каро́ткі, ‑ая, ‑ае; ‑так, ‑тка.

1. Невялікі, малы па даўжыні; проціл. доўгі. Кароткія валасы. Кароткая дарога. □ Макар узяў папяросу, доўга і старанна круціў яе ў тоўстых кароткіх пальцах. Дуброўскі. // Меншай даўжыні, чым трэба. Паліто хлопчыку кароткае. □ У кузні .. [Вялічка] паварочваўся ў адмысловых шарачковых портках, вузкіх і кароткіх, яны не даходзілі да чаравік. Чорны. // Разм. Невысокі, нізкі ростам. Гэта быў мужык гадоў пад пяцьдзесят. Кароткі, прысадзісты, шыракаплечы. Бядуля.

2. Непрацяглы, малы па часе; проціл. доўгі. Кароткі адпачынак. Кароткі сон. □ Быў канец чэрвеня і былі самыя кароткія і прыгожыя летнія ночы. Шамякін. Усе гэтыя і хаты, і сады, і фермы раслі і выраслі пры ім, і за такі кароткі час! Якімовіч. // Хуткі, імгненны (пра рух, погляд і пад.). Камісар кінуў на старога кароткі, крыху здзіўлены позірк. Шахавец. На момант Аксіння спыняецца, кароткім рухам цела паддае мех вышэй сабе на плечы, і зноў ёй пад ногі сцелецца дарожка. Ракітны. // Адрывісты, перарывісты. У Базыля .. прарываліся кароткія ўсхліпванні. Багдановіч. Там, ззаду, пракаціўся кароткі смех. Шамякін.

3. Выражаны сцісла; нешматслоўны; лаканічны. Кароткая аўтабіяграфія. □ Я гартаю старонкі блакнота. Кароткія запісы. Знаёмыя прозвішчы. Дадзіёмаў. — На Далёкі Усход? — На Далёкі Усход. — Едзеш? — Еду. З кароткіх адказаў такіх Зразумеў — ёй [Алесі] не трэба Прызнанняў маіх. Куляшоў. // Які гаворыць, выражаецца сцісла, нешматслоўна. Дырэктар сярэдняй школы — камсамолец, кароткі на словы і па-вайсковаму дысцыплінаваны. Гарбук.

4. Рашучы, хуткі, суровы. Прысуд ворагам быў кароткі: кроў за кроў! Лынькоў.

5. Які вымаўляецца хутка, адрывіста (пра гукі, склады); проціл. доўгі.

6. Які характарызуецца кароткай формай канчатка або адсутнасцю яго. Кароткая форма прыметніка. Кароткі дзеепрыметнік. Кароткае скланенне.

•••

«І» кароткае гл. «і».

Кароткае замыканне гл. замыканне.

Кароткая хваля гл. хваля.

Кароткая памяць гл. памяць.

Кароткі завароткі гл. заваротак.

Кароткі розум гл. розум.

(Быць) на кароткай назе з кім гл. нага.

Рукі кароткія гл. рука.

У кароткіх словах гл. слова.

Штаны кароткія гл. штаны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спаць, сплю, спіш, спіць; незак.

1. Быць, знаходзіцца ў стане сну. Калі павячэралі, Маша паслала ложак і лягла спаць. Мележ. Каб паказаць, што ён сапраўды хоча спаць, стары хітрун скоранька, але вельмі старанна пазяхнуў. Зарэцкі. // перан. Заціхнуць, быць бязлюдным. Вёска спіць — нідзе ні агеньчыка. Асіпенка. Вуліца не спіць: даносяцца прыглушаныя галасы, рып калодзежнага жураўля. Навуменка. Саша накідвае халацік, ідзе ў дзіцячую. Бальніца спіць. Шамякін. // перан. Быць у стане спакою, нерухомасці. Спяць векавечныя хвоі, Цёмнае возера спіць. Васілёк. Нікнуць сонныя чароты, За гарою ветры спяць. Броўка. // перан. Спачываць, быць пахаваным дзе‑н. (пра памёршых). Ёсць на палетках курганы, Там спяць адважныя сыны, Што згінулі ў паходзе. Лужанін. Тут спіць Валянціна... Савецкі салдат... Звычайная наша дзяўчына. Гілевіч.

2. перан. Быць пасіўным; бяздзейнічаць. [Буйскі:] — Так, трэба быць вельмі асцярожнымі, таварышы. Іх [немцаў] разведка таксама не спіць. Шамякін. [Шура:] — Уцягвайце больш людзей у работу, штурхайце Мядзведзічы пад бакі, каб яны не спалі. Крапіва. // Знаходзіцца ў бяздзеянні (пра прадметы). Снуюць патруль. Не спяць у бункерах кулямёты. Брыль. Не спіць толькі галасісты баян. Васілевіч. // Не выяўляць сябе (пра пачуцці, здольнасці і пад.). Спіць каханне ў дамах. Спіць прадоння марскога імгла. Караткевіч. Але не спіць людская памяць І не дазволіць ашукаць Дзяцей, што нас з вайны чакаюць, Хоць і не могуць прычакаць. Вітка.

3. Разм. Быць у палавой сувязі з кім‑н.

•••

Класціся спаць з курамі гл. класціся.

Лаўры чые не даюць спаць гл. лаўр.

Спаць адным вокам — спаць насцярожана, трывожна.

Спаць без задніх ног — вельмі моцна спаць.

Спаць вечным сном — пра памёршага.

Спаць і курэй бачыць (пасвіць) — пра вельмі пільнага, хітрага, скрытнага чалавека.

Спаць мёртвым сном — спаць вельмі моцна, не прачынаючыся.

Спаць у шапку — бяздзейнічаць, не праяўляць руплівасці, быць абыякавым да чаго‑н. тады, калі трэба неадкладна дзейнічаць.

Спаць як заяц — спаць вельмі чутка.

Спаць як пшаніцу прадаўшы — спаць моцным сном.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́даць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; заг. выдай; зак., каго-што.

1. Даць што‑н. з запасаў, адпусціць са сховішча для пастаяннага ці часовага карыстання. Выдаць грашовы аванс. Выдаць кніжку з бібліятэкі. □ — Трэба залічыць дзеда ў рады Чырвонай Арміі і выдаць яму стрэльбу, як чырвонаармейцу, — не то жартаўліва, не то сур’ёзна заўважыў адзін з ротных камандзіраў. Колас. // Забяспечыць чым‑н., уручыць што‑н. Выдаць даведку, мандат. □ Сёлета мне бясплатную пуцёўку выдалі. У Сочы. Грамовіч. // Аддаць, вярнуць назад. Выдаць асабістыя рэчы іх уладальнікам. // Заплаціць за работу. На працадні, што намецілі, — выдалі. Пташнікаў.

2. Здабыць, зрабіць, вырабіць. Не ладзілася справа з вынаходствам — Андрэй адводзіў душу работай: размахнецца, што называецца, на ўсё плячо, выдасць норму ды і да другой наблізіцца, і не сорамна глядзець людзям у вочы. Шахавец.

3. за каго і са словам «замуж». Аддаць замуж. Пасватаўся Алесь, і бацькі выдалі дзяўчыну. С. Александровіч. З Ганнай Лявонаўнай душа ў душу пражылі мы дваццаць год. Выгадавалі дачку, выдалі замуж. Корбан.

4. Выпусціць з друку, надрукаваць. Выдаць поўны збор твораў пісьменніка. Выдаць кніжку масавым тыражом. □ Магчыма, што паэт думаў выдаць гэтыя вершы асобным зборнікам, у які хацеў уключыць перакладзеныя ім творы рускіх паэтаў. «Весці».

5. Прыняць, абвясціць. Выдаць закон. □ Дырэктар выдаў спецыяльны загад. Карпаў.

6. Раскрыць, зрабіць вядомым што‑н. сакрэтнае, тайнае; удаць. Выдаць змову. □ Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. Аднак, і пасля васьмі гадзін катавання Тадора.. не выдала нікога. Брыль. Як ні трымалася Іна, а вочы яе выдалі. Ваданосаў.

7. Назваць каго‑, што‑н. не тым, кім, чым яны з’яўляюцца. Выдаць сябра за брата. Выдаць чутае за бачанае. □ [Наташа] мела намер выдаць сябе за бежанку. Шамякін. Асцерагайцеся гэтых, — Гусар паказаў пальцам на суседні пакой. — Я вас выдам за сваю даўнюю знаёмую. Краўчанка.

•••

Выдаць на рукі — а) аддаць што‑н. непасрэдна каму‑н.; б) даць наяўнымі пасля вылічэння падаткаў.

Выдаць сябе — выкрыць, выявіць уласныя тайныя пачуцці, намеры і пад.

Выдаць (сябе) з галавой — выкрыць сваю або чыю‑н. віну, памылку, тое, што старанна хаваецца.

Не выдай(це)! — выручы(це)!

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляце́ць, лячу, ляціш, ляціць; ляцім, леціце; незак.

1. Перамяшчацца, рухацца ў паветры пры дапамозе крылаў. Над купчастай імшарынай пацешна ўзнімаецца бусел, паважна ляціць над полем. Лынькоў. // Перамяшчацца ў паветры пры дапамозе якіх‑н. механізмаў. Спакойна ў глыбокіх блакітах над нівай ляцяць самалёты. Вялюгін. [Сяргей:] — Мы з .. [Сцяпанам] на адным самалёце ляцелі. Мележ. // Падымацца ў вышыню, несціся ветрам. Патрэскваў касцёр, ляцелі ўгару іскры, гаслі ў паветры і чорнымі кропкамі падалі на траву. Гурскі. // Быць выкінутым з сілай у паветра ад штуршка, выстралу, выбуху. З-пад конскіх ног ляцела ўгару белая вада. Чорны. На прытаптаны снег ляцелі жоўтыя пырскі. Шамякін. // перан. Разносіцца ў паветры, распаўсюджвацца (пра гукі, песню, музыку і пад.). Ляцелі ў азёрныя далі і лясныя гушчы песні хлопцаў і дзяўчат. Пестрак.

2. Разм. Падаць уніз. Ногі мае коўзаюцца, рукі зрываюцца, і хутка я лячу ўніз. Якімовіч. Старыя .. дрэвы з шумам і страшэнным грукатам ляцелі на зямлю. Чарнышэвіч. Ляцелі пад адхон варожыя эшалоны, за адну ноч палатно чыгункі ператваралася ў груды шпал і рэек. Шкраба.

3. перан. Вельмі хутка, імкліва бегчы, ісці, ехаць; несціся, імчацца. Каця не ішла, а быццам ляцела, ледзь кранаючыся нагамі травы. Чарнышэвіч. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч. Паравоз, рассякаючы паветра сваімі магутнымі грудзьмі, усё ляціць і ляціць. Васілёнак.

4. перан. Хутка, непрыкметна праходзіць (пра час). Я працаваў так старанна, што не заўважаў, як ляцеў час. Шамякін.

5. перан. Імкнуцца куды‑н., да каго‑н. (думкамі, душой і пад.); ірвацца. Лежачы на ложку ў інтэрнаце ў вольныя ад заняткаў хвіліны, ляцеў Жарнавік думкамі ў сваё даўняе і нядаўняе мінулае. Пестрак. Мне зноў на сэрцы неспакойна, яно да вас ляціць, сябры. А. Вольскі.

6. перан. Разм. Хутка ламацца, ірвацца, расходавацца. Ляціць адзежа на дзецях. Ляцяць грошы. □ [Казіміру] трэба было знайсці старшыню калгаса і яшчэ раз напамянуць, каб заўтра не забылі паслаць каго-небудзь у РТС па «пальцы» да трактарных гусеніц — ляцяць, ліха на іх, не набярэшся. Краўчанка.

•••

Летам ляцець (лятаць, лётаць) — вельмі хутка бегчы, бегаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбра́ць, ‑бяру, ‑бярэш, ‑бярэ; ‑бяром, ‑бераце; заг. прыбяры; зак.

1. каго-што. Адзець прыгожа, лепш, чым звычайна. Прыбраць да шлюбу. □ — Прыбраць бы іх прыгожа, — сумна ўсміхаецца Люська, — якраз як сёстры Фёдаравы... Ракітны. // Пакрыць чым‑н. для ўпрыгожвання; упрыгожыць. Сцены прыбралі самымі прыгожымі дыванамі, якія ўмелі ткаць бярозаўскія жанкі. Васілевіч. З іх [дзяўчат] адна вянком удала Галаву сабе прыбрала. Танк. Мароз прыбраў, як майскай квеценню, Сады, палеткі і дамы. Астрэйка.

2. што і без дап. Прывесці ў парадак што‑н., навесці чысціню дзе‑н. Прыбраць у хаце. □ Старанна прыбрала.. [Ганна] кухню, змяла, выцерла кожную пылінку. Колас. Собіч даўно прыбраў стол, але чакаў, глянуўшы на Марыну: яна стаяла каля акна задумаўшыся. Скрыган.

3. што. Прыняць, зняць, знесці адкуль‑н. Прыбраць посуд са стала. Прыбраць камень з дарогі. □ Вясной перад іхнім домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар, прыбралі хлуд. Лось. [Аканом] паклікаў усіх, хто забудаваўся з Гальвасавага лесу, і сказаў за лес заплаціць, а за самаўпраўства даць штраф. А хаты прыбраць з Гальвасавага поля. Чорны. // каго. Разм. Зняць, вызваліць. [Антон Васільевіч], відаць, дабіваецца, каб мяне прыбралі з пасады старшыні. Паслядовіч.

4. каго-што. Разм. Знішчыць, забіць. — Самі ведаеце, як тады жыццё наша калгаснае ішлося. Пабудовы спалены, зямля запушчана, ні цяпла, ні людзей... Усё вайна прыбрала. Сачанка. [Вінцук:] — Так то яно так, але поўзаюць жа па свеце такія гады. І не прыбярэ такую поскудзь ніхто. Машара. [Мікола-падпольшчык:] — Ваня, ты заставайся ў горадзе, прыбяры гада як мага хутчэй, пакуль ён не нарабіў бяды. Новікаў.

5. каго-што. Разм. Завалодаць чым‑н., прысвоіць каго‑, што‑н. Зямлю ж гектараў паўтара Прыбраў вясковы абдзірала, Прыслужнік панскага двара. Колас.

6. што. Разм. Сабраць (ураджай з поля, сена і пад.). — Збожжа прыбралі, азіміну пасеялі — чаму ж не пагасцяваць крыху ў добрага чалавека? Пянкрат. З поля прыбралі багаты ўраджай, сеялі жыта. Чорны. // Канчаткова зрабіць што‑н. на якой‑н. тэрыторыі. — Балота прыбралі ўжо? — Учора касілі ўсім сялом — скончылі! Краўчанка.

•••

Прыбраць да рук — а) захапіць сабе, прысвоіць; б) прымусіць каго‑н. быць паслухмяным. Вялая думка стала больш акрэсленай і перарасла ў рашэнне: прыбраць да рук гэтага.. ветрагона. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уве́сці, увяду, увядзеш, увядзе; увядзём, уведзяце; пр. увёў, увяла, ‑ло; заг. увядзі; зак., каго-што.

1. Прымусіць увайсці ўнутр чаго‑н., прывесці куды‑н. Увесці войскі ў горад. □ [Леапольд] усё стаяў ля сына, як той пераадзяваўся, каб увесці яго ў хату самому. Чорны. [Міхась] адчыніў хлеў, увёў туды веласіпед. Дамашэвіч. Хвядзько злез [з воза], сам раскінуў вароты і ўвёў [у двор] фурманку. Лобан. // Прыняць, уключыць у склад чаго‑н., далучыць да ліку чаго‑н. Увесці ў праўленне. Увесці ў склад экспедыцыі. // Уліць, упусціць унутр чаго‑н. Увесці глюкозу ў вену. Увесці камфару хвораму.

2. Уключыць у што‑н., зрабіць дзённым або ўжывальным. Увесці ў бой новыя сілы. Увесці канал у эксплуатацыю. Увесці ва ўжыванне новае лякарства. Увесці мяч у гульню. □ Аўтар старанна сабраў і ўвёў у навуковы абыход многія зусім невядомыя факты. Івашын.

3. Устанавіць, укараніць; пакласці пачатак чаму‑н. Увесці самаабслугоўванне. Увесці пастаяннае дзяжурства. Увесці надзвычайнае становішча. □ Калі Старыца апынулася ў партызанскай зоне, яе жыхары зноў сышліся ў калектыў і ўвялі ў вёсцы даваенныя парадкі. Хадкевіч. Максім .. разумеў, што сапраўды няблага б увесці на ферме механічнае даенне кароў. Дайліда. Каб хутчэй увесці правільны севазварот у «Чырвонай ніве», акрамя ўсяго іншага, не хапала насення канюшыны. Шахавец.

4. Пазнаёміць, дапамагчы асвоіцца з чым‑н. Увесці ў свае планы. □ Апошка ўвёў яе [Марыну] ў навуку, Як трэба пчолак даглядаць. Колас. Работа ў газеце ўвяла мяне, калі так можна сказаць, у самую гушчу літаратурнага жыцця. Карпаў.

5. Уцягнуць у што‑н., схіліць да чаго‑н. (звычайна адмоўнага). Увесці ў выдаткі. Увесці ў грэх. // Прывесці ў які‑н. стан. Вонкавая прастата і беднасць падарожнікаў ўвялі ў зман жанчыну. Шамякін. У вачах .. [Марыны Паўлаўны] Галілей убачыў слёзы, і гэта ўвяло яго ў страшэннае замяшанне. Зарэцкі.

•••

Увесці ў вушы каму — падказаць каму‑н. неабходнасць якога‑н. дзеяння.

Увесці ў злосць — раззлаваць.

Увесці ў зман — падмануць, ашукаць.

Увесці ў курс чаго — пазнаёміць каго‑н. дэталёва або ў агульных рысах з чым‑н.

Увесці ў моду — зрабіць прывычным, звычайным што‑н.

Увесці ў слёзы — расхваляваць, прымусіць заплакаць.

Увесці ў страту — прымусіць растраціцца.

Увесці ў строй — зрабіць дзейным (пра што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца на першабытнай стадыі развіцця (пра людзей). Дзікія плямёны. // Не прыручаны, які жыве на волі ў адрозненне ад свойскага (пра жывёл і птушак). Дзікая каза. Дзікія гусі. □ Дзікі япрук рые зямлю ў глухіх закутках. Чорны. Час ад часу пачуеш вурчанне дзікіх галубоў, відаць, таксама стомленых спякотай. Брыль. // Не культываваны, які расце на волі ў адрозненне ад садовага, агароднага (пра расліны). Дзікая канюшына. Дзікая груша. □ Варвара прысела на лаўку ў альтанцы, апавітай дзікім вінаградам. Васілевіч. // Не крануты рукой чалавека; недаступны; нязведаны (пра абшары, прасторы). Дзікія нетры. Дзікія джунглі. Дзікія горы. □ Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы, а неўзабаве засквірчыць, запахне па-хатняму сала з цыбуляй — адзнака таго, што гэты бераг з усёй сваёй .. дзікай прыгажосцю абжыты гаспадаром, зямлі. Брыль. Бездань сініх вышынь, Дзікай Арктыкі лёд Добра нам вядомы. Колас.

2. Незаселены, неабжыты; глухі, запушчаны. [Зося] мінула гэтае ціхае цяпер, пустое.. дзікае месца. Чорны. — Каб гэты дзікі кут не быў добрым прытулкам для звяроў, — сказаў Віктар, — тады і нам не прыйшлося б тут сядзець. Маўр.

3. Нястрымны, неўтаймаваны, шалёны. Твар .. [Стафанковіча] завастрыўся, вочы глядзелі з дзікай зайздрасцю. Чорны. Дрыжачымі пальцамі зноў замацоўваў Мікола лыжы, у душы яго кіпеў нейкі дзікі гнеў. Навуменка.

4. Які пераходзіць межы нармальнага; неверагодны. Дзікі крык. □ Залямантавала бабка, але тут жа і сціхла, быццам гэты доктар сваімі рукамі зваліў з яе старых знясіленых плеч цэлую гару дзікага болю. Васілевіч. Пра, дзікія .. гулянкі [пана Скірмунта] з нечалавечымі ўчынкамі склаліся жудасныя легенды. Чарнышэвіч. // Жорсткі, зверскі, люты. Дзікае забойства. Дзікая расправа. □ .. [Нор] не хоча вяртацца.. у тую краіну дзікіх законаў.. Бацьку яго лінчавалі, маці памерла, шукаючы работы. Шамякін.

5. Дзіўны, незвычайны, недарэчны. Дзікая думка. □ І ніхто не разважыў, што гэта вясна Напляла дзікіх планаў, каторых не здзейсніць. Глебка.

6. перан. Які дзічыцца, пазбягае людзей; недаверлівы, нелюдзімы. Дзікі хлапчук. □ Мне ўжо і бабы казалі: «Дзікі якісь твой госць. Усё адзін, адзін». Вышынскі.

7. Не звязаны з пэўнай арганізацыяй; нелегальны. — Слухай, Пятро Макаравіч, хто ў нас пазірае за будаўніцтвам прыватных дач? .. Я маю на ўвазе дачы дзікія, што растуць у другіх месцах як грыбы. Шамякін. Пляж зваўся «дзікім», і людзей на ім ніколі не бракавала. Васілёнак.

•••

Дзікае мяса гл. мяса.

Дзікім голасам гл. голас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́весці, ‑веду, ‑ведзеш, ‑ведзе; пр. вывеў, ‑вела; заг. выведзі; зак., каго-што.

1. Ведучы, выдаліць адкуль‑н. Вывесці каня з канюшні. Вывесці за дзверы. □ Мажэйка забег дадому, каб трохі перакусіць, вывеў з.. хлеўчыка матацыкл і праз мінут якіх пятнаццаць быў ужо за Узлессем. Шахавец.

2. Выключыць, прымусіць выйсці са складу чаго‑н., адкуль‑н. Вывесці з гульні. Вывесці з камісіі.

3. Накіроўваючы рух, паказваючы дарогу, прывесці куды‑н. Вывесці на арбіту. Вывесці трактары ў поле. □ З лагчыны, парэзанай скрозь акопамі, палонных вывелі блытанымі дарогамі на гасцінец. Чорны. Неўзабаве бацька звярнуў на сцежку, якая вывела іх у густы асіннік. Гамолка. // перан. Выкіраваць, прывесці да пэўнай мэты. Кастрычніцкая рэвалюцыя вывела краіну на дарогу сацыялізма. Праграма КПСС. // Надбудоўваючы, надстаўляючы, высунуць куды‑н. Вывесці трубу ў акно.

4. Перавесці ў іншае становішча, змяніць стан, дзеянне, рух. Вывесці брыгаду ў перадавыя. Вывесці з цярпення. Вывесці з забыцця. □ Сонечны прамень трапіў на твар дзіцяці.. Гэта вывела жанчыну з задуменнасці. Лынькоў. // Надаць іншы напрамак. Вывесці самалёт са штопару.

5. Выседзець з яйца (пра птушак). Ластаўкі вывелі сваіх птушанят і разам з імі паляцелі ў вырай, пакінуўшы гнёзды да наступнай вясны. В. Вольскі.

6. Вырасціць, стварыць (сорт раслін, народу жывёл, птушак). Цяпер.. [Вера Васільеўна] працавала над тым, каб вывесці такі гатунак [буракоў], які б меў высокае ўтрыманне цукру і добра рос на тарфяных глебах. Дуброўскі.

7. Збудаваць, паставіць. Вывесці комін. □ — Глядзі-тка, — сказаў Мікода, — гэта ж ён хутка сцены-такі выведзе: яшчэ вянкі чатыры і ўсё. Галавач.

8. Зрабіць вывад, прыйсці да якой‑н. думкі. Вывесці формулу.

9. Старанна і акуратна аформіць лініі, абрысы чаго‑н. Вывесці літару. Вывесці вензель. // Выцягнуць голасам. Вывесці трэль. □ І ніхто так, як Лукаш Леўчанка, не мог вывесці «выган-я-я-яй», хоць многія стараліся пераняць яго. Колас.

10. Апісаць, паказаць у мастацкім творы. Вывесці вобраз нашага сучасніка.

11. Звесці, знішчыць. Вывесці плямы на паліто. Вывесці прусакоў.

•••

Вывесці бал (адзнаку) — вызначыць сярэднюю ацэнку.

Вывесці з сябе каго — давесці да страты самавалодання; узлаваць.

Вывесці на дарогу — дапамагчы каму‑н. знайсці сваё месца ў жыцці, правільную лінію паводзін.

Вывесці на чыстую ваду — выкрыць чые‑н. нядобрыя ўчынкі. [Ганна:] Не! Яшчэ не ўсё! Я вас выведу на чыстую ваду. Макаёнак.

Вывесці са строю — зрабіць непрыгодным для выканання чаго‑н.

Вывесці ў людзі — прымаючы ўдзел у жыцці каго‑н., дапамагчы яму заняць трывалае або высокае становішча ў грамадстве. Сына свайго ў людзі Вывеў бы Ігнат. — Вось мой сын, паночкі! «Асадзі назад!». Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дух, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Псіхічныя здольнасці; свядомасць. У здаровым целе здаровы дух. □ На спатканне песням волі Дух мой рвецца і ляціць. Колас. // У матэрыялістычнай філасофіі — свядомасць як асобая ўласцівасць высокаарганізаванай матэрыі. Маркс і Энгельс, утрымаўшы думку Гегеля аб вечным працэсе развіцця, адкінулі прадузяты ідэалістычны погляд; звярнуўшыся да жыцця, яны ўбачылі, што не развіццё духу тлумачыць развіццё прыроды, а наадварот — дух трэба растлумачыць з прыроды, матэрыі... Ленін. // У ідэалістычнай філасофіі — нематэрыяльная першааснова ўсіх рэчаў і з’яў. // Па рэлігійных поглядах — бессмяротная нематэрыяльная, боская першааснова ў чалавеку; тое, што і душа. Дух у забойцы — чорная сажа... Колас.

2. ‑у. Унутраны стан, настрой, маральная сіла чалавека ці калектыву. Дух войска. Упадак духу. Пад’ём духу. □ Як ні шкадаваў дзед стрэльбу, але каб падтрымаць бадзёры дух у свайго таварыша, ён кінуўся ў рогат. Лынькоў.

3. ‑у. Характэрныя ўласцівасці, сутнасць, унутраны сэнс чаго‑н. Дух закону. Дух новага жыцця. // чаго або які. Настрой, тое, што вызначае склад думак, паводзіны. Ваяўнічы дух. Дух супярэчнасцей.

4. ‑а. У міфалагічных і рэлігійных уяўленнях — бесцялесная, звышнатуральная істота, якая прымае ўдзел у жыцці прыроды і чалавека. Добры дух. □ Я верую ў духа, З якога дапамогай Намераў гэтак многа. Крапіва. Вольны я, бы дух палёў. Колас.

5. ‑у, Разм. Дыханне. Перавесці дух. □ «Валодзя-а-а!».. — крыкнуў я з вярбы, але вецер забіў мне дух. Бажко.

6. ‑у. Разм. Паветра. Праколаная камера спускала дух. Ермаловіч. // Гарачае паветра або пара (у печы, у лазні). Паставіць гаршчок у дух. Даць больш духу.

7. ‑у. Разм. Пах. [Капусту] засыплюць соллю з чорным кмінам І зоркамі чырвонай смачнай морквы, Там-сям антонаўку для духу кінуць. Караткевіч. [Клопікаў] старанна выпрасаваў свае лепшыя уборы і, каб перабіць моцны нафталінавы дух ад іх, спляжыў на с[урдут] цэлую бутэлечку адэкалону. Лынькоў.

8. у знач. прысл. ду́хам. Разм. Хутка, мігам. Марцін на двор імчыцца духам І зараз зноў сюды ідзе. Колас.

•••

Адным духам — тое, што і адным дыхам (гл. дых).

Выматаць духі гл. выматаць.

Дух вон з каго — раптоўна памёр.

Дух заняло (захапіла) гл. заняць.

Дух заняўся — стала цяжка дыхаць.

Духу баяцца гл. баяцца.

Заняпасці духам гл. заняпасці.

Затаіць дух гл. затаіць.

Злы (нячысты) дух — чорт, нячысцік, д’ябал.

Каб і духу (твайго, яго, яе) не было дзе гл. быць.

Набрацца духу гл. набрацца.

Падаць духам гл. падаць.

Перавесці дух гл. перавесці.

Святы дух — паводле хрысціянскага веравучэння, адна з асоб святой тройцы.

Святым духам — невядома чым, нічым (жыць, існаваць).

Што (колькі) ёсць духу — а) вельмі хутка (бегчы, ехаць і пад.); б) вельмі моцна (крычаць і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свяці́ць 1, свячу, свеціш, свеціць; незак.

1. Выпраменьваць святло ў прастору. Некалькі дзён быў дождж, а сёння свеціць сонца. Брыль. Спі, маленькі мой сыночак! Вочкам не міргні: Свеціць месяца кружочак, Ты ж аб долі спі. Купала. Па небе плыў, амаль што бег месяц, была ноч, свяцілі то тут, то там, прарэзаўшыся праз рэдкія хмары, зоры. Сачанка. Грукала цяпер ужо цішэй і недзе збоку, далёка за Лонвай. Толькі маланкі свяцілі і свяцілі, ад іх рабілася цямней і на дарозе, і ў полі. Пташнікаў. // Накіроўваць святло асвятляльнага прыбора ці іншай крыніцы святла ў які‑н. бок. Убачыўшы Курловіча,.. [Дзям’ян] працягнуў з падкрэсленай пашанай: «А-а-а!» — і стаў, ідучы, старанна свяціць яму пад ногі. Дуброўскі. Архіп Паўлавіч дастаў ліхтарык і доўга свяціў ім. Шашкоў. // перан.; каму. Прыносіць радасць, шчасце, здавальненне. Я помню толькі ясныя раніцы, ясныя дні і вечары, бо Ганіна каханне свяціла мне, як само сонца. Чарнышэвіч. Жыў чалавек на свеце, Якому лёсам суджана было Сказаць, Што шчасце толькі смелым свеціць, Што толькі ў рэвалюцыі святло... Свірка.

2. Ззяць, адбіваючы святло, прамені. На гімнасцёрцы ветэрана свяцілі медалі. // Вылучацца сярод іншых прадметаў сваім светлым колерам, быць бачным, віднецца (пра што‑н. светлае). Белымі прамавугольнымі плямамі свяціла падлога. Гэта сталяр уставіў на месца праламаных дошак новыя. Нядзведскі. Меншы [хлопец] быў у вялікай чорнай кепцы — пасунулася аж на вочы; з’ехалі штаны, і на спіне свяціла голае цела — вузкай белай палоскай. Пташнікаў. // Выглядаць, быць старым, трухлявым і пад. (пра дзіравае адзенне, збудаванне і пад.). Пакрыўленае гуменца свяціла прарэхамі ў страсе. Пестрак.

3. перан. Іскрыцца святлом радасці (пра вочы); быць азораным унутраным святлом (пра твар). Ты ж, як праходзіш знаёмаю сцежкай, свеціш сустрэчным гарэзнай усмешкай. А. Вольскі. Аб шчасці марыцца, калі Нязгасным бляскам вочы свецяць... Тарас.

4. Траціць здольнасць бачыць; слепнуць (пра вочы). [Дзед:] Вочы дрэнна ўжо свецяць, Пачытай ты мне, голубе. Гілевіч. Ледзь не грудзьмі ўзлёгшы на руль, выехаў [каваль] з гаража, узяўся на дарогу і тут адчуў, што і рукі млеюць, і вочы слаба свецяць. Кулакоўскі.

5. перан. Заставацца неўміручым, вечным. Але песня не памерла, яна свяціла і будзе свяціць праз вякі, бо толькі ў ёй ідэал народнага шчасця. Навуменка. Памяць пра Коласа... Гэта яго кнігі, якія будуць свяціць вечна. «ЛіМ».

•••

Свяціць вачыма — аказацца ў няёмкім становішчы, знаходзіцца ў стане разгубленасці.

Свяціць голым целам — быць апранутым у падраную вопратку, бедна.

свяці́ць 2, свячу, свеціш, свеціць; незак., каго-што.

Выконваць над кім‑, чым‑н. царкоўны абрад асвячэння; асвячаць. Свяціць ваду. Свяціць хлеб. □ З самае раніцы ў царкву, што стаяла за мястэчкам, ішлі людзі свяціць вярбу. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)