. культуры і навукі. Засн. 28.11.1990 па ініцыятыве Мін-ва адукацыі і Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. У структуры цэнтра гуманітарны ліцэй (з 1991), метадычны, выдавецкі, кінатэлевізійны і вытворчы аддзелы.
Ліцэй мае дзённае, нядзельнае (школьнікі) і вячэрняе (дарослыя) аддзяленні. На дзённае аддзяленне прымаюцца школьнікі пасля 7 класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 4 гады. На 1-м і 2-м курсах вучні атрымліваюць базавую адукацыю, на 3-м і 4-м — сярэднюю. Пашырана вывучаюцца гісторыя Беларусі, бел. мова, яе гісторыя і культура, геаграфія Беларусі і краязнаўства, замежная мова, агульная геаграфія, а таксама бел. этнаграфія, фальклор, гісторыя бел. дойлідства, выяўл. мастацтва, муз. культуры, асновы рэлігіязнаўства, права, паліталогіі, традыц. логіка, лац. мова, культура вуснай мовы.
Цэнтр рыхтуе і выдае навуч. і метадычныя дапаможнікі, здымае навуч. фільмы. У 1992 адчынены філіялы цэнтра ў Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, Светлагорску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДАБРАЧЫ́ННЫ ФОНД «ДЗЕ́ЦЯМ ЧАРНО́БЫЛЯ»,
незалежнае няўрадавае аб’яднанне. Створаны ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 самаст.арг-цыя. Ажыццяўляе доўгатэрміновыя праграмы і праекты сац.-гуманіт. кірунку (больш за 40). Пад яго апекай знаходзяцца многія мед. і дзіцячыя ўстановы Беларусі. З дапамогай фонду пабудаваны «SOS — дзіцячая вёска», рэабілітацыйны цэнтр у Мінску, дамы для перасяленцаў-чарнобыльцаў, дзіцячы хоспіс, цэх экалагічна чыстага харчавання, у Мінску будуецца правасл. храм «Усіх самотных радасці». На аздараўленне ў замежныя краіны накіравана больш за 80 тыс. дзяцей-чарнобыльцаў і 540 — на лячэнне і рэабілітацыю. У клініках зах. краін прайшлі стажыроўку каля 200 медработнікаў. На Беларусь з-за мяжы пастаўлена 6,5 тыс.тгуманіт. грузаў (больш як на 140 млн.ням. марак). Аказана дапамога 240 тыс. ліквідатараў, перасяленцаў, інвалідаў, мнагадзетным і маламаёмным сем’ям. Мае аддзяленні і групы падтрымкі ў 76 раёнах і гарадах Беларусі, супрацоўнічае з 386 замежнымі арг-цыямі. Праводзіць міжнар. кангрэсы «Свет пасля Чарнобыля» (1992, 1994, 1996). Заснавальнік Міжнар. асацыяцыі гуманіт. супрацоўніцтва, час. «Demos» на рус. і ням. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т НАВУ́КІ І МАСТА́ЦТВА (БІНіМ) у Нью-Йорку, грамадская навук.-культ.арг-цыябел. эміграцыі ў ЗША. Засн. ў 1951. Штаб-кватэра ў Нью-Йорку, мае філіялы ў Германіі (Мюнхен, з 1955), Канадзе (Таронта, з 1968). Друкаваны орган — навук. штогоднік «Запісы» (з 1952). У 1954—63 выдаваў літ.-маст.час.«Конадні», у 1953—69 — інфармацыйны «Абежнік». Выдадзены аднатомнікі «Спадчына» Я.Купалы (1955), «Вянок» М.Багдановіча (1960), «Матчын дар» А.Гаруна (1962), творы эмігранцкіх бел. пісьменнікаў, навук. працы па гісторыі, л-ры і мастацтве Беларусі. Выдае (з 1979) серыю «Беларускія паэты і пісьменнікі эміграцыі». Падрыхтаваны бібліяграфіі «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе» (В. і З.Кіпелі, 1985), «Пяць стагоддзяў Скарыніяны, XVI—XX» (В.Тумаш, 1989) і інш.Ін-т падтрымлівае сувязі з многімі б-камі свету. У розны час яго ўзначальвалі У.Тамашчык, Я.Ліманоўскі, В.Тумаш, А.Адамовіч, з 1982 В.Кіпель. З канца 1980-х г. інстытут наладжвае кантакты з грамадскімі арг-цыямі Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЖНІК (Леанід Фёдаравіч) (17.4.1917, в. Маскаленкі Белапольскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 16.4.1992),
бел. спявак (бас). Нар.арт.Беларусі (1959). Скончыў Муз.-пед.ін-т імя Гнесіных у Маскве (1955). У 1952—66 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1964 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Дасканала валодаў вак. тэхнікай, майстэрствам пераўвасаблення; яму былі ўласцівыя натуральнасць сцэн. паводзін, завершанасць пластычнага малюнка роляў. Шмат спяваў у нац. операх: Даніла, Анішчук («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Дураў («Надзея Дурава» А.Багатырова), Гадлеўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Якуб («Марынка» Р.Пукста). Сярод партый класічнага рэпертуару: Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Пімен, Варлаам («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Выступаў як камерны спявак. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне твораў Мусаргскага (1956).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ,
біялагічны заказнік у Беларусі, на тэр. Буда-Кашалёўскага і Віктарынскага лясніцтваў у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1986 з мэтай зберажэння унікальных дуброў. Пл. 13,6 тыс.га (4 вял. і 5 дробных участкаў).
Асн. тыпы лясоў у заказніку — імшыстыя, арляковыя, радзей чарнічныя хвойнікі з дамешкамі дубу, бярозы, асіны і падлескам з ляшчыны, а таксама кіслічныя, сніткавыя і арляковыя дубровы з дамешкамі грабу, хвоі, бярозы, асіны, радзей ліпы, клёну, вязу. Забалочаныя паніжэнні рэльефу займаюць лясы з вольхі чорнай, пераважна вятроўнікавага і кіслічнага тыпаў з дамешкамі ясеню. У заказніку больш за 500 відаў сасудзістых раслін, з якіх 8 занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Трапляюцца рэдкія віды мохападобных (напр., некера перыстая) і лішайнікаў (лабарыя лёгачная, занесеная ў Чырв. кнігу). У 1978 у межах тэр. заказніка створаны першы ў рэспубліцы фазанарый. Заказнік з’яўляецца генетычным рэзерватам матачных дрэў «дубоў-волатаў» для гадавальнікаў лясных культур. Аб’ект турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
падгаліна медыцынскай прамысловасці, якая спецыялізуецца на вытв-сці сінт. вітамінаў, каферментаў і іх прэпаратаў у таблетках, дражэ, ампулах, капсулах, гранулах, канцэнтратах, а таксама вітамінных прэпаратаў з расліннай і жывёльнай сыравіны.
Вітамінная прамысловасць стала развівацца на пач. 20 ст., у СССР была наладжана ў 1930-я г. Спачатку вітамінныя прэпараты выраблялі толькі з прыроднай сыравіны — вітамінаносных раслін, пазней была асвоена вытв-сцьсінт. вітамінаў С, D2 і K3, з 1949 — B1, а з 1955 — усіх асн. вітамінаў.
Вітамінныя з-ды і камбінаты — спецыялізаваныя прадпрыемствы са шматстадыйнымі працэсамі, значнай матэрыялаёмістасцю, выкарыстаннем спец. абсталявання для работы з агрэсіўнымі асяроддзямі, высокай чысцінёй прадукцыі. Развітую вітамінную прамысловасць маюць Расія, ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Германія, Францыя, Швейцарыя, Балгарыя, Венгрыя, Польшча і інш. краіны. На Беларусі выпуск вітамінаў распачаты ў 1994 закрытым акц. т-вам «БАФІ» (г. Мінск). Выпускаюць адаптаваныя да ўмоў тэр.Беларусі полівітаміны «Бафівіт-1», «Антыаксіэф», «Юніэф» і інш., вітамінныя канцэнтраты, прэміксы і вітаміны для с.-г. жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ КАДА́СТР,
сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх выкарыстанні і якасці вод. Вядзенне воднага кадастра ўключае сістэму інфарм. абслугоўвання карыстальнікаў; перыядычна папаўняецца і абнаўляецца. Выкарыстоўваецца для ацэнкі водных рэсурсаў і складання планаў забеспячэння патрэб розных галін нар. гаспадаркі пры ажыццяўленні воднагасп. мерапрыемстваў. Парадак вядзення дзярж. воднага кадастра Беларусі ўстанаўліваецца Саветам Міністраў. У СССР водны кадастр па ўсіх відах вод падрыхтаваны ў 1930-я г., сістэматычна вёўся з 1978. У ім адлюстроўваліся звесткі аб водных рэсурсах тэр.Беларусі.
Водны кадастр Рэспублікі Беларусь вядзецца з 1994 і складаецца з кадастраў паверхневых і падземных вод і выкарыстання водных рэсурсаў. У кадастры ўключаны каталогі водных і воднагасп. аб’ектаў, гідралаг., гідрагеал. і гідрахім. штогоднікі і штогоднікі водакарыстання, шматгадовыя характарыстыкі водных рэсурсаў. Водны кадастр вядзе Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя сумесна з Мін-вам па надзвычайных сітуацыях і Мін-вам аховы здароўя; галаўная арг-цыя па вядзенні воднага кадастра — Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РВУЛЕЎ (Мікалай Дзмітрыевіч) (22.1.1917, г. Паўлаўск, Расія — 29.8.1967),
бел. і ўкраінскі спявак (барытон). Нар.арт.СССР (1956). Скончыў Бел. кансерваторыю (1954, клас Я.Віцінга). У 1939 саліст Ансамбля песні і танца БВА. З 1946 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1957 саліст Кіеўскага т-ра оперы і балета. Меў голас рэдкай прыгажосці, акцёрскую інтуіцыю, валодаў высокім вак. майстэрствам. Стварыў вобразы ў операх бел. кампазітараў: Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.Багатырова), Апанас («Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Кастусь Каліноўскі (аднайм. опера Дз.Лукаса). Найб. дасягненні ў партыях класічнага рэпертуару: Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Анегін, Раберт, Томскі («Яўген Анегін», «Іаланта», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Аманасра, Жэрмон, Рыгалета («Аіда», «Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Збігнеў («Страшны двор» С.Манюшкі).
Літ.:
Маралёў А. М.Дз.Ворвулеў // Мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1955;
Смольскі Б. Мікалай Ворвулеў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986.
Б.С.Смольскі.
М.Ворвулеў.М.Ворвулеў у ролі Апанаса.М.Ворвулеў у ролі Аманасра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬХО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, алешнікі,
драбналістыя лясы, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду вольха. Пашыраны ва ўмеранай паласе паўн. паўшар’я, асн. масівы ў Паўн. Амерыцы, пераважна вольха чырвоная (A. rubra), Усх. Азіі — вольха пушыстая (A. hirsuta) і інш., гарах Цэнтр. Еўропы. На Беларусі пашыраны чорнаалешнікі, лясы з вольхі чорнай, або клейкай (A. glutinosa), і шэраалешнікі — вольхі шэрай (A. incana); агульная пл. 623,4 тыс.га; з іх чорнаалешнікаў 551,7, шэраалешнікаў 71,7 тыс.га (1994).
Чорнаалешнікі належаць да карэнных занальна абумоўленых лясоў Беларусі. Найб. пашыраны асакова-травяныя чорнаалешнікі — тыповыя фітацэнозы лясных нізінных балот (займаюць пераўвільготненыя экатопы з багатай глебай). Шэраалешнікі належаць да другасных (вытворных) драбналістых лясоў, што ўзнікаюць на месцы высечаных шыракаліста-яловых або на с.-г. землях, якія не выкарыстоўваюцца. Найб. пашыраны кіслічны і сніткавы тыпы шэраалешнікаў (займаюць пераважна ўрадлівыя свежыя і ўвільготненыя дзярнова-падзолістыя сугліністыя і супясчаныя глебы). Паўд. мяжа шэраалешнікаў праходзіць уздоўж паўд. адгор’яў Бел. грады.