За́хад ’захад сонца, іншых свяціл; краіна свету’. Рус. заход ’захад, сонца, свяціл’, укр. за́хі́д ’тс’, за́хід ’краіна свету’, польск. zachód ’час захаду сонца, краіна свету’, ’клопат’, н.-луж. zachod ’мінулае’, в.-луж. zachod ’уваход’, чэш. уст. дыял. záchod ’захад (сонца)’, чэш., славац. zachód ’туалет’, славен. zahòd ’захад (сонца), краіна свету’, ’абход’, ’клазет’, серб.-харв. за́ход ’захад (сонца), краіна свету’, ’клазет’, балг. за́ход ’уваход’, ’клазет’. Ст.-слав. заходъ ’захад сонца’, ’клазет’. Ст.-рус. заходъ ’захад сонца’, ’клазет’. Бязафіксны назоўнік, суадносны з xodъ (гл. ход), утвораны, відаць, з чаргаваннем галоснага ад дзеяслова za‑xed‑ti (x < s пасля i, u, r у прэфіксах pri‑, u‑, per‑, а потым x > š перад e: za‑šed‑ti; параўн. рус. зашедший, восшествие). Знач. ’краіна свету’, магчыма, замацавалася пад польск. уздзеяннем. Брукнер, 181; Фасмер, 4, 252–253; Шанскі, 2, З, 72, 73.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зеў ’адтуліна (з рота ў глотку)’. Рус. зев ’тс’, уст. ’рот’, укр. зів ’тс’, дыял. ’рот’, ’зябры’, ’кут паміж ніткамі’, польск. уст. ziew ’зеў, пазяханне’, ’кут паміж ніткамі ў ткацкім станку’; чэш. zev, zeva ’адтуліна’, славен. zę̀v, zę̑v ’зеў’, серб.-харв. зе̑в, зи̏јев ’адкрытыя вусны, адтуліна, позех’, балг., макед. зев ’адтуліна’. Параўн. зе́ва, зяво́, зявэ́, зя́вы ’прамежак паміж верхнімі і ніжнімі ніткамі асновы’, зе́вы, зя́вы, зявэ́ ’рот, пашча’ (Сл. паўн.-зах.), зяву́ ’прамежак паміж ніткамі асновы, праз які праходзіць чаўнок’ (брагін., Нар. сл.), зі́вы ’тс’ (пін., Нар. лекс.), зева, зява ’тс’ (Мат. Гом.). Прасл. zěvъ ’адтуліна’ ўтворана ад дзеяслова zě‑va‑ti (гл. зяваць) бязафіксным спосабам. Роднасныя словы ззяць1, зяхаць. Фасмер, 2, 91; Скок, 3, 656. Паводле Шанскага (2, З, 83), зеў ад кораня *zě‑ з суфіксам ‑vъ (як рус. сев, гнев), а зевать ад зев.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зіма́ ’халодная пара года’. Рус., укр. зима́, польск. zima ’тс’, серб.-луж. zyma, палаб. zaimă, чэш. zima, славац. zima ’зіма, холад’, славен. zíma, серб.-харв. зи́ма ’тс’ балг. зѝма ’пара года’, макед. зима ’тс’. Ст.-слав. зима, ст.-рус. зима. Прасл. zima ’зіма’ < і.-е. *gʼhei‑m‑ ’зіма’ літ. žiemà, лат. zìema, ст.-прус. semo ’зіма’, грэч. χεῖμα ’зіма, холад’, хец. gimmanza ’зіма’. І.‑е. корань суадносіцца з *gʼheu‑ ’ліць’, г. зн. зіма першасна была часам, калі ліў дождж, а потым ’час снегу’ (Трубачоў, ВСЯ, 2, 29–31). Фасмер, 2, 97; Шанскі, 2, З, 92; ESSJ, пробны сшытак, 103–111 (дзе ўказваецца на сувязь з zęb‑); Махэк₂, 715; Скок, 3, 655; БЕР, 1, 641; Траўтман, 367–368; Покарны, 425. Пра зима ў ст.-рус., укр. гл. Вялкіна, Исслед. по словообр и лекс., 200; Качарган, Мовознавство, 1970, 6, 48.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ругну́цца ’вылаяцца’, ругепу́ць ’аблаяць’, руга́нье ’лаянка, непрыстойны выраз’ (ТС), ругані́на ’лаянка, лаянне’ (міёр., Нар. словатв.), руга́нне ’сварка з грубасцю’, ру́гань, ругня́ ’тс’ (Юрч. Сін.). Укр. поруга́тися ’насміхацца’, рус. руга́ть ’сварыцца’, ругну́ться ’вылаяцца’, польск. urągać ’насміхацца’, каш. rǫgac ’насміхацца, кпіць’, чэш. rouhati ’гнявіць бога’, славен. rọ́gati se, rógam se ’высмейваць’, серб.-харв. ру̑г, ру́га ’насмешка’, ру̀гати се, ру̑га̑м се ’насміхацца’, балг. ръгая ’сварыцца, лаяцца’; ст.-слав. рѫгъ, рѫгати сѧ, ст.-рус. ругъ ’насмешка’, ругати ся ’насміхацца’. З прасл. *rǫgati (sę), *rǫgnǫti (sę). (Бязлай, 3, 191; Глухак, 533; SEK, 4, 212; ESJSt, 13, 780). З інш. ступенню вакалізму славен. regati, regniti ’лопнуць’, režati, režím ’зеўраць, быць раскрытым, бурчаць, злавацца’, серб.-харв. рега ’бурчанне, гырканне сабакі’, рѐгнути, ре̂гне̂м ’бурчаць’, ст.-слав. рѧгнѫти ’зеўраць’. Роднасныя да ст.-прус. rānctwei ’красці’, лац. ringor, ī, rīnctus sum ’разяўляю рот, выскаляю зубы, злуюся’. (Фасмер, 3, 512).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рука́ ’верхняя канечнасць чалавека або малпы’ (ТСБМ). Укр., рус. рука́, польск. ręka, палаб. rǫkǎ, чэш., славац. ruka, славен. roka, серб.-харв. ру́ка, макед. рака, балг. ръка́. Прасл. *rǫka і і.-е. адпаведнікі: літ. rankà ’рука’, лат. rùoka, ст.-прус. rancko ’рука’, а таксама літ. riñkti ’збіраць; набіраць; выбіраць’, paranka ’збор, збіранне’ (параўн. грэч. паралель ἀγοστός ’далонь, кісць рукі, рука’ і ἀγείρω ’збіраць’) сведчаць пра тое, што на і.-е. узроўні *uronkā (*wronkā́) мела першапачатковае значэнне ’тое, чым збіраюць, зграбаюць, хапаюць’ < і.-е. *u̯er‑ ’браць, хапаць’ (Фасмер, 3, 515; Чарных, 2, 127; Глухак, 534; ESJSt, 13, 781; Рэйзак, 549). Выказаныя раней меркаванні пра магчымае запазычанне з балтыйскіх моў у праславянскую (Развадоўскі, RS, 5, 35; Бернштэйн, Фонетика, 91–92) з-за адсутнасці ў апошняй зыходнага дзеяслова не прымаюцца большасцю даследчыкаў, гл. Анікін, Опыт, 18 (з літ-рай); Жураўлёў, Язык и миф, 580.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́піцца ’старацца, клапаціцца, турбавацца пра каго-небудзь’, ’хацецца’ (ТСБМ), ру́піць ’трывожыць, выклікаць неспакой’, ’цягнуць, прыцягваць’ (дзярж., Нар. сл.), ’турбаваць неадвязна’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Укр. ру́пити ’быць жаданым’, рус. дыял. ру́па ’туга па радзіме’, ру́пить ’цягнуць, хацецца’, ’трывожыць’, польск. rupie się ’старацца’, кашуб. rúpic ’цягнуць, спакушаць, вабіць; мець апетыт’, чэш. rupati, rupěti ’хрумсцець, шчоўкаць’, балг. дыял. рупа́я ’патрабаваць сілай, мучыць, турбаваць’. Прынята лічыць роднасным да літ. rūpė́ti ’трывожыць’, лат. rũpêt ’засмучаць’, літ. raupýti ’тс’, ’рыць’, англ.-сакс. réofan ’ламаць, рваць’, ст.-інд. rōpayati ’адчуваць ламоту’ (Фасмер, 3, 519). Паводле іншага меркавання, чэшскія rupati, rupěti стаяць асобна, а ўсходнеславянскія словы з’яўляюцца балтызмамі, параўн. літ. rūpė́ti ’трывожыць, заклапочваць’, rū́pinti ’клапаціць’, гл. спецыяльна Анікін, Опыт, 270–271 з літ-рай; аднак балгарскія факты (гл. БЕР, 347) сведчаць хутчэй пра генетычную сувязь. Борысь (SEK, 4, 221) следам за Слаўскім (SP, 1, 81) рэканструюе прасл. *rupiti ’грызці, кусаць, гнясці’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рыць1 ’капаць’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС), ’рыць (рылам)’ (гродз., паст., астрав., вільн., Сл. ПЗБ; Гарэц.), ’падмываць бераг’ (лід., Сл. ПЗБ), ’капаць бульбу’ (ЛА 2, карта № 222), руск. рыть, укр. ри́ти, ст.-рус. рыти, польск. ryć, славац. ryť, чэш. rýti, в.-луж. ryć, н.-луж. ruś, серб.-харв. ри̏ти. Прасл. *ryti (Копечны, 314). І.‑е. корань *reu‑: *reue: *rŭ ’рыць’, ’ускопваць’ (Покарны, 1, 868). Роднаснае да літ. ráuti ’вырываць, палоць’, ’карчаваць’, ravė́ti ’палоць’, rutìs ’бульбяная яма’, склеп’, лат. raût ’рваць’, ’дзёргаць’, ’браць’, ст.-пруск. rawys ’роў’, лац. ruo ’абрушваюся’, ’вырываю’, ’зграбаю’. Далей звязана з рваць, роў, рыла (Фасмер, 3, 531–532; Чарных, 2, 131; Махэк₂, 528; Скок₃, 148). Анікін выступае супраць генетычнай роднасці *ryjǫ/*rъvǫ (Анікін, Этимология–1984, 31).

Рыць2 ’нагаворваць’ (Янк. Мат.). Магчыма, скарочаная форма фразеалагізма яму рыць. Параўн. серб.-харв. ри̏ти ’вынюхваць’, ’сачыць’, ’шпіёніць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́заць ’чым-небудзь вострым раздзяляць на часткі’ (ТСБМ, Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.), ’пілаваць’ (ТСБМ, Бяльк., ЛА, 1, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Сцяшк. МГ, ТС), ’жаць’ (Сл. ПЗБ) ’забіваць’ (ТСБМ, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС), ’муліць’ (Бяльк.), ’балець’ (Жд. 3, Сл. ПЗБ) ’кусаць, грызці’ (Бяльк., ТС), ’есці’ (Мат. Гом., ТС, Шатал.), ’ампутаваць’ (Ян.), ’дакараць’ (Мат. Гом., Ян.), ’падмываць (бераг)’ (Мат. Гом.), ’бойка іграць на муз. інструменце’ (ТС), сюды ж рэ́зацца ’нападаць; сварыцца’ (Сл. ПЗБ), ’рэзацца; сварыцца’ (Юрч.), ’гуляць азартна ў карты’ (Бяльк.), разані́на ’лаянка’ (міёр., Нар. словатв.). Укр. різати, рус. резать, польск. rzezać, н.-луж. rězaś, в.-луж. rězać, чэш. řezati, славац. rezať, славен. rezati, серб. і харв. ре̏зати, макед. реже, балг. режа, ст.-сл. рѣѕати. Прасл. *rězati. Роднасн. літ. rėžti ’рэзаць’ (Фасмер, 3, 461; Чарных, 2, 107; Рэйзак, 556; Махэк₂, 531; Сной, 536).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Садзі́ць ’запрашаць або прымушаць заняць якое-небудзь месца’; ’прызначаць, уладкоўваць на якую-небудзь пасаду’, ’пасяляць дзе-небудзь’, ’закопваць у зямлю карані саджанцаў, клубні і пад. з мэтай вырошчвання раслін’, ’змяшчаць у гарачую печ посуд для выпякання, сушэння’, ’энергічна, з сілай утвараць якое-небудзь дзеянне’. Укр. сади́ти, саджу́, рус. сади́ть, сажу́, стараж.-рус. садити, ст.-слав. садити, польск. sadzić, sadzę, в.-луж. sadźiś, н.-луж. sajźić, чэш. saditi, славац. sadiť, серб.-харв. са́дити, са̑дим, славен. sadíti, sadím, балг. садя́, макед. сади. Праслав. *sadìti, sadi̯ǫ каўзатыў да прасл. *sěsti ’сесці’. Роднасныя літ. sodìnti, sodinù ’саджаць’, ст.-прус. saddinna ’ён ставіць’, ensadints ’той, які ўстаўлены’; гоц. satjan ’саджаць’, ірл. suidim ’сяджу’ (Траўтман, 259), ст.-інд. sādáyati ’садзіць’, ірл. sáidim. Гл. таксама Фасмер, 3, 544 з літраў Брукнер, 478 і наст.; Махэк₂, 539; Борысь, 537; Шустар-Шэўц, 2, 1263–1264; Сной₁, 551; БЕР, 411–415. Параўн. сад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Све́чка ‘палачка з тлушчавага рэчыва з кнотам у сярэдзіне, якая служыць для асвятлення’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Бяльк.), ‘капелька тлушчу на паверхні вадкай стравы’ (смарг., паст., лаг., в.-дзв., Сл. ПЗБ; Барад.; рас., Шатал.), свяча́ ‘свечка’ (Нас., Ласт.), свеча́ ‘свечка’, ‘прамы сук у сасны’ (ТС), сві́чкі ‘перыяд ад каляд да вадохрышча’ (Сл. Брэс.), све́чнік ‘падсвечнік’ (Ласт., ТСБМ), сьве́чня ‘тс’ (Ласт.), свеча́к ‘светач’ (лях., Сл. ПЗБ). У большасці гаворак ужываецца памяншальная форма ад свяча; параўн. укр. свіча́, рус. свеча́, ст.-рус. свеча, польск. świeca, в.-луж. swěca, н.-луж. swěča, чэш. svíce, славац. svieca, серб.-харв. свијећа, славен. sveča, балг. свещ, макед. све́ка. Прасл. *světja ад асновы *svet‑; гл. Фасмер, 3, 576; Махэк₂, 596, Сной₁, 622. Параўноўваюць з ст.-інд. svetyás ‘белы, светлы’, svetyá; гл. Уленбек, 323; Траўтман, 311; гл. яшчэ БЕР, 6, 545–546; Шустар-Шэўц, 1384–1385; Борысь, 622.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)