Лады́га 1, лады́ґа, лады́жка ’сцябло расліны’, ’сцябло дудкаватай расліны’, ’сцябло агуркоў без лісцяў’, ’ліст бурака са сцяблом’, ’кветканоснае сцябло цыбулі’ (Жд. 2, Нас., Сл. паўн.-зах.), польск., ст.-польск. łodyga ’сцябло расліны’, ’галоўка з насеннем’, ’сцябло капусных раслін’ (чэш. і славац. lodyha запазычаны з польск. — Махэк₂, 338). Паводле пашырэння лексемы ладыга можна дапусціць яе паходжанне з польскай мовы. Слаўскі (5, 137) мяркуе, што гэта паўн.-слав. лексема oldyga, якая мае той жа корань, што і прасл. oldi/oldy ’лодка’, звязанае з і.-е. *aldh‑ ’выдзеўбаны ствол дрэва, лодка-чайка’. Сюды ж светлаг. лады́га ’вялікі, дарослы хлопец’ і ўкр. лади́га ’луста, акрайчык хлеба’ (семантычныя пераносы паводле падабенства).

Лады́га 2 ’нага ад калена да пяты’, ’галёнка’, лады́жка ’тс’ (Нас.). Укр. сулдыга (< sǫ‑lodyga — гл. Міклашыч, Vergl. gr., 2, 285) ’нага ад калена да пяты’, рус. лоды́га ’заканчэнне галёнкі’, ’шчыкалатка’, ’косць нагі’, ’бабкі’, ’вялікая стана нагі’, ’падваконнік’, ст.-рус. ’падножжа калоны’ (з XII ст.), ’косць для гульні’. Да лады́га 1. Названа паводле падабенства касцей канечнасцей да ствала, сцябла (Слаўскі, 5, 137), параўн. таксама літ. káulas ’косць’ — лац. caulis ’сцябло расліны’, ’рагавы стрыжань птушынага пяра’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаля́зка 1 (ТСБМ), жале́зка (Нас.) ’лязо (нажа, гэбля і г. д.)’. Рус. алан., валаг. желе́зка ’частка гэбля’, абл. желе́зко ’жалезны наканечнік, лязо, вастрыё’. Форма з ‑я‑ з польск. żelazko ’жалезныя часткі розных прадметаў’ (Сцяц. Словаўтв., 123). Форма, зафіксаваная Насовічам, — руска-беларускае ўтварэнне ад назоўніка жалеза з памянш. суфіксам ‑к‑а. Параўн. чэш. želízko, славац. želiezko, славен. želę́zo ’лязо, наканечнік'

Жаля́зка 2 (ТСБМ), жале́зка (Нас.), зале́зка (Байк. і Некр.), зяле́зка (Гарэц.) ’прас’. З польск. żelazko ’тс’, безумоўна, форма жаля́зка (Сцяц. Словаўтв., 123). Форму желѣзко, якую дае Насовіч (154), магчыма тлумачыць як трансфармаваны на ўсх.-слав. лад паланізм або як незалежнае ўсх.-слав. утварэнне (у адрозненне ад жаля́зка 1 не зафіксавана адпаведнае рус. слова, што зніжае верагоднасць уласна ўсх.-слав. утварэння). Слова пашырана, апрача польск., у н.-луж. zelezko ’прас’, а ў в.-луж. želežko ’жалезны стрыжань — укладыш у прас’. Славен. želę́zo, палаб. zilʼozü маюць значэнне ’прас’. Усе гэтыя мовы мелі сувязь з ням., а паколькі ў герм. мовах слова са значэннем ’жалеза’ выкарыстоўвалася і ў значэнні ’прас’, магчыма, што польск. трэба лічыць калькай, хаця не выключана і ўтварэнне (пераасэнсаванне) на слав. глебе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жоўць 1 ’жоўта-зялёная горкая вадкасць, якую выдзяляе печань’, перан. ’злосць’. Рус. желчь, укр. жовч, палес. жовть, польск. żółć, н.-луж. žołś, žołe, в.-луж. žółć, чэш. žluč, славац. žlč ’тс’, балг. жлъч ’злосць’ уст. ’атрута’, жлъчка ’жоўць’, ’жоўцевы пузыр’, макед. жолч ’жоўць, жоўцевы пузыр’, серб.-харв. жу̑ч ’тс’, славен. žôlć ’жоўць’. Ст.-слав. злъчь, пазней таксама жлъчь, ц.-слав. жлъть ’тс’, ст.-рус. жьлчь ’тс’. Бел. поўнасцю адлюстроўвае (як і ўкр. палес., польск., н.-луж.) уплыў слова жоўты на форму слова (пачатковае ж‑ і канчатковае ‑ць замест з‑ і ‑чь). Першаснае значэнне да кантамінацыі з жоўты было, відаць, ’горыч’, што паслужыла асновай для старажытнага пераносу значэння ’злосць, раздражненне’. Захоўваючы гэта пераноснае значэнне слав. мовы, аднак кантамінавалі слова з жоўты, што прывяло і да семантычнага зруху (адлюстраванага ў першым слове слоўнікавага тлумачэння). Гл. жоўкнуць.

Жоўць 2 ’жоўтая фарба, жоўты колер’. Рус. желть, польск. рэдк. żółć, в.-луж. žołć, чэш. žluť, славац. žlť Ст.-рус. жлъть ’тс’. Утворана, як адцягнены назоўнік са значэннем апрадмечанай адзнакі на ‑ь (< *‑ĭ) ад прыметніка жоўты, відаць, яшчэ ў прасл. мове, як напрыклад, чэрнь (< *čьrnь): *žьltь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кадо́л ’тонкая вяроўка, якой прывязваюць рыбацкую сець’ (Мат. Маг.), ’вельмі грубая вяроўка (якая накладаецца на кола, пры дапамозе якога падымаюць вуллі-калоды на дрэва’ (Маш.) ’канат для парома’ (Маш.), кадола ’вяроўка, пры дапамозе якой невад прыводзіцца ў рух’ (Браім, Рыбалоўства), кадоп ’тонкая вяроўка, да якой прывязана сець’ (бых., Мат. АС), кодол ’вяроўка ў невадзе, за якую яго цягнуць’ (ТСБМ). Укр. дыял. кодола ’вяроўка, прывязаная да крылляў невада’, ’канат’. Жэляхоўскім засведчаны кодільничий ’які цягне невад’. Рус. валаг., цвяр. і інш. кодол ’грубая вяроўка, канат (якарны) або канат для выцягвання рыбалоўнай снасці’. У рус. гаворках зафіксаваны і значэнні тыпу ’калодзежны шост’, а таксама дзеяслоў кодолить ’прывязваць каня на пашы’, кодол ’вяроўка, якой прывязваюць каня’ (арх. і інш.). Геаграфія бел. слове (прыпяцкі і дняпроўскі басейны) сведчыць аб верагодным вандроўным характары слова, аднак назваць з пэўнасцю крыніцу запазычання цяжка. Для рус. кодол, укр. кодола прапанавалі ў якасці такой крыніцы ст.-ісл. kadall ’якарны канат, вяроўка’, ст.-швед. kadhal, аднак ёсць і іншыя версіі аб паходжанні рус. слоў, гл. Фасмер, 2, 276. Калі запазычанне тэрміна ва ўсх.-слав. мовы можна дапусціць, то гісторыя яго экспансіі застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плахі́ 1 (плахт) ’дрэнны, нядобры’ (Бяльк.; чэрв., пух., даўг., Сл. ПЗБ; Ян.), ’непрыстойны’ (віл., Сл. ПЗБ). З рус. плохой ’кепскі, дрэнны’, ’няўжыўчывы’, ’непрыгожы, несамавіты’, ’дурны, някемлівы, бесклапотны’ і інш., якое з’яўляецца глухім варыянтам балтызма благі — літ. plūgas ’благі, дрэнны, паганы’, ’худы’, ’слабы’, параўн. прасл. *hasъ — літ. grožis ’краса’, прасл. xytrъ — літ. gudrus ’хітры’, альбо пад уплывам рус. плохой бел. благі змяніла звонкія зычныя на глухія.

Плахі́ 2 ’спакойны, добры’ (шчуч., пруж., Сл. ПЗБ), ’слабы’ (Ян.), ’ціхі, сціплы’ (дзятл., Сцяшк. Сл.). Укр. плохий ’спакойны, ціхмяны, лагодны, рахманы, пакорлівы’, польск. płochy ’палахлівы, дзікі’, ’ветрагон’, ’марны, нікчэмны’, каш. ploxi ’тс’, ’хуткі’, чэш. piachy ’палахлівы, асцярожны’, ’сарамлівы’, ц.-слав. плахі? ’баязлівец’, стараж.-рус. плахі? ’трывога’, плахый ’які памыляецца’, славен. pláh ’сарамлівы’, серб.-харв. плах ’парывісты, запальчывы’, ’круты’, макед. плах, балг. плах ’баязлівы’. Прасл. *polхь, параўн. поўнагалосныя формы: бел. полах, рус. і ўкр. по́лох, роднасныя ст.-грэч. πάλλω ’ўзбуджаю, узварушваю’, πελεμίζω ’трэсці (трасу)’, ст.-нарв. felms‑fiillr, гоц. us‑fihna ’напалоханы’, ст.-нарв. fœ̄la ’напалохаць’ < і.-е. *pólo‑/*péle (Вязлай–Сной, 3, 45; Фасмер, 3, 317). Бел. і ўкр. формы з пло‑, відаць, пад уплывам польскай мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́да ’парада, павучанне’, ’сход’ (ТСБМ), ’парада, сродак’ (Нас.), ’парада, дапамога, работа’ (Ян., Бяльк.), ’парада’ (астрав., шальч., віл., маст., мядз., шчуч., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’спосаб, змова’ (Юрч.), ’нарада родных і сваякоў’ (ТС), ’сродак, выхад’, ’рада’ (Гарэц.), даць ра́ды ’справіцца з чым-, кім-небудзь’ (Калюга), ст.-бел. рада ’парада’, радити, радить, укр. ра́да, рус. дыял. ра́да, польск. rada ’рада, парада’. Лічыцца, што ўсходнеславянскія мовы запазычылі гэтую лексему праз польскую з с.-в.-ням. rât ’рада’, параўн. ням. Rath, rathem ’радзіць’, інд. rādh‑noti ’набываць; атрымліваць карысць’, авест. rāda‑ ’дабівацца чаго-небудзь, мець клопат’ (Фасмер, 3, 429; Брукнер, 452). Бязлай (3, 143) выказвае сумненне ў запазычаным характары слова, рэканструюе прасл. *radъ, што да і.-е. *rōdh‑, параўн. ст.-інд. rādha‑ ’блаславенне, поспех, шчодрасць’. Сюды ж адносяцца серб. ра́дити, харв. ràditi ’рабіць’, гл. рад 2. Дапускаючы такую магчымасць, нельга выключыць змяшэнне са старым запазычаннем праз польскую з нямецкай (Нававейскі, Zapożyczenia, 10) ра́да ’савет, рада (як орган)’ (Гарэц.), параўн. ст.-бел. рада ’орган пры магістраце, які выконваў функцыі гарадской улады і суда па маёмасных і грамадзянскіх справах’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сквалы́га ‘скнара, жмінда’ (ТСБМ), ‘скнара, ганебны скупец’, сквалы́жнік ‘тс’, сквалы́жны ‘скупы’, сквалы́жнічаць ‘быць скнарай’ (Нік. Очерки). Рус. сквалы́га ‘скнара, скупы’, дыял. скалы́га ‘тс’, сквиля́га ‘тс’, укр. сквиря́га ‘тс’. Збліжаецца з рус. скулить ‘скавытаць, ныць’ (Трубачоў у Фасмер, 3, 636), што з улікам варыянтаў дазваляе ўзвесці да кораня *skval‑/*skūl‑/*skoul‑, якому роднасныя ст.-ісл. skjol ‘укрыццё’, с.-в.-ням. schûlen ‘быць скрытным, таемнічаць’, швед. skyla, нарв., дац. skjule ‘прыкрываць, хаваць’, што да і.-е. *(s)keu‑ (Новое в рус. этим. 1, 209). Каламіец (ЕСУМ, 269) збліжае ўкраінскае і рускае словы з гукапераймальным укр. скви́рити ‘плакаць, скавытаць’, рус. кви́литься ‘скардзіцца, нудзіцца’. Калі насуперак Новое в рус. этим. (208), што дапускае запазычанне слова з рускай мовы, лічыць яго ў беларускай мове арганічнай з’явай (пра што сведчыць фіксацыя Нікіфароўскім), то натуральным было б вывядзенне з кволіцца ‘жаліцца на слабасць, ныць’ (гл.), перан. ‘прыкідвацца бедным’, параўн. скволе́ць ‘аслабець, зрабіцца слабым’ (Нас.), да словаўтварэння параўн. маталыга (гл.). Збліжэнне з рус. шкулить ‘збіраць грошы тайна’ (гл. шкеліць) і іншыя версіі (гл. Фасмер, 3, 636; Новое в рус. этим., 208–209) падаюцца неверагоднымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скупянда́ (скупінда́) ‘скупы, сквапны чалавек, скнара’ (ТСБМ, Барад.), скупе́нда ‘тс’ (ТСБМ, ТС, Марц.), скупе́ндра ‘тс’ (саліг., Сл. нар. фраз.), скупенджа́, скупя́нджа ‘тс’ (ТС, Пятк. 2, Мат. Гом.), скупяндзя́ (скупіндзя́) ‘тс’ (Ласт., Байк. і Некр., Сцяшк., Касп., Варл., Сл. ПЗБ), скупындя́ ‘тс’ (Сл. Брэс.), скупэ́ндзя ‘тс’ (Гіл.), скупяндзе́й, скупендзя́й ‘тс’ (Ласт., Растарг.); скупярда́ (скупірда́) ‘тс’ (Бяльк.), скупярдзя́ (Байк. і Некр.), скупірдзя́га ‘тс’ (Бяльк., Сержп.), скупярдзя́ка (скупірдзя́ка) ‘тс’ (Байк. і Некр., Касп., Ян., Бяльк., Мат. Гом.), скупердзя́й ‘тс’ (ТС). Параўн. укр. скупе́нда, скупе́ндра, скупи́ндя, скупердя́, скупердя́га, скупердя́ка, скупердя́й ‘тс’, рус. скупиндя́, скупендзя́й, скупердя́й ‘тс’. Утварэнні ад скупы (гл.) з рознымі экспрэсіўнымі суфіксамі ад асноў на ‑н‑ і ‑р‑, якія ўвайшлі ў склад суфіксаў, параўн. балг. дыял. скъ́пен ‘дарагі’ і скъпе́рник ‘хто дорага прадае’, ‘скупердзяй’, скъпинджо́свам се ‘скупіцца і пад. Карскі (2–3, 30) гук д узводзіў да кораня dē‑ ў суфіксе ‑ендзе́й (скупяндзей), а суфікс ‑ірдзя́й (скупірдзяй) лічыў другасным, а яшчэ раней (2–3, 27) выводзіў першы з іх з польскай мовы, што не мае падстаў, перш за ўсё, па лінгвагеаграфічных прычынах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талакно́ ’мука з ачышчанага пражанага аўса; страва з такой мукі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Касп., Серб. Вічын, Шат., Бяльк., Сержп. Прымхі, Пятк. 2, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ’страва з аўса’ (Жд. 3), ’кісель з аўсянай мукі’ (полац., ЛА, 4), ’зацірка з цёртага канаплянага семені’ (Мат. Гом.), ’страва, прыгатавала з грэцкай мукі і кіслага малака’ (лях., Сл. ПЗБ), талакно́, толокно́ ’страва з аўсянай мукі або патоўчанага канаплянага семені’ (Лекс. Бел. Палесся), толокно́ ’страва з аўсянай мукі’ (ТС). Параўн. укр. толокно́ ’мука з падсушанага аўса, тоўчаных сухароў’, рус. толокно́ ’тоўчаная аўсяная мука, каша з гэтай мукі’, польск. tłokno ’ежа з аўсянай мукі, гарачай вады і малака’. Паводле Сноя (гл. Бязлай, 4, 187), сюды ж славен. *tlakno ’нейкая мучная ежа’, рэканструяванае на падставе запазычання ў ням. бавар. Talken ’аўсяныя крупы’, што да *tolkъno, з якога праз усходнеславянскія мовы было запазычана фін. talkkuna ’аўсяная каша’ (Фасмер, 4, 73). Звязана з таўчы (гл.), паколькі рэдкая словаўтваральная мадэль з суф. ‑ъno (параўн. сукно, валакно і пад.) характэрна для старых назваў вынікаў дзеяння, выражаных зыходным дзеясловам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трашча́ць (трашчэ́ць, трашча́ць, трышча́ць) ‘утвараць траскучы гук, трэск’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Шат., Сл. ПЗБ, Гарэц., Пятк. 2, ТС), ‘цвыркаць’ (даўг., Сл. ПЗБ), ‘трэскацца ад пераядання (пра жывот)’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ‘стракатаць (пра сароку)’ (брэсц., паўд.-мін., зах.-гом., ЛА, 1), трышчя́тэ ‘трашчаць (аб марозе)’ (кам., Сл. ПЗБ), трашча́ць ‘моцна балець (пра галаву)’ (Ян.), ‘хутка, гучна гаварыць, гаварыць не змаўкаючы’ (мёрск., Нар. лекс., ТСБМ, Мат. Маг.), трышча́ці ‘трашчаць’ (Вруб.), трашчэ́ць ‘бразгатаць, брынчаць (пра пабітую міску)’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трещати, трищати ‘трашчаць’ (ГСБМ). Сюды ж трашчо́тка ‘прыстасаванне для ўтварэння трэску, шуму, стуку, лёскату’, ‘балбатуха; чалавек, які вельмі хутка гаворыць’ (ТСБМ, Мат. Маг. 2, Шат.), ‘гаваркая жанчына’ (Нар. Гом.); ‘клін для ўмацоўвання пярэдняга навоя ў кроснах’ (мёрск., Ск. нар. мовы), ‘машына для ачышчэння лёну’ (ТСБМ). Параўн. укр. тріщати, рус. трещать, польск. trzeszczeć, чэш. třeštět, славац. trešťať, славен. treščati, балг. трещя́, макед. трешти. Дзеяслоў гукапераймальнага паходжання, параўн.: лес схіляецца чуць не да зямлі, трашчыць і стогне (Сержп. Прымхі, 35); роднаснае літ. treškėti ‘трашчаць, ламацца’ (Борысь, 649). Гл. трэск.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)