ско́нчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да канца; закончыцца. Скончылася лета. Змена скончылася. Скончыўся водпуск. □ Вось і снеданне скончылася, і хата апусцела — усе паразыходзіліся. Колас. Будаўніцтва Міхалавай хаты скончылася толькі восенню. Васілевіч. Скашынскі зразумеў, што і тут яго кар’ера можа хутка і ганебна скончыцца. Чарнышэвіч. // Споўніцца, мінуць (пра ўзрост, гады). Калі пачалася вайна,.. [Ганне] неўзабаве павінна было скончыцца дваццаць чатыры гады. Чорны. // Спыніцца, перастаць. Грыбныя скончыліся ліўні, Туманы нікнуць да трысця. Лось. // Поўнасцю зрасходавацца. Гаручае скончылася. □ Скончыўся хлеб, цукар, елі адно мяса. Шамякін. У дыску скончыліся патроны. М. Ткачоў. // Дасягнуць граніцы сваёй працягласці. Сасновы бор скончыўся, і мы выйшлі на паляну. В. Вольскі. Асфальт скончыўся. Далей пайшла брукаваная шаша. Корбан.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чым. Прыйсці да пэўнага выніку, завяршыцца чым‑н. Невядома, чым бы скончыліся гэтыя размовы, каб цётка Наста не паклала абаіх адпачываць. Скрыпка. Усе чакалі, чым жа скончацца ўрэшце гэтыя падзеі. Лынькоў.

3. Разм. Памерці. Мядзведзь скончыўся ад страху. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лічма́н 1 ’ордэн’, ’медальён’ (Ян., Растарг.), лічба́н ’манета ў прывесках на каралях’ (Нас.). Укр. личма́н ’старэйшы пастух авечак’, ’буйная металічная аздоба, якую жанчыны носяць на шыі’, рус. новарас. ли́чман ’старэйшы пастух авечак’, перм. ’чалавек з крупным тварам’, бран. ’жэтон’, зах.-бран. ’ордэны, медалі’, курок., арханг. ’вельмі дробная манета’. Фасмер (4, 242–243) мяркуе, што ўкр. і рус. лексемы запазычаны з польск. liczman ’металічная бляха, пры дапамозе якой лічылі’, ’металічная бляшка, якая замяняе капейкі ў гульні’, ст.-польск. ’рахункавод’ — а гэта (ад liczyć ’лічыць’) можа быць частковай калькай лац. calculus ’каменьчык для лічэння’. Да лічы́ць (гл.). Аб суфіксе ‑ман гл. Сцяцко (Афікс. наз., 54). Трубачоў (Эт. сл., 15, 85) прасл. ličьmanъ выводзіць з likъ, ličiti > лічы́ць (гл.). Суфікс ‑man‑ да і.-е. *‑men‑.

Лічма́н 2 ’чалавек з тварам у высыпцы і струпах’ (М. Шаховіч, в. Сакі (бельск., ПНР) // Наша ніва. № 16. 1978. С. 4) — у выніку пераносу семантыкі лічма́н 1 ’круглыя металічныя манеты, якія падобны да струпоў’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каплу́н 1 ’цура’ (браг., бяроз. Шатал.; вільн., Сл. паўн.-зах., ’ежа накшталт супу з кавалачкаў сухога хлеба, цыбулі, залатых варам і засквараных салам’ (драг. Нар. словатв.; драг., іван. Вешт.; кобр. Нар. лекс.), ’абрадавая страва з хлеба і салодкай вады або малака’ (івац. Жыв. сл.). Укр. жытомірск. каплу́н ’ежа з хлеба, вады і солі’, рус. н.-рас. ’халаднік’, польск. kapłun, kapłon ’тс’. Відавочна, балтызм, утвораны ад дзеяслова *kap(l)‑ (параўн. літ. kapóti ’рубіць, сячы’, ’з’ядаць, тачыць’, kaplỹs ’адрэзаны, адколаты’, ’бяззубы’), які азначаў ’ламаць, крышыць’ — галоўнае адрозненне каплуна ў тым, што хлеб ломіцца, крышыцца, а не варыцца, не закалочваецца (як жур), не смажыцца. Сюды ж і каплу́к.

Каплу́н 2 ’пакладаны певень’ (ТСБМ, Бес., Федар. 6; драг. Нар. словатв.), ’пражорлівы’ (Некр.). Ст.-бел. каплунъ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. kapłun ’тс’ (і kapłon), якое пры пасрэдніцтве ст.-чэш. kapún — з с.-в.-ням. kappūn ’тс’ < нар.-лац. cappōne (m) < cāpo ’тс’, ’малады пеўнік’, ’малакасос’ (Слаўскі, 2, 58). У польск. слове ł‑ — у выніку жартаўлівай ад’ідэацыі да kapłan ’свяшчэннік’, ’жрэц’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ке́міць ’разумець, разбірацца, цяміць’ (ТСБМ, Шат., ТС, КЭС, лаг., Гарэц., Бір.). Укр. кемити ’тс’. Фанетычны крытэрый дазваляе меркаваць аб лексічным пранікненні з польскай, хаця непасрэднай крыніцы мы не знаходзім. ЕСУМ, 2, 422 тлумачыць гэта наступным чынам. Прасл. kъm‑ (укр. кмітливий, прикмета) дало польск. kiem‑, на аснове якога ўзнікла невядомая нам польская лексема як крыніца беларускіх і ўкраінскіх слоў. Гэтыя разважанні здаюцца даволі праблематычнымі, паколькі нам невядомае польск. *kiemić, а таксама яго дэрываты (*kiemny, *kiemliwy). Аўтары ЕСУМ хацелі б бачыць у якасці зыходнай лексемы прасл. kъmetь, у якім, апрача значэнняў ’селянін’ і ’гаспадар’, існуюць значэнні ’галава роду, старшыня, мудрэц, хітры і спрытны чалавек’, прычым апошнія значэнні мы сустракаем ва ўсіх трох групах славянскіх моў (гл. кмець). Калі ўтварыць ад прасл. kъmetь дзеяслоў, атрымаецца kъmetiti (як gostiti < gostъ), якое ў выніку гаплалогіі магло пераўтварыцца ў *kъmeti або *kъměti. Першае на польскай моўнай глебе дало б *kiemić (resp. *kmić). Параўн. польск. kpić і каш. kʼepic (ад kiep).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Матня́ 1, мотня ’сярэдняя частка невада, куль’ (Маш., Тарн.; хойн., Мат. Гом.; нараўл. З нар. сл.), ма́тня ’тс’ (Федар. 6), матня́ ’задняя частка рыбалоўнай снасці ў выглядзе доўгага мяшка’ (лід., Сл. ПЗБ), ’карма ў невадзе’ (ТС), (перан.) ’пастка’ (КТС, Дунін–Марцінкевіч). Укр. матня́ ’сярэдняя паглыбленая частка невада’, рус. пск. мотня́ ’частка рыбалоўнай снасці’. Паводле Фасмера (2, 582), да мата́цца. Магчыма, аднак, дапусціць у якасці крыніцы лексему матка 1, як месца, адкуль што-небудзь выходзіць. Параўн. рус. с.-урал. ма́точка ’цэнтральная частка невада’, арханг., пск., цвяр., смал., урал. ма́тка ’матня невада’. Гл. таксама матня́ 4.

Матня́ 2 ’стрыжнёвы корань пня’ (жлоб., Мат. Гом.). Да ма́тка 2. Суфікс ‑ня мог узнікнуць у выніку кантамінацыі лексем матка пня.

Матня́ 3, пін. матні̂э́ ’куль саломы для страхі’ (Працы 1), бяроз. ма́тня (Нар. сл.). Да ма́та (гл.).

Матня́ 4, мотня́ ’крэсла, устаўка ў штанах’ (добр., Мат. Гом.; Нар. Гом., ТС). Укр. матня́, рус. мотня́. Да мата́ць, мата́цца. Параўн., аднак, матня 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Накуве́сіцца ’наваліцца, навіснуць?’, параўн., Вот немец пракляты, вот ірад накувесіўся на нашу волаву (В. Поляк, ЛіМ, 19 лютага 1971 г.), наковёсіцца ’нахмурыцца (пра надвор’е)’, наковёсіць ’нахмурыць’: брові наковесіў (ТС), накуве́зіцца ’прыстаць, прычапіцца без дай прычыны’ (парыц., Янк. Мат.). Фармальна і семантычна блізкае да серб.-харв. накве̏сит се ’нагнуцца, нахіліцца, схіліцца, скрывіцца’: Што си ми се наквесио ту више главе? (Елезовніі Г. Речник косовско-метохиског диjалекта, 1. Београд, 1932, 437), натквесим се ’звесіцца, навіснуць над чым-небудзь ці над кім-небудзь’ (ђирићљ. Говор Лужнице. Београд, 1983, 147), якія Скок адносіць да kvečiti se Загібацца’ (Скок, 2, 252), аднак несумненная сувязь з беларускім словам дае падставы меркаваць пра агульнае паходжанне ці развіццё ў аднолькавым напрамку на кбжнай з адзначаных тэрыторый. Хутчэй за ўсё да прасл. *vesiti, гл. весіць, вісець, з экспрэсіўнай ko‑ (ky‑, k‑) прэфіксацыяй, адносна якой гл. Дебеляк, Slavistična revija, 5–7, 1954, 169 і інш.; Фасмер, 2, 271 і інш. З у накувёзіцца ў выніку азванчэння с у інтэрвакальным становішчы або збліжэння да вязаць, вязацца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плюсна́ 1 ’ступня нагі чалавека’ (ТСБМ, Мядзв.; шчуч., Сл. ПЗБ; Варл.), ’ступня’ (паст., Сл. ПЗБ; стол., ЛА, 3), ’пад’ём, верх нагі’ (ТС, Ян.; брагін., ЛА, 3), плісна́ ’тс’ (ТС), плюсьня́ ’ступня’ (б.-каш., ЛА, 3). Параўн. рус. плюсна́, маск. плюсно́ ’адлегласць паміж асновай пальцаў і пятой нагі’. Да этымалогіі гл. плесна; параўн. таксама укр. плю́сно, паводле Німчука (Давньорус., 321), у выніку збліжэння з дзеясловам плюснути ’сплюснуць’, гл. плю́шчыць ’рабіць пляскатым’. Абмежаваны характар варыянта прымушае бачыць у ім арэальнае ўтварэнне. Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 4, 20) супастаўляе лексему з літ. pliū́snis ’сплясканы’, што дае падставы вывесці яе з прасл. *plʼusk‑ъna, якое можна суаднесці з літ. pliùkšti ’спадаць, ападаць’. Няпэўна.

Плюсна́ 2 ’страва з жытняй мукі буйнога памолу, азлобленая малаком’ (шчуч., З нар. сл.). Магчыма, мясцовае ўтварэнне ад дзеяслова, адпаведнага літ. pliuškénti ’пляскаць’, тады ўнутраная форма можа быць ідэнтычнай назве стравы баўтуха (ад боўтаць, гл.). Параўн. наступнае слова.

Плюсна́ 3, плю́сна ’расплюшчаныя зярняты ў муцэ’ (Варл.). Утворана ад літ. pliū́snis ’сплясканы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

РА́СНА,

вёска ў Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Вербаўка, на скрыжаванні аўтадарог Магілёў—Мсціслаў і Дрыбін—Доўгавічы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 14 км на ПдУ ад г.п. Дрыбін, 65 км ад Магілёва. 10 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 1008 ж., 326 двароў (2001). Хлебапякарня. Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: касцёл (1819), сядзіба (19 ст.).

Вядома з 14 ст. як горад. У 1430 уладанне кн. Свідрыгайлы, у 1499 — мсціслаўскага кн. М.​Жаслаўскага. У пач. 16 ст. пав. горад Мсціслаўскага княства. У 1753—73 існавала езуіцкая місія. З 1772 у Рас. імперыі, належала А.​М.​Пацею, М.​Ф.​Еліяшэвічу, Спыткову. У 1784 мяст. Чавускага пав. Магілёўскай губ., 218 ж., 65 двароў, школа, царква, касцёл (згарэў у 1804). У 1861 цэнтр воласці, 638 ж., 93 двары. У 1897 у Р. 931 ж., 137 двароў, 2 конныя крупадзёркі, вадзяны млын з сукнавальняй, паштова-тэлегр. аддз., царк.-прыходская школа, царква, касцёл, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, багадзельня, 39 крам, 2 карчмы; у 1909—1336 ж., 320 дамоў. З 1919 у Гомельскай, з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, цэнтр сельсавета і Расненскага раёна, з 1931 у Мсціслаўскім, з 1935 і з 1989 у Дрыбінскім, у 1959—89 у Горацкім р-нах. У 1940—986 ж., 216 двароў. У Вял. Айч. вайну ў Р. створаны лагер смерці, дзе ням. фашысты загубілі 800 чал., у 1943 спалілі 109 дамоў, забілі 410 ж. У 1990 пабудаваны пасёлак для перасяленцаў з тэрыторый, забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

В.​М.​Князева.

т. 13, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЖАНЦЫ,

асобы, якія пакінулі краіну свайго грамадзянства ці пастаяннага месцажыхарства ў выніку ваен. дзеянняў ці інш. надзвычайных сітуацый або ганенняў па паліт., расавых, рэліг. матывах і не атрымалі грамадзянства інш. дзяржавы. У міжнар. праве паняцце «бежанцы» ўпершыню аформлена пасля 1-й сусв. вайны 1914—18, калі з набліжэннем фронту прымусова высялялася насельніцтва цэлых паветаў і губерняў.

Паводле афіцыйных (далёка не поўных) звестак, на 14.2.1917 у Расіі было 3,2 млн. бежанцаў, з іх зарэгістравана 750 680 з Гродзенскай, 164 351 з Віленскай, 161 453 з Мінскай, 51 954 з Віцебскай, 1654 з Магілёўскай губерняў. Бежанцы з Беларусі былі раскіданы па ўсёй Расіі. Найбольш іх асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Калужскай, Казанскай, Курскай, Саратаўскай губернях, у Петраградзе (100 704), Маскве (128 261). Паводле звестак Наркамата ўнутр. спраў РСФСР, на 11.5.1918 у Расіі жыло 2 292 395 бежанцаў з Беларусі, у т. л. беларусаў і рускіх 2 059 857. На працягу 1918—24 у Зах. Беларусь іх вярнулася каля 700 тыс. Першыя бежанцы на Беларусі з’явіліся восенню 1914. Пасля паражэння рус. арміі вясной — летам 1915 і з набліжэннем фронту Беларусь ператварылася ў бежанскі лагер. Бежанскі рух быў стыхійны, ніякага плана эвакуацыі не існавала. Сяляне імкнуліся застацца на сваёй зямлі, але вайскоўцы і выпраўлялі іх у бежанства. 24.7.1915 былі прызначаны Галоўнаўпаўнаважаныя па ўладкаванні бежанцаў на франтах. Беларусь увайшла ў раён дзейнасці Галоўнаўпаўнаважанага па ўладкаванні бежанцаў Паўн.-Зах. фронту. Толькі 30.8.1915 прыняты закон «Аб забеспячэнні патрэб бежанцаў», пры міністру ўнутр. спраў створана Асобая нарада па ўладкаванні бежанцаў. Дабрачыннай дзейнасцю займаўся К-т яе імператарскай высокасці вял. княжны Таццяны Мікалаеўны (Таццянінскі к-т, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 пераўтвораны ва Усерас. к-т дапамогі пацярпелым ад вайны). Шырокую дзейнасць разгарнулі нац. дабрачынныя арг-цыі. У крас. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, якое адкрыла шэраг аддзелаў на месцах. У студз. 1916 створана Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Становішча бежанцаў было надзвычай цяжкім. Высокай была іх смяротнасць. Узнікалі канфлікты з мясц. насельніцтвам. Нягледзячы на гэта, нац. свядомасць бел. бежанцаў значна вырасла. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 сярод бежанцаў дзейнічалі арг-цыі Беларускай сацыялістычнай грамады, Беларускай народнай грамады. У Маскве адбыліся 2 з’езды бежанцаў-беларусаў (7—10.10 і 2—4.12.1917). Пытанне аб бежанцах разглядалася на Усебел. з’ездзе 1917 (даклад А.​Цвікевіча «Бежанскае пытанне і праца бежанскай секцыі з’езда»), на ім створаны к-т па аказанні дапамогі бежанцам. Пазней вырашэннем праблем бежанцаў займалася Рада БНР. Сярод бежанцаў створаны Арэнбургскі гурток беларусаў, Беларуска-ўкраінскі камітэт помачы ахвярам вайны ў Барнауле, Беларуская вучнёўская грамада і Гурток бел. сацыяліст. моладзі ў Калузе, «Беларуская хатка» ў Арле, «Беларус» і Беларуская чыгуначная грамада ў Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе, Бел. нац. гурток у Багародзіцку Тульскай губ., Саюз беларусаў у Архангельску і інш. У 1918—19 работу сярод бежанцаў праводзілі Беларускі нацыянальны камісарыят і бел. секцыі РКП(б). У ліп. 1918 у Маскве адбыўся Усерасійскі з’езд бежанцаў з Беларусі. У складзе Наркамата па ваен. справах РСФСР у крас. 1918 створана Цэнтр. калегія па справах палонных і бежанцаў (з мая 1919 у Наркамаце ўнутраных спраў РСФСР).

У пачатку Вял. Айч. вайны з Беларусі амаль 1,5 млн. чал. былі эвакуіраваны на ўсход (на бацькаўшчыну вярнуўся толькі кожны 3-і). У час адступлення з акупіраваных тэрыторый ням.-фаш. армія сілай зброі прымушала мясц. насельніцтва адступаць з ёй з тэрыторый, якія займала Сав. Армія. У выніку на тэр. Беларусі былі сагнаны сотні тысяч бежанцаў з Арлоўскай, Калінінскай, Пскоўскай, Смаленскай і інш. абласцей. У выніку прымусовага вывазу фашыстамі насельніцтва з захопленых тэрыторый у Германію (з Беларусі каля 380 тыс. чал.) узнікла катэгорыя перамешчаных асоб. Пагадненнямі паміж СССР, ЗША і Англіяй (лют. 1945), СССР і Францыяй (чэрв. 1945) прадугледжваліся абавязкі бакоў па аблягчэнні лёсу бежанцаў і перамешчаных асоб, садзейнічанні іх рэпатрыяцыі. З утварэннем ААН гэтыя абавязкі паводле рэзалюцый Ген. Асамблеі ад 12 лют. і 15 снеж. 1946 прымалі на сябе краіны — члены ААН, створана Міжнар. арг-цыя па справах бежанцаў (у 1951 заменена Упраўленнем Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў). Былі прыняты міжнар. канвенцыі аб прававым статусе бежанцаў (28.6.1951) і апатрыдаў (28.9.1954), пратакол аб статусе бежанцаў (1967), у якіх дэталёва вызначаюцца і падрабязна трактуюцца правы бежанцаў. Паводле гэтых дакументаў, дзяржава, якая прымае бежанцаў, абавязана прадаставіць ім тыя ж правы, якімі карыстаюцца іншаземцы, што жывуць на яе тэрыторыі, права выбару месца жыхарства і вольнага перамяшчэння па краіне. Забараняецца высылка бежанцаў у краіны, з якіх яны прыехалі і дзе цярпелі ганенні (апошняя норма пашыраецца толькі на паліт. эмігрантаў). Бежанцы могуць быць высланы толькі ў выпадку асуджэння за ўчыненне асабліва цяжкага злачынства, якое пагражае бяспецы краіны. Прававое становішча бежанцаў рэгулюецца таксама нац. заканадаўствам, якое распрацавана ў гэтых адносінах у дзяржавах-удзельніцах канвенцыі аб статусе бежанцаў 1951. Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай гэтай канвенцыі.

З распадам СССР і ўзнікненнем міжнар. канфлікту у краінах — б. саюзных рэспубліках Беларусь стала прытулкам для новай хвалі бежанцаў. Іх колькасць павялічваецца і за кошт грамадзян Азіі і Афрыкі, якія па розных прычынах апынуліся на Беларусі і прэтэндуюць на статус бежанцаў. Усяго на Беларусь за 1992—95 прыбылі больш як 30 тыс. такіх асоб. Беларусь мае закон аб бежанцах (прыняты ў 1995). Пытаннямі бежанцаў на Беларусі займаецца спец. Дзярж. міграцыйная служба (з 1992). Дзейнічае прадстаўніцтва Упраўлення Вярх. камісара ААН па справах бежанцаў (з 1995).

В.​У.​Скалабан (бежанцы 1-й сусв. вайны).

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ АБАЛО́НКА, ландшафтная абалонка,

цэласная абалонка Зямлі, якая ахоплівае верхнюю ч. літасферы, ніжнія слаі атмасферы, біясферу і гідрасферу; адна са сфер Зямлі (гл. Геасфера). Тэрмін прапанаваў сав. географ А.​А.​Грыгор’еў (1932). Часткі геаграфічнай абалонкі знаходзяцца ў цесным узаемадзеянні, пранікаюць адна ў адну і ўтвараюць адзіную сістэму, для якой характэрна самаразвіццё і адносная раўнавага. Таўшчыня геаграфічнай абалонкі каля 40 км. Адрозніваецца ад інш. частак планеты наяўнасцю жыцця, рэчыва ў трох станах (цвёрдым, вадкім і газападобным), найб. разнастайнасцю відаў і багаццем свабоднай энергіі. У геаграфічнай абалонцы працякаюць экзагенныя і эндагенныя працэсы. Экзагенныя ўтвараюцца ў першую чаргу пад уздзеяннем сонечнай энергіі, нераўнамернае размеркаванне якой на паверхні Зямлі выклікае дыферэнцыяцыю прыродных умоў і ўтварэнне геагр. паясоў, прыродных зон. Для геаграфічнай абалонкі характэрна і рэгіянальная дыферэнцыяцыя, выкліканая формай Зямлі, рознай вышынёй паверхні Зямлі, аддаленасцю ад акіянаў і інш. Эндагенныя працэсы абумоўлены ўнутр. цяплом Зямлі, вулканічнымі, тэктанічнымі і інш. сіламі. З імі звязана ўтварэнне кантынентаў, акіянаў, гор і інш. Заканамернасці геаграфічнай абалонкі: цыклічнасць (рытмічнасць) працякання прыродных працэсаў; кругавароты рэчываў — цыркуляцыя атмасферы, марскія цячэнні, кругаварот вады, біял. кругаварот і інш.; шыротная занальнасць і вышынная пояснасць ландшафтаў. У сувязі з ростам уздзеяння вытв. дзейнасці чалавека на прыроду ў складзе геаграфічнай абалонкі з 1970-х г. пачалі вылучаць сацыясферу і тэхнасферу. Паводле тэорыі В.​І.​Вярнадскага, у выніку разумнага ўздзеяння чалавека на геаграфічную абалонку яна можа перайсці ў вышэйшую стадыю свайго развіцця — наасферу. Геаграфічную абалонку вывучаюць фізічная геаграфія і землязнаўства.

В.​С.​Аношка.

Прасторавае становішча геаграфічнай абалонкі.

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)