рака на З Украіны і ў Брэсцкай вобл. Беларусі, правы прыток Прыпяці. Даўж. 695 км (у межах Беларусі 82 км). Пл. вадазбору 27,7 тыс.км² (у межах Беларусі 1,2 тыс.км²). Пачынаецца ў Крамянецкіх гарах Украіны, цячэ ў межах Падольскага і Валынскага узв., ніжняе цячэнне па Прыпяцкай нізіне, на Беларусі — у Столінскім р-не. Асн. прытокі на тэр. Украіны: Случ (справа), Стубла, Вілія (злева). Упадае ў Прыпяць 2 рукавамі (левы называецца Вятліца).
Даліна ракі трапецападобная, на тэр. Беларусі невыразная, дасягае шыр. 2,5 км. Пойма двухбаковая, шыр. ў верхнім цячэнні 100—700 м, сярэднім 1—1,5 км, у ніжнім да 2,5 км. Рэчышча звілістае, шыр. ў ніжнім цячэнні 150—200 м. Суднаходства пачынаецца за 291 км ад вусця. На Гарыні гарады Ізяслаў, Славута, Дубровіца (Украіна), Столін, Давыд-Гарадок (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЦІ́НЕЦ,
1) тракт, бальшак, шаша, упарадкаваная вял. дарога. Звычайна меў шырокую праезную частку, абмежаваную канавамі і абсаджаную абапал дрэвамі, за канавамі — сцежкі для пешаходаў. Вядомы з часоў Кіеўскай Русі, звычайна пракладаліся праз густанаселеныя раёны. У 13—14 ст. на важнейшых дарогах была наладжана служба дастаўкі карэспандэнцыі — загадаў і распараджэнняў улад, пасылак; пазней яна склалася ў рэгулярную паштовую сувязь. Работы па ўпарадкаванні і будаўніцтве гасцінца лічыліся цяжкай феад. павіннасцю. Паштовыя гасцінцы мелі рэгулярную пасаж. сувязь. Уздоўж іх у 19 ст. на адлегласці 17—22 вёрст размяшчаліся станцыі з заезным домам для гасцей, стайняй для коней, карчмой, кузняй і інш. У наш час назва «гасцінец» ужываецца пераважна для старых грунтавых дарог.
2) Устарэлая назва памяшкання для праезджых, гасцініца, карчма.
3) Падарунак, звычайна ласунак, прывезены з кірмашу ці з дарогі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЬС ((Goebbels) Паўль Іозеф) (29.10.1897, г. Райт, Германія — 1.5.1945),
палітычны і дзярж. дзеяч фаш. Германіі. Адзін з галоўных ням.-фаш. злачынцаў. Д-р філасофіі (1922). У 1917—21 вучыўся ў Бонскім, Мюнхенскім, Фрайбургскім і Гайдэльбергскім ун-тах. З 1925 чл. Нацыянал-сацыялістычнай партыі, з 1929 яе гал. прапагандыст. Дэп. рэйхстага (з 1928). Пасля прыходу да ўлады нацыстаў рэйхсміністр нар. асветы і прапаганды, кіраўнік Імперскай палаты культуры (1933—45); актыўна садзейнічаў усталяванню культу А.Гітлера, нацысцкага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі і культ. жыццём краіны. У 1944 ген. ўпаўнаважаны па татальнай ваен. мабілізацыі. Пасля ўступлення сав. войск у Берлін скончыў самагубствам разам з жонкай, якая перад гэтым атруціла 6 сваіх дзяцей.
Літ.:
Черная Л.Б. Коричневые диктаторы: Гитлер, Геринг, Гиммлер, Геббельс, Борман, Риббентроп. М., 1992. С. 215—278.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕ́РБАЛА,
цэнтральная крывая 2-га парадку; адно з канічных сячэнняў, уяўляе сабой мноства пунктаў плоскасці, рознасць адлегласцей ад якіх да двух пэўных пунктаў (фокусаў гіпербалы) пастаянная (па модулі). Кананічнае ўраўненне гіпербалы ў прамавугольнай сістэме каардынат: x2/a2 − y2/b2 = 1, дзе a, b — даўжыні паўвосяў, b2 = c2 − a2, c — фокусная адлегласць гіпербалы (гл.Аналітычная геаметрыя). Мае 2 бясконцыя галіны, сіметрычныя адносна гал. восяў Ox і Oy (сапраўднай, ці факальнай, і ўяўнай); 2 асімптоты y = ±bx/a. Пры a = b гіпербала наз. раўнабочнай і яе ўраўненне мае выгляд x2 − y2 = a2; яе асімптоты ўзаемна перпендыкулярныя, і калі іх прыняць за восі каардынат, то ўраўненне набудзе выгляд xy = a2/2 (графік адваротнай прапарцыянальнасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МАН»
(«Homan»),
бел. грамадска.-паліт. і літ. газета нац.-дэмакр. адраджэнскага кірунку. Выдавалася з 15(28).2.1916 да канца 1918 у Вільні на бел. мове з дазволу акупац.герм. улад. Выходзіла 2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай (з 1.9.1916). Рэдактары В.Ластоўскі і Я.Салавей (з сярэдзіны 1917). Выступала за нац.-культ. адзінства бел. народа, незалежную Бел. рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае ВКЛ. Вітала звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі, асвятляла дзейнасць Дзярж. думы, друкавала інфармацыю з франтоў. Надрукавала шэраг артыкулаў, нарысаў, іншых матэрыялаў па гісторыі і культуры Беларусі. Упершыню апублікавала некат. творы Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, А.Гаруна, Ц.Гартнага, А.Гурло, а таксама даследаванні М.Нікіфароўскага, літ.-крытычныя нарысы А.Луцкевіча (пад. псеўд. А.Навіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ЦА (Аляксей Пятровіч) (н. 9.5.1924, в. Пішчыкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1951). Працаваў настаўнікам, з 1957 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1969 у Мінскім пед. ун-це. Даследуе бел. дыялекталогію, гіст. граматыку і лексікалогію бел. і рус. моў, лексіку Я.Коласа. Аўтар працы «Развіццё складаназалежнага сказа ў беларускай мове» (1970). Адзін з аўтараў «Беларуска-рускага слоўніка» (1962), «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—15, 1982—96; акрамя вып. 4—6, 10—11), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (у 5 т., т. 1—4, 1993—97). За ўдзел у комплексе прац пабел. лінгвагеаграфіі («Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», 1963, «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак», 1968—69) Дзярж. прэмія СССР 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́Р НАРЭКАЦЫ́ (каля 945 — 949 — 7.10.1003),
армянскі паэт. З сям’і царк. пісьменніка Хасрова Андзевацы. Скончыў школу пры манастыры Нарэка і стаў манахам. Выкладаў у манастырскай школе. Пісаў гандзы (духоўныя гімны ў гонар Бога і святых), тагі (песні), панегірыкі і інш. Яго творы, рэлігійныя па задуме, прасякнуты жывым эмацыянальным успрыманнем прыроды і чалавека. Лірыка-містычная паэма «Нарэк» («Кніга смутку», выд. 1673) выдавалася на арм. мове больш за 30 разоў; перакладаў на англ., франц., італьян., рус., араб. і інш. мовы. У форме споведзі-малітвы (усяго 95 частак) выступаў і як паэт-гуманіст, абаронца роду людскога, і як містык, які бачыў сэнс жыцця і духоўнага самаўдасканалення чалавека ў яднанні з Богам. Творы яго адметныя ўвядзеннем рыфмы, багаццем метрыкі нар. песень і маст. тропаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДАКО́ВІЧЫ,
вёска ў Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Гнілка. Цэнтр Ляснянскага с/с і калгаса. За 12 км на ПнУ ад Круглага, 77 км ад Магілёва, 15 км ад чыг. ст. Талачын. 291 ж., 112 двароў (1997).
Вядомы з пач. 16 ст. як вёска кн. І.Горскага па мянушцы Дуда (адсюль назва). З 16 ст. належала Храптовічам, Гарнастаям, Камарам, кляштару дамініканцаў (да 1832) і інш. З 17 ст. мястэчка. З 1772 у Рас. імперыі, у Магілёўскай губ., з 1861 у Магілёўскім пав. У 1909 сяло, 446 ж., 50 двароў. З 1924 вёска ў Круглянскім, у 1931—35 у Талачынскім, у 1959—66 у Бялыніцкім р-нах. З 1964 цэнтр сельсавета. У 1971—329 ж., 101 двор.
Комплекс «школа-сад», клуб, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Пакроўская царква (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ ФУ (712, каля г. Сіянь, Кітай — 770),
кітайскі паэт. Шмат вандраваў па Кітаі з Гао Шы і Лі Бо (сяброўства з якім у многім вызначыла яго далейшы творчы лёс). З 746 жыў у сталіцы Чан’ані. У творчасці гэтага перыяду пераважалі тэмы нар. пакут, спагады беднякам, выкрыцця тых, хто прагнуў вайны: «Песня пра баявыя калясніцы», «З сталіцы ў Фэнсянь». У час антыўрадавага мяцяжу ў 756 пакінуў сталіцу, жыў на чужыне. У творах таго часу пачуццё болі за свой народ і краіну («Вёска Цянцунь», цыклы вершаў «Тры чыноўнікі» і «Тры расстанні»). З 759 жыў у Чэнду, напісаў каля 1000 вершаў, у цэнтры якіх — імкненне ахвяраваць сабой дзеля людзей. Стыль Д. адметны яснасцю, акварэльнай празрыстасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПРО́ЗІЙ (лац. Dysprosium),
Dy, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 66, ат. м. 162,50, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 156, 158, 160—164. У зямной кары 5—10−4% па масе. Адкрыў франц. хімік П.Э.Лекок дэ Буабадран у 1886.
Мяккі серабрыста-белы метал, ніжэй за 1384 °C устойлівы α-Dy (шчыльн. 8559 кг/м³), вышэй пераходзіць у β-Dy (шчыльн. 8660 кг/м³), tпл 1409 °C. У паветры акісляецца (захоўваюць у вакууме ці інертным асяроддзі). Узаемадзейнічае з вадой, з мінер. кіслотамі (акрамя плавікавай) утварае солі Dy (III), пры награванні — з вадародам, азотам, галагенамі, вугляродам, фосфарам. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. магнітных сплаваў.
Літ.:
Популярная библиотека химических элементов. 3 изд. М., 1983. Кн. 2. С. 66.