РАГАВО́Й (Павел Пракопавіч) (16.6.1895, в. Навілаўка Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.12.1985),
бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Акад.АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1947), д-рс.-г.н., праф. (1943). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1923). З 1923 у Бел. ін-це сельскай і лясной гаспадаркі, з 1925 у БСГА. З 1930 у Бел. лесатэхн. ін-це (заг. кафедры). У 1958—62 у Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі (дырэктар), у 1964—73 у Бел.тэхнал. ін-це (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні глеб Беларусі, працэсаў глебаўтварэння і іх уплыве на ўрадлівасць, водных рэжымаў глебагрунтоў. Прапанаваў прынцыпы класіфікацыі глеб дзярнова-падзолістай зоны і поймавых глеб. Адзін са складальнікаў глебавай карты Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Почвы БССР. Мн., 1952 (у сааўт.);
Поймы рек Днепра, Сожа и Припяти (в пределах БССР) и их хозяйственное использование. Мн., 1957 (разам з І.П.Яновічам);
Водный режим почво-грунтов на территории Белоруссии. Мн., 1972.
Літ.:
Библиография научных трудов академика АНБССР П.П.Рогового. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рагачоўскае староства,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 14—18 ст. У канцы 14 ст. належала кн. Ю.Талочку, пазней — вял.кн.ВКЛ Вітаўту. У 1397 з яго вылучана Бярэзінская зямля, у 1440-я г. — маёнткі Плесавічы і Ціхінічы. У 1456 воласць падаравана выхадцу з Масквы, удзельнаму кн. І.В.Яраславічу (Бароўскаму), потым яго сыну Ф.І.Яраславічу, які ў 1509 завяшчаў яе вял.кн. Жыгімонту I. Апошні ўступіў у валоданне Р.в. ў 1519 і падараваў яе сваёй жонцы Боне Сфорца. Кіравалі воласцю намеснікі Боны, з 1556 — дзярж. маёнтак (староства). Паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. У 1563 тром полацкім шляхціцам замест занятых рас. войскамі маёнткаў часова аддадзены са складу Р.в. сёлы Званец і Хлобін (сучасны Жлобін?). Паводле люстрацыі 1765, у складзе Р.в. мяст. Рагачоў і 27 вёсак (разам больш за 700 двароў), падзялялася на Задняпроўскае, Задруцкае і Рагачоўскае войтаўствы. У 1772 тэр. Р.в. на У ад рэк Друць і Дняпро адышла да Расійскай імперыі, рэшта воласці далучана да Расіі ў 1793.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЎНА,
горад, цэнтр Ровенскай вобл. на Украіне, на р. Вусце (бас.р. Прыпяць). Вядомы з 1282. Каля 245 тыс.ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (высакавольтная электраапаратура, станкі і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні, ВА «Азот»), харч., лёгкая (ільняная). 3 ВНУ, 2 тэатры, музеі: гіст.-краязн., разведчыка М.І.Кузняцова. Успенская царква (18 ст.).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1282 як горад Галіцка-Валынскага княства. З 2-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. Пасля Люблінскай уніі 1569 у складзе Рэчы Паспалітай, пасля 2-га яе падзелу (1793) разам з Правабярэжнай Украінай далучаны да Расіі. З 1793 павятовы горад Валынскай губ. У 1-ю сусв вайну акупіраваны (1918) аўстра-герм., з 1920 — польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польшчы. У 1939 далучаны да УССР, са снеж. 1939 абл.цэнтр. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—44) ням.-фашыстамі, цэнтр рэйхскамісарыята «Украіна». Каля Р. дзейнічалі партыз. атрад Дз.М.Мядзведзева «Пераможцы» і разведчык М.І.Кузняцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДАБЕ́ЛЬСКІЯ «ВАРО́ТЫ»,
разрыў у лініі ням. фронту групы армій «Цэнтр» шырынёй каля 10 км паміж Азарычамі і Парычамі з канца ліст. да канца снеж. 1943 у Вял.Айч. вайну. Утварыліся ў выніку Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 і баявых дзеянняў 123-й Акцябрскай партыз. брыгады. Подступы ўтрымлівалі 37-я (ген.-маёр Я.Р.Ушакоў) і 60-я (палк. А.В.Богаяўленскі) стралк. дывізіі 65-й арміі Бел. фронту, партызаны Палескага і Мінскага злучэнняў. Праз Р.«в.» ў тыл ворага накіроўваліся разведгрупы і сувязныя, дастаўляліся зброя, боепрыпасы, медыкаменты, л-ра. З акупіраванай тэрыторыі партызаны перадавалі камандаванню Чырв. Арміі разведданыя, забяспечвалі армейскія часці праваднікамі, перапраўлялі ў сав. тыл параненых і хворых, вывелі некалькі дзесяткаў тысяч мірных жыхароў, добраахвотнікаў, якія папоўнілі рады 65-й арміі, абозы з хлебам, жывёлу. Калі гітлераўцы прарвалі абарону і закрылі Р.«в.», падраздзяленні Чырв. Арміі, што засталіся ў тыле ворага, сфарміраваліся ў зводны полк, які каля 2 месяцаў разам з партызанамі вёў актыўныя баявыя дзеянні і 16.2.1944 прарваўся праз лінію фронту. У гонар Р.«в» каля в. Мікуль-Гарадок Акцябрскага р-на пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖАНЦО́Ў (Аляксандр) (псеўд. Ал. Ружанец-Ружанцаў; 12.8.1893, г. Вязьма Смаленскай вобл., Расія — 26.7.1966),
дзеяч бел. эміграцыі; у Вял.Айч. вайну супрацоўнічаў з ням. акупантамі. Вучыўся ў Маск. ун-це (1911—14), Аляксееўскай вайсковай школе (з 1914). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—20 камандаваў бел. батальёнам у літ. войску. Рэдагаваў бел. салдацкі час. «Варта Бацькаўшчыны». У 1921—24 консул урада БНР у Каўнасе. У 1921—40 дырэктар Цэнтр. вайсковай б-кі ў Каўнасе, адначасова ў 1928 кіраўнік спраў Бібліягр. ін-та Літвы. Займаўся укладаннем бібліяграфіі ВКЛ. Выдаў каталог Цэнтр. вайсковай б-кі на 1000 старонак. У час 2-й сусв. вайны знаходзіўся ў Вільні, уваходзіў у Бел.нац.к-т. У 1944—45 разам з К.Езавітавым працаваў у Берліне ў штабе «беларускага вызваленчага войска». Пераклаў з бел. мовы на літоўскую кнігі «Бяздоннае багацце» В.Ластоўскага, «Францішак Скарына» Ю.Віцьбіча і інш. З 1949 у ЗША. Для Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку напісаў успаміны пра грамадскую працу і культ. жыццё беларусаў у Каўнасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЧА́ЙНІКІ, валасакрылыя (Trichoptera),
атрад насякомых. 2 падатр., 13—16 сям. (па інш. класіфікацыях да 30), больш за 5,5 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. Дарослыя жывуць на сушы каля вады, лічынкі і кукалкі — пераважна ў вадзе. Водныя лічынкі Р. — індыкатары добрай якасці вады і высокай прадукцыйнасці вадаёма. На Беларусі найб. трапляюцца Р.: вялікі (Phryganea grandis), сеткаваты (Oligostomis reticulata) і інш. віды з родаў лімнафілюс (Limnophilus), маланна (Molanna), стэнафілакс (Stenophilax) і інш.; водныя лічынкі Р. наз.шыцікамі.
Даўж. да 3 см. Цела бурае ці шэрае. 2 пары перапончатых крылаў укрыты валаскамі. Дарослыя не кормяцца. Лічынкі (ротавы апарат грызучы) кормяцца рэшткамі раслін, ёсць драпежнікі; маюць 3 пары ног. У большасці відаў Р. растуць і развіваюцца ў трубках-чахольчыках («хатках») з пясчынак, ракавінак, ч. раслін, склееных павуціннем, што выдзяляецца спец. залозамі. Дыхаюць паверхняй цела і трахейнымі шчэлепамі. Рухаюцца разам з «хаткай». Кукалкі таксама рухомыя. Лічынкі і кукалкі Р. — корм для рыб.
Ручайнікі: 1 — сеткаваты; 2 — вялікі (лічынка ў «хатцы»); 3 — вялікі (дарослая асобіна); 4 (а, б, в, г) — «хаткі» лічынак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЖСКІ ДО́МСКІ САБО́Р, сабор Марас,
помнік сярэдневяковага дойлідства ў Рызе. Закладзены ў 1211 — каля 1215 як 3-нефавая раманская базіліка з манастыром для капітула (вышэйшага духавенства Лівоніі). Завершаны каля 1270 невядомым майстрам з г. Кёльн (Германія) па тыпу зальнага храма з вежай на зах. фасадзе. Каля 1300 сабор дабудаваны як базіліка, перакрыты гатычнымі скляпеннямі (выш. сярэдняга нефа 26 м). Часткова перабудоўваўся да канца 19 ст. Бакавыя капэлы — 13 (?) і 15 ст.; клуатр і зала капітула з разьбой на капітэлях — 1-я пал. 13 ст. У 1776 завяршэнне сабора набыло рысы барока. У інтэр’еры захаваліся скульпт. надмагіллі 14—17 ст., разны амбон 1641, жывапіс 18 ст., вітражы 19 ст.Буд-ва сабора паспрыяла пашырэнню ў архітэктуры Прыбалтыкі пераходных рамана-гатычных форм. Разам з манастыром і інш. пабудовамі 13—19 ст. сабор уяўляе сабой цэласны арх. комплекс; адна з асн. горадабуд. дамінантаў Старога горада. Пасля рэстаўрацыі 1959—60 сабор ператвораны ў канцэртную залу, дзе ўстаноўлены вял. арган, і музей. З 1989 дзеючы храм. Іл.гл. да арт.Латвія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́КАЎ (Аляксей Іванавіч) (25.2.1881, г. Саратаў, паводле інш. звестак слабада Кукарка, цяпер у межах г. Савецк Кіраўскай вобл., Расія — 15.3.1938),
савецкі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў гімназію ў Саратаве (1900). Чл.РСДРП з 1898, бальшавік з 1903; чл.ЦК (1905—07, 1917—18 і 1920—34, канд. у 1907—12, 1934—37) і Палітбюро ЦК (1922—30) партыі. Удзельнік рэвалюцый 1905—07 і Кастр. 1917. З ліст. 1917 нарком унутр. спраў. У 1918—21 і 1923—24 старшыня ВСНГ, адначасова з 1921 нам. старшыні СНК і Савета працы і абароны РСФСР. Старшыня СНКСССР (1924—30) і РСФСР (1924—29). Адначасова ў 1926—30 старшыня Савета працы і абароны. У канцы 1920-х г.разам з М.Л.Бухарыным выступіў супраць выкарыстання надзвычайных мер пры калектывізацыі і індустрыялізацыі, за што абвінавачаны ў «правым ухіле», выведзены з Палітбюро і зняты з пасады старшыні СНК. У 1931—36 нарком пошт і тэлеграфаў, нарком сувязі СССР. 27.2.1937 арыштаваны і на працэсе т.зв. «Праватрацкісцкага блоку» (сак. 1938) асуджаны на смяротнае пакаранне. Рэабілітаваны пасмяротна 4.2.1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1859—60 У ІТА́ЛІІ,
адзін з гал. этапаў Рысарджымента; прывяла да ліквідацыі феад.-абсалютысцкіх рэжымаў і стварэння адзінай нац.італьян. дзяржавы. Разгарнулася пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-італа-французскай вайне 1859 і вызвалення Ламбардыі ад аўстр. няволі. Асн. звёны рэвалюцыі: нар. паўстанні 1859 у Цэнтр. Італіі, у выніку якіх скінуты феад.-абсалютысцкія рэжымы ў Модэне, Парме, Таскане і Раманьі, і гэтыя тэрыторыі разам з Ламбардыяй далучаны да Сардзінскага каралеўства ў 1860; рэв. паход «Тысячы» Дж. Гарыбальдзі на Пд Італіі, вынікам якога стала далучэнне тэр.Сіцылій абедзвюх каралеўства да Сардзінскага каралеўства (паводле рэферэндуму 21.10.1860). 17.3.1861 абвешчана адзіная італьян. дзяржава (астатнія тэрыторыі злучыліся з Італіяй: Венецыя ў 1866, Рым з Папскай вобласцю ў 1870). Асн. масу ўдзельнікаў рэвалюцыі складалі гар. нізы, сяляне і дэмакр. інтэлігенцыя. Аднак кіраўніцтва ёю, з прычыны слабасці дэмакратаў-рэспубліканцаў, належала лібералам-манархістам; гэта прадвызначыла незавершанасць распачатых у час рэвалюцыі сац. пераўтварэнняў, аб’яднанне Італіі ў форме канстытуцыйнай манархіі, а не рэспублікі.
Літ.:
Объединение Италии. 100 лет борьбы за независимость и демократию: Сб. ст.М., 1963;
Серова О.В. Горчаков, Кавур и объединение Италии. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЙТАН Тадэвуш [1742 ?, в Грушаўка Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. (ахрышчаны 20.8.1742 у г. Ляхавічы) —8.8.1780], палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай. Паходзіў са шляхецкага роду — уладальнікаў Грушаўкі. Вучыўся ў піярскай школе і Калегіуме Нобіліум у Варшаве. Служыў у войску. Паводле некат. звестак, удзельнік Барскай канфедэрацыі. Быў абраны паслом ад Навагрудскага пав. на сойм 1773—75, дзе планавалася зацвердзіць 1-ы падзел Рэчы Паспалітай. Разам з пасламі ад Навагрудскага пав. С.Корсакам і ад Мінскага пав. С.Багушэвічам рашуча супрацьдзейнічаў гэтай анексіі, перашкаджаў утварэнню на сойме канфедэрацыі, якая б зацвердзіла такі падзел. Але большасць паслоў сойма, падкупленая замежнымі дзяржавамі, не падтрымала яго. 1.12.1773 Р. склаў маніфест, дзе канстатаваў нелегітымнасць канфедэрацыі і трактатаў пра падзел Рэчы Паспалітай. Страціў розум і вывезены ў Грушаўку. Скончыў самагубствам. Яшчэ сучаснікі лічылі Р. нац. героем, Чатырохгадовы сойм 1788—92 абвясціў Р. «вартым нац. жалобы», а яго дзеянні — «узорам для пераймання». Р. прысвечаны шматлікія маст. творы, у т. л. карціна Я.Матэйкі. У сярэдзіне 19 ст. ў Грушаўцы быў устаноўлены бюст Р. (цяпер у Нац. музеі ў Кракаве), у 1993 — мемарыяльны знак.