паласну́ць, ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. каго-што і без дап. Моцна ўдарыць, пакінуўшы след, рану (звычайна чым‑н. рэжучым). Нешта вострае і балючае паласнула яго па спіне, і Андрэй, скалануўшыся ўсім целам, абсунуўся на снег. Сіняўскі. [Сухарэўскі:] — Асцярожней, Станіслаў Цітавіч, там у мяне да касці спіна рассечана. Свінцовай нагайкай [вораг] паласнуў. Асіпенка. // перан. Нанесці душэўную рану. Напамінак пра Шарупічаў паласнуў Веру Антонаўну па сэрцы. Карпаў. // перан. Раптоўна прагучаўшы, напоўніць паветра якімі‑н. гукамі. Начную цішыню паласнуў жудасны крык. Шамякін.

2. перан.; без дап. Бліснуць паласой агню, святла. Зноў, ужо бліжэй, загрымела, па небе паласнула яркая маланка. Даніленка. Раптам ззаду па вадзе паласнуў пражэктар. Скрыпка.

3. перан.; каго-што і чым. Даць аўтаматную, кулямётную чаргу; пранізаць паласой агню. Партызаны напалі знянацку. Аўтаматчыкі паласнулі доўгімі чэргамі ўздоўж вуліцы. Новікаў. Хутка над балотам пранесліся.. самалёты-штурмавікі. Яны паласнулі па лесе ліўнем агню і свінца. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассу́нуць, ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Адсунуць адно ад аднаго на нейкую адлегласць, адсунуць у розныя бакі. [Андрэю] з Веркай не было як выйсці з кута, і ім рассунулі сталы. Пташнікаў. [Міхалка] адчыніў стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам. Якімовіч. // Раз’яднаць, утварыўшы вольнае месца, раскрыўшы што‑н. Рассунуць заслону. □ Нешта такое мяцежнае было ў голасе маці, што .. [Алесь] раптам кінуўся да шторы і са звонам рассунуў яе. Караткевіч. // Прымусіць расступіцца, расхіліць у бакі. Раманюк адышоў ад трыбуны, рассунуў студэнтаў, якія сядзелі ў прэзідыуме, сеў. Карпюк. [Жанчына] асцярожна пасунулася ў гушчар, рассунула галлё, імкліва падалася наперад. Лынькоў.

2. Зрабіць шырэйшым, раскласці (што‑н. складное, рассоўнае). Антон Авяр’янавіч рашуча ўстаў з канапы і рассунуў стол. Васілёнак. Бацька Стася стаяў трохі воддаль ад людзей. А потым рассунуў сваю казулю-сажань і пайшоў мераць поле. Хомчанка. // Зрабіць шырэйшым, большым. Дык рассунем кола шырай, Патанцуем на памосце. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узнагаро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Плата, дар за якія‑н. заслугі і пад. [Кастусь чытае:] «За галаву атамана вызначаецца ўзнагарода — 15 тысяч марак польскіх». Крапіва. Хлопцы не спяшаліся выходзіць, яны азіраліся па баках, нібы чакаючы ўзнагароды за сваю знаходку. Кавалёў. Ну, Тром-сын, — кажа цар, — цяпер прасі ў мяне якой хочаш узнагароды. Якімовіч. Першы дзень мая прынёс яе [радасць], нібы ўзнагароду за ўсе неспакойныя турботныя ночы і дні. Мележ.

2. Ганаровы знак, ордэн, медаль і пад., якімі адзначаюцца чые‑н. заслугі. Высокая ўрадавая ўзнагарода. □ Як дачка свайго народа, Многа маючы заслуг, І яна [Кацярына] ўзнагароду прыняла з гарачых рук. Броўка. Я, заўважыўшы .. тры калодачкі ўзнагарод на ягоных грудзях, захацеў абняць хлопца яшчэ раз. Брыль. // перан. Падзяка, аддзяка, адплата. [Пан Ружыцкі:] — Перлы вашых тонкіх слоў — лепшая ўзнагарода для мяне. Бажко.

3. Разм. Тое, што і узнагароджанне (у 1 знач.). На тым жа вечары быў зачытаны ўказ аб узнагародзе жанчын. Дуброўскі.

•••

Знакі ўзнагароды гл. знак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фасо́н, ‑у, м.

1. Форма, крой, па якіх пашыта што‑н. (адзенне, абутак, галаўныя ўборы). З кабінкі вылез прысадзісты, чырванатвары чалавек, апрануты ў жоўты, вайсковага фасону фрэнч. Навуменка. З раніцы да позняга вечара топчуць.. [двор] падэшвы чаравікаў самых розных фасонаў і памераў. Жычка. // Знешні выгляд, форма (прадмета, вырабу і пад.). На незнаёмцы была яркая шарсцяная кофтачка, якая сваім фасонам нагадвала дзіцячую матроску і дужа пасавала жанчыне. Васілёнак.

2. Разм. Пэўны спосаб, манера. Ад гэтага запытання я страпянуўся, зірнуў на чалавека з рудой, калматай, але падраўнянай пад нейкі фасон барадой, у брызентавым плашчы з настаўленым башлыком, быццам чалавек сабраўся на дождж. Сабаленка.

3. Разм. Паказная франтаватасць; шык. З кавалерскім фасонам і з блазенскім сорамам Лёня пакланіўся і, узняўшы вочы, сумеўся ад той амаль зусім звычайнай дзявочай усмешкі. Брыль. [Стрэлачнік:] — Ну і рабацяга знайшоўся! Толькі і ведае — кастыль ды гайкі, дый молат для фасону насіць. Лынькоў.

•••

Трымаць фасон гл. трымаць.

[Фр. façon.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фра́за, ‑ы, ж.

1. Інтанацыйна аформленае спалучэнне слоў, якое выказвае думку; сказ. — Якая ты неасцярожная, Кетэ! — учулі хлапцы адрывак фразы. Самуйлёнак. — Напішыце сказ, — ..[Леанід] крыху падумаў, — ну, напрыклад, першую фразу, якую вы сёння сказалі, і раскажыце пра яе ўсё, што ведаеце. Шахавец. І зноў надакучліва палезла ў галаву фраза: «А чабор пахне...» Асіпенка.

2. Напышлівы выраз, які пазбаўлены ўнутранага зместу або які прыкрывае лжывасць гэтага зместу. Міхалка пустых фраз не любіць гаварыць. Яго прамовы цяпер кароткія і моцныя. Бядуля. [Чарнавус:] Адны траскучыя фразы і абсалютна нічога канкрэтнага. Крапіва. Вострае і глыбока прачутае пачуццё Радзімы ў Еўдакіі Лось вынікае з яе вершаў спакойна і сціпла, без гучных фраз. Звонак.

3. Устойлівае спалучэнне якіх‑н. слоў; хадзячы выраз. Гэтыя радкі па сутнасці ўжо сталі крылатай фразай. Бугаёў.

4. У музыцы — рад гукаў або акордаў, якія ўтвараюць невялікую, адносна закончаную частку музычнай тэмы, мелодыі. У агульным рознагалосым гуле чуюцца знаёмыя музычныя фразы. «Маладосць».

[Ад грэч. phrásis — выраз.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

характары́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Апісанне, вызначэнне істотных, адметных рыс, асаблівасцей, якасцей каго‑, чаго‑н. Ну, а скажыце, як настроена сялянства? [Настаўнік:] — Розныя ў іх [сялян] бываюць настроі. Даць такую агульную характарыстыку досыць трудна. Колас. [Гаспадыня] падрабязна расказвала аб кожнай сваёй кватарантцы, давала ім дакладныя характарыстыкі, пераводзячы крывы палец дрыготкай рукі з адной фотакарткі на другую. Ракітны. // Апісанне характару, учынкаў і пад., якое даецца дзеючай асобе ў мастацкім творы. Трапная партрэтная характарыстыка герояў, як у люстры, адбівае іх унутраны свет. Майхровіч.

2. Афіцыйны дакумент, у якім змяшчаецца водзыў, заключэнне аб чыёй‑н. працоўнай і грамадскай дзейнасці. Характарыстыка з месца работы. □ Следам за мной з панямонскага пастарунка прыйшла мая характарыстыка. Брыль. [Анатоль Пятровіч:] — Ведайце: усякае парушэнне дысцыпліны будзе запісана ў характарыстыкі, якую я завёў на кожнага з вас. Нядзведскі.

3. У матэматыцы — цэлая частка дзесятковага лагарыфма.

4. Спец. Графічны наказ уласцівасцей чаго‑н. праз крывую; асноўны графічны паказчык чаго‑н. Характарыстыка магутнасці рухавіка. Характарыстыка турбіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хо́ванка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Месца, дзе можна знайсці прытулак, схавацца ад каго‑, чаго‑н. Ну чаго турбавацца, — сказаў Ігналь. — Хованка ў нас надзейная, калі што. Лупсякоў. Многа клопатаў буран прынёс і дыверсантам, бо будан іх служыў толькі як хованка ад камароў і сонца. Федасеенка. // Спецыяльна зробленае ці прыстасаванае месца ці збудаванне для хавання ад каго‑, чаго‑н. А такі ж ён [Вова] за дзень натупаўся, капаючы разам з другімі ў садзе хованку ад бомбаў. Гурскі. [Лукша:] — Усю ноч мы [партызаны] сабе хованкі капалі. Гроднеў.

2. Скрытае, патайное месца для захоўвання чаго‑н. Хованка для скарбаў.

3. толькі мн. (хо́ванкі, ‑нак). Дзіцячая гульня, у якой той, хто водзіць, шукае астатніх удзельнікаў гульні, якія схаваліся. Будучы клуб акупіравалі хлапчукі — са смехам і крыкамі гуляюць у хованкі. Шамякін. [Сакольны:] — Праязджаў нядаўна паўз лясныя паселішчы. Бегалі там дзеткі між кустоў, гулялі ў хованкі. Кулакоўскі.

•••

Гуляць у хованкі гл. гуляць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шара́хнуць, ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. каго-што і па чым, у што. Нечакана, моцна, з шумам ударыць, стукнуць. І, ліха ўскочыўшы адразу ж на фурманку, Шарахнуў [Сцяпан] Караннога пугай: «Но-о! Недалуга!» Маеўскі. / у безас. ужыв. Загрымела блізка, і па вагону шарахнула шлакам. Ставер. // і чым. Стрэліць у каго‑, што‑н. [Бацька:] — [Спачатку] з правага бі, а тады ўжо, наўздагон, дранкулькай шарахнеш. Масарэнка. // Разграміць, разбіць (ворага). А што, калі скарыстаць такі зручны момант ды шарахнуць усю гэтую зграю адным махам? Новікаў.

2. што і чым. Рэзнуць, адрэзаць з сілай, хутка. Шарахнуць кусок булкі. □ Грыша выцер паперкай пальцы. — Родны брат касою шарахнуў [дзеда]. «Здалося яму, што Стахей залез на паўступні ў яго сенажаць. Місько. // што. Аддзяліць; адарваць. [Сурвіла:] Тады мы адразу паўмаёнтка зямлі і шарахнем. Чорны.

3. Зашумець, з шумам праляцець. Нешта шарахнула ў верхавінах сосен, і ў вушы Кляновічу неспадзявана даляцела звонкае: «Куку, ку-ку...» Пестрак.

4. Тое, што і шарахнуцца (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

што¹, чаго́, чаму́, чым, па чым, займ.

1. пыт. і адносны. Указвае, пра які прадмет, рэч, з’яву і пад. ідзе гаворка.

Што там адбылося? Выканай вось што.

Што не ў меру, тое ў шкоду.

Што вы кажаце? (ужыв. таксама як выраз здзіўлення з выпадку чаго-н. сказанага).

2. пыт., у знач. вык. У якім стане, які, як.

Як наша вёска, што суседзі?

3. пыт., у знач. прысл. Тое, што і чаму́ (у 1 знач.).

Што не заходзіш да нас? Я раздумаў ехаць. — Што так?

4. пыт. і адносны. Тое, што і колькі (у 1 знач.).

Што яна варта.

Што ёсць духу.

Што толку ў гэтым (гэта значыць няма толку). Што яму за карысць ад гэтага? (якая карысць, няма карысці).

5. пыт., у знач. прысл. Навошта? для чаго?

Што нам спрачацца з імі?

6. адносны. Тое, што і які (у 1 знач.).

Хата, што каля лесу.

7. неазнач. Тое, што і што-небудзь (разм.).

Калі што — я прыеду і зробім.

Дайце мне з’есці чаго.

8. пыт. Ужыв. для выражэння пытання, перапытвання, уяўляе сабой сказ у знач.: што ты сказаў? што трэба? што такое? —

Глянь сюды. — Што? Што ты? Ну і што?

А што — рэпліка ў адказ на пытанне ў знач.: чаму, чаго пытаешся. —

Ты хочаш гэта рабіць? — А што?

З чаго — чаму, па якой прычыне.

І з чаго ёй дрэнна стала?

На што ўжо — уводзіць уступальны сказ.

На што ўжо ён негаваркі, і то разгаварылі.

Ні за што — ні ў якім разе.

Ні за што, ні пра што

1) дарэмна;

2) без прычыны, падстаў.

Ні з чым (застацца, пайсці і пад.) — без усяго.

Ні пры чым — не мае адносін, не вінаваты ў чым-н.

Ён тут ні пры чым.

Пры чым — у чым вінаваты, якія адносіны мае.

Пры чым тут я?

Ці штопабочн. сл., якое выражае няўпэўненасць, сумненне.

Ну, будзем ужо збірацца, ці што?

Што да чаго — у чым сутнасць, сэнс чаго-н.

Разбярыся тут, што да чаго.

Што ж — рэпліка ў знач.: так, прыходзіцца згадзіцца.

Што ж, няхай будзе так.

Што за — у пытанні і вокліч: які.

Што за глупства?!

Што за дзяўчына да вас прыехала? Што за страва! (якая добрая).

Што зробіш! — рэпліка ў знач.: нічога не зробіш, так ужо будзе.

Што і казаць — вядома, сапраўды.

Факт, што і казаць, упартая рэч.

Што рабіць! — тое, што і што зробіш.

Што там — рэпліка ў знач.: добра, няхай.

Што ты (вы)? — выраз здзіўлення, спалоху, пярэчання.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паглядзе́ць, ‑гляджу, ‑глядзіш, ‑глядзіць; ‑глядзім, ‑гледзіце; зак.

1. Накіраваць позірк на каго‑, што‑н., каб убачыць, разгледзець. Паглядзець у акно. Паглядзець на неба. □ Мікуць паглядзеў навокал — нікога нідзе не было. Чорны. Я раніцою адчыніў акно, Каб паглядзець, што робіцца на нівах. Свірка. // Паназіраць за кім‑, чым‑н. пры дапамозе аптычных прылад. Паглядзець у мікраскоп. Паглядзець у бінокль.

2. Панаглядаць за кім‑, чым‑н.; зрабіць прадметам сваёй увагі. Шмат людзей прыходзіла паглядзець, як жывецца, як ідзе праца, а шмат хто прыходзіў і чаму-небудзь павучыцца. Чарот. Чалавек прыткнуўся да дрэва плячыма і астаўся так паслухаць і паглядзець. Чорны. // што і без дап. Пашукаць што‑н. дзе‑н. Паглядзі, куды заваліўся нож. □ [Камандзір:] — Паглядзі ў .. [таварышаў] пад падушкамі. Там у іх кніжкі. Брыль. // Упэўніцца, пераканацца ў чым‑н. Паглядзім, чыя праўда! □ [Люба:] — [Млынар і яго швагер] зараз паглядзяць, што дошкі на месцы і адыдуцца. Чорны.

3. каго-што. Пабыць гледачом. Аднойчы кіраўнік семінара сказаў: «Зараз мы паглядзім замежны фільм, дубліраваны на рускую мову». «Маладосць». // Агледзець, выслухаць. Доктар паглядзеў хворага. // Пазнаёміцца з кім‑, чым‑н.; убачыць каго‑, што‑н. — Можна паглядзець маршрут па карце? — папрасіў Мікола. Новікаў. Толю зноў захацелася паглядзець роднае папялішча. Якімовіч.

4. каго-што, за кім-чым. Падаглядаць нейкі час. Паглядзець хату. Паглядзець гадзіну за дзіцём.

5. Аднесціся пэўным чынам да каго‑, чаго‑н.; даць ацэнку каму‑, чаму‑н. Паглядзець на справу з гаспадарчага боку. □ Лазука зірнула на сакратара, відаць, хочучы даведацца, як ён паглядзіць на тое, што яна спасылаецца на яго. Сабаленка. // (звычайна з адмоўем). Палічыцца з кім‑, чым‑н. [Паўліна Цітаўна:] — Ну, ну, не смейся з маці, а то паска атрымаеш, не пагляджу і на ранг. Шамякін.

6. Звярнуць увагу на каго‑, што‑н. Я на поплаў выйшаў, Клічу цябе ў сведкі: — Паглядзі, як вышыў Май даліну ў кветкі! Гілевіч. — О, паглядзі, — сказаў Толя, зноў прыгнуўшыся да акенца, — .. [Я. Колас] і цяпер у друкарню ідзе. Брыль.

7. Разм. Падумаць, перш чым зрабіць. Яшчэ паглядзім, дзе каго пасадзім! Прыказка.

8. Глядзець некаторы час. Паглядзець удалячынь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)