ЗАБЕ́ЛЬСКІЯ ЗБО́РНІКІ,

рукапісныя зборнікі, складзеныя ў 1787—91 на бел., польскай і лац. мовах выкладчыкамі Забельскай дамініканскай калегіі (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.) для мясцовага школьнага тэатра. Уключаюць камедыі і трагедыі «Свабода ў няволі» і «Камедыя» К.​Марашэўскага, «Доктар па прымусе», «Сапар», «Фемістокл», «Камедыя» і «Шлюб, пастаўлены дагары нагамі штучкамі арлекіна» М.​Цяцерскага, «Пышнагольскі» і «Крэз» І.​Юрэвіча, аперэту «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» (тэкст М.​Цяцерскага, музыка Р.​Вардоцкага) і сцэн. дыялогі «Сяброўская парука», «Пчолы», «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя канты, віншаванні і падзякі А.​Козела, Г.​Скораня, А.​Зубрыцкага, М.​Косава, Г.​Паўловіча. Большасць твораў асветніцкія па ідэі і класіцысцкія паводле стылю. Зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.

Літ.:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНЕ́ВІЧ ((Kieniewicz) Стафан) (20.9.1907, в. Дарашэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1992),

польскі гісторык. Акад. Польскай АН (1969). Скончыў Пазнанскі ун-т. З 1937 працаваў у Скарбовым архіве ў Варшаве. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнічаў у падп. барацьбе Арміі Краёвай. У час Варшаўскага паўстання 1944 паранены, зняволены ў канцлагеры Дахаў. У 1946—77 выкладаў у Варшаўскім ун-це.

Даследаваў гісторыю барацьбы Польшчы за незалежнасць у канцы 18—19 ст., грамадскіх рухаў 19 ст., развіцця польск. нац. самасвядомасці, гісторыю Варшавы. Аўтар манаграфій «Адам Сапега (1828—1903)» (1939), «Польская рэвалюцыя 1846 г.» (1950), «Легіён Міцкевіча, 1848—1849» (1957), «Брусельскі самотнік: Аповесць пра Іаахіма Лялевеля» (2-е выд., 1960). Паўстанню 1863—64 прысвечаны кнігі «Студзеньскае паўстанне» (2-е выд., 1983), «Дарашэвічы 1863» (1986) і інш.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЧКО́ЎСКІ (Ігнат Юльянавіч) (16.3.1883, Вільня — 24.1.1951),

савецкі вучоны-ўсходазнавец. Сын Ю.Ф.Крачкоўскага. Акад. АН СССР (1921), Польскай АН, правадз. чл. Арабскай АН у Дамаску, ганаровы чл. Іранскай і інш. акадэмій. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1905). У 1908—10 у навук. экспедыцыях у Сірыі і Егіпце. З 1918 праф. Петраградскага ун-та. Упершыню ў свеце пачаў сістэм. вывучэнне новай і найноўшай араб. л-ры. Працы па гісторыі, філалогіі і культуры арабаў, у т. л. «Арабская культура ў Іспаніі» (1937), «Нарысы па гісторыі рускай арабістыкі» (1950), «Уводзіны ў эфіопскую філалогію» (1955). Вывучаў рус.-араб. літ. сувязі, распрацаваў план выдання збору араб. крыніц па гісторыі народаў Усх. Еўропы, Каўказа, Сярэдняй Азіі. Даследаваў і помнікі стараж.-бел. мовы. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Тв.:

Избр. соч. Т. 1—6. М.; Л., 1955—60.

т. 8, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІ ((Massalski) Эдвард Тамаш Ануфрыевіч) (23.9.1799, в. Рудаўка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1879),

польскі пісьменнік. З роду Масальскіх, брат Ю.А.Масальскага. Вучыўся ў Магілёве, Полацку, Віленскім ун-це. У 1823 арыштаваны як член тайнага студэнцкага т-ва філарэтаў. З 1832 рэдактар сатыр. час. «Bałamut» («Баламут») у Пецярбургу. З 1853 жыў у Варшаве. У дыдактычным рамане «Пан Падстоліч, або Чым з’яўляемся мы і чым быць можам» (ч. 1—5, Вільня; Пецярбург, 1831—33, адначасова выйшаў на рус. мове ў перакладзе П.​Гаеўскага) паказаў цяжкае жыццё бел. сялян, стварыў вобраз ідэальнага пана. Аўтар прац «Пра славянскія скарбы» (1853), «Звычай пінчукоў і беларусаў» (не апубл.), «Граматыка польскай мовы» (1858), артыкулаў па эканоміцы сельскай гаспадаркі, мемуараў пра сваё знаходжанне на Беларусі (часткова апубл. Г.​Масціцкім у кн. «З філарэцкага свету». Вільня, 1924).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУСІЕ́НКА (Святлана Піліпаўна) (н. 30.8.1939, г. Краснаармейск, Украіна),

бел. літ.-знавец. Д-р філал. н. (1994), праф. (1994). Скончыла БДУ (1963). З 1967 працуе ў Гродзенскім ун-це імя Я.​Купалы. Друкуецца з 1968. Даследуе польскі раман 19—20 ст., жанрава-стылявыя асаблівасці польскай прозы, бел.-польскія літ. сувязі 19—20 ст., бел. этнакультурныя фактары ў творчасці А.​Міцкевіча, Э.​Ажэшкі, З.​Налкоўскай і інш. Аўтар манаграфіі «Творчасць Зоф’і Налкоўскай» (1989). Сааўтар зб-каў «Краю мой — Нёман» (1986), «Параўнальнае літаратуразнаўства і руска-польскія літаратурныя сувязі ў XX ст.» (М., 1989), «Зоф’і Налкоўскай прысвечана» (1991), «З боку крэсаў» (Кракаў, 1994), «Узаемадзеянне літаратур і моў», «Польская мова і літаратура ў кантэксце славянскіх культур» (1995), «Адам Міцкевіч і сусветная культура» (1998, кн. 4), «Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры» (1998) і інш.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й у Варшаве,

адзін з буйнейшых маст. збораў у Польшчы. Засн. ў 1862, да 1916 наз. Музей прыгожых мастацтваў. Захоўвае калекцыі твораў стараж.-егіп., этрускага, ант. і візант. мастацтва, еўрап. жывапісу і скульптуры 15—20 ст., польскага мастацтва 16—20 ст., зборы польскага, еўрап. і ўсх. дэкар.-прыкладнога мастацтва 13—20 ст., медальернага мастацтва 7 ст. да н.э. — 20 ст., мініяцюры, графікі. Сярод экспанатаў таксама урэцка-налібоцкае шкло, слуцкія паясы, творы В.​Ваньковіча і інш. Будынак музея ўзведзены ў 1926—38 у формах неакласіцызму (арх. Т.​Талвінскі). Філіялы: палацава-паркавыя комплексы ў Лазенках, Вілянаве, Нябораве і Аркадыі, музеі плакату ў Вілянаве, К.​Дунікоўскага ў Варшаве, у Ловічы, імя Е.​Дунін-Баркоўскага ў Краснявіцах, І.​Я.​Падарэўскага і Польскай эміграцыі ў Амерыцы ў Лазенках.

т. 11, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНА́НСКАЕ ВЯЛІ́КАЕ КНЯ́СТВА,

створана ў 1815 паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 у зах. ч. Варшаўскага герцагства, што адышло да Прусіі. Пл. 28,9 тыс. км.​2, нас. ў 1815 каля 776 тыс. чал., у 1871 — больш за 1,5 млн. чал. Цэнтр — г. Познань. Падзялялася на 2 рэгенцтвы, мела пэўную аўтаномію ў складзе Прусіі. Прускага караля прадстаўляў намеснік (да 1831). Дарадчым органам быў правінцыяльны сейм. Пасля паражэння паўстання 1830—31 аўтаномія П.в.к. абмежавана, а ў 1849 скасавана. Пачаўся працэс германізацыі, які ўзмацніўся ў 1880-я г. (гл. «Культуркампф»). Насельніцтва княства прымала ўдзел у Пазнанскім паўстанні 1848, падтрымала паўстанне 1863—64, што выклікала ўзмацненне рэпрэсій прускіх улад. Пасля 1-й сусв. вайны ў выніку Пазнанскага паўстання 1918—19 і паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 увайшло ў склад адноўленай Польскай дзяржавы.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў у сярэдзіне 17 ст. — 1764 пры езуіцкім калегіуме ў г. Пінск Брэсцкай вобл. У рэпертуары пераважалі драмы на рэліг., міфалагічныя і гіст. сюжэты. Паказы адбываліся на лац. і польскай мовах, большасць з іх суправаджалася інтэрлюдыямі і інтэрмедыямі. Аўтарамі пастановак былі выкладчыкі калегіума. Сярод пастановак: «Уцёкі блаславёнага Станіслава Косткі» (1662), «Уладзіслаў Ягайла, кароль польскі» (1663), «Чорны лебедзь, які спявае пахавальную песню» (1716), «Ласункі на стале літоўскага пераможца Аляксандра Вітаўта» (1717), «Яблынька, прыемная з выгляду» (1721), «Парушальнік стройнасці хору», «Лёгкая дарога да вышэйшых ушанаванняў» (абедзве 1732), «Сон чалавечага жыцця», «Мудры ніжэй толькі за Бога» (абедзве 1733), «Нітка самай боскай Арыядны Марыі», «Кніга мудрасці» (абедзве 1734), «Сем стагоддзяў бесперапынных перамог» (1741), «Тэадор» (1764; п’еса Я.​Віхерта) і інш.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 135—142.

т. 12, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Паэзія ’вершаваная творчасць, вершаваныя творы’, ’прыгожае, узвышанае’ (ТСБМ). З польск. poezja ’тс’ (пасля XVIII ст.), якое з лац. poēsis < ст.-грэч. ποίησις ’творчасць’ < ποιέω ’раблю, ствараю’ (Фасмер, 3, 350). Варш. сл. (4, 452) падае франц. poésie ў якасці крыніцы запазычання польскай лексемы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́рхал (БРС) ’гоман, малая звадка’ (КЭС); ’беспарадак’ (Бір. Дзярж.); ’лямант, гвалт’ (Жд.). Таго ж паходжання, што і ва́рхал ’тс’ (гл.), г. зн. запазычанне з польск. warchoł. Форма вэ́рхал (падобнай формы ў польскай мове няма) другасная, узнікла ў бел. мове, відаць, з формы тыпу вархо́л (апошняя, напр., засведчана ў гаворках Слаўгарадчыны; гл. Яшкін, Бел.-польск. ізал., 157) пры перанясенні націску на першы склад. Параўн. багно́, але бэ́гна, барса́ць, але бэ́рсаць і да т. п. Яшкін (там жа) лічыць вэ́рхал, ва́рхал не запазычаннем, а агульным утварэннем для беларуска-польскай зоны. Гэта няправільна, бо ў польск. мове слова з’яўляецца спрадвечным і адлюстроўвае (разам са шматлікімі вытворнымі; гл. Брукнер, 601–602) прасл. адносіны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)