ПАМПЕ́Й Гней, па мянушцы Вялікі (Gnaeus Pompeius Magnus; 106 да н.э. — 48 да н.э.), старажытнарымскі ваенны і паліт. дзеяч. У 83 да н.э. падтрымліваў Карнелія Сулу; разбіў яго праціўнікаў на Сіцыліі і ў Афрыцы. Пасля смерці Сулы абараняў яго рэжым; удзельнічаў у задушэнні Спартака паўстання. У 67 да н.э. атрымаў ад сената надзвычайныя паўнамоцтвы для барацьбы з піратамі ў Міжземнамор’і. З 66 да н.э. камандаваў рым. войскамі ў вайне супраць Мітрыдата VI Еўпатара, пасля перамогі пашырыў усх. правінцыі Рыма. У 60—53 да н.э.разам з Цэзарам і Ліцыніем Красам увайшоў у т.зв. 1-ы трыумвірат. У 55 да н.э. консул, пазней намеснік Іспаніі. Пасля 53 да н.э. далучыўся да аптыматаў. У 52 да н.э. выбраны «консулам без калегі». Выступіў супраць Цэзара, у 48 да н.э. разбіў яго войска каля Дырахія (Эпір). Пасля свайго паражэння каля Фарсалы (Фесалія) уцёк у Егіпет. Забіты паводле загаду егіп. цара Пталамея XIII Дыяніса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́ПІДАН ((Pontoppidan) Генрык) (24.7.1857, г. Фрэдэрысія, Данія — 21.8.1943),
дацкі пісьменнік. Вучыўся ў Політэхн. ін-це ў Капенгагене (1874—77). Друкаваўся з 1881. Вядомасць прынеслі аповесць «Сандынгскі прыход» і кн.апавяд. «Вясковыя абразкі» (абедзве 1883), у якіх рэалістычна паказана жыццё тагачаснага дацкага сялянства. Палемізуючы з неарамантыкамі, стварыў раманы «Начная варта» (1894), «Найвышэйшая песня» (1896), трылогію «Запаветная зямля» (1891—95), дзе панарамна адлюстравана паліт. і рэліг. жыццё краіны канца 19 ст. У шматпланавым эпічным рамане «Шчасліўчык Пер» (1898—1904) канфлікт паміж неардынарнай асобай і бяздушным навакольным светам, праблемы палітыкі, філасофіі, маралі, культуры. Песімістычнымі матывамі прасякнуты раман «Царства мёртвых» (1912—16). Змрочныя прадчуванні расчараванняў і катастроф уласцівы раману «Нябеснае царства чалавека» (1928). Аўтар аўтабіягр.кн. «Па дарозе да самога сябе» (1943). Нобелеўская прэмія 1917 (разам з К.А.Г’елерупам).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. СПб., 1913;
Счастливчик Пер.М., 1995.
Літ.:
Неустроев В.П. Литература скандинавских стран (1870—1970). М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЫ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА, Понт,
эліністычная дзяржава ў М. Азіі ў 302 (ці 301) — 64 да н.э.Засн. былым дынастам Мітрыдатам II з перс. роду Ахеменідаў. Склалася шляхам дыпламатыі і заваёў яго напаўгрэч.-напаўіранскіх валадароў. Этнічны склад насельніцтва неаднародны. Разам з высокаразвітымі грэч. гарадамі ў П.ц. ўваходзілі тэр., дзе існавалі родаплемянныя адносіны. Мела гандл. сувязі з гарадамі Паўн. Прычарнамор’я, рэгіёнам Эгейскага мора. З пач. 2 ст. да н.э. вяло актыўную знешнюю палітыку. Дасягнула найвышэйшага росквіту пры Мітрыдаце VI Еўпатару, уключыўшы амаль усе землі вакол Понта Эўксінскага (адсюль назва). П.ц. супрацьстаяла экспансіі Рыма, уступіўшы з ім у працяглы канфлікт — т.зв. Мітрыдатавы войны, якія скончыліся паражэннем і ўключэннем П.ц. ў склад рым. дзяржавы. Часткова адноўлена Маркам Антоніем як залежная ад Рыма дзяржава на чале з дынастыяй Палеманідаў, з мэтай супрацьстаяння Парфіі. Паводле загаду Нерона (64 да н.э.) канчаткова ператворана ў правінцыю.
Літ.:
Ломоури Н.Ю. К истории Понтийского царства. Ч. 1. Тбилиси, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВЕ́РЗЕЎ Валяр’ян Фёдаравіч
(18.10.1882, г. Баброў Варонежскай вобл., Расія — 5.5.1968),
расійскі літаратуразнавец. Вучыўся ў Харкаўскім ун-це (1901—05), выключаны за ўдзел у рэв. руху. З 1905 у ссылцы і ў зняволенні. У 1911 вярнуўся ў Маскву, займаўся лектарскай і літ. працай. Пасля 1917 вёў навук. і пед. дзейнасць (з 1921 праф. Маскоўскага ун-та). Адзін з рэдактараў «Літаратурнай энцыклапедыі» (1929—30). У 1938 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Асн. працы прысвечаны творчасці М.Гогаля, Ф.Дастаеўскага, І.Ганчарова. У 1928 выдадзены зборнік артыкулаў П. і яго паслядоўнікаў «Літаратуразнаўства», які стаў прычынай для дыскусіі пра «пераверзеўскую школу» (1929—30). Імкненне тлумачыць маст. твор класавым быццём вяло П. да вульгарнага сацыялагізму. Разам з тым яго працам уласцівы тонкі аналіз маст. структуры тэксту, глыбокае пранікненне ў сістэму вобразаў маст. твора. Аўтар кн. «Літаратура старажытнай Русі» (апубл. 1971).
Тв.:
У истоков русского реалистического романа. 2 изд. М., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РАС (сапр.Персні) Шымон
(н. 16.8.1923, в. Вішнева Валожынскага р-на Мінскай вобл.),
палітычны і дзярж. дзеяч Ізраіля. Скончыў ун-т у ЗША. З 1934 у Палесціне. У 1941—45 ген. сакратар сіянісцкага маладзёжнага руху «Працоўная моладзь». Чл. Рабочай партыі МАПАІ (1945—65). З 1948 на розных пасадах у мін-ве абароны Ізраіля, у 1959—65 нам. міністра абароны. У 1965—68 ген. сакратар партыі РАФІ, з 1968 нам., у 1977—92 і 1995—96 ген. сакратар Партыі працы. У 1969—70 міністр эканам. развіцця кантралюемых тэрыторый, у 1970—74 міністр транспарту і камунікацый, у 1974—77 міністр абароны Ізраіля. У 1984—86 і 1995—96 прэм’ер-міністр Ізраіля. У 1986—90 нам. прэм’ер-міністра, адначасова міністр замежных спраў, потым міністр фінансаў. Міністр замежных спраў ва ўрадзе І.Рабіна (1992—95), адзін з аўтараў мірных араба-ізраільскіх дамоўленасцей сярэдзіны 1990-х г. Нобелеўская прэмія міру 1994 (разам з Рабінам і Я.Арафатам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РЦАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (27.7.1877, г. Курск, Расія — 3.6.1960),
бел. гісторык і грамадскі дзеяч. Акад.АН Беларусі (1940), д-ргіст.н. (1935). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскі ун-т (1903). У 1918 праф. Смаленскага ун-та, у 1918—21 Маскоўскага пед. ін-та. З 1922 праф. і заг. кафедры сярэдніх вякоў, з 1953 усеаг. гісторыі ў БДУ. Адначасова ў 1943—59 акад.-сакратар Аддз. грамадскіх навук АН Беларусі. Уваходзіў у склад дэлегацыі Беларусі на канферэнцыі ААН у Сан-Францыска ў 1945, дзе быў падпісаны статут ААН. Аўтар прац па ўсеаг. гісторыі, гісторыі грамадскай думкі, гісторыі і гістарыяграфіі Беларусі. Адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1954; 2-е выд., 1961). Дэп. Вярх. СаветаБССР у 1947—60.
Тв.:
Очерки новой истории (XVI—XIX вв.). 3 изд. 1918 (разам з А.А.Яфімавай);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНАЧЭ́Т УГА́РТЭ ((Pinochet Ugarte) Аўгуста) (н. 25.11.1915, г. Вальпараіса, Чылі),
ваенны і дзярж. дзеяч Чылі. Скончыў Ваен. акадэмію Чылі (1936). Генерал. У 1956—58 ваен. аташэ пры пасольстве Чылі ў ЗША. У 1959—64 нам.нач.Ваен. акадэміі Чылі. З 1968 нач. штаба, з 1969 камандзір дывізіі, з 1972 нач. штаба сухап. войск, са жн. 1973 каманд.сухап. войскамі Чылі. 11.9.1973 здзейсніў ваен. пераварот, у выніку якога скінуты ўрад «Народнага адзінства» і загінуў прэзідэнт С.Альендэ Госенс.
Узначаліў ваен. хунту (савет), у снеж. 1974 абвешчаны прэзідэнтам Чылі. Разам з жорсткімі паліт. рэпрэсіямі і масавымі грубымі парушэннямі правоў чалавека (у 1973—74 больш за 130 тыс.чал. арыштаваны, многія загінулі) праводзіў курс на эканам. рэформы, якія ператварылі эканоміку Чылі ў адну з найб. дынамічных у Лац. Амерыцы. У 1988 прайграў рэферэндум па працягванні сваіх прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, у 1989 прэзідэнцкія выбары. У 1990 вымушаны перадаць уладу цывільнаму прэзідэнту, захаваўшы да 1998 пасаду галоўнакаманд. ўзбр. сіламі. З 1998 пажыццёвы сенатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІР (Pyrros; 319—273 да п.э.),
цар Эпіра (Паўн. Грэцыя) у 307—302 і 296—273 да н.э., палкаводзец. Удзельнічаў у бітве дыядохаў каля г. Іпс (301 да н.э.) на баку Дэметрыя і Паліяркета. Пры дапамозе егіп. цара Пталамея I замацаваў сваю ўладу над Эпірам (страціў у 302 да н.э. ў выніку паўстання племя малосаў), далучыў да сваіх уладанняў а-вы Керкіра, Леўкада, вобл. Акарнанія, Амбракія і інш.тэр. Грэцыі. У 287 да н.э. на працягу 7 мес. валодаў Македоніяй. У час вайны Рыма з г. Тарэнт выступаў на баку апошняга, у бітве каля Гераклеі ў 280 да н.э. яго наёмнае войска перамагло рымлян. У 279 да н.э. каля г. Аўскулум цаной вял. страт (адсюль назва «пірава перамога») зноў разбіў рымлян. У 278 да н.э.разам з сіракузянамі выступіў супраць саюзнікаў Рыма сіцылійскіх карфагенян. У 275 да н.э. армія П. разбіта рымлянамі каля Беневента. П. уцёк у Тарэнт, потым у Эпір, дзе забіты македанянамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯНЕ́РЫ ( ад франц. pionnier першапраходзец, пачынальнік) (ваен.), 1) пачынальнікі чаго-н.; першаадкрывальнікі ў навуцы, тэхніцы, мастацтве.
2) Сучасная назва асабовага складу інж. часцей франц., герм., брыт., амер. і некат. інш. армій. У рас. арміі ў 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. піянеры роты і конна-піянерныя эскадроны разам з падраздзяленнямі мінёраў і сапёраў уваходзілі ў склад піянерных батальёнаў, палкоў і брыгад інжынерных войск, у т. л. тых, што дыслацыраваліся на тэр.ВКЛ. Напр., падраздзяленне Літоўскага асобнага корпуса Літоўскі піянерны батальён, якое размяшчалася каля мяст. Бранск Беластоцкай вобл. (цяпер тэр. Польшчы), налічвала больш за 1 тыс. асабовага складу (гл. таксама Літоўскага піянернага батальёна выступленне 1825). П. прызначаліся для дарожных, маставых і палявых фартыфікацыйных работ. У Расіі ў 1829—44 піянерныя падраздзяленні і часці перайменаваны ў сапёрныя.
3) Члены піянерскіх арганізацый.
Расійскія піянеры. 1, 2 — афіцэр і радавы літоўскага піянернага батальёна (пач. 19 ст.); 3 — радавы конна-піянернага батальёна (1820-я г.); 4 — радавы конна-піянернага батальёна (1840-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ТНІКАЎ (Браніслаў Аляксандравіч) (н. 15.12.1940, г. Быхаў Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-рфілал.н. (1981), праф. (1982). Скончыў БДУ (1969). З 1971 у БДУ (у 1992—93 заг. кафедры, у 1996 дэкан філал. ф-та), з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Асн. працы па агульным, слав. і бел. мовазнаўстве. Аўтар кніг: «Дыстрыбутыўнастатыстычны аналіз лексічных значэнняў» (1979), «Асновы семасіялогіі» (1984), «Аб форме і змесце ў мове» (1989), «Семіётыка тэксту» (1992), «Беларуская мова ў сістэме славянскіх моў» (1999), «Фанетыка і марфалогія беларускай мовы» (2000), сааўтар прац «Чэшская мова» (з Н.В.Івашынай), «Руска-чэшскі і чэшска-рускі слоўнік агульнагеаграфічных тэрмінаў» (абедзве 1985), «Дыхатамічная лексікалогія» (1989, з В.П.Трайкоўскай) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Общее языкознание: Сущность и история языка. 2 изд. Мн., 1993 (разам з Н.Б.Мячкоўскай, А.Я.Супруном);
Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;
Общее языкознание: Структура языка. Типология языка и лингвистика универсалий. 2 изд. Мн., 1995 (у сааўт.).